Аперацыя «Баграціён»
«Баграціё́н» — кодавая назва Белару́скай наступа́льнай апера́цыі (23 чэрвеня — 28 жніўня 1944 года) — наступальная аперацыя Чырвонай Арміі ў час Вялікай Айчыннай вайны, названая ў гонар расійскага палкаводца вайны 1812 года Пятра Баграціёна, у выніку якой уся тэрыторыя Беларусі была вызвалена з-пад нямецкай акупацыі[4]. Лічыцца адной з найбуйнейшых вайсковых аперацый у сусветнай гісторыі.
Аперацыя «Баграціён» | |||
---|---|---|---|
Асноўны канфлікт: Другая сусветная вайна | |||
| |||
Дата | 22 чэрвеня — 29 жніўня 1944 | ||
Месца | Беларусь, Літва, усходнія раёны Польшчы. | ||
Вынік | Перамога Чырвонай Арміі. Вызваленне Беларусі і Літвы. Уступленне савецкіх войск у Польшчу. | ||
Праціўнікі | |||
|
|||
Камандуючыя | |||
|
|||
Сілы бакоў | |||
|
|||
Страты | |||
|
|||
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
У вызваленні Беларусі ўдзельнічалі войскі чатырох франтоў (з поўначы на поўдзень): 1-га Прыбалтыйскага (камандуючы — генерал арміі І. Х. Баграмян), 3-га Беларускага (генерал-палкоўнік І. Д. Чарняхоўскі), 2-га Беларускага (генерал арміі Г. Ф. Захараў) і (з другога дня аперацыі) 1-га Беларускага (генерал арміі К. К. Ракасоўскі). Таксама ў аперацыі прымалі ўдзел: Першая армія Войска Польскага, французскі добраахвотніцкі знішчальны авіяполк «Нармандыя-Нёман», Дняпроўская ваенная флатылія. Важная роля надавалася ўдзелу партызан, якія дэзарганізавалі рух на чыгунках. Дзеянні войскаў каардынавалі маршалы А. М. Васілеўскі і Г. К. Жукаў.
Савецкім войскам процістаялі войскі групы армій «Цэнтр» на чале з генерал-фельдмаршалам Э. Бушам.
Перадумовы
правіцьДа чэрвеня 1944 лінія фронту на ўсходзе падышла да мяжы Віцебск — Орша — Магілёў — Жлобін, утварыўшы велізарны выступ-клін, павернуты ўглыб СССР, так званы «Беларускі балкон». Калі ва Украіне Чырвонай арміі ўдалося дамагчыся серыі ўражлівых поспехаў (была вызвалена амаль уся тэрыторыя рэспублікі, вермахт панёс цяжкія страты ў ланцужку «катлоў»), то пры спробе прарвацца ў напрамку Мінска зімой 1943—1944 гадоў поспехі, наадварот, былі дастаткова сціплымі.
У той жа час, да канца вясны 1944 наступленне на поўдні замарудзілася, і Стаўкай Вярхоўнага Галоўнакамандавання было прынята рашэнне змяніць напрамак намаганняў. Як адзначыў К. К. Ракасоўскі[5]
Да вясны 1944 года нашы войскі ва Украіне прасунуліся далёка наперад. Але тут праціўнік перакінуў з захаду свежыя сілы і спыніў наступленне 1-га Украінскага фронту. Баі прынялі зацяжны характар, і гэта прымусіла Генеральны штаб і Стаўку перанесці галоўныя намаганні на новы напрамак |
Склад бакоў
правіцьУ раздзеле прыведзена расстаноўка сіл нямецкіх і савецкіх войск станам на 22 чэрвеня 1944 года (карпусы вермахта і Чырвонай арміі пералічваюцца ў парадку іх расстаноўкі з поўначы на поўдзень, спачатку асобна паказваюцца рэзервы).
