Вінцэнт Гадлеўскі
Вінцэнт Гадлеўскі або Вікенцій Іванавіч Гадлеўскі (16 лістапада 1888, в. Шурычы, Ваўкавыскі павет — 24 снежня 1942, урочышча Благаўшчына, канцлагер Трасцянец) — каталіцкі святар, беларускі палітычны і грамадскі дзеяч, публіцыст. Актыўны дзеяч беларускага нацыянальнага руху, сябра Рады Беларускай Народнай Рэспублікі. Займаўся беларусізацыяй каталіцкага касцёла на Беларусі, адным з першых перайшоў да казанняў на беларускай мове[1].
Вінцэнт Гадлеўскі | |
---|---|
Дата нараджэння | 16 лістапада 1888 |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 24 снежня 1942 (54 гады) |
Месца смерці | |
Грамадзянства | |
Адукацыя | |
Веравызнанне | каталіцтва |
Партыя | |
Член у | |
Род дзейнасці | публіцыст, палітык, каталіцкі святар, перакладчык, перакладчык Бібліі |
Месца працы | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Біяграфія
правіцьРаннія гады
правіцьПаходзіў з сялянскай сям’і, дапамагаў бацькам па гаспадарцы, займаўся сталярнымі работамі. Каб вучыць сына, бацька прадаў маёмасць і пераехаў у Варшаву, дзе Вінцэнт скончыў 3 класы гімназіі. Пасля Вінцэнт за грошы вучыў вясковых дзяцей, каб скончыць Гродзенскую гімназію[2].
У 1912 годзе скончыў Віленскую каталіцкую духоўную семінарыю, у 1916 годзе Пецярбургскую каталіцкую духоўную акадэмію. Пасвячоны ў святары 3 чэрвеня 1914 года. У гады вучобы ў духоўнай акадэміі быў сябрам культурна-асветнага гуртка беларускіх студэнтаў. Душпастырскую дзейнасць распачаў у 1916 годзе. Служыў вікарыем пры кафедральным касцёле ў Мінску.
Пачатак палітычнай дзейнасці. БНР
правіцьПасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 года браў удзел у дзейнасці беларускіх культурна-адраджэнскіх, рэлігійных і палітычных арганізацый. У адным з дакументаў значыцца сябрам Беларускай народнай партыі сацыялістаў, аднак на З’ездзе беларускіх нацыянальных арганізацый у сакавіку 1917 года ў Мінску выступаў ад імя Каталіцкай дэмакратычнай партыі (папярэдніца БХД)[3]. На з’ездзе абраны ў склад Беларускага нацыянальнага камітэта. Адзін з ініцыятараў З’езда беларускага каталіцкага духавенства 24—25 траўня 1917 года[1].
Удзельнік Усебеларускага з’езда ў снежні 1917 года, чытаў на ім лекцыі па гісторыі Беларусі. З лютага 1918 года ўваходзіў у Менскае беларускае прадстаўніцтва, ад якога ў красавіку кааптаваны ў склад Рады Беларускай Народнай Рэспублікі. Да 26 траўня 1918 года працаваў асобаўпаўнаважаным у камісіі па бежанскіх справах пры Радзе БНР.
Заходняя Беларусь
правіцьУ 1919 годзе за актыўную палітычную дзейнасць біскуп Зыгмунт Лазінскі перавёў Вінцэнта Гадлеўскага на пасаду прэфекта Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі. У семінарыі Гадлеўскі выкладаў беларускую мову, а таксама для навучэнцаў-каталікоў выкладаў па-беларуску асновы рэлігіі. Адным з вучняў Гадлеўскага быў Мікалай Раманоўскі (Кузьма Чорны)[2]. У снежні 1919 года семінарыя была закрытая польскімі ўладамі.
З 1921 года служыў настаяцелем у Жодзішках Свянцянскага павета, якія паводле Рыжскага мірнага дагавора 1921 года апынуліся ў складзе Польскай Рэспублікі. Сярод прыхаджан разгарнуў шырокую беларускую нацыянальна-культурную дзейнасць[1]. Польская паліцыя адзначала ў 1923 годзе, што ў часе калядавання Гадлеўскі сабраў натоўп людзей у Жодзішках, які спяваў беларускі гімн[2]. Адзін з аўтараў мемарыялу каталіцкага беларускага духавенства супраць пэўных палажэнняў канкардату паміж Ватыканам і Польскай Рэспублікай (1925). Узначальваў у Жодзішках гурток Беларускага інстытута гаспадаркі і культуры. За беларускую дзейнасць пераследаваўся польскімі дзяржаўнай і царкоўнай уладамі[3].
25 чэрвеня 1925 года арыштаваны, пасля непрацяглага зняволення ў віленскай турме Лукішкі выпушчаны пад заклад, але ў ноч на 30 верасня арыштаваны зноў. 1 сакавіка 1926 года паводле абвінавачвання ў падбухторванні насельніцтва да бунту і аддзялення беларускіх зямель ад Польшчы асуджаны Віленскім акруговым судом на 2 гады турмы, але зняволенне было замененае штрафам[4].
У сакавіку 1927 года ізноў арыштаваны. За «антыдзяржаўную дзейнасць» Варшаўскім судом асуджаны на 2 гады зняволення. У судзе, сярод абвінавачванняў адзначалася: Гадлеўскі падкрэсліваў, што паводле закону любы грамадзянін Польшчы можа карыстацца ў дзяржаўных інстытуцыях роднай мовай (у тым ліку і беларускай) і патрабаваць, каб да яго таксама звярталіся на роднай мове; заклікаў парафіян не падпісваць паліцэйскіх пратаколаў, напісаных па-польску[2]. 16 месяцаў правёў у адзіночнай камеры Макатоўскай турмы ў Варшаве, пасля гэтага вызвалены паводле амністыі[2].
З 1928 года жыў у Вільні. На загад царкоўнай улады афіцыйна выйшаў з БХД, аднак фактычна заставаўся яе сябрам. Служыў капеланам у шпіталі, выконваў абавязкі прэфекта ў школе пры кляштары бернардзінак.
Адзін з заснавальнікаў Беларускага каталіцкага выдавецтва ў Вільні (кастрычнік 1928). У 1930 годзе пераклаў на беларускую мову Новы Запавет (Вільня, 1939). Выдаў 2 кнігі са святой гісторыі Старога і Новага Запаветаў (1930, 1933). Пераклаў на беларускую мову Евангеллі і Дзеі святых апосталаў (1939). Напісаў таксама працу «Палітычныя і грамадскія кірункі ў мінуўшчыне і сучаснасці» (1931). У 1936 годзе цалкам выйшаў з Беларускай хрысціянскай дэмакратыі, не пагадзіўшыся на яе рэарганізацыю ў Беларускае народнае аб’яднанне. Арганізаваў і ўзначаліў выданне газеты «Беларускі фронт», у якой шырока выступаў як публіцыст.
Другая сусветная вайна
правіцьЗ пачаткам Другой сусветнай вайны і акупацыяй Вільні Чырвонай арміяй пераехаў у Каўнас. Пад канец 1939 года ў Вільні разам з іншымі беларускімі дзеячамі заснаваў Беларускую незалежніцкую партыю. З чэрвеня 1940 года ў Варшаве. У чэрвені 1941 года ўвайшоў у створаны ў Берліне «Беларускі нацыянальны цэнтр».
З верасня 1941 года ў Мінску. Падчас нямецкай акупацыі прызначаны галоўным школьным інспектарам пры генеральным камісарыяце Беларусі (кастрычнік 1941), кіраваў працай па падрыхтоўцы праграм навучання для беларускіх пачатковых школ, адначасова быў сябрам Цэнтралі Беларускай народнай самапомачы[4]. Правіў службу ў Чырвоным касцёле ў Мінску.
Ад пачатку быў вялікім прыхільнікам немцаў, лічыў, што па сканчэнні вайны немцы аддадуць беларусам усё кіраўніцтва на Беларусі, спрабаваў выкарыстаць супрацоўніцтва з немцамі для мабілізацыі беларускіх патрыятычных сіл[5]. Гадлеўскі разам з Янам Станкевічам спрабаваў наладзіць у Беларусі культурна-асветную працу, але іх планы былі перапынены нямецкім кіраўніцтвам, генеральны камісарыят нават забараніў ксяндзу зносіцца непасрэдна са школьнымі аддзеламі акругі[6]. Быў адным з падпісантаў вядомай адозвы да беларускага народа, якая заклікала беларусаў змагацца супраць бальшавіцкай Расіі[7].
Неўзабаве Гадлеўскі пачаў крытыкаваць нямецкую палітыку ў дачыненні беларускага народа. Быў арыштаваны нямецкай паліцыяй у Мінску ў ноч на 24 снежня 1942 года, тады ж застрэлены ва ўрочышчы Благаўшчына канцлагера Трасцянец.
Памяць
правіцьУ 2008 годзе ва ўрочышчы Благаўшчына, дзе быў забіты Гадлеўскі, быў усталяваны памятны крыж. Пасля пабудовы мемарыяльнага комплексу ў Благаўшчыне, крыж быў перанесены на каталіцкія Залатагорскія могілкі ў Мінску, на тэрыторыю касцёла Святога Роха.
У ліпені 2023 года крыж быў прыбраны праз кампанію прарасійскіх актывістаў рэжыму Лукашэнкі пры падтрымцы Камуністычнай партыі Беларусі[8].
Крыніцы
правіць- ↑ а б в ЭГБ 1994, с. 447.
- ↑ а б в г д Быў палітвязьнем, пераклаў Эвангельле. 10 фактаў пра сьвятара Гадлеўскага з новай кнігі (бел. (тар.)) . svaboda.org (20 лютага 2018).
- ↑ а б Анатоль Сідарэвіч. Яны былі першыя. Вінцэнт Гадлеўскі (бел. (тар.)) . svaboda.org (6 жніўня 2017).
- ↑ а б ЭГБ 1994, с. 448.
- ↑ Найдзюк, Касяк 1993, с. 273.
- ↑ Найдзюк, Касяк 1993, с. 274.
- ↑ Найдзюк, Касяк 1993, с. 294.
- ↑ «Дзякуючы высілкам камуністычнай партыі». У Менску прыбралі крыж памяці святара Вінцэнта Гадлеўскага . belsat.eubelsat.eu (7 ліпеня 2023).
Літаратура
правіць- Рудовіч С. Гадлеўскі Вінцэнт // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 2: Беліцк — Гімн / Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1994. — С. 447–448. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-142-0.
- Беларускія рэлігійныя дзеячы XX ст.: Жыццярысы, мартыралогія, успаміны / Аўтар-укладальнік: Ю. Гарбінскі. — Мн.-Мюнхен: Беларускі кнігазбор, 1999. ISBN 985-6318-65-3
- Вашкевіч А. Навуковая спадчына ксяндза Вінцэнта Гадлеўскага // Białoruskie Zeszyty Historyczne, nr 26, 2006, s. 218—235
- Язэп Найдзюк, Іван Касяк. Беларусь учора і сяньня. — Менск: Навука і тэхніка, 1993. — 416 с. ISBN 5-343-01458-5.С. 273—298
Спасылкі
правіцьВінцэнт Гадлеўскі ў Вікікрыніцах | |
Вінцэнт Гадлеўскі на Вікісховішчы |