Венгерская кухня
Венгерская кухня складвалася стагоддзямі на скрыжаванні еўрапейскіх (перадусім італьянскіх і нямецкіх) і ўсходніх (найперш фіна-угорскіх, турэцкіх і іншых) традыцый і мае вельмі своеасаблівае аблічча. Коратка венгерскую кухню, тлустую і вострую, як калісьці і шляхецкая кухня Рэчы Паспалітай, характарызуюць словамі «шпік і перац», але насамрэч яна выкарыстоўвае самыя разнастайныя кампаненты, — амаль усе венгерскія стравы маюць досыць складаную рэцэптуру. Асноўны спосабы тэрмічнай апрацоўкі — варка, смажанне і тушэнне. Стравы гатуюць амаль выключна на свіным сале, масла і алей ужываюць радзей. Шырока ўжываецца смятана, якой запраўляюць і першыя і другія стравы, вырабляюць разнастайныя соусы. Шмат ужываецца мукі: з яе гатуюць запраўку (пасероўку), якая надае стравам гушчыню; тархоню — падсушанае цеста, замешанае на яйках, у выглядзе дробных шарыкаў, накшталт крупы, выкарыстоўваецца заміж рысу ў галубцах, фаршыраваным перцы, у гарнірах і г.д.; рулет «рэцеш» з вельмі тонка раскатанага цеста; разнастайныя клёцкі і г.д.
Вельмі папулярная садавіна, асабліва цыбуля, без якой немагчыма ўявіць амаль ніводную венгерскую страву, часнок, памідоры, бульба, салодкі перац — папрыка, якую венгры ўвялі ў еўрапейскую кухню. Шчодра ўжываюцца спецыі. З сушаных здробненых стручкоў папрыкі вырабляюць адмысловы чырвоны парашок, які надае венгерскім стравам востры смак і спецыфічны водар. Венгры па-майстэрску гатуюць рачную рыбу. Многія венгерскія стравы (гуляш, папрыкаш) даўно атрымалі інтэрнацыянальную вядомасць, хаця часам замежныя інтэрпрэтацыі венгерскіх страў моцна адрозніваюцца ад арыгіналаў.
У Беларусі венгерскі культурны ўплыў у сярэднявеччы адчуваўся значна больш, чым цяпер, дасягнуўшы максімуму пры Стэфане Баторыі, які значную частку свайго праўлення правёў у Беларусі (памёр у Гародні). Многія жаўнеры з яго 40-тысячнага венгерскага войска аселі ў Беларусі, паступова асіміляваўшыся. У венграў добра развітая культура вінаробства, на працягу многіх стагоддзяў венгерскае віно, асабліва такай, было ўлюбёным напоем шляхты Рэчы Паспалітай.
Літаратура
правіць- Белы А. Венгерская кухня // Праект «Наша ежа»