Вольга Аляксандраўна Класкоўская

Вольга Аляксандраўна Класкоўская (нар. 30 студзеня 1982) — журналістка і актывістка, працавала ў газеце «Народная воля», на радыёстанцыях «Deutsche Welle» і «Еўрапейскага радыё для Беларусі» (Euroradio). Дачка журналіста і палітолага Аляксандра Класкоўскага, сястра Аляксандра Аляксандравіча Класкоўскага, былога міліцыянта, фігуранта крымінальнай справы пра падзеі на Плошчы 19 снежня 2010. Палітычная зняволеная, двойчы абвінавачаная і асуджаная падчас пратэстаў у Беларусі ў 2020 годзе[1].

Вольга Аляксандраўна Класкоўская
Род дзейнасці журналістка, актывіст, палітычны вязень
Дата нараджэння 30 студзеня 1982(1982-01-30) (40 гадоў)
Грамадзянства Беларусь
Бацька Аляксандр Уладзіміравіч Класкоўскі
Месца працы Народная воля, Deutsche Welle у Польшчы, Еўрапейскае радыё для Беларусі
Член у Малады Фронт

БіяграфіяПравіць

Бацька — журналіст і палітолаг Аляксандар Класкоўскі, мама — Людміла. Сястра Аляксандра Аляксандравіча Класкоўскага, былога міліцыянта, фігуранта крымінальнай справы пра падзеі на Плошчы 19 снежня 2010. Мае двух дзяцей, дачку Міраславу (нар. ў 2001 годзе(?)) і сына Адама (нар. ў ліпені 2012 года).

Навучалася на журфаку БДУ у Мінску, ужо падчас студэнцтва працавала журналісткай газеты «Народная воля» (агулам супрацоўнічала з газетай з 1997 па 2005 год). З 2005 года працавала карэспандэнтам радыёстанцыіі «Deutsche Welle» у Польшчы (руская і беларуская службы), была таксама карэспандэнтам «Еўрапейскага радыё для Беларусі» (Euroradio)[2].

Была адлічана з трэцяга курсу пасля выбарчай кампаніі на пасаду прэзідэнта ў 2006 годзе. Фармальнай падставай была «акадэмiчная запазычанасць», але сакурснікі Вольгі сцвярждалі, што адлічэнне было палітычна матываваным (Вольга ўдзельначала ў дзейнасці руху «Малады фронт»), нават пісалі заяву дэкану Сяргею Дубовiку з патрабаваннем спынiць пераслед студэнтаў за iх погляды. Супрацьстаянне студэнтаў з дэканатам тады прывяло да адлічэння Вольгі, а ініцыятар напісання заявы студэнтаў у падтрымку Вольгі, Алёна Андрэева, сама забрала дакументы з факультэта і стала iнфармацыйным каардынатарам Асамблеi няўрадавых арганiзацыяў Беларусi. Вольга Класкоўская пасля адлічэння папрасіла палітычнага прытулку ў Польшчы, дазвол на які неўзабаве атрымала, пасля чаго з’ехала з Беларусі ў статусе палітычнага ўцекача разам з непаўнагадовай дачкой Міраславай[3].

Бацька Міраславы, Віталь Навумовіч, абвінаваціў Вольгу ў выкраданні дачкі, у Беларусі Вольга была пазбаўлена бацькоўскіх правоў. 7 лістапада 2007 польская паліцыя паведаміла пра ўзброены напад на Вольгу, у выніку якога Вольга атрымала некалькі нажавых раненняў, трапіла ў шпіталь. Была распачата крымінальная справа[4].

У канцы жніўня 2010 разам з 9-гадовай дачкой Міраславай з’ехала з Польшчы ў Швецыю, дзе таксама запрасіла палітычны прытулак. Свой ад’езд у Швецыю Вольга аргументавала ціскам з боку міграцыйных улад Польшчы[5][6].

