Мікалай Шчорс

Мікалай Шчорс (1913, Новы Свержань, цяпер Стаўбцоўскі раён, Мінская вобласць — 22 снежня 1995, Даўнт-Мора, Фларыда, ЗША) — беларускі грамадска-пал
(Пасля перасылкі з М. Шчорс)

Мікалай Шчорс (1913, Новы Свержань, цяпер Стаўбцоўскі раён, Мінская вобласць — 22 снежня 1995, Даўнт-Мора, Фларыда, ЗША) — беларускі грамадска-палітычны дзеяч. Брат Барыса і Ігара Шчорсаў. Беларускі калабарант з нацыстамі ў часы Другой сусветнай вайны.

Мікалай Шчорс
Род дзейнасці палітык
Дата нараджэння 1913
Месца нараджэння
Дата смерці 22 снежня 1995(1995-12-22)
Месца смерці
Грамадзянства
Бацька Васіль Шчорс
Маці Сафія Шчорс
Месца працы
Альма-матар
Член у
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Біяграфія

правіць

Нарадзіўся ў 1913 г. у в. Новы Свержань Мінскага павета ў Расійскай імперыі (сёння — Стаўбцоўскі раён Мінскай вобласці) у сям’і Васіля і Сафіі Шчорсаў. Меў братоў — Барыса і Ігара.

 
Мікалай Шчорс разам з Наталляй Арсенневай і Станіславам Станкевічам падчас шпацыру па вуліцы Вільні. Другая палова 1930-х гг.

Скончыў медыцынскі факультэт Віленскага ўніверсітэта імя Стафана Баторыя, займаўся актыўнай грамадскай дзейнасцю, у 19351937 гг. старшыня Беларускага студэнцкага саюза. У 1939 г. выехаў у Варшаву, з 1940 г. старшыня Беларускага камітэта ў Варшаве. Кіраўнік г.зв. «групоўкі Шчорса», якая цесна супрацоўнічала з нямецкім абверам і разглядала падзеі будучай акупацыі як магчымасць стварыць беларускую дзяржаву пад нямецкім пратэктаратам. На пасяджэнні беларускага актыву ў Берліне 19 чэрвеня 1941 г. выбраны старшынёй Беларускага нацыянальнага цэнтра, які разглядаўся як урад будучай Беларусі. Аднак праз тры тыдні, пасля наведвання Беларусі, адмовіўся ад палітычнай дзейнасці. Вярнуўся ў Варшаву, дзе цягам пяці гадоў узначальваў Беларускі камітэт. У 1941 г. дзякуючы Шчорсу мітрапаліт ПАПЦ Дзяніс пагадзіўся высвяціць беларускіх епіскапаў для будучай БАПЦ.

З восені 1944 г. у Германіі. 5 мая 1946 г. прымаў удзел у I з’ездзе беларускіх праваслаўных вернікаў у Рэгенсбургу, на якім быў абраны яго старшынёй. Прымаў удзел у пасяджэнні XI Пленуму БЦР 24 верасня 1945 г. (Эшэрсбекен, пад Вюрцбургам), дзе было прынята рашэння часова прыпыніць дзейнасць БЦР. У 19461947 гг. узначальваў Беларускае праваслаўнае аб'яднанне, падтрымаў аднаўленне Беларускай цэнтральнай рады: другі віцэ-прэзідэнт (9 мая 19481952 гг.).[1]

З 1949 г. жыў у ЗША, пасяліўся ў Нью-Ёрку. У 19501951 гг. узначальваў Злучаны беларуска-амерыканскі дапамаговы камітэт (ЗБАДК), ініцыятар стварэння Беларускага кангрэсавага камітэта Амерыкі, яго першы старшыня (19511955 гг.). У 1951 г. М.Шчорс дамагаўся ад Дзярждэпартамента ЗША ўвядзення беларускіх перадачаў на радыёстанцыі «Голас Амерыкі»:

  «З усіх паняволеных маскоўскім імперыялізмам народаў толькі наш беларускі да гатэга часу не мае магчымасці пачуць у роднай мове аб тым, чым жыве, што робіць і думае дэмакратычны свет вонкі жалезных заслонаў.»[2]  

7 жніўня 1955 г. на пасяджэнні Міжарганізацыйнай нарады прадстаўнікоў беларускіх арганізацый штатаў Нью-Ёрк і Нью-Джэрсі, Мікалай Шчорс нечакана для ўсіх заявіў пра тое, што пакідае пасаду старшыні БККА. Сыход тлумачыўся рознымі няўдачамі, найперш невыкананнем галоўнай мэты статуту БККа — аб’яднанне ўсёй беларускай эміграцыі. Доктар Шчорс разумеў, што дасягнуць пэўных прэферэнцый ад амерыканскіх уладаў, не маючы супольнай арганізацыі, не магчыма. На пасяджэнні ўправы БККА 21 жніўня 1955 г. грамадскія дзеячы звярнуліся да М.Шчорса з просьбай застацца на пасадзе старшыні, прынамсі фармальна, да часу правядзення II Кангрэсу беларусаў Амерыкі:

  «[Мы] пастанавілі зьвярнуцца да Вас з наступнымі справамі:

1. Неадкладна абняць становішча старшыні Беларуска-Амэрыканскага Кангрэсавага Камітэту, да чарговых выбараў Б-АКК на 2-м Кангрэсе.