Германія
правіцьГрупа армій «Цэнтр» (генерал-фельдмаршал Эрнст Буш, начальнік штаба генерал-лейтэнант Крэбс)
- 6-ы паветраны флот (генерал-палкоўнік фон Грайм)
- 3-я танкавая армія (генерал-палкоўнік Райнгард) у складзе:
- 95-я пяхотная дывізія (генерал-лейтэнант Міхаэліс);
- 201-я ахоўная дывізія (генерал-лейтэнант Якобі);
- баявая група «фон Готберг» (брыгадэфюрар СС фон Готберг);
- 9-ы армейскі корпус (генерал артылерыі Вютман);
- 252-я пяхотная дывізія (генерал-лейтэнант Мельцэр);
- корпусная група «D» (генерал-лейтэнант Памберг);
- 245-я брыгада штурмавых гармат (гаўптман Кнюплінг);
- 53-і армейскі корпус (генерал пяхоты Гольвітцэр);
- 246-я пяхотная дывізія (генерал-лейтэнант Мюлер-Бюлоў);
- 206-я пяхотная дывізія (генерал-лейтэнант Хітэр);
- 4-я авіяпалявая дывізія люфтвафэ (генерал-лейтэнант Пісторыус);
- 6-я авіяпалявая дывізія люфтвафэ (генерал-лейтэнант Пешэль);
- 6-ы армейскі корпус (генерал артылерыі Пфайфер);
- 197-я пяхотная дывізія (генерал-маёр Хане);
- 299-я пяхотная дывізія (генерал-маёр Юнк);
- 14-я пяхотная дывізія (генерал-лейтэнант Флёрке);
- 256-я пяхотная дывізія (генерал-лейтэнант Вюстэнхаген);
- 667-я брыгада штурмавых гармат (гаўптман Ульман);
- 281-я брыгада штурмавых гармат (гаўптман Фенкерт);
- 4-я армія (генерал пяхоты Тыпельскірх) у складзе:
- танка-грэнадзёрская дывізія «Фельдхернхале» (генерал-маёр фон Штайнкелер);
- 27-ы армейскі корпус (генерал пяхоты Фелькерс);
- 78-я штурмавая дывізія (генерал-лейтэнант Траўт);
- 25-я танка-грэнадзёрская дывізія (генерал-лейтэнант Шюрман);
- 260-я пяхотная дывізія (генерал-маёр Кламт);
- 501-ы цяжкі танкавы батальён (маёр фон Легат);
- 39-ы танкавы корпус (генерал артылерыі Марцінэк);
- 110-я пяхотная дывізія (генерал-лейтэнант фон Куроўскі);
- 337-я пяхотная дывізія (генерал-лейтэнант Шюнеман);
- 12-я пяхотная дывізія (генерал-лейтэнант Бамлер);
- 31-я пяхотная дывізія (генерал-лейтэнант Охснер);
- 185-я брыгада штурмавых гармат (маёр Глоснер);
- 12-ы армейскі корпус (генерал-лейтэнант Мюлер);
- 18-я танка-грэнадзёрская дывізія (генерал-лейтэнант Цутаверн);
- 267-я пяхотная дывізія (генерал-лейтэнант Дрэшара);
- 57-я пяхотная дывізія (генерал-маёр Тровітц);
- 9-я армія (генерал пяхоты Ёрдан) у складзе:
- 20-я танкавая дывізія (генерал-лейтэнант фон Кесэль);
- 707-я пяхотная дывізія (генерал-маёр Гітнер);
- 35-ы армейскі корпус (генерал-лейтэнант фон Лютцаў);
- 134-я пяхотная дывізія (генерал-лейтэнант Філіп);
- 296-я пяхотная дывізія (генерал-лейтэнант Кульмер);
- 6-я пяхотная дывізія (генерал-лейтэнант Гейнэ);
- 383-я пяхотная дывізія (генерал-маёр Гір);
- 45-я пяхотная дывізія (генерал-маёр Энгель);
- 41-ы армейскі корпус (генерал-лейтэнант Хофмайстэр);
- 36-я пяхотная дывізія (генерал-маёр Конрадам);
- 35-я пяхотная дывізія (генерал-лейтэнант Рыхерт);
- 129-я пяхотная дывізія (генерал-маёр фон Ларыш);
- 55-ы армейскі корпус (генерал пяхоты Херляйн);
- 292-я пяхотная дывізія (генерал-лейтэнант Ён);
- 102-я пяхотная дывізія (генерал-лейтэнант фон Беркен);
- 2-я армія (генерал-палкоўнік Вайс) у складзе:
- 4-я кавалерыйская брыгада (генерал-маёр Хольстэ);
- 8-ы армейскі корпус (генерал пяхоты Хон);
- 211-я пяхотная дывізія (генерал-лейтэнант Экард);
- 5-я егерская дывізія (генерал-лейтэнант Тум);
- 23-і армейскі корпус (генерал інжынерных войскаў Ціман);
- 203-я ахоўная дывізія (генерал-лейтэнант Пільц);
- 17-я танка-грэнадзёрская брыгада (палкоўнік Кернер);
- 7-я пяхотная дывізія (генерал-лейтэнант фон Рапард);
- 20-ы армейскі корпус (генерал артылерыі фон Роман);
- корпусная група «Е» (генерал-лейтэнант Фельцман);
- 3-я кавалерыйская брыгада (падпалкоўнік Безелагер);
Акрамя таго, 2-й арміі падпарадкоўваліся венгерскія часці: 5, 12 і 23 рэзервовыя і 1 кавалерыйская дывізія. 2-я армія прыняла ўдзел толькі ў другой фазе аперацыі «Баграціён».
