Вінланд
Ві́нланд, Вінла́ндыя (ісл.: Vínland, нарв.: і шведск.: Vinland) — назва тэрыторыі Паўночнай Амерыкі, дадзенае ісландскім вікінгам Лейфам Эрыксанам прыкладна ў 986 годзе. У 1960 годзе ў мястэчку Л’Анс-о-Медаўз на востраве Ньюфаўндленд было выяўлена археалагічнае сведчанне ранняга паселішча вікінгаў. У наш час гэта тэрыторыя адносіцца да канадскай правінцыі Ньюфаўндленд і Лабрадор. Хоць даследаванне вікінгамі тэрыторыі Паўночнай Амерыкі задаўга да падарожжаў Хрыстафора Калумба лічыцца канчаткова даказаным фактам, дакладнае месца іх паселішча дагэтуль з'яўляецца прадметам навуковай спрэчкі. Трэба прызнаць, што вікінгі не рабілі адрознення паміж даследаваннем і пасяленнем у Грэнландыі і Вінландзе і аналагічным даследаваннем Ісландыі. Гэта было проста працягам іх радзімы, і паняцце іншага свету з'явілася толькі пасля сустрэчы з мясцовымі плямёнамі, якія значна адрозніваліся ад ірландскіх манахаў у Ісландыі.
У наш час сярод навукоўцаў дасягнута згода, што вікінгі сярод еўрапейцаў сапраўды першымі адкрылі Паўночную Амерыку, хоць гэты кантынент на працягу больш чым 11 000 гадоў да гэтага засялялі карэнныя народы, акрамя таго, першы генетычны кантакт паміж еўрапейцамі і жыхарамі Паўночнай Амерыкі адбыўся таксама дзякуючы вікінгам, якія прывезлі амерындскую жанчыну ў Ісландыю на мяжы першага і другога тысячагоддзяў, і чый генатып дагэтуль прасочваецца ў гэтай краіне[1].
Гістарычныя дакументы
правіцьПершыя згадкі пра Вінланд сустракаюцца ў кнізе Адама Брэменскага «Descriptio insularum Aquilonis», напісанай прыкладна ў 1075 годзе. Перад напісаннем сваёй працы ён наведаў дацкага караля Свена II Эстрыдсена, які ведаў пра паўночныя тэрыторыі.
Асноўная крыніца інфармацыі пра падарожжы вікінгаў да берагоў Паўночнай Амерыкі змяшчаецца ў дзвюх ісландскіх сагах, «Сазе пра Эрыка Рудога» і «Сазе пра грэнландцаў». Гэтыя сагі былі напісаны прыкладна праз 250 гадоў пасля каланізацыі Грэнландыі і з'яўляюцца істотнай інтэрпрэтацыяй мінулых падзей. У сукупнасці гэтыя дзве сагі даюць уяўленне аб тым, што існавала некалькі спроб заснаваць паселішча ў Вінландзе, уключаючы адну пад кіраўніцтвам Торфіна Карлсефні (Þorfinnr Karlsefni на старажытнаісландскай мове), ніводная з якіх не доўжылася больш двух гадоў. Пакіданне паселішчаў, магчыма, мае некалькі прычын, сярод якіх можна назваць рознагалоссі сярод каланістаў-мужчын адносна некалькіх жанчын, якія суправаджалі падарожжа, і ўзброеныя сутычкі з мясцовымі жыхарамі, названымі вікінгамі «skræling» — абодва гэтыя фактары ўзгадваюцца ў пісьмовых крыніцах.
Сагі распавядаюць пра тое, што пасля таго як вікінгі заснавалі паселішча ў Грэнландыі, гандляр па імі Б'ярні Хер'юльфсан (Bjarni Herjólfsson) адплыў з Ісландыі ў кірунку да Грэнландыі, каб пабачыць свайго бацьку, які пасяліўся там. Яго карабель збіўся з курсу ў выніку шторму і такім чынам ён выпадкова апынуўся на ўсходнім беразе Амерыкі ў 985 ці 986 годзе. Быў канец лета, і Б'ярні не захацеў заставацца на зімоўку на зямлі, якая, паводле яго слоў, была пакрыта лесам. Ён не стаў высаджвацца на бераг, а замест гэтага ўзяў курс на Грэнландыю. Пазней ён распавёў пра гэта падарожжа і прадаў свае караблі Лейфу Эрыксану, які, паводле запісаў, адправіўся назад да гэтых берагоў. Паколькі Грэнландыя была вельмі бедная на запасы лесу, пасяленцы імкнуліся даследаваць багацце гэтай новай для іх зямлі. Праз некалькі гадоў Лейф Эрыксан абследаваў берагі і заснаваў недаўгачасовае паселішча на зямлі, якую ён назваў Вінланд.
