Беларускі калабарацыянізм у Другой сусветнай вайне

Беларускі калабарацыянізм — прынятае ў гістарыяграфіі абазначэнне палітычнага, эканамічнага, сацыяльнага і ваеннага супрацоўніцтва з акупацыйнымі нямецкімі ўладамі ў час Вялікай айчыннай вайны на тэрыторыі Беларусі. Па характару дзейнасці можна вызначыць тры асноўныя плыні калабарацыянізму на тэрыторыі Беларусі: палітычны (грамадска-палітычны), ваенны і эканамічны (гаспадарчы).

Стаўка Беларускай цэнтральнай рады ў будынку цяперашняга тэатра імя Янкі Купалы, чэрвень 1943 года

Гістарыяграфія

Па шэрагу прычын дадзеная тэма не атрымала, і па сутнасці і не магла атрымаць належнага навуковага асвятлення ў айчыннай гістарыяграфіі. Аднак і сёння на шляху навуковага асвятлення гэтай праблематыкі існуе шмат цяжкасцей, звязаных як з вядомай далікатнасцю тэмы, так і з адсутнасцю дастатковай дакументальнай базы, мемуарных крыніц, іншых матэрыялаў, існаваннем у грамадстве ўстойлівых стэрэатыпаў («калабарант»—"здраднік") і г. д.

Асноўнымі прычынамі беларускага калабарацыянізму расійскія і савецкія навукоўцы называюць незадаволенасць часткі насельніцтва савецкай уладай (у тым ліку масавымі рэпрэсіямі і гвалтоўнай саветызацыяй у Заходняй Беларусі, далучанай да СССР у 1939 годзе), беларускі нацыяналізм, цяжкія ўмовы жыцця падчас вайны, жаданне калабарацыяністаў захаваць сабе і сваім блізкім жыццё, адпомсціць асабістым і палітычным ворагам, атрымаць матар’яльныя выгады, зрабіць кар’еру[крыніца?].

Перадумовы фарміравання калабарацыянісцкага руху

На думку большасці даследчыкаў (К. Аляксандраў  (руск.), С. Драбязка, М. Сяміряга, Ё. Хофман), галоўная прычына масавага калабарацыянізму вынікае з палітычнага рэжыму СССР[1].

Дзейнасць на падкантрольных Германіі тэрыторыях да пачатку савецка-нямецкай вайны

Супрацоўніцтва некаторых прадстаўнікоў беларускага палітычнага актыву з Трэцім Рэйхам пачалося ў сярэдзіне-канцы 1930-х гадоў. Летам 1933 ведамства замежнай палітыкі НСДАП завязала кантакт з Ф. Акінчыцам — ідэолагам і правадыром невялікай групы беларускіх нацыянал-сацыялістаў. Пры падтрымцы ведамства гэтая група распачала ў лістападзе 1933 у Вільні выданне часопіса «Новы шлях»[2]. Амаль адначасова ў Берліне (напэўна, з ініцыятывы Ф. Акінчыца) быў створаны Саюз беларускіх студэнтаў у Германіі[3]. калі пры Міністэрстве ўнутраных спраў Германіі было створана Беларускае прадстаўніцтва — спачатку ў Берліне, а затым у іншых гарадах Германіі. Яно займалася сацыяльнай дапамогай і працаўладкаваннем беларусаў, а таксама выяўленнем і наборам асоб, жадаючых супрацоўнічаць з дзяржаўнымі органамі і спецслужбамі Германіі па беларускіх пытаннях.

Трэці прэзідэнт БНР Васіль Захарка напісаў падрабязны даклад аб палітычным, эканамічным і культурным становішчы Беларусі, а таксама звярнуўся з мемарандумам да Гітлера з запэўненнямі падтрымкі ў тым выпадку, калі Беларусі будзе гарантаваная незалежнасць. Мемарандум быў прыняты да ўвагі, але адказ на яго не быў атрыманы. З гэтай прычыны Васіль Захарка адышоў ад ідэі супрацоўніцтва з Германіяй.

Акрамя таго, быў створаны Беларускі камітэт самапомачы — арганізацыя, якая актыўна вербавала сяброў сярод беларусаў, што пражываюць у Германіі. З пачаткам Другой сусветнай вайны нямецкае камандаванне стварыла ў Варшаве і Бяла Падлясцы базы для перакідвання беларускай агентуры і дыверсантаў на тэрыторыю СССР. У Берліне, у лагеры Вуставу, з ліку беларускіх нацыяналістаў былі арганізаваныя курсы прапагандыстаў і перакладчыкаў для працы ў Беларусі пасля змены ўлады.

Калабарацыянізм у час нямецкай акупацыі Беларусі

Ваенны калабарацыянізм

 
Па дарозе на чыгуначны вакзал у Мінску ля цяперашняга цяперашняга дому ўрада моладзь з Беларусі маршыруе міма старшыні Беларускай цэнтральнай рады, прафесара Астроўскага. Яны павінны прайсці навучанне ў Германіі для ваенных дзеянняў, чэрвень 1944

23 лютага 1944 года Курт фон Готберг выдаў загад аб стварэнні Беларускай краёвай абароны (БКА) — ваеннага калабарацыйнага фарміравання, кіраўніком якога быў прызначаны Францішак Кушаль, і даручыў БЦР правесці мабілізацыю. Сфарміраваныя да канца сакавіка 45 батальёнаў БКА былі кепска ўзброеныя. Паступова зніжалася іх дысцыпліна, бракавала афіцэраў. Да канца акупацыі БКА выкарыстоўвалася для барацьбы з партызанамі, аховы розных аб’ектаў і гаспадарчых прац. Найважнейшымі кірункамі дзейнасці БЦР на завяршальным этапе вайны сталі рэарганізацыя частак БКА і папаўненне беларускіх ваенных фарміраванняў за кошт вербавання новых салдатаў, стварэння дапаможных кантынгентаў для іх выкарыстання ў сістэме абароны Германіі, арганізацыя антысавецкага партызанскага руху на тэрыторыі Беларусі. Першапачаткова меркавалася перафарміраваць БКА ў Беларускі легіён. У рамках падрыхтоўкі да гэтай рэарганізацыі ў верасні 1944 г. у Берліне быў створаны першы кадравы батальён БКА (422 чалавекі) пад камандаваннем капітана Пятра Касацкага, які стаў рэзервам і школай афіцэрскіх кадраў для будучых частак. Тады ж з ліку завербаваных «Саюза Беларускай Моладзі» ў якасці «памочнікаў СПА» (ад 2,5 да 5 тыс. чалавек) былі адабраныя групы для навучання ў зенітна-артылерыйскай школе. Пасля сканчэння курсу вучобы іх улучылі ў склад частак супрацьпаветранай абароны Берліна.

Ваенізаваныя фарміраванні

Ва ўзброеных сілах Германіі
Батальёны «Schuma»

Шума (ням.: Schuma) — беларуская дапаможная паліцыя парадку. Прыведзены звесткі па батальёнах з 1942 па 1944 гады.

№ батальёну Сфарміраваны Размяшчэнне Падпарадкаванне Колькасць 1943—1944
№ 45 (ахоўны) верасень 1943 Баранавічы Начальнік паліцыі парадку «Беларусі» -
№ 46 (ахоўны) лета 1943 Навагрудак Начальнік паліцыі парадку «Беларусі» -
№ 47 (ахоўны) лета 1943 Мінск Начальнік паліцыі парадку «Мінск» -
№ 48 (франтавы) лета 1943 Слонім Начальнік паліцыі парадку «Беларусі» 592-(615) 590
№ 49 (ахоўны) лета 1943 Мінск Начальнік паліцыі парадку «Мінск» 327—314
№ 56 (артылерыйскі) 04.1943 Мінск Начальнік паліцыі парадку «Мінск» ?
№ 60 (франтавы) 01.1944 Сноў — Баранавічы Начальнік паліцыі парадку «Беларусі» 562—526
№ 64 (франтавы, з мая 1944 — ахоўны) 02.1944 Глыбокае Начальнік паліцыі парадку «Беларусі» ?-65
№ 65 (франтавы) 02.1944 Навагрудак Начальнік паліцыі парадку «Беларусі» ? — 477
№ 66 (франтавы) 02.1944 Слуцк Начальнік паліцыі парадку «Беларусі» ? — 172
№ 67 (ахоўны) 02-03.1944 Вілейка Начальнік паліцыі парадку «Беларусі» ? −23
№ 68 (франтавы)[4] 15.03.1944 Навагрудак Начальнік паліцыі парадку «Беларусі» 150 − 600
№ 69 (франтавы) 03.1944 Магілёў Фюрар СС і паліцыі «Мінск»

Грамадска-палітычны калабарацыянізм

Разам з наступаючымі часткамі нямецкай арміі ў Беларусь з эміграцыі прыбылі асноўныя дзеячы беларускага нацыянальнага руху: Фабіян Акінчыц, Уладзіслаў Казлоўскі, актывісты Беларускай нацыянал-сацыялістычнай партыі, Іван Ермачэнка, Радаслаў Астроўскі і іншыя. У пачатковы перыяд вайны развіццё палітычнай і ваеннай калабарацыі ажыццяўлялася нязначнымі тэмпамі, што тлумачыцца поспехамі немцаў на фронце і адсутнасцю для іх неабходнасці развіцця калабарацыйных структур. Нямецкае кіраўніцтва спадзявалася на хуткую перамогу ў вайне і скептычна ўспрымала здольнасці беларускага насельніцтва да нацыянальна-дзяржаўнага будаўніцтва з прычыны слабасці этнічнай самасвядомасці[5]. Дзейнасць калабарацыяністаў у гэты перыяд зводзілася ў асноўным да працы непалітычных структур, найбуйнейшай з якіх з’яўлялася Беларуская народная самапомач, створаная 22 кастрычніка 1941 года, мэтай якой абвяшчаўся клопат аб ахове здароўя, пытаннях адукацыі і культуры.

Пры дапамозе беларускіх калабарацыяністаў нямецкія ўлады спрабавалі выкарыстаць у сваіх мэтах навуковыя кадры, якія апынуліся на акупаванай тэрыторыі. У чэрвені 1942 года імі было створана «Беларускае навуковае таварыства». Яго ганаровым прэзідэнтам стаў гаўляйтар Беларусі Вільгельм Кубэ. Аднак беларускія навукоўцы байкатавалі працу таварыства, і яно існавала толькі на паперы[6]. Таксама былі створаныя іншыя непалітычныя калабарацыйныя структуры («Жаночая ліга», прафсаюзы і інш.). Разам з тым, спробы стварэння беларускага Вольнага корпуса самаабароны былі няўдалымі праз моцнае супрацьдзеянне ваенных уладаў і СС. Стварэнне яго было абвешчана ў чэрвені 1942 года ў колькасці 3 дывізій. Створана было, аднак, каля 20 батальёнаў, якія так і не вырашыліся ўзброіць, а ўжо ўвесну 1943 года быў распушчаны. Няўдалай апынулася таксама спроба стварэння беларускай аўтакефаліі з мэтай адрыву беларускіх вернікаў ад Маскоўскага Патрыярхата.

Абставіны, якія склаліся да 1943 года, прымусіла нямецкае камандаванне перагледзець сваё стаўленне да калабарацыйнага руху. У значнай ступені гэта адбылося дзякуючы высілкам міністра ўсходніх акупаваных тэрыторый А. Розенберга, які з’яўляўся прыхільнікам стварэння калабарацыйных адміністрацый. 22 чэрвеня 1943 г. быў фармальна створаны Саюз беларускай моладзі (СБМ), які фактычна існаваў з 1942 г. З ініцыятывы Кубэ 27 чэрвеня 1943 г. было абвешчана стварэнне Рады даверу пры Генеральным камісарыяце «Беларусь». Гэты орган уяўляў сабой адміністрацыйную камісію, адзінай задачай якой была адпрацоўка і прадстаўленне акупацыйным уладам пажаданняў і прапаноў ад насельніцтва. 21 снежня 1943 г. замест Рады даверу з ініцыятывы К. Готберга (які стаў Генеральным камісарам пасля забойства партызанамі Кубэ) была створаная Беларуская цэнтральная рада (БЦР), прэзідэнтам якой прызначаны начальнік управы Мінскай акругі Р. Астроўскі (18871976). Дзейнасць Рады не была эфектыўнай, паколькі Рада не мела рэальнай палітычнай улады (толькі ў пытаннях сацыяльнай апекі, культуры і адукацыі мела права на адносна самастойныя рашэнні), а яе члены прытрымліваліся розных поглядаў на будучыню Беларусі і часцяком не ведалі мясцовых рэалій. Рада ўскосна была звязана з ваеннымі злачынствамі — у прыватнасці, з ажыццяўленнем этнічных чыстак супраць польскага насельніцтва[7].

У акупаванай Беларусі выдавалася мноства калабарацыйных газет і часопісаў: «Беларуская газета», «Пагоня», «Bielaruski holas», «Новыя шлях» і т. д. Гэтыя выданні вялі антысеміцкую, антысавецкую і прафашысцкую прапаганду. У адмысловым артыкуле, апублікаваным 25 верасня 1943 года пасля знішчэння Кубэ ў «Беларускай газеце», яе рэдактар Уладзіслаў Казлоўскі пісаў:

  Сэрца сціскае скруха… Яго (гэта значыць Кубэ — авт.) няма больш сярод нас. Генеральны камісар Вільгельм Кубэ быў адным з найлепшых, найшчырэйшых сяброў…, які думаў і казаў так, як кожны беларускі нацыяналіст...  

[8]

27 чэрвеня 1944 года ў Мінску быў праведзены Другі Усебеларускі кангрэс, у якім прынялі ўдзел большасць актыўных лідараў калабарацыяністаў. Кангрэс праходзіў ва ўмовах набліжэння да Мінска Чырвонай Арміі, якая праводзіла буйную наступальную аперацыю ў Беларусі. На кангрэсе было прынята рашэнне, што БЦР з’яўляецца адзіным законным урадам Беларусі, а таксама была выказана ўсебаковая падтрымка Германіі. Былі таксама распрацаваныя планы антысавецкіх дыверсійных і партызанскіх аперацый на Беларусі, у выпадку поўнага адступлення нямецкіх войскаў з яе тэрыторыі.

Эканамічны калабарацыянізм

З. Пазняк даў наступную ацэнку тым падзеям:[9]

  Аднак незнішчальнасць Беларусі і беларускай нацыянальнай ідэі засведчыла тым часам Другая Сусветная вайна. З 1941 па 1944 гады цэнтральная Беларусь (на якой дзейнічала нямецкая цывільная адміністрацыя на чале з В. Кубэ) перажыла моцны нацыянальны ўздым. Гэта ўшчэнт збянтэжыла бальшавікоў і прывяло Маскву ў шаленства. З вяртаннем саветаў на Беларусь сотні тысяч свядомых беларусаў эмігравалі на Захад  