Пасля прэзідэнцкіх выбараў 2010 года за падзей на Плошчы 19 снежня 2010 быў затрыманы брат Вольгі, Аляксандр Класкоўскі, былы міліцыянт, на якога сярод іншых была распачата крымінальная справа. Дзеля падтрымкі брата Вольга вярнулася ў Беларусь, добраахвотна адмовілася ад міжнароднай абароны і афіцыйна паведаміла пра гэта ў міграцыйныя службы Польшчы і Швэцыі. 5 траўня 2011 году Вольгу затрымалі ў яе кватэры, даставілі ў міліцыю Ленінскага раёну Менску, дзе збілі[7].

У жніўні 2011 году Класкоўская вярнулася ў Швецыю, дзе пазнаёмілася са сваім будучым мужам Гёканам Безгінам, з якім у студзені 2012 году пабралася шлюбам. У ліпені 2012 нарадзіла сына Адама. Пазней у яе ўзніклі праблемы з міграцыйнымі службамі Швецыі праз заканчэнне візы ў лютым 2013, нягледзячы на мужа і сына, грамадзян Швецыі, сама Вольга ніякага статуса, які б дазваляў заставацца ў Швецыі, не атрымала[8].

У сакавіку 2013 годзе была абвінавачана ў замаху на забойства ўжо былога мужа Гёкана Безгіна. 30 сакавіка 2013 Вольгу Класкоўскую затрымалі. На судзе ў ліпені 2013 Класкоўская вінаваціла мужа ў нападзе на яе з нажом, Безгін заяўляў пра адваротнае. Таксама яна вінаваціла былога мужа ў тым, што па яго паказаннях 6 лютага 2013 прадстаўнікі сацыяльных службаў адабралі ў яе малалетняга сына на падставе таго, што беларуска не можа забяспечыць яму нармальныя ўмовы для пражывання (пазней стала вядома, што адбылося гэта без суда, а толькі на падставе рашэння, напісанага ад рукі чыноўнікам сацыяльнай службы)[9][10]. Па гэтай справе ёй прызначалі псіхіятрычныя экспертызы, але псіхіятры цалкам выключылі ў яе якія-небудзь псіхічныя захворванні ці разлады. 23 жніўня 2013 ёў быў прызначаны турэмны тэрмін у восем гадоў і выплата кампэнсацыі памерам 110 тысяч швэдзкіх крон (прыкладна 15 тысяч даляраў)[11]. Пасля апеляцыі прысуд быў зменшаны да 7 гадоў турмы, праз тое, што было ўсталявана, што Вольга доўгі час жыла ў стане псыхалягічнага стрэса і прэсінга[12].

У лістападзе 2014 Вярхоўны суд Швецыі дазволіў экстрадыцыю Вольгі ў Беларусь[13], але працэдура зацягнулася з-за хваробы Вольгі, яна была прымусова накіравана на лячэнне ў неўралагічную клініку, і тэхнічных складанасцяў такой працэдуры. Генпракурор Беларусі Аляксандр Канюк таксама адзначаў, што не хапае пісьмовай просьбы Вольгі на экстрадыцыю ў Беларусь[14]. У выніку ўвесь час свайго зняволення Вольга правяла ў турме ў Швецыі, экстрадыцыі ў Беларусь не адбылося.

Была выпушчана з турмы па працэдуры ўмоўна-датэрміновага вызвалення, 29 лістапада 2017 Вольга вярнулася ў Беларусь[15].

