Высако́сны год, або перасту́пны год (стар.-бел.: престу́пный год або висектос; лац.: bis sextus — «другі шосты»), няправільна вісакосны год — адмысловы каляндарны год, які складаецца з 366, а не з 365 дзён. У Юліянскім календары высакосны год кожны чацвёрты. У Грыгарыянскім календары з гэтага правіла ёсць выключэнні. Не высакосныя гады называюць невысакоснымі.

Гісторыя ўвядзення правіць

З 1 студзеня 45 года да н.э. рымскі дыктатар Гай Юлій Цэзар увёў каляндар распрацаваны александрыйскімі астраномамі на чале з Сазігенам, які быў заснаваны на тым, што астранамічны год прыкладна роўны 365,25 сутак (365 сутак і 6 гадзін). Гэты каляндар быў названы Юліянскім. Каб выраўняць змяшчэнне на шэсць гадзін штогод, быў уведзены высакосны год. Тры гады лічылі па 365 сутак, а кожны год кратны чатыром дадавалі дадатковыя суткі ў лютым.

У рымскім календары дні лічыліся адносна наступных календ (першы дзень месяца), нон (пяты або сёмы дзень) і ід (13-ы або 15-ы дзень месяца). Так, дзень 24 лютага вызначаўся як ante diem sextum calendas martii («шосты дзень перад сакавіцкімі календамі»). Цэзар пастанавіў дадаваць да лютага другі шосты (bis sextus) дзень перад сакавіцкімі календамі, г. зн. другі дзень 24 лютага. Люты быў абраны бо быў апошнім месяцам рымскага года. Першым высакосным годам стаў 45 да н.э.

Цэзара забілі праз два гады пасля ўвядзення новага календара, другі высакосны год пачаўся ўжо пасля яго смерці. Магчыма, гэта тлумачыцца тым, што жрацы, якія адказвалі за функцыянаванне календара, не зразумелі прынцыпу ўвядзення дадатковага дня кожны чацвёрты год, а замест гэтага ўводзілі дадатковы дзень у лютым кожныя тры гады (думаюць, што яны адлічвалі чацвёрты год ад года, які папярэднічаў высакоснаму). На працягу 36 гадоў пасля Цэзара высакосным быў кожны трэці год, і толькі потым імператар Аўгуст аднавіў слушны парадак высакосных гадоў (а таксама адмяніў некалькі наступных высакосных гадоў, каб пазбыць дадатковы памылковы зрух). Праз супастаўленне рымскіх і егіпецкіх датыровак у папірусе, знойдзеным у 1999 годзе, было вызначана, што высакоснымі гадамі ў Рыме былі 44, 41, 38, 35, 32, 29, 26, 23, 20, 17, 14, 11, 8 гады да н.э., 4, 8, 12 і далей, кожны чацвёрты год.

Грыгарыянскі каляндар правіць

Працягласць трапічнага года (час паміж двума вясеннімі раўнадзенствамі) — 365 сутак 5 гадзін 48 хвілін 46 секунд. Розніца ў працягласці трапічнага года і сярэдняга юліянскага каляндарнага года (365,25 сутак) — 11 хвілін 14 секунд. З гэтых 11 хвілін 14 секунд прыблізна за 128 гадоў складаюцца адны суткі.

Праз стагоддзі было заўважана змяшчэнне дня вясенняга раўнадзенства, з якім звязаны царкоўныя святы. Да XIV ст. вясенняе раўнадзенства надыходзіла прыкладна на 10 сутак раней за 21 сакавіка, ад якога вылічвалі дзень Вялікадня.

Каб кампенсаваць набытую памылку і ўнікнуць такога змяшчэння ў будучыні, у 1582 годзе Папа Рымскі Рыгор XIII правёў рэформу календара. Каб сярэдні каляндарны год лепей адпавядаў працягласці сонечнага, было вырашана змяніць правіла высакосных гадоў. Як і раней высакосным заставаўся год, нумар якога кратны чатыром, але выключэнне рабілася для тых, якія былі кратныя 100. З гэтага часу такія гады былі высакоснымі толькі тады, калі дзяліліся яшчэ і на 400.

Іншымі словамі, год высакосны ў двух выпадках: або калі кратны 4, але пры гэтым не кратны 100, або калі кратны 400. Год не высакосны, калі не кратны 4, або кратны 100, але пры гэтым не кратны 400.

Апошнія гады стагоддзяў, якія заканчваюцца на два нулі, у трох выпадках з чатырох не высакосныя. Так гады 1700, 1800 і 1900 не былі высакоснымі, бо кратныя 100 і не кратныя 400. Гады 1600 і 2000 — высакосныя, бо кратныя 400. Гады 2100, 2200 і 2300 — не высакосныя. У высакосныя гады ўводзіцца дадатковы дзень — 29 лютага.

Яўрэйскі каляндар правіць

У яўрэйскім календары высакосным годам называюць год, да якога дадаюць месяц, а не дзень. Прычына ў тым, што яўрэі карыстаюцца месячным календаром, у якім год з дванаццаці месяцаў адстае ад астранамічнага сонечнага года прыкладна на 11 дзён. Каб зраўняць месячныя гады да сонечных, быў уведзены высакосны цыкл з трынаццаці месяцаў. У 19-гадовы цыкл уваходзяць 12 звычайных і 7 высакосных гадоў.

Гл. таксама правіць