У сваё першае падарожжа ён наведаў зямлю, названую ім Хелуланд (Helluland), у перакладзе на беларускую мову «краіна плоскіх камянёў». Мяркуюць, што гэта сучасная Бафінава Зямля. У выніку наступнага падарожжа ён сышоў на бераг зямлі, названай ім Маркланд (Markland), літаральна «лясная краіна». Мяркуюць, што гэта сучасны Лабрадор. Ёсць сведчанне таго, што паўночная мяжа лесу на гэтай тэрыторыі была паменшана прыблізна ў 1000 годзе. І, нарэшце, ён наведаў так званы Вінланд (назва інтэрпрэтуецца або як «вінаградная зямля», або як «паша») — магчыма, сучасны Ньюфаўндленд. У апошнюю экспедыцыю людзі захапілі з сабой свойскую жывёлу і інструменты для заснавання паселішча. Былі пабудаваны два паселішчы, паўночнае звалася Straumfjörðr, а паўднёвае Hóp. Паводле запісаў, на зімоўку на новай зямлі заставаліся толькі два правадыры вікінгаў, другім з якіх быў брат Лейфа Торвальд Эрыксан (Thorvald Eiríksson), забіты наступным летам. Аднак паселішчы неўзабаве былі пакінуты з-за канфліктаў з «skrælingar» (апошнія паводле апісання супадаюць з індзейцамі племя беатук, асабліва характэрным звычаем фарбаваць у чырвоны колер адзежу і твары, за што праз некалькі стагоддзяў французскія мараплаўцы далі беатукаў мянушку «чырванаскурыя»). Наступныя падарожжы за лесам, магчыма, працягваліся аж да 1300-х гадоў.
Аж да XIX стагоддзя гісторыкі разглядалі ідэю паселішчаў вікінгаў у Паўночнай Амерыцы выключна ў кантэксце нацыянальнага фальклору скандынаўскіх народаў. Першая навуковая тэорыя з'явілася ў 1837 годзе дзякуючы дацкаму гісторыку і антыквару Карлу Хрысціяну Рафну ў яго кнізе «Antiquitates Americanæ» Рафн правёў усебаковую экспертызу саг і даследаваў магчымыя месцы стаянак на амерыканскім узбярэжжы, у выніку чаго зрабіў выснову, што краіна Вінланд, адкрытая вікінгамі, сапраўды існавала.
Спрэчкі адносна месца
правіцьСярод гісторыкаў маюцца рознагалоссі адносна геаграфічнага месцазнаходжання Вінланда. Рафн і Эрык Уалгрэн (Erik Wahlgren) меркавалі, што Вінланд знаходзіўся дзесьці ў Новай Англіі. У 1960-я гады паселішча вікінгаў было выяўлена ў выніку раскопак у мястэчку Л’Анс-о-Медаўз у Ньюфаўндлендзе, і некаторыя навукоўцы думаюць, што гэта і было месца, абранае Лейфам. Іншыя ўсе ж лічаць, што Вінланд павінен знаходзіцца на поўдні ад гэтага месца, а адкрытае паселішча з'яўлялася дагэтуль невядомай пазнейшай спробай вікінгаў абгрунтавацца ў Амерыцы.
Прыхільнікі Ньюфаўндленда аргументуюць свой пункт гледжання тым, што падтрымка больш паўднёвага месцазнаходжання Вінланда была даволі праблематычная ў той час з прычыны занадта далёкай адлегласці ад асноўных земляў паўночных народаў, жалеза і іншыя жыццёва важныя рэсурсы прыходзілася завозіць з Еўропы. Іншай небяспекай былі страты ў сутычках з мясцовым насельніцтвам удалечыні ад магчымага падмацавання і забеспячэння.
Аргумент паўднёвага месцазнаходжання прадстаўлены ў працах Адама Брэменскага. У сваёй кнізе «Descriptio insularum Aquilonis» ён адзначыў, што назва Вінланд паходзіць ад велізарнай колькасці дзікарослага вінаграду, знойдзенага там. («Praeterea unam adhuc insulam recitavit a multis in eo repertam occeano, quae dicitur Winland, eo quod ibi vites sponte nascantur, vinum optimum ferentes»), аднак вінаград не расце ў магчымых месцах паселішча.
Існуе некалькі тэорый, якія тлумачаць гэта несупадзенне:
- Гэта было «рэкламным» выкрутам для заахвочвання наведвання гэтых земляў іншымі даследчыкамі. Менавіта так Грэнландыя («зялёная зямля») атрымала сваю назву.
- Тэорыя няслушнай інтэрпрэтацыі складаецца ў тым, што кароткі гук «i» быў замененым доўгім «i» і назва насамрэч утворана ад старажытнаісландскага слова з кароткай «i» vin, якое азначае сенажаць ці пашу. Недахоп гэтай тэорыі складаецца ў тым, што сагі таксама, як і праца Адама Брэменскага, спасылаюцца на слова з доўгім «i». Аднак прыхільнікі гэтай тэорыі дапушчаюць, што пазнейшыя сагі які-небудзь чынам атрымалі інфармацыю прама з сачынення Адама Брэменскага.
- Аналагічна, кароль Свен II Эстрыдсен мог пажартаваць, схлусіць або проста спаслацца на сугучны Вендланд (Wendland), што пазней было інтэрпрэтавана як Вінланд.
- Яшчэ адна тэорыя абвяшчае, што Вінланд мог знаходзіцца значна далей на поўдзень, там, дзе расце вінаград, але гэта месца не выяўлена.
- Існуе тэорыя, што некаторыя пасяленцы Вінланда плавалі яшчэ далей на поўдзень і бачылі там вінаград канкорд, і іх апавяданні перапляліся з апавяданнямі пра сам Вінланд.
- Магчыма, спасылаліся на багацце ў Ньюфаўндлендзе ягад агрэсту і чарніц, з якіх пазней рабілі віно.
- Нарэшце, ёсць прыхільнікі тэорыі, што ў тыя гады вінаград сапраўды рос у Ньюфаўндлендзе, але з тых часоў змяніўся клімат. Апісаныя падзеі адносяцца да перыяду сярэднявечнага цёплага перыяду (X—XIV стагоддзя), калі тэмпература вады ў паўночных морах была на 1 °C вышэйшая.
Хоць тэорыя існавання Вінланда на поўдзень ад Ньюфаўндленда гістарычна апраўдана, яго пошукі на поўдні не з'яўляюцца прыярытэтам даследаванняў. Хоць былі знаходкі сведчанняў дакалумбавых даследаванняў Амерыкі, накшталт Кенсінгтонскага рунічнага каменя, якія вымусілі навукоўцаў спрачацца і часам змяняць пункт гледжання.
Магчымыя месцазнаходжанні Вінланда
правіцьНіжэй прыведзены спіс магчымых месцазнаходжанняў Вінланда (з поўначы на поўдзень):
- Ньюфаўндленд
- Востраў Антыкосці (Anticosti Island, у заліве Св. Лаўрэнція , Канада)
- Паўвостраў Гаспэ (Gaspe Peninsula)
- Востраў Кейп-Брэтан (Cape Breton Island, у залу. Св. Лаўрэнція, Канада)
- Новая Шатландыя
- Паўночна-усходняе ўзбярэжжа Нью-Брансуіка
- Узбярэжжа штата Мэн, ЗША
- Паўвостраў Кейп-Код (Cape Cod, штат Масачусетс, ЗША)
- Востраў Нантукет (Nantucket, штат Масачусетс, ЗША)
- Востраў Мартас-Віньярд (Martha’s Vineyard, штат Масачусетс, ЗША)
- Востраў Номанс Ленд (Nomans Land, штат Масачусетс, ЗША)
- Заліў Нарагансет (Narragansett Bay, штат Род-Айленд, ЗША)
У культуры
правіць- Пра адкрыццё Вінланда пісаў у сваім рамане «Фантастычная сага» Гары Гарысан.
- Плаванню ў Вінланд прысвечаны альбом групы Leaves' Eyes Vinland Saga.
- Вольная інтэрпрэтацыя гісторыі пра скандынаваў у Амерыцы ляжыць у аснове сюжэту фільма «Следапыт».
Зноскі
- ↑ El primer contacto genético entre europeos y americanos se produjo cinco siglos antes de Colón. (ісп.) // El Pais, 16.11.2010
Літаратура
правіць- Х. Інгстад. Па слядах Лейва Шчаслівага.
Спасылкі
правіць- «Вікінгі: Паўночна-Атлантычная сага»; Пошукі археалагічнага доказу прысутнасці вікінгаў у Лабрадоры і Ньюфаўндлендзе Архівавана 9 снежня 2003. — ад Нацыянальнага музея гісторыі прыроды (Вашынгтон, ЗША)
- Фатаграфіі L’Anse aux Meadows Архівавана 30 снежня 2005.
- «Was Vinland in Newfoundland?»- Paper by Einar Haugen, (1906—1994) Professor emeritus of Scandinavian Studies, Harvard University
- Вікінгі ў Ньюфаўндлендзе
- Значэнні слова vin Архівавана 11 сакавіка 2007.