Палітычны пераслед 2020—2022Правіць

Вольга Класкоўская была затрымана 14 кастрычніка 2020 у Мінску. З нагоды затрымання на тэлеканале «Беларусь 1» паказалі адпаведны сюжэт, дзе Вольга адмовілася ад адказаў на пытанні. Каментар з нагоды затрымання Вольгі даў начальнік Ленінскага РАУС Віталь Капілевіч, які заявіў, што затрыманная ўвечары 13 кастрычніка правяла разам з іншымі акцыю з перакрыццём руху транспарту на скрыжаванні праспекта Ракасоўскага і вуліцы Пляханава, у іх узнікла сутычка з адным з кіроўцаў[16]. Пазней падчас судовага разгляду гэтай справы прагучалі падрабязнасці здарэння, засведчанныя відэазапісамі з месца падзей: на дарогу людзі выйшлі ў той момант, калі на светлафоры гарэў зялёны для іх колер. Але праз тое, што людзі не сталі пераходзіць дарогу і заміналі праезду ўбок направа, распачаўся канфлікт з кіроўцам адной з машын, які выйшаў з машыны, бо пачуў нейкі ўдар па машыне. Доказаў таго, што ў машыну нешта кідалі ці білі пасля не знайшлося, запіс з тралейбуса паказаў, што гук мог быць праз наезд на купіну на дарозе. Пасля ўзнікла сутычка кіроўцы і яго брата, які таксама быў у машыне, з людзьмі на дарозе, у выніку якой, як пазней сцвярджала пракуратура, адзін з братоў атрымаў 18 удараў, другі — 10 (медыцынская экспертыза зацвердзіла адсутнасць любых пашкоджанняў у аднаго з братоў, ніякай кампенсацыі ад падсудных яны не патрабавалі). У выніку людзі сышлі з дарогі, а кіроўца і яго брат з’ехалі з месца здарэння. Затрымка ў руху транспарту склала каля хвіліны. Даведка з «Мінсктранса» паказала, што рух грамадскага транспарту парушаны не быў, што таксама сваімі сведчаннямі падтрымаў кіроўца тралейбуса[17].

Да крымінальнай адказнасці па гэтым здарэнні ў выніку былі прыцягнуты Вольга Класкоўская, а таксама Максім Бабіч і Артур Булаўскі[17]. Вольгу затрымалі праз некалькі гадзін пасля здарэння, яна адмовіла следчым ў паказаннях, пасля знаходжання ў Ленінскім РАУС Мінску Вольга была перавезена ў шпіталь, дзе лекары дыягнаставалі струс мазгоў. Але нягледзячы на просьбы дактароў, яе не абследавалі і пратрымалі там нядоўга, перавялі ў ізалятар на Акрэсціна. Стан здароўя Вольгі быў на той момант дрэнным: абвастрылася жалудачна-каменная хвароба, моцна ацяклі ногі, скакаў ціск[18].

5 лістапада 2020 шэрагам беларускіх праваабарончых арганізацый, сярод якіх Праваабарончы цэнтр «Вясна», Беларускі Хельсінскі камітэт і Беларускі ПЭН-цэнтр, была прызнана палітычнай зняволеннай (разам з Максімам Бабічам)[19][20].

У лістападзе-снежні 2020 Вольга ўтрымлівалася ў СІЗА Жодзіна, дзе Вольга пачала арганізоўваць свой турэмны побыт: чытала беларускіх класікаў з мясцовай бібліятэкі, навучала сукамерніц мовам, якімі валодае: польскай, шведскай і ангельскай. У лістах да маці яна паведамляла, што вельмі шмат пра сталінскія рэпрэсіі 1937—1939 гадоў. З аповедаў маці Вольгі, Людмілы: «Яна адкрыла для сябе, што па двух лініях у яе сям’і былі рэпрэсаваныя. Напрыклад, яе прапрадзед па бацькоўскай лініі, Вацлаў Францавіч Класкоўскі, дваццаць гадоў адбываў пакаранне ў Сібіры, а продкі па маёй лініі ваявалі супраць фашыстаў»[18].

17 снежня 2020 разгляд справы пачаў суд Ленінскага раёна Мінска, выступалі пацярпелыя, якія паказалі, што Вольга фатаграфала сутычку на смартфон, на дарозе яе не бачылі. Пацярпелы Вайцяхоўскі паказаў, што таксама Вольга спрабавала спыніць бойку, а не ўдзельначала ў ёй[17]. Няглядзы на гэта, 18 снежня пракурор запрасіў для Вольгі два гады пазбаўлення волі па артыкуле 342 Крымінальнага кодэксу (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх), Адзначалася, што рэальны тэрмін быў запатрабаваны праз наяўнасць ў Вольгі непагашанай судзімасці (суд быў у лютым 2020). Падчас разгляду справы «арганізацыя і падрыхтоўка» былі прыбраныя пракурорам з абвінавачвання, «актыўны ўдзел» быў пакінуты. Вольга сваю віну не прызнала, адмовілася даваць сведчанні[21]. 22 снежня суддзя Марына Запаснік[22] вынесла для Вольгі прысуд менавіта ў два гады пазбаўлення волі ў калоніі.