Калабарацыяністы пасля вызвалення Беларусі

Адразу пасля правядзення II Усебеларускага кангрэса пачалася эвакуацыя кіраўніцтва і калабарацыйных фарміраванняў у Германію, дзе яны працягнулі сваю дзейнасць. У ліпені—жніўні 1944 г. у распараджэнне БЦР быў перададзены цэнтр падрыхтоўкі абвера ў Дальвіцы (Усходняя Прусія), які атрымаў вялікае папаўненне з эвакуіраваных батальёнаў БКА. У першых лічбах красавіка 1945 г. было дасягнута пагадненне з прадстаўнікамі спецслужбаў Трэцяга Рэйху пад кіраўніцтвам штурмбаннфюрара СС Ота Скарцэні аб разгортванні на базе гэтага цэнтра адмысловага батальёна «Дальвіц» колькасцю да 700—800 чалавек. Акрамя таго, па загадзе рэйхсфюрара СС Гімлера была створаная новая 30-я дывізія войскаў СС (Беларуская № 1), якая называлася таксама штурмавой брыгадай СС «Беларусь». Актыўны ўдзел у фарміраванні гэтых падраздзяленняў браў Язэп Сажыч (які стаў у 1982 годзе шостым прэзідэнтам Беларускай Народнай Рэспублікі), які перадаў у брыгаду СС 101 падрыхтаванага ім курсанта школы малодшых афіцэраў. 30 красавіка 1945 года дывізія здалася амерыканскім войскам.

Пасля завяршэння вайны большасць кіраўнікоў калабарацыйнага руху пераехалі ў ЗША (у тым ліку, Радаслаў Астроўскі), краіны Заходняй Еўропы і Аўстралію, дзе стварылі беларускія нацыянальныя арганізацыі або ўліліся ў шэрагі існых, якія выкарыстоўваліся для барацьбы з СССР. Ёсць звесткі пра супрацоўніцтва некаторых прадстаўнікоў беларускага руху з ЦРУ, якое арганізоўвала антысавецкія дыверсійныя атрады, у якіх удзельнічалі і некаторыя былыя калабарацыяністы, напрыклад Міхал Вітушка або Янка Філістовіч.

Крыніцы

  1. Дробязко, С. Вторая мировая война, 1939—1945: Русская освободительная армия / С. Дробязко; Худож. А. Каращук. — М.: АСТ, 2000. — 44, [2] с., [8] л. цв. ил. — С. 4 — 5. — (Военно-историческая серия «Солдатъ»: Униформа. Вооружение. Организация). — ISBN 5-17-003962-X; Семиряга, М. И. Коллаборационизм: Природа, типология и проявления в годы Второй мировой войны / М. И. Семиряга; Академия военных наук. — М.: Росспэн, 2000. — 862, [1] с., [21] л. ил., портр. — С. 102, 463—464. — ISBN 5-8243-0070-4; Хоффман Й. История Власовской армии / Пер. с нем. Е. Гессен. — Париж: Ymca-Press, 1990. — 379 с. — С. 342. — (Исследования новейшей русской истории; 8). — ISBN 2-85065-175-3.
  2. Туронак, Ю. Беларусь пад нямецкай акупацыяй. — Мн.: Беларусь,. — с. — С.
  3. Найдзюк, Я. Беларусь учора і сяньня. — Мн., 1944. — С. 249; Engelhardt von E. Weissruthenien. Völk und Land. — Berlin — Amsterdam — Prag — Wien, 1943. — S. 216.
  4. Ю. Грыбоўскі — Беларускі легіён СС: міфы і рэчаіснасць // БГА, Минск 2007
  5. Сайт Министерства иностранных дел Белоруссии Архівавана 27 сакавіка 2007.
  6. Военные судьбы: Сотрудники АН Беларуси — участники Великой Отечественной войны. Сост. и авт. предисл. Н. В. Токарев; Под ред. Н. А. Борисевича. — Мн.: Навука і тэхніка, 1995. — 89 с.
  7. А. Л. Рогачевский. Рецензия на книгу: Chiari B Alltag hinter der Front Dьsseldorf, 1998
  8. Л. Цанава «Всенародная партийная война в Белоруссии против фашистских захватчиков». — Минск, 1951 Архівавана 18 верасня 2007.
  9. Пазняк З. Беларуска-расійская вайна

Літаратура

  • Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941—1945 гг. Энцыклапедыя. Мінск, 1990
  • Залесский К. А. Кто был кто во Второй мировой войне. Союзники Германии. — М.: АСТ, 2004. — Т. 2. — 492 с. — ISBN 5-271-07619-9

Спасылкі