Павал Урбан

дзеяч беларускай эміграцыі, гісторык

Павал (Павел, Паўла) Урбан (англ.: Paviel Urban; псеўданім Паўлюк Вазёрны; 27 сакавіка 1924 — 2 лютага 2011[1]) — дзеяч беларускай эміграцыі, гісторык.

Павал Урбан
Павел Урбан.jpg
Дата нараджэння 27 сакавіка 1924(1924-03-27)
Месца нараджэння
Дата смерці 2 лютага 2011(2011-02-02) (86 гадоў)
Месца смерці
Грамадзянства
Бацька Кастусь
Маці Аўгіння
Жонка Ларыса
Род дзейнасці вучоны
Навуковая сфера гісторыя
Месца працы Інстытут вывучэння СССР у Мюнхене (1956—1974)
Радыё Свабода (1974—1989)
Навуковая ступень кандыдат гістарычных навук
Альма-матар

БіяграфіяПравіць

Нарадзіўся 27 сакавіка 1924 г. у вёсцы Закаліўе ў БССР. Бацька меў 9 гектараў зямлі і быў раскулачаны ў калектывізацыю. Бацькі: Кастусь і Аўгіння — звычайныя няпісьменныя сяляне, у сям’і было сямёра дзяцей. У 1933 г. Павел Урбан пайшоў у школу, але закончыў толькі 7 класаў, бо ў 1940 г. было ўведзена платнае навучанне. У 1940 годзе паступіў у школу фабрычна-завадскога навучання ў Віцебску.

Паводле Барыса Рагулі, падчас вайны вёска Закаліўе знаходзілася ў партызанскай зоне — жыхары нацярпеліся і ад немцаў і ад партызанаў, і пра ваенны час Павел Урбан успамінаў так:

«На пачатку студзеня 1943 году немцы абкружылі ўначы і спалілі вёску Слабодку, што ляжала крыху воддаль ад Закаліўя. Спалілі яе разам з ейнымі жыхарамі, а там жыла і сястра майго бацькі, у якой было сямёра дзяцей — усе дзяўчынкі. Іхні бацька памёр яшчэ перад вайной. Прычынай для гэткай зверскай акцыі было тое, што партызаны забаранілі старасту вёскі накіроўваць людзей з падводамі для вывазу нарыхтаванага лесу або для ачысткі ад снегу шашы, якая вяла ў Лепель і праходзіла каля вёскі Студзёнкі, дзе размяшчаўся нямецкі гарнізон пасля таго, як партызаны выкурылі яго з мястэчка Пышна. Стараста вёскі Слабодка са сваім сынам, які калісьці вучыўся са мной у адной клясе, нейкі час хаваўся ў недалёкім лесе ад магчымага пакарання яго немцамі. Былі яны ў лесе і ў тую страшную ноч, а пасля падаліся да партызанаў. Па дарозе яны і былі расстраляныя партызанамі недалёка ад вёскі Пуцілкавічы».

Падчас нямецкай акупацыі служыў у беларускай паліцыі ў Лепелі, паводле Барыса Рагулі — каб уратавацца ад вывазу ў Германію. У чэрвені 1944 г., калі набліжаўся фронт, разам з аддзелам дапаможнай паліцыі пакінуў Лепель. Трапіў у 30-й грэнадзёрскую дывізію войскаў пры СС, што неўзабаве была перакінута ў Францыю: служыў абознікам у батальёне, які хутка перайшоў на бок амерыканцаў. Зноў апынуўся ў Германіі, у арміі генерала Уласава, аднак яго дывізія была раззброена амерыканцамі і перададзена пад кантроль савецкіх вайсковых злучэнняў.

Пасля вайны трапіў у лагер для перамешчаных асоб у Інгальштадце. Пераехаў у Рэгенсбург і пачаў вучыцца ў беларускай гімназіі. Скончыў беларускую гімназію імя Я. Купалы. Пакідаў Германію ўжо з другога лагера, які знаходзіўся ў вёсцы Міхельсдорф, недалёка ад гораду Кам: у 1948 годзе выехаў з сябрамі ў Вялікабрытанію, працаваў на вугальных шахтах.

З 1950 года ў Бельгіі, скончыў гістарычны факультэт Лёвенскага ўніверсітэта. Падчас навучання быў сакратаром і скарбнікам лювенскай студэнцкай арганізацыі (колькасць беларускіх студэнтаў даходзіла да 50 чалавек), сакратаром Саюза Беларусаў Бельгіі. Удзельнічаў у студэнцкім харавым і танцавальным ансамблі. Абараніў дысертацыю «Вялікае Княства Літоўскае ў часы вялікага князя Аляксандра (1492—1506)», за якую атрымаў ступень кандыдата гістарычных навук. Стаўся дактарантам Лювенскага Універсітэту (гэта давала права на стыпендыю), праз нейкі час выехаў у Рым, дзе збіраў матэрыялы для доктарскай дысертацыі ў багатай бібліятэцы Усходняга Інстытуту. Меў таксама доступ у Ватыканскую бібліятэку і нават у Ватыканскі сакрэтны архіў. Пропускі сюды дапамог атрымаць кардынал Тысеран, які сам і запрапанаваў дапамогу. У Рыме сышоўся бліжэй з айцом Аляксандрам Надсанам, які вучыўся тады ў Грыгарыянскім інстытуце. Пасябраваў са спеваком Пётрам Конюхам і айцом Пётрам Татарыновічам, які вёў беларускія перадачы на Ватыканскім радыё.

Напрыканцы снежня 1955 г. пераехаў у Мюнхен, уладкаваўся на працу ў Інстытут вывучэння СССР, дзе працаваў да 1972 года. Быў навуковым супрацоўнікам і рэдактарам. Пазней узначальваў аддзел, які рыхтаваў да выдання біяграфічныя даведнікі. Адначасна быў сябрам Прэзідыума Навуковай Рады і сакратаром гэтай Рады. Рыхтаваў матэрыялы і пісаў артыкулы для Беларускай рэдакцыі радыё «Свабода» і газэты «Бацькаўшчына». Быў скарбнікам і адміністратарам выдавецтва «Бацькаўшчына». Рыхтаваў матэрыялы і пісаў артыкулы для часопіса «Запісы БІНІМ», газеты «Бацькаўшчына», беларускай рэдакцыі радыё «Свабода» ў Мюнхене.[2]

З 1974 года — супрацоўнік беларускай рэдакцыі радыё «Свабода». Пакінуў яе ў 1989 г. у сувязі з выхадам на пенсію.

Памёр 31 студзеня 2011 г. у Мюнхене. Пахаваны на Friedhof München Riem.

БібліяграфіяПравіць

  • The Twentieth Party Congress and the National Question, 1957;
  • Сучасныя палітычныя тэндэнцыі ў савецкай гістарычнай навуцы Беларусі // Беларускі зборнік. München, 1957. С. 40—63;
  • Belorussian Opposition to the Soviet Regime, 1958;
  • The Belorussian Soviet Socialist Republic: A Brief Historical Outline, 1959;
  • Стан вывучэньня гісторыі Беларусі ў БССР // Запісы № 1(7). Мюнхен, 1962. С. 203—225;
  • Кастусь Каліноўскі й «Мужыцкая Праўда» // Запісы № 2(8). Мюнхен, 1963. С. 37—73;
  • Пра нацыянальны характар Вялікага Княства Літоўскага й гістарычны тэрмін «Літва» // Запісы № 3(9). Мюнхен, 1964. С. 35—90;
  • У сьвятле гістарычных фактаў. Мюнхен — Нью-Йорк, 1972 (палеміка з Л. Абэцэдарскім, «В свете неопровержимых фактов», 1969[3]);
  • Ці імкнецца беларускі народ (беларусы ў БССР) да незалежнасці?, 1982 (перадр. «Куфэрак Віленшчыны» 1/2000);
  • Да пытання этнічнай прыналежнасці старажытных ліцьвінаў. Мн., 1994;
  • Старажытныя ліцьвіны: Мова. Паходжаньне. Этнічная прыналежнасьць. Мн., 2001 (2 выд.: Мн., 2003).

Зноскі

  1. Памёр беларускі эміграцыйны гісторык Павал Урбан // «Радыё Свабода». 2011, 2 лютага.
  2. Лебедзь М. Навуковыя набыткі…
  3. Смалянчук А. Феномен беларускай…

ЛітаратураПравіць

  • Календарыюм // «Czasopis», 03/2004;
  • Лебедзь М. Навуковыя набыткі эмігрантаў: Дзейнасць беларускай эміграцыі на ніве навукі ў ФРГ у 1965—1990 гадах // Новы Час. № 14(19), кастр. 2003;
  • Памёр беларускі эміграцыйны гісторык Павал Урбан // «Радыё Свабода». 2011, 2 лютага.
  • Смалянчук А. Феномен беларускай савецкай гістарыяграфіі // Гістарычны Альманах, 10/2004;
  • Юрэвіч Л. Літаратурны рух на эміграцыі. — Мн., 2002.
  • Барыс Рагуля. Беларускае студэнцтва на чужыне / рэд. Лявон Юрэвіч. — Лондан (Канада), 1996. — 206 с.