Савецкі Саюз
правіць- 1-ы Прыбалтыйскі фронт (генерал арміі Баграмян) у складзе:
- 4-я ўдарная армія (генерал-лейтэнант Малышаў);
- 83-ці стралковы корпус (генерал-маёр Салдатаў);
- часці ўзмацнення;
- 6-я гвардзейская армія (генерал-лейтэнант Чысцякоў);
- 2-гі гвардзейскі стралковы корпус (далей гв. стралковы корпус) (генерал-лейтэнант Ксенафонтаў);
- 22-гі гвардзейскі стралковы корпус (генерал-маёр Ручкін);
- 23-ці гвардзейскі стралковы корпус (генерал-лейтэнант Ермакоў);
- 103-ці стралковы корпус (генерал-маёр Федзюнкін);
- 8-я гаўбічная артылерыйская дывізія;
- 21-я артылерыйская дывізія прарыву;
- 43-я армія (генерал-лейтэнант Белабародаў);
- 1-ы стралковы корпус (генерал-лейтэнант Васільеў);
- 60-ы стралковы корпус (генерал-маёр Люхцікаў);
- 92-гі стралковы корпус (генерал-лейтэнант Ібянскі);
- 1-ы танкавы корпус (генерал-лейтэнант Бутко);
- 3-я паветраная армія (генерал-лейтэнант Папівін);
- 3-ці Беларускі фронт (генерал-палкоўнік Чарняхоўскі) ў складзе:
- 11-я гвардзейская армія (генерал-лейтэнант Галіцкі);
- 8-ы гвардзейскі стралковы корпус (генерал-маёр Завадоўскі);
- 16-ы гвардзейскі стралковы корпус (генерал-маёр Вараб’ёў);
- 36-ы гвардзейскі стралковы корпус (генерал-маёр Шафранаў);
- 2-гі гвардзейскі танкавы корпус (генерал-маёр Бурдзейны);
- 7-я гв. дывізія гвардзейскіх мінамётаў (рэактыўная артылерыя);
- 5-я армія (генерал-лейтэнант Крылоў);
- 45-ы стралковы корпус (генерал-маёр Гарохаў);
- 65-ы стралковы корпус (генерал-маёр Перакростаў);
- 72-гі стралковы корпус (генерал-маёр Казарцаў);
- 3-я гв. артылерыйская дывізія прарыву;
- 31-я армія (генерал-лейтэнант Глаголеў);
- 36-ы стралковы корпус (генерал-маёр Олешаў);
- 71-ы стралковы корпус (генерал-лейтэнант Кашавой);
- 113-ы стралковы корпус (генерал-маёр Правалаў);
- 39-я армія (генерал-лейтэнант Люднікаў);
- 5-ы гвардзейскі стралковы корпус (генерал-маёр Бязуглы);
- 84-ы стралковы корпус (генерал-маёр Пракоф’еў);
- 5-я гвардзейская танкавая армія (маршал Ротмістраў) ;
- 3-ці гвардзейскі танкавы корпус (генерал-маёр Бобчанка);
- 29-ы танкавы корпус (генерал-маёр Фаміных);
- Конна-механізаваная група (генерал-лейтэнант Аслікоўскі);
- 3-ці гвардзейскі кавалерыйскі корпус (генерал-лейтэнант Аслікоўскі);
- 3-ці гвардзейскі механізаваны корпус (генерал-лейтэнант Абухаў);
- 1-я паветраная армія (генерал-лейтэнант Громаў);
- 2-гі Беларускі фронт (генерал-палкоўнік Захараў) у складзе:
- 33-я армія (генерал-лейтэнант Кручэнкін);
- 70-я, 157-я, 344-я стралковыя дывізіі;
- 49-я армія (генерал-лейтэнант Грышын);
- 62-гі стралковы корпус (генерал-маёр Навумаў);
- 69-ы стралковы корпус (генерал-маёр Мултан);
- 76-ы стралковы корпус (генерал-маёр Глухаў);
- 81-ы стралковы корпус (генерал-маёр Панюкоў);
- 50-я армія (генерал-лейтэнант Болдзін);