У сваім апошнім слове Вольга засведчыла: «Калi мяне затрымлiвалi, вельмi моцна збiлi. Мне стала вельмi кепска ў мiлiцыi, выклiкалi медыцынскую дапамогу. Мяне адвезлі ў 5-ы шпiталь, дзе дыягнаставалi ЧМТ і страсенне мозгу. Гэта ўсё ёсць у крымiнальнай справе, але чамусьцi такія дробязi нiкому не цiкавыя. Пасля таго, як мне было прызначана лячэнне, мяне скралi невядомыя ў балаклавах лiтаральна з-пад кропельнiцы, з катэтарам. Калі я трапiла на Акрэсцiна, а пасля ў Жодзіна, мне было адмоўлена ў медыцынскай дапамозе, нягледзячы на заключэнне. У РУУСе я адмовiлася даваць паказанні, мне некалькi разоў пагражалi расстрэлам у выпадку, калі я не пачну сведчыць супраць сябе альбо iншых людзей. Я адмовiлася. Яны мяне не зламалi і не зламаюць. Калi мяне асудзяць па гэтым артыкуле, для мяне гэта будзе вялiкi гонар. Значыцца, маё жыццё было пражыта недарэмна, я са сваiм народам. Жыве Беларусь!»[23].

З 3 сакавіка Вольга знаходзілася ў гомельскай калоніі, дзе больш за месяц правяла ў штрафным ізалятары, перанесла хваробу (пагоршыўся зрок, аццякалі ногі, балелі пазванкі) была пазбаўлена сустрэч з роднымі[24].

У жніўні 2021 у гомельскай калоніі Вольгу змясцілі ў ПКТ (памяшканне крытага тыпу) на тры месяцы, ёй былі забаронены сустрэчы і тэлефанаванні (выключэнне — камунікацыя з адвакатам). Падставай для такога абмежавання адміністрацыя калоніі пастанавіла «сістэматычнае парушэнне правілаў унутранага распарадку». Свой побыт у ПКТ Вольга апісала ў адным з лістоў да маці: «Тут трохі лягчэй, чым у ШЫЗА. Дазваляецца пісаць і атрымоўваць лісты, чытаць кнігі, ёсць расчоска і крэмы. Прагулка у дворыку — 30 хвілін штодзенна, на ноч даюць матрац, падушку і пасцельную бялізну. Тут яшчэ дазваляецца атаварвацца на 58 рублёў у месяц, але самі туды не ходзім, а аддаем спіс, і прадукты прыносяць у камеру. Паліць можна толькі раз у дзень падчас прагулкі. Каву, на жаль, сваю таксама нельга тут рабіць, а толькі тую, што набываеш тут у атаварцы»[25].

Таксама ў жніўні 2021, праз сем месяцаў пасля прысуду па першай справе, на Вольгу распачалі другую справу: яе абвінавацілі ў абразе супрацоўніка Ленінскага РАУС Брэста Андрэя Хвесюка і распачалі справу паводле артыкула 369 Крымінальнага кодэксу ("Абраза прадстаўніка ўлады). Падставай для гэтай справы нібыта стаў каментар Вольгі, змешчаны яшчэ да яе арышту ў кастрычніку 2020, у якім Вольга нібыта абразіла міліцыянта з Берасця. Праз гэтую справу на допыт выклікалі таксама маму Вольгі[26][27].

Ужо ў ПКТ Вольгу зноў змяшчалі ў штрафны ізалятар[28]. Агулам з сакавіка па канец лістапада 2021 Вольга Класкоўская правяла 40 дзён ў штрафным ізалятары (ШЫЗА) і тры месяцы ў ПКТ[29].

У канцы лістапада 2021 года Вольгу этапавалі з гомельскай жаночай калоніі ў берасцейскі СІЗА № 7 для правядзення следчых дзеянняў за каментар у сацыяльных сетках, этапаванне заняло два тыдні[30].

У СІЗА № 7 у Брэсце Вольга была пастаўлена адразу на два прафілактычныя ўлікі: як «схільную да экстрэмісцкай і іншай дэструктыўнай дзейнасці» і «схільную да захопу закладнікаў, нападу на адміністрацыю і хуліганскіх праяваў». Апошняе прадугледжвае, што ўсе кантакты з супрацоўнікамі СІЗА адбываюцца ў кайданках, якія зашпільваюцца за спіной: усе перамяшчэнні, у тым ліку ў душ ці да доктара, а таксама ранішнія і вечаровыя праверкі у камеры. Вольга адзначала, што афіцыйна пад подпіс яе з такім абмежаваннем не знаёмілі, на што яна скардзілася ў Генпракуратуру як на катаванні. Таксама яна была накіравана ў Навінкі для псіхічіятрычнай экспертызы. Праз гэта ў яе адбыўся доўгі этап: з брэсцкага СІЗА-7 перавялі ў баранавіцкае СІЗА-6, далей ў СІЗА-1 на Валадарскага ў Мінску, і толькі тады ў Навінкі, дзе Вольга правяла тыдзень. Пасля этап паўтарыўся ў адваротным парадку, з Навінак у брэсцкае СІЗА. Сама Вольга, жартуючы, назвала гэтыя этапы «Калядным турам»[31][26].

На першым паседжанні ў судзе Маскоўскага райну ў Брэсце, якое адбылося 19 студзеня 2022, Вольга адмовілася ўставаць пасля абвяшчэння склада суда, назваць сваё імя і прозвішча, таксама заявіла хадайніцтва аб сваім выдаленні з залы пасяджэнняў, праз тое, што па яе меркаваніі, «суд над ёй незаконны і несправядлівы і ўдзельнічаць ў гэтым яна не збіраецца». Суддзя Марыя Аліферук[32], якая раней разглядала адну з партыю асуджаных па «хараводнай справе» ў Брэсце, задаволіла яе хадайніцтва. Ужо без ўдзелу Вольгі, пракурор запрасіў для Вольгі два з паловай гады калоніі агульнага рэжыму, што было ўжо 20 студзеня менавіта ў такім выглядзе і зацверджана судом (де-юрэ было запрошана 1,5 гады «хатняй хіміі», але праз складанне тэрмінаў прысуд складае два з паловай гады калоніі агульнага рэжыму). Свой прысуд Класкоўская слухала седзячы, пасля агучвання тэрміну звярнулася да суддзі са словамі: «Як вам не сорамна? Гэты рэжым хутка абрынецца! Жыве Беларусь!». Пасля суда Вольга паведаміла, што следчы даў ёй толькі некалькі гадзін перад судом на азнаямленне са справай, што па меркаванні Вольгі з’яўляецца парушэннем яе працэсуальных правоў[26][33].

14 сакавіка 2022 года Берасцейскім абласным судом была разгледжана апеляцыя Вольгі, але прысуд быў пакінуты без зменаў. Палітзняволеную вярнулі ў жаночую калонію ў Гомелі[33][34].

Зноскі

  1. https://prisoners.spring96.org/be/person/volha-klaskouskaja
  2. https://bezhentsy.livejournal.com/tag/%D0%9E%D0%BB%D1%8C%D0%B3%D0%B0%20%D0%9A%D0%BB%D0%B0%D1%81%D0%BA%D0%BE%D0%B2%D1%81%D0%BA%D0%B0%D1%8F
  3. https://www.dw.com/ru/%D1%8F%D0%BA-%D1%83%D1%81%D0%BF%D1%80%D1%8B%D0%BC%D0%B0%D1%8E%D1%86%D1%8C-%D1%83-%D0%B1%D0%B5%D0%BB%D0%B0%D1%80%D1%83%D1%81i-%D0%BF%D0%B0%D0%BBi%D1%82%D1%8B%D1%87%D0%BD%D1%83%D1%8E-%D0%B0%D0%BA%D1%82%D1%8B%D1%9E%D0%BD%D0%B0%D1%81%D1%86%D1%8C-%D1%81%D1%82%D1%83%D0%B4%D1%8D%D0%BD%D1%82%D0%B0%D1%9E/a-1781998
  4. http://bielarus.eu/node/98
  5. http://polskaprawda-lardarxo.blogspot.com/2010/08/blog-post_27.html
  6. https://bezhentsy.livejournal.com/tag/%D0%9E%D0%BB%D1%8C%D0%B3%D0%B0%20%D0%9A%D0%BB%D0%B0%D1%81%D0%BA%D0%BE%D0%B2%D1%81%D0%BA%D0%B0%D1%8F
  7. https://humanrightshouse.org/articles/%D0%BF%D1%80%D0%B0%D1%82%D1%8D%D1%81%D1%82%D0%BE%D1%9E%D1%86%D0%B0%D1%9E-%D1%81%D1%83%D0%B4%D0%B7%D1%8F%D1%86%D1%8C-%D0%B6%D1%83%D1%80%D0%BD%D0%B0%D0%BB%D1%96%D1%81%D1%82%D0%B0%D1%9E-%D0%B7%D0%B1/
  8. https://www.svaboda.org/a/25158430.html
  9. https://euroradio.fm/rashenne-pa-sprave-volgi-klaskouskay-moguc-vynesci-praz-dva-tydni
  10. https://euroradio.fm/lyudmila-klaskouskaya-prosic-u-shvedskaga-minyusta-admyanic-prysud-dachki
  11. https://www.svaboda.org/a/25083852.html
  12. https://www.svaboda.org/a/25158430.html
  13. https://euroradio.fm/belarusku-volgu-klaskouskuyu-ekstraduyuc-sa-shvecyi-u-belarus
  14. https://euroradio.fm/stala-vyadomaya-prychyna-zatrymki-ekstradycyi-sa-shvecyi-volgi-klaskouskay
  15. https://novychas.online/hramadstva/volhu-klaskouskuju-vyzvalili-sa-szvedskaj-turmy-j
  16. https://euroradio.pl/u-minsku-zatrymali-volgu-klaskouskuyu
  17. 17,0 17,1 17,2 https://auto.onliner.by/2020/12/19/sud-perekrytije-dorog
  18. 18,0 18,1 https://spring96.org/be/news/100570
  19. https://spring96.org/be/news/100274
  20. https://belhelcom.org/be/news/supolnaya-zayava-pravaabaronchyh-arganizacyy-belarusi-ab-pryznanni-19-novyh-palitychnyh
  21. https://spring96.org/be/news/100979
  22. https://zubr.cc/judge/1145/
  23. https://spring96.org/be/news/101035
  24. https://belsat.eu/news/11-08-2021-palitznyavolenuyu-volgu-klaskouskuyu-zmyastsili-u-pkt/
  25. https://spring96.org/be/news/104641
  26. 26,0 26,1 26,2 https://spring96.org/be/news/106468
  27. https://belsat.eu/news/26-08-2021-suprats-palitznyavolenaj-volgi-klaskouskaj-raspachali-novuyu-kryminalnuyu-spravu/
  28. https://belsat.eu/news/17-10-2021-palitznyavolenuyu-volgu-klaskouskuyu-zmyastsili-u-shiza/
  29. https://www.svaboda.org/a/31585123.html
  30. https://belsat.eu/news/01-12-2021-palitznyavolenuyu-volgu-klaskouskuyu-peravyali-z-kalonii-u-berastsejski-siza-kab-znou-sudzits/
  31. https://t.me/prisoners_spring96/560
  32. https://belsat.eu/news/01-10-2021-prysud-vosmaj-grupe-pa-karagodnaj-sprave-vynesuts-6-kastrychnika/
  33. 33,0 33,1 https://belsat.eu/news/20-03-2022-drugi-prysud-volze-klaskouskaj-sud-pakinuu-bez-zmenau-palitznyavolenuyu-vyarnuli-u-gomelskuyu-kaloniyu/
  34. https://t.me/viasna96/10108

СпасылкіПравіць