Ліфу
Ліфу (фр.: Lifou) — самы буйны востраў архіпелага Луаятэ. Уваходзіць у склад Новай Каледоніі. Плошча - 1197,1 км². Насельніцтва (2019 г.) — 9 195 чалавек. На востраве Ліфу знаходзіцца адміністрацыйны цэнтр архіпелага — Вэ.
Ліфу | |
---|---|
фр. Lifou, Drehu | |
Узбярэжжа | |
Характарыстыкі | |
Плошча | 1 197,1 км² |
Найвышэйшы пункт | 104 м |
Насельніцтва | 9 195 чал. (2019) |
Шчыльнасць насельніцтва | 7,68 чал./км² |
Размяшчэнне | |
20°58′ пд. ш. 167°14′ у. д.HGЯO | |
Архіпелаг | Астравы Луаятэ |
Акваторыя | Ціхі акіян |
Краіна | |
![]() |
Геаграфія і прыродаПравіць
Ліфу знаходзіцца ў 116 км на паўночны ўсход ад Новай Каледоніі, у 1474 км ад бліжэйшага кантынента Аўстралія, у 1644 км ад Парыжа, 15032 км ад Мінска. Даўжыня - 61,89 км. Найбольшая шырыня - 28,5 км.
Ліфу — тыповы макатэа, старажытны падняты атол, які ўяўляе сабой вапняковае плато, узнятае над паверхняй акіяна вулканам (найвышэйшы пункт - 104 м). У кірунку да ўзбярэжжа яно абрываецца стромкімі скаламі і толькі ў некаторых мясцінах сустракаюцца спадзістыя ўздымы — наступства вадзяной эрозіі, якая доўжылася мільёны гадоў. Эрозія таксама спарадзіла шматлікія карставыя пячоры. Яны сустракаюцца як на сушы, так і ў падводнай частцы. Вапняковы грунт неўстойлівы, таму вадацёкі, што фарміраваліся падчас ападкаў, рабілі ў ім шырокія адтуліны. У многіх пячорах на плато дажджавыя сцёкі ўтвараюць невялікія натуральныя вадасховішчы. Рэк на Ліфу няма, таму ў сухі сезон гэта адзіная даступная крыніца пітной вады. Бераг пясчаны, шмат пляжаў. Рэдка, але на востраве здараюцца землятрусы. Апошняе адбылося 3 сакавіка 2012 г.[1]
Клімат трапічны пасатны. Найбольш прахалодны месяц — жнівень, калі сярэдняя тэмпература знаходзіцца ў сярэднім паміж 15 °C і 24 °C. У студзені сярэдняя тэмпература трымаецца вакол узроўню паміж 22 °C і 29 °C. У сакавіку колькасць дажджлівых дзён дасягае 19, норма ападкаў - каля 258 мм. Найбольш сухі месяц — верасень, калі выпадае ўсяго 63 мм.
Паверхня плато ў старажытнасці была амаль цалкам занята зараснікамі лесу і хмызняку. У нашы дні пераважаюць культурныя насаджэнні, але востраў застаецца даволі зялёным. Захаваліся рэдкія віды раслін, птушак, яшчарак, на паўднёвы бераг прыплываюць марскія чарапахі.
ГісторыяПравіць
У канцы 2 тысячагоддзя да н. э. — пачатку 1 тысячагоддзя да н. э. Ліфу засялілі меланезійцы, якія да прыходу еўрапейцаў склалі тры племянныя аб'яднанні ветр, лосі і гаша. Яны называлі сябе і свой востраў дрэху, падпарадкоўваліся правадырам, што перадавалі сваю ўладу па спадчыне, займаліся земляробствам і рыбалоўствам. Некаторыя даследчыкі мяркуюць, што тубыльцы зведалі значны ўплыў палінезійцаў. Сучасная назва вострава мае палінезійскае паходжанне і значыць "Самоа".
У 1793 г. Ліфу быў адкрыты французскай экспедыцыяй. Востраў стаў месцам дзейнасці еўрапейскіх кітабояў, лесарубаў і місіянераў. У 1864 - 1866 гг. суперніцтва паміж французскімі каталіцкімі і больш паспяховымі брытанскімі пратэстанцкімі місіянерамі прывяло да ваенных сутычак паміж астравіцянамі. У канфлікт умяшалася Францыя, якая ў 1868 г. фармальна далучыла землі дрэху да сваіх валоданняў. Нягледзячы на дапамогу з боку ваенных, каталікі пацярпелі паражэнне і саступілі пратэстантам.
У адрозненні ад суседняй Новай Каледоніі, на Ліфу не было масавага перасялення еўрапейскіх каланістаў. Французы трымалі на востраве невялікі ваенны атрад. Правадыры захоўвалі сваю традыцыйную ўладу. Толькі ў першай палове XX ст. былі зроблены пэўныя захады для актыўнага прыцягнення маладых дрэху да французскай культуры і адукацыі. У 1916 - 1918 гг. добраахвотнікі з Ліфу нават прымалі ўдзел у I Сусветнай вайне на баку Францыі. У 1940 г. дрэху аднадушна падтрымалі Ш. дэ Голя. У 1946 г. яны афіцыйна атрымалі французскае грамадзянства.
У пасляваенны час Ліфу пачаў інтэнсіўна развівацца, у тым ліку дзякуючы прадпрымальнасці саміх тубыльцаў. Яны вырошчвалі на продаж гародніну, ваніль, какосы. Але найбольш паспяховым напрамкам эканомікі стаў турызм. Гэтаму садзейнічала будаўніцтва сучаснага марскога порта і аэрапорта.
У 1989 г. Вэ стаў адміністрацыйным цэнтрам асобнай правінцыі Луаятэ ў складзе Новай Каледоніі. Была створана адміністрацыйная акруга Ліфу.
Славутыя мясціныПравіць
Востраў вабіць вандроўнікаў з розных краін сваімі белымі пясчанымі пляжамі. Адзін з самых вялікіх знаходзіцца непасрэдна каля Вэ. Іншыя цікавыя мясціны:
- Высокія (да 40 м) вапняковыя скалы на паўночным ўзбярэжжы
- Ванільная плантацыя ў лесе на поўначы Ліфу
- Традыцыйная хаціна правыдыроў роду Хнатало
- Бухта Луенгоні, куды прыплываюць марскія чарапахі
- Пячоры
- Касцёл Маці Божай Лурдскай (1898 г.) — каталіцкі храм, самы стары мураваны будынак на востраве
- Канона — месца, дзе адбылася першая хрысціянская пропаведзь, асабліва шануецца мясцовымі пратэстантамі