- 19-ы стралковы корпус (генерал-маёр Самарскі);
- 38-ы стралковы корпус (генерал-маёр Церашкоў);
- 121-ы стралковы корпус (генерал-маёр Смірноў);
- 4-я паветраная армія (генерал-палкоўнік Вяршынін);
- 33-я армія (генерал-лейтэнант Кручэнкін);
- 1-ы Беларускі фронт (генерал арміі Ракасоўскі) ў складзе:
- 2-гі гвардзейскі кавалерыйскі корпус (генерал-лейтэнант Крукаў);
- 4-ы гвардзейскі кавалерыйскі корпус (генерал-лейтэнант Пліеў);
- 7-ы гвардзейскі кавалерыйскі корпус (генерал-маёр Канстанцінаў);
- Дняпроўская рачная флатылія (капітан 1-га рангу Грыгор’еў);
- 3-я армія (генерал-лейтэнант Гарбатаў);
- 35-ы стралковы корпус (генерал-маёр Жалудзёў);
- 40-ы стралковы корпус (генерал-маёр Кузняцоў);
- 41-ы стралковы корпус (генерал-маёр Урбановіч);
- 46-ы стралковы корпус (генерал-маёр Эрастаў);
- 80-ы стралковы корпус (генерал-маёр Рагуля);
- 9-ы танкавы корпус (генерал-маёр Бахараў);
- 5-я дывізія гвардзейскіх мінамётаў;
- 28-я армія (генерал-лейтэнант Лучынскі);
- 3-ці гвардзейскі стралковы корпус (генерал-маёр Перхаровіч);
- 20-ы стралковы корпус (генерал-маёр Швараў);
- 128-ы стралковы корпус (генерал-маёр Баціцкі);
- 46-ы стралковы корпус (генерал-маёр Эрастаў);
- 5-я артылерыйская дывізія прарыву;
- 12-я артылерыйская дывізія прарыву;
- 48-я армія (генерал-лейтэнант Раманенка);
- 29-ы стралковы корпус (генерал-маёр Андрэеў);
- 42-гі стралковы корпус (генерал-лейтэнант Калганаў);
- 53-ці стралковы корпус (генерал-маёр Гарцаў);
- 22-я артылерыйская дывізія прарыву;
- 61-я армія (генерал-лейтэнант Бялоў);
- 9-ы гвардзейскі стралковы корпус (генерал-маёр Папоў);
- 89-ы стралковы корпус (генерал-маёр Яноўскі);
- 65-я армія (генерал-лейтэнант Батаў);
- 18-ы стралковы корпус (генерал-маёр Іваноў);
- 105-ы стралковы корпус (генерал-маёр Аляксееў);
- 1-ы гвардзейскі танкавы корпус (генерал-маёр Паноў);
- 1-ы механізаваны корпус (генерал-лейтэнант Крывашэін);
- 26-я артылерыйская дывізія;
- 6-я паветраная армія (генерал-лейтэнант Палынін);
- 16-я паветраная армія (генерал-палкоўнік Рудэнка);
Акрамя таго, у складзе 1-га Беларускага фронту — 8-я гвардзейская, 47-я, 70-я, 1-я польская і 2-я танкавая арміі, якія прынялі ўдзел толькі ў другой фазе аперацыі «Баграціён».
Апісанне аперацыі
правіцьТактыка
правіцьДа чэрвеня 1944 года лінія фронту на ўсходзе падышла да мяжы Віцебск — Орша — Магілёў — Жлобін, утварыўшы велізарны выступ — клін, павернуты ўглыб СССР. Тут, на тэрыторыі Беларусі, размяшчалася глыбока эшаланаваная абарона нямецкай групы армій «Цэнтр». Чырвоная Армія не магла працягваць наступленне з поўдня і поўначы ад выступу — паўстала рэальная пагроза флангавых удараў. У гэтай сувязі была пастаўлена задача ліквідацыі выступу, разгрому групы армій «Цэнтр» і вызвалення Беларусі.
Наступныя падзеі
правіцьУ прарыў працягласцю ў 900 км, які адкрыўся ў нямецкіх абаронных лініях паміж групамі армій «Поўнач» і «Поўдзень», уліліся савецкія войскі і хутка дайшлі да Усходняй Прусіі, фарпосту Трэцяга рэйху. Група армій «Поўнач» была адрэзана ад усіх наземных шляхоў сувязі (хоць забяспечвалася па моры і магла быць эвакуіравана ў любы момант) і з вялікімі стратамі ўтрымлівала так званы Курляндскі кацёл (гэта не быў кацёл у поўным сэнсе гэтага слова) аж да капітуляцыі Германіі ў 1945.
Як і ў вайну 1812 года, адным з найбольш значных месцаў баёў была рака Бярэзіна (гл. Бітва на Бярэзіне). Асноўным пунктам утрымання палонных немцаў стаў горад Бабруйск.
Сілы бакоў
правіцьДадзеныя пра сілы бакоў адрозніваюцца ў розных крыніцах. Паводле выдання «Аперацыі савецкіх узброеных сілаў у ВАВ», з савецкага боку ў аперацыі ўдзельнічала 1200 тысяч чалавек (без уліку тылавых часцей). З нямецкага боку — у складзе групы армій «Цэнтр» — 850—900 тыс. чалавек (у тым ліку прыкладна 400 тыс. у тылавых часцях)[6][7]. Акрамя таго, на другім этапе ў бітве прынялі ўдзел правае крыло групы армій «Поўнач» і левае — групы армій «Паўночная Украіна».
Чатыром франтам Чырвонай Арміі процістаялі чатыры арміі вермахта[8]:
- 2-я армія групы армій «Цэнтр», якая ўтрымлівала раён Пінска і Прыпяці і выступала на 300 км на ўсход ад лініі фронту;
- 9-я армія групы армій «Цэнтр», якая абараняла раён па абодва бакі Бярэзіны на паўднёвы ўсход ад Бабруйска;
- 4-я армія і 3-я танкавая армія групы армій «Цэнтр», якія займалі міжрэчча Бярэзіны і Дняпра, а таксама плацдарм ад Быхава да раёна на паўночны ўсход ад Оршы. Акрамя таго, часткі 3-й танкавай арміі займалі раён Віцебска.
Падрыхтоўка аперацыі
правіцьЧырвоная армія
правіцьПершапачаткова савецкае камандаванне ўяўляла сабе аперацыю «Баграціён» як паўтор Курскай аперацыі, на ўзор колішняга «Кутузава» або «Румянцава», з вялізным расходам боепрыпасаў пры адносна сціплым прасоўванні на 150—200 км. Паколькі аперацыі такога тыпу — без прарыву ў аператыўную глыбіню, з доўгімі, упартымі баямі ў ТЗА на знясільванне — патрабавалі вялікага ліку боепрыпасаў і адносна малой колькасці паліва для механізаваных частак і сціплых магутнасцей па ўзнаўленні чыгунак, то фактычнае развіццё аперацыі заспела савецкае камандаванне знянацку[9].
Аператыўны план аперацыі «Баграціён» пачаў распрацоўвацца Генштабам у красавіку 1944 года. Агульная задума складалася ў знішчэнні флангаў нямецкай групы армій «Цэнтр», акружэнні асноўных яе сіл на ўсход ад Мінска і поўным вызваленні Беларусі[10]. Гэта быў надзвычай амбіцыёзны і маштабны план, аднамомантавае знішчэнне цэлай групы войскаў планавалася ў ходзе вайны вельмі рэдка.
Былі здзейснены значныя кадравыя перастаноўкі. Генерал В. Д. Сакалоўскі не здолеў паказаць сябе ў баях зімы 1943—1944 гадоў (Аршанская наступальная аперацыя, Віцебская наступальная аперацыя) і быў зняты з камандавання Заходнім фронтам. Сам фронт быў падзелены папалам: 2-і Беларускі фронт (на поўдні) узначаліў Г. Ф. Захараў, які добра паказаў сябе ў бітвах у Крыме, І. Д. Чарняхоўскі, які камандаваў да гэтага арміяй ва Украіне, быў прызначаны камандуючым 3-м Беларускім фронтам (на поўначы).
Непасрэдная падрыхтоўка аперацыі вялася з канца мая. Канкрэтныя планы былі атрыманы франтамі 31 мая ў прыватных дырэктывах Стаўкі Вярхоўнага Галоўнакамандавання[11].
Паводле адной з версій, па першапачатковаму плану меркавалася нанясенне 1-м Беларускім фронтам з поўдня, на бабруйскім напрамку, аднаго магутнага ўдару, але К. К. Ракасоўскі, вывучыўшы мясцовасць, заявіў на нарадзе ў Стаўцы 22 мая, што варта наносіць не адзін, а два галоўныя ўдары. Сваю заяву ён матываваў тым, што ў моцна забалочаным Палессі пры адным прарыве арміі будуць утыкацца ў патыліцу адна адной, заб’юць дарогі ў блізкім тыле, і ў выніку войскі фронту можна будзе выкарыстаць толькі па частках. На думку К. К. Ракасоўскага, трэба было нанесці адзін удар ад Рагачова на Асіповічы, другі — ад Азарычаў на Слуцк, акружыўшы пры гэтым Бабруйск, які застанецца паміж гэтымі двума групоўкамі. Прапанова К. К. Ракасоўскага выклікала ў Стаўцы бурныя дэбаты, члены Стаўкі настойвалі на нанясенні аднаго ўдару з раёна Рагачова, каб пазбегнуць распылення сіл. Спрэчку перапыніў І. В. Сталін, які заявіў, што настойлівасць камандуючага фронтам кажа аб прадуманасці аперацыі. Такім чынам, К. К. Ракасоўскаму было дазволена дзейнічаць у адпаведнасці з уласнай задумкай[5].
Вярхоўны Галоўнакамандуючы і яго намеснікі настойвалі на тым, каб нанесці адзін галоўны ўдар — з плацдарма на Дняпры (раён Рагачова), які знаходзіўся ў руках 3-й арміі. Двойчы мне прапаноўвалі выйсці ў суседні пакой, каб прадумаць прапанову Стаўкі. Пасля кожнага такога «прадумвання» прыходзілася з новай сілай адстойваць сваё рашэнне. Пераканаўшыся, што я цвёрда настойваю на нашым пункце гледжання, Сталін зацвердзіў план аперацыі ў тым выглядзе, як мы яго прадставілі. «Настойлівасць камандуючага фронтам, — сказаў ён, — даказвае, што арганізацыя наступлення старанна прадумана. А гэта надзейная гарантыя поспеху» (К. К. Рокоссовский. Солдатский долг. М.1997. С.313) |
Аднак Г. К. Жукаў сцвярджаў, што гэтая версія не адпавядае рэчаіснасці[12]:
Існуючая ў пэўных вайсковых колах версія аб «двух галоўных ударах» на беларускім напрамку сіламі 1-га Беларускага фронту, на якіх нібыта настойваў К. К. Ракасоўскі перад Вярхоўным, пазбаўлена падставы. Абодва гэтыя ўдары, што праектаваліся фронтам, былі папярэдне зацверджаны І. В. Сталіным яшчэ 20 мая па праекту Генштаба, гэта значыць да прыезду камандуючага 1-м Беларускім фронтам у Стаўку |
Была арганізавана глыбокая разведка сіл і пазіцый праціўніка. Здабыча звестак вялася па многіх напрамках. У прыватнасці, разведвальнымі камандамі 1-га Беларускага фронту было захоплена каля 80 «языкоў»[5]. Паветраная разведка 1-га Прыбалтыйскага фронту засекла 1100 розных агнявых пунктаў, 300 артылерыйскіх батарэй, 6000 бліндажоў і г. д.[11] Таксама вялася актыўная акустычная, агентурная разведка, вывучэнне пазіцый праціўніка артылерыйскімі назіральнікамі і г. д. За кошт камбінацыі розных спосабаў разведкі і яе інтэнсіўнасці групоўка праціўніка была выкрыта дастаткова поўна.
Стаўка паспрабавала дабіцца найбольшай нечаканасці. Усе распараджэнні камандзірам частак аддаваўся асабіста камандуючы войскаў; тэлефонныя перагаворы адносна падрыхтоўкі да наступлення, нават у закадзіраваным выглядзