Вал Адрыяна, Адрыянаў вал, або сцяна Адрыяна (англ.: Hadrian's Wall, лац.: Vallum Hadriani) — старажытнарымскае абарончае збудаванне даўжынёй 120 км, пабудаванае пры імператары Адрыяне ў 122—126 гадах для стрымання набегаў піктаў і брыгантаў з поўначы на Рымскую Брытанію.

Вал Адрыяна*
Hadrian's Wall**
Сусветная спадчына ЮНЕСКА

Краіна  Вялікабрытанія
Тып культурны
Крытэрыі ii, iii, iv
Спасылка 1029
Рэгіён*** Еўропа
Гісторыя ўключэння
Уключэнне 1987  (11 сесія)
* Міжнародная канвенцыя «ЮНЕСКА»
** Назва ў афіцыйным англ. спісе
*** Рэгіён па класіфікацыі ЮНЕСКА

Перасякае паўночную Англію ад Ірландскага (заліў Солуэй-Ферт) да Паўночнага (крэпасць Сігідунум (Segedunum) каля ракі Тайн) мораў паблізу мяжы Шатландыі. Найбольш вядомы помнік антычнасці ў Вялікабрытаніі.

Гісторыя

правіць

Збудаванне, якое вымагала вялікага інжынернага мастацтва і працы, створана за 5 гадоў, амаль усе працы здзяйснялі салдаты трох рымскіх легіёнаў, якія стала размяшчаліся ў Брытаніі. Знойдзена шмат умайстраваных у сцяну надпісаў, з якіх зразумела, што будаўніцтва вялося па невялікіх участках, размеркаваных паміж вайсковымі часцямі. Падлічана, што пры будаўніцтве толькі рова трэба было перамясціць каля 2 млн м³ зямлі і каменя.

У будаўніцтве вала бралі ўдзел: Legio VI Victrix Hispanesis Pia Fidelis, яшчэ не Constans і пакуль не Britannica (легіянеры пабудавалі частку ад Ньюкасла да Карлайла і мост цераз раку Тайн паблізу Ньюкасла; легіён прыбыў у Брытанію ў 122 годзе разам з Адрыянам і заняў базу знішчанага да таго моманту IX Іспанскага ў Эбараку), Legio XX Valeria Victrix (122—125 гады) і Legio II Augusta, тады яшчэ не Antoninina (122 год)[1].

Пасля пабудовы вал Антаніна, за Адрыянавым валам ніхто не сачыў, ён паступова руйнаваўся. Але ў 208 годзе імператар Север загадаў пакінуць Антанінаў вал і ўмацаваць Адрыянаў, вызначыў па ім мяжу рымскіх уладанняў. Пікты некалькі разоў прабівалі ў вале праходы, і рымляне ўрэшце ў 385 годзе пакінулі яго.

Да XXI ст. нядрэнна захаваныя разваліны фартоў, іх яшчэ можна ўбачыць у Нартумберлендзе каля Хаўстэдса, Грэйт-Чэстэрса і Віндаланды.

Апісанне

правіць
 

Вал пабудаваны з каменя і торфу ў найвузейшым месцы вострава (ад сучаснага Карлайла да Ньюкасла). Даўжыня — 117 кіламетраў, шырыня — 3 метры, вышыня — 5-6 метраў. Па ўсёй даўжыні вала праз пэўныя прамежкі стаялі вартавыя вежы, а за ім размяшчалася 16 фартоў, з абодвух бакоў ішлі равы. Усходні ўчастак вала быў каменным (абліцаваная часанымі каменнымі блокамі сцяна з бутавага каменя таўшчынёй 2,4 м і вышынёй 6 м), заходні — земляным (вал таўшчынёй 6 м каля асновы і вышынёй каля 3,5 м), абкладзеным дзёрнам. З паўночнага боку вала (там, дзе не было натуральных адхонаў) на адлегласці 6 метраў ад яго быў выкапаны роў глыбінёй каля 8 метраў.

Спачатку праз няроўныя інтэрвалы ў стратэгічна важных пунктах пабудавалі 16 буйных фартоў. Тут у вале былі зроблены праходы, і тут жа размяшчалася большая частка гарнізона. Паміж фартамі праз кожныя 1300 метраў пабудавалі вежы, а праз прамежкі каля 500 метраў — вышкі з лесвіцамі, якія служылі ўкрыццем ад непагадзі і для сігналізацыі[2]. З паўднёвага боку ўздоўж вала праходзіла ваенная дарога. Вал прызначаўся выключна для вартавой службы.

Найбольш вядомае ўмацаванне ўздоўж сцяны — каструм Веркавіцыум (Vercovicium), цяпер называнае рымскай крэпасцю Хаўсестэдс (Housesteads).

У літаратуры

правіць

Рэдзьярд Кіплінг прысвяціў Адрыянаву валу тры апавяданні з цыклу «Пак з узгоркаў» — «Цэнтурыён Трынаццатага», «На вялікай сцяне» і «Крылатыя шлемы». Скразны сюжэт распавядае пра цэнтурыёна Парнезія, які служыў на Адрыянавым вале пад кіраўніцтвам военачальніка Максіма. Апавяданні аформлены вершамі, такімі як «Песня піктаў» і «Песня рымскага цэнтурыёна», дзе ўскосна згадваецца і Антанінаў вал («Паўночная сцяна»).

Вал Адрыяна стаў правобразам Сцяны ў цыкле фэнтэзі-раманаў «Песня Лёду і Агню» амерыканскага пісьменніка Джорджа Марціна[3].

Гл. таксама

правіць

Зноскі

  1. Legio VI Victrix Архівавана 28 ліпеня 2015.
  2. Woolliscroft, D., 1989, «Signalling and the design of Hadrian’s Wall», Archaeologia Aeliana 5th Series, Vol. XVII, pp5-20
  3. The SF Site: A Conversation With George R.R. Martin

Літаратура

правіць
  • Киплинг Р. На великой стене (У Адрианова вала). — Исторический рассказ. — Лондон, 1906.

Спасылкі

правіць