Вацлаў Пануцэвіч
Вацлаў Пануцэвіч, да 1945 г. Папуцэвіч (2-ая пал. 1910/1-ая пал. 1911, в. Малая Альшанка каля Гродна[1] — 25 жніўня 1991, Чыкага; Псеўданімы: Мікола Волаціч, Volacic Mikola, Volacic M.; Крыптанімы: В. П.) — беларускі палітычны і рэлігійны дзеяч, гісторык.
Вацлаў Пануцэвіч | |
---|---|
![]() | |
Дата нараджэння | 1911 |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 25 жніўня 1991 |
Месца смерці | |
Месца пахавання | |
Муж | Ірэна Будзька[d] |
Род дзейнасці | палітык |
Альма-матар | |
![]() |
Біяграфія Правіць
Паходзіў з сям’і беларусаў-католікаў. Вучыўся ў Віленскай духоўнай каталіцкай семінарыі. Быў выключаны з ліку клерыкаў за беларускую дзейнасць. З 1936 вучыўся на юрыдычным факультэце Універсітэта Стэфана Баторыя ў Вільні. Удзельнічаў у працы «Акадэміцкага кола сяброў Беларусаведы» (1936—1939). Адзін з арганізатараў «руху маладых адраджэнцаў». З 1935 г. член БХД. З 1 снежня 1935 г. член рэдкалегіі «Студэнцкай Трыбуны», маладзёвага дадатку да «Беларускай Крыніцы». У 1935—1938 гадах быў рэдактарам часопіса «25 сакавіка» (лістапад 1936 — сакавік 1938). З 26 лютага 1936 года сакратар Віленскага аддзела БІГіК. Пасля расколу БХД у 1936 належаў да «Беларускага фронту» кс. В. Гадлеўскага. Прымаў удзел у выданні газеты «Беларускі фронт». За надрукаваны рэдакцыйны артыкул «Залежнасць ці незалежнасць» у № 3 «Беларускага фронту» за 30 жніўня 1938 г. быў асуджаны на год турмы ўмоўна.
У верасні 1939 г., з пачаткам 2-й сусветнай вайны, мабілізаваны ў 81-ы стралковы полк, які фарміраваўся ў Гродне. 22 верасня 1939, пасля заняцця савецкімі войскамі Гродна, трапіў у палон. Быў вызвалены і жыў у Гродне. Паводле Б. Грабінскага, прыкладна ў 1940 да В. Пануцэвіча ў Гродна ад варшаўскіх беларусаў (кс. В. Гадлеўскага, М. Шчорса і інш.) прыбыў сувязны, які адначасова з’яўляўся агентам НКУС, але В. Пануцэвіч «адразу западозрыў, што пасылаюць хлопца бальшавікі, і заявіў у НКУС». Нейкі Пануцэвіч у 1940 годзе выкладаў у гродзенскай школе № 1 беларускую мову і літаратуру. Восенню 1941 В. Пануцэвіч жыў у Гродне па адрасе: вул. Паўночная, 5. З пачаткам нямецкай акупацыі ў кастрычніку 1941 года разам з А. Русаком В. Пануцэвіч ездзіў у Вільню з мэтай наладзіць сувязь з Віленскім БНК. Паводле Я. Малецкага, яго кандыдатура разглядалася мясцовымі нямецкімі ўладамі на пасаду бургамістра Гродна. Вёў настаўніцкія курсы пры Гродзенскам БНК. 27 кастрычніка 1941 г. разам з Я. Малецкім сустракаўся з гродзенскім епіскапам Антоніем па справе беларусізацыі праваслаўнай царквы і арганізацыі ў Гродне беларускай праваслаўнай семінарыі. У сярэдзіне лістапада 1941 года пераехаў з Гродна ў Баранавічы. У 1941—1944 г. працаваў у падкантрольнай немцам адміністрацыі акругі Баранавічы[2].
З 1944 г. у эміграцыі — спачатку ў Германіі, у перасыльных лагерах, дзе займаўся арганізацыяй беларускага скаўтынгу, а пасля 1949 — у ЗША. Жыў у Чыкага. Узначальваў Задзіночанне беларускіх скаўтаў на чужыне. Кіраўнік скаўцкай дружыны «Арлы» ў Чыкага. У 1950 сакратар Беларуска-амерыканскай нацыянальнай рады, з мая 1950 — віцэ-старшыня Беларуска-амерыканскага каталіцкага таварыства. У пач. 1960-х заснаваў выдавецтва «Беларуская выдавецкая сябрына». Выдаваў рэлігійна-гістарычныя часопісы: «Беларуская царква» (выдаваўся кірыліцай), «Літва» (лацінкай). Быў жанаты з дачкой Э. Будзькі — Ірэнай.
Пахаваны на могілках Святога Адальберта ў Найлсе , прыгарадзе Чыкага. Там жа пахаваныя яго родныя[3].
Творчасць Правіць
Пакінуў значную творчую спадчыну. Апрацоўваў і выдаваў казкі, чытанкі, пераклаў на беларускую мову «Падарожжа Гулівера да волатаў…» Дж. Свіфта[4], напісаў некалькі кніжак пра беларускі скаўтынг. Зрабіў пераклад літургіі св. Іаана Залатавуста (Чыкага, 1958), якім карысталіся ў беларускай грэка-каталіцкай Спаскай царкве ў Чыкага. Асноўныя яго працы — кнігі па гісторыі Беларусі: «Zamojdz і Litva: Roznyja krainy і narody» (Чыкага, 1953—1954), «З гісторыі Беларусі або Крывіччыны-Літвы» (Чыкага, 1965), «Крывіцкая этнаграфічная прастора», «Зь гісторыі вышэйшых школ у Беларусі. 1. Віленская акадэмія», «Пачаткі хрысьціянства на нашых землях», «Плян Агінскага 1811 г.», «Сьв. Афрасіньня Полацкая» ("Бібліятэчка «БГА», ?), «З гісторыі Беларусі альбо Крывіччыны-Літвы», «Вінцэсь Гадлеўскі…» («Спадчына», 1993), «Літва і Беларусь», «Берасьцейская вунія» ("Бібліятэчка «БГА», ?), «Сьвяты Язафат Кунцэвіч» (Чыкага, 1963; Полацк, «Сафія», 2000), «Паўстаньне 1863 на Беларусі», «Гарадзеншчына ў нацыянальным руху ў 1918—1919 гадах» («Бацькаўшчына», 1960-я; «Пагоня», 1994), «Беларуская Аўтакефальная Праваслаўная Царква» ("Бібліятэчка «БГА», ?) і інш. Большасць кніг выйшлі мізернымі накладамі, з’яўляюцца рарытэтамі. Шырока супрацоўнічаў з беларускім эмігранскім перыядычным друкам («Бацькаўшчына», «Беларус» і інш.). Большасць прац аб’ёмныя і патрабуюць асобнага перавыдання. У серыі «Бібліятэчка „БГА“» плануецца (2002) выдаць «Выбраныя працы» В. Пануцэвіча, у т.л. успамінамі, лісты і фотаздымкі, што датычаць В. Пануцэвіча.
Зноскі
- ↑ Па іншых звестках у в. Гожа каля Гродна або ў невызначанай вёсцы на Віленшчыне.
- ↑ Малецкі Я. Пад знакам Пагоні. Таронта, Пагоня, 1976.
- ↑ У Чыкага знойдзена магіла першага прэм’ер-міністра БНР Язэпа Варонкі
- ↑ Swift, J. Падарожжа Гулівэра да волатаў у краіне Бробзынгнаг. Пераклаў В. П. [Вацлаў Пануцэвіч]. Фленсбург, 1949.
Літаратура Правіць
- Юрэвіч Л. «Выбраныя працы» Вацлава Пануцэвіча // Кантакты і дыялогі № 9, 2002
- Жлутка А. Пра Вацлава Пануцэвіча // Наша Вера № 2(5), 1998
- Пануцэвіч Вацлаў // Беларускі нацыяналізм: Даведнік / Укладальнік Пятро Казак. — Менск: Голас Краю, 2001. — 46 с.
- Надсан А. Працягваючы справу сьвятых апосталаў славянаў // Беларусіка — Альбарутэніка. Беларускі кнігазбор, —Мн., 2001. С. 29—38.
- Вашкевіч А. Яшчэ раз пра Вацлава Пануцэвіча // Куфэрак Віленшчыны. 2004, № 1(9). С. 99-100.
- Вашкевіч А. Вацлаў Пануцэвіч у Беларусі амаль невядомы Архівавана 16 сакавіка 2012. // Куфэрак Віленшчыны. 2002, № 2(7)
- Гарбінскі Ю. Папуцэвіч Вацлаў // Беларускія рэлігійныя дзеячы XX ст.: Жыццярысы, мартыралогія, успаміны. Мінск-Мюнхен: Беларускі кнігазбор, 1999. ISBN 985-6318-65-3.
- Малецкі Я. Пад знакам Пагоні. Таронта, Пагоня, 1976.
Спасылкі Правіць
- Пануцэвіч В. Польская мова ў ХІV — ХVІІІ стст. і Каталіцкі Касьцёл у Вялікім княстве Літоўскім // Наша Вера № 2(5), № 3(6) 1998; № 1(7), № 2(8) 1999;
- Panucevic V. Krytycnyja zaciemki Pra nacyjanalny charaktar V.K.L. — artykul P. Urbana u ZAPISACH kn.3 // navukovy casapis LITVA nr.1. Studzien-Cervien 1967, Chicago USA;
- Panucevic V. Zamojdz і Litva: Roznyja krainy і narody. Ч. 1-5. (гл. змест(недаступная спасылка): ч.1. — арт. 1-4 ч.2. — арт. 5-7 ч.3. — арт. 8-10 ч.4. — арт. 11 ч.5. — арт. 12). — Чыкага, 1953—1954.
- Пануцэвіч В. Сьвяты Язафат Кунцэвіч. 1-е выд.: Чыкага, 1963; 2-е выд.: Полацк: «Сафія», 2000.