2. Падрыхтаваць і злажыць у адпаведным часе справаздачу Б-АКК за пару яго дзейнасці ад 1951 г.

3. Ачоліць статутовую камісію Б-АКК і дапільнаваць падрыхтоўку праекту змен статуту Б-АКК у тэрміне да дня 30 верасня 1955 г.»[3]

 

Мікалай Шчорс пагадзіўся на просьбу членаў арганізацыі. У 1956 г. ён зрабіў чарговую спробу аб’яднаць беларускую грамаду ў ЗША, гэтым разам навязаўшы кантакты непасрэдна з БАЗА. Ім быў распрацаваны статут будучай агульнай арганізацыі[4]. Аднак у чарговы раз спробы аб’яднання правалілася. Прыхільнікі БЦР, якія не жадалі ні з кім аб’ядноўвацца зрабілі закіды Шчорсу. У органе БЦР у Амерыцы — газеце «Беларускае слова» (Кастрычнік 1958 г. № 2 (3)) з’явіўся артыкул «Дарэмныя намаганьні» А.Аркея[5] Аркей абвінаваціў Шчорса, што ён звязаўся з «крывіцкім рухам», які ёсць не беларускім у сутнасці, у чужой агентурай.

У 1955 г. разам з Ю. Сабалеўскім, М. Паньковым, І. Касяком, В. Чабатарэвічам, Л. Савёнкам, Л. Галяком стварыў Камітэт незалежнай Беларусі.

У 1953 г. узначаліў створаную 14 кастрычніка 1951 г. (Нью-Ёрк) арганізацыю паняволеных народаў Расіі «Клуб Праметэй». Мікола Шчорс як дэлегат БККА і БЦР прымаў удзел у слуханнях падкамісіі замежных спраў Палаты прадстаўнікоў Кангрэса ЗША 15 ліпеня 1953 г.[6] пра рэзалюцыю № 58 аб навязванні непасрэдных дыпламатычных стасункаў ЗША з БССР і УССР. Мікола Шчорс заўважаў:

  «Шматлікія амэрыканцы нават, на глыбокі жаль, у гэтым ліку прадстаўнікі навукі й палітыкі, упрошчваючы праблему Ўсходняй Эўропы, скідаюць усё, што мае тыя ці іншыя да яе дачыненьні, у адзін супольны кацёл, зачыняючы апошнім векам з надпісам „Расея“ й не ўнікаючы глыбей у тое, што ўласьціва пад гэтым векам знаходзіцца. Ёсьць і такія, якія геапалітычную й эканамічную структуру СССРпразь бескрытычнасьць аналёгію ўтажсамляюць із структурай Злучаных Штатаў Амэрыкі, прыраўноўваючы Ўкраіну да Пэнсыльваніі, Беларусь да Ілінойс, а іншыя савецкія рэспублікі да іншых штатаў Вялікага Саюзу, якім зьяўляюцца Злучаныя Гаспадарствы Амэрыкі.»[7].  

Мікалай Шчорс даводзіў, што ўхваленне рэзалюцыі будзе карысным як ЗША, так і Беларусі з Украінай, бо найперш аслабіць савецкую прапаганду[8]:

  «Яна [рэзалюцыя] выкажа фікцыйнасьць рэклямаванай Крамлём „незалежнасьці“ гэтых рэспублікаў і пэрфідную[9] ману аб быццам справядлівым разьвязаньні нацыянальнага пытаньня ў Савецкім Саюзе»  

Мікалаю Шчорсу таксама належала ініцыятыва супрацоўніцтва БККА са Спецыяльнай камісіяй даследавання бальшавіцкіх рэпрэсій у дачыненні нерускіх народаў СССР (камісія кангрэсмена Чарльза Керстена). У 1954 г. ён наведаў камісію з дакументамі, якія пацвярджалі рэпрэсіі з боку камуністычнай Масквы ў дачыненні беларускага народа. Да дакументаў былі далучаны адмыслова напісаныя ўспаміны сведкаў і ахвяр рэпрэсій у СССР і матэрыялы з гісторыі Беларусі, напісаныя Л.Галяком, М.Шчорсам, І.Касяком.

14 снежня 1958 г. М.Шчорс разам з Я.Станкевічам стварылі Беларуска-амерыканскі саюз[10]. Даволі хутка М.Шчорс зразумеў марнасць сваіх аб’яднаўчых высілкаў і канчаткова адышоў ад актыўнай грамадска-палітычнай дзейнасці, з’ехаў у памежны з Канадай Плацбург (штат Нью-Ёрк), дзе меў клініку, з’яўляўся віцэ-прэзідэнтам Амерыканскай асацыяцыі хірургаў. Мікалай Шчорс займаўся дабрачыннай дзейнасцю: быў адным з асноўных фундатараў падчас пабудовы царквы ў Саўт-Рыверы, ахвяраваўшы 6,5 тысяч долараў. Кожны год на 25 Сакавіка Мікалай Шчорс прыжджаў у Саўт-Рывер, каб адзначыць з землякамі Дзень незалежнасці БНР. Пасля выхаду на пенсію пераехаў у Фларыду.

  «Пасьля яго сьмерці 22 сьнежня 1995 г. жонка-немка ліквідавала зроблены доктарам Шчорсам кантракт [з уласнікам пахароннага бюро Maliszewski Funeral Home], забрала ўложаныя там 10 тысяч даляраў, ліквідавала месца на могілках, дзе ён хацеў спачыць вечна. Ягонае цела дала спаліць — і ніхто ня ведае, дзе ягоны прах»[11]  
  • М. Ш. [Шчорс, Мікалай]. Загінуў, каб жыла Беларусь // Беларуская думка. — 1992. — № 37. — С. 30.[12]
  • М. Ш. [Шчорс, Мікалай]. Над сьвежаю магілаю // Беларуская думка. — 1964. — № 6. — С. 38 — 30.[13]
  • Панямонскі М. [Шчорс, Мікалай]. Аб’еднаньне расейскай эміграцыі, а паняволеныя Масквою народы? // Беларуская трыбуна [Нью-Ёрк]. — 1951. — № 5 (8). — 30 верасьня. — С.
  • Панямонскі М. [Шчорс, Мікалай]. За дзесяць год (Блескі й цені беларускага грамадзкага жыцьця ў З. Г. Амэрыкі) // Беларуская думка. — 1960. — № 1. — Кастрычнік. — С. 9 — 14.
  • Шчорс, М. Беларускі студэнцкі саюз // Полацак. — 1994. — № 2 (32). — С. 27 — 28.

Зноскі

  1. Гардзіенка, 2009, с. 18, 26-27
  2. Гардзіенка, 2009, с. 91
  3. Зварот да Мікалая Шчорса ад 21 жніўня 1955 г. // Гардзіенка А. Беларускі кангрэсавы камітэт Амэрыкі (БККА) / Алег Гардзіенка. — Смаленск, 2009. — 428 с., [12] с. іл. — (БІНІМ; Бібліятэка Бацькаўшчыны, Кніга 16). — С. 111.
  4. Мерляк К. Дзейнасць Кастуся мерляка на эміграцыі: Праніклівасць і практычны падыход. — Нью-Ёрк, 1992. — С. 147.
  5. Мяркуючы з стылістыкі, пад псеўданімам А. Аркей выступіў старшыня Выканаўчага органу БЦР Аркадзь Арэхва. Гардзіенка А. Беларускі кангрэсавы камітэт Амэрыкі (БККА) / Алег Гардзіенка. — Смаленск, 2009. — 428 с., [12] с. іл. — (БІНІМ; Бібліятэка Бацькаўшчыны, Кніга 16). — С. 112.
  6. Таксама прымалі ўдзел: адмірал Г.Менц, старшыня Украінскага кангрэсавага камітэта Амерыкі прафесар Леў Дабранскі, доктар Менінг, доктар А.Граноўскі, доктар Раман Смаль-Стоцкі, доктар М.Пап, доктар І.Рэшэтар — усе, акрамя адмірала Менца, украінцы.
  7. Тэкст сьветчаньня старшыні Беларускага Кангрэсавага Камітэту перад падкамісіяй замежных справаў Палаты рэпрэзэнтантаў // Беларуская трыбуна [Нью-Ёрк]. — 1953. — № 3 (17). — С.
  8. Гардзіенка, 2009, с. 94
  9. Ад анг. perfidy „вераломны“, „здрадніцкі“
  10. Кіпель В. Беларусы ў ЗША. — Мн., 1994. — С. 178.
  11. Брылеўская, Л. Як засноўвалася калёнія ў Саўт-Рывэры: [Успаміны] / Лёнгіна Брылеўская // Гардзіенка А. Беларускі кангрэсавы камітэт Амэрыкі (БККА) / Алег Гардзіенка. — Смаленск, 2009. — 428 с., [12] с. іл. — (БІНІМ; Бібліятэка Бацькаўшчыны, Кніга 16). — С. 264.
  12. Пра 50-я ўгодкі забойства кс. В.Гадлеўскага
  13. Некралог па Віктару Чабатарэвічу

Літаратура

правіць
  • Гардзіенка А. Беларускі кангрэсавы камітэт Амэрыкі (БККА) / Алег Гардзіенка. — Смаленск, 2009. — 428 с., [12] с. іл. — (БІНІМ; Бібліятэка Бацькаўшчыны, Кніга 16)
  • Шчорс Мікола // Беларускі нацыяналізм: Даведнік / Укладальнік Пятро Казак. — Менск: Голас Краю, 2001. — 46 с.
  • Сьв. памяці др. Мікалай Шчорс // Беларуская думка. — 1996. — № 41. — С. 34.