Вольга Фёдараўна Нікановіч-Сахарава
Вольга Фёдараўна Сахарава (дзявочае прозвішча Нікановіч; 28 чэрвеня 1884, в. Казаноўка, Лепельскі павет, Віцебская губерня, цяпер Чашніцкі раён, Віцебская вобласць — 13 сакавіка 1943) — беларуская пісьменніца. Жонка Сяргея Сахарава.
Вольга Фёдараўна Нікановіч-Сахарава | |
---|---|
Асабістыя звесткі | |
Дата нараджэння | 28 чэрвеня 1884 |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 13 сакавіка 1943 (58 гадоў) |
Месца смерці | |
Пахаванне | |
Грамадзянства | |
Муж | Сяргей Пятровіч Сахараў |
Месца працы | |
Прафесійная дзейнасць | |
Род дзейнасці | пісьменніца |
Мова твораў | беларуская |
Творы ў Вікікрыніцах | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Біяграфія
правіцьНарадзілася ў сям’і праваслаўнага святара Хведара Нікановіча. Скончыла Полацкую дзяржаўную гімназію ў 1900 годзе. Працавала настаўніцай прыходскай школы для дзяўчынак у Люцыне (цяпер г. Лудза, Латвія). У траўні 1905 г. выйшла замуж за выкладчыка Люцынскага гарадскога вучылішча Сяргея Сахарава. У студзені 1907 г. разам з мужам пераехала ў Юр’еў (цяпер Тарту, Эстонія), дзе займалася на прыватных курсах дашкольнага выхавання. Пасля некалькі гадоў працы ў Віцебску, Юр’еве, Пінску. 3 1917 г. — ізноў у Люцыне, куды яе муж Сяргей Сахараў быў запрошаны на пасаду дырэктара мясцовай рускай гімназіі. Узначальвае прыватны дзіцячы садок, прымае актыўны ўдзел у працы мясцовай беларускай грамады. У 1922 г. разам з сям’ёй пераязджае ў Рыгу, а ў 1925-м — у Дзвінск, дзе С. Сахараў становіцца дырэктарам Дзвінскай дзяржаўнай беларускай гімназіі. У 1932 г. пасля таго, як яе мужа пазбавілі пасады дырэктара беларускай гімназіі, перабіраецца ў Рыгу. Потым яшчэ некалькі разоў была вымушаная змена месца жыхарства: Краслава, Дзвінск, потым ізноў Рыга. Дапамагала мужу збіраць беларускі фальклор.
Частыя пераезды, смерць старэйшай дачкі Галіны адмоўна паўплывалі на стан яе здароўя. Перанесла паралюш, затым прыступ другога. 13 сакавіка 1943 года памерла ў Люцынскім шпіталі. Пахавана ў Люцыне (Лудза) на мясцовых могілках.
Сям’я
правіцьУ шлюбе з Сяргеем Сахаравым мела дачок Ірыну і Галіну.
Творчасць
правіцьАктыўная пісьменніцкая дзейнасць В. Сахаравай распачалася пасля пераезду ў 1917 г. у Люцын. Яна пісала невялічкія інсцэніроўкі для выхаванцаў свайго дзіцячага садка, якія і ставіла разам з імі. Паводле матываў паэмы Янкі Купалы «Сон на кургане» напісала п’есу — казачную феерыю «На Полацкім замчышчы» (паст. 1927, выд. 1928), да якой Канстанцін Галкоўскі мапісаў 6 музычных ілюстрацый (хары і сольныя нумары). П’еса «Птушка на волі» (1932, пра жыццё на вёсцы) нагадвала «Паўлінку» Я. Купалы. Яе п’есы «Маладыя пабегі», «Ліст да Прэзідэнта», «Аксюткіна ёлка» ставіліся ў Дзвінскай беларускай гімназіі. Пісала вершы (зборнік «Водгукі сэрца»; рукапіс у Цэнтральнай бібліятэцы АН Літвы)[1].
Некалькі ейных драматычных твораў засталіся ў рукапісах. У 2015 г. у Мінску выйшаў найбольш поўны на цяперашні час том «Выбраных твораў» Вольгі і Сяргея Сахаравых, куды не патрапіла інсцэніроўка «Вяселля», якая заставалася ў рукапісах і захоўваецца ў аддзеле рэдкіх кніг і рукапісаў ЦНБ імя Якуба Коласа.
Бібліяграфія
правіць- Птушка на волі : п’еса ў 3 дзеях / В. Ф. Сахарава. — Дзвінск, 1932.
Зноскі
- ↑ Дзеячы культуры і навукі — ураджэнцы Чашніччыны // Гістарычна-краязнаўчы курс «Наша Чашніччына». Чашніказнаўства / В. В. Грыбко. Мн.: Медисонт, 2007. С. 138—149.
Літаратура
правіць- Беларускія пісьменнікі : біябібліяграфічны слоўнік : у 6 т. / пад. рэд. А. В. Мальдзіса. — Мн., 1995. — Т. 5. — С. 260—261.
- Саламевіч І. Нікановіч-Сахарава // БЭ ў 18 т. Т. 11. Мн., 2011.
Спасылкі
правіцьВольга Фёдараўна Нікановіч-Сахарава ў Вікікрыніцах | |
Вольга Фёдараўна Нікановіч-Сахарава на Вікісховішчы |
- Біяграфія з выявай(недаступная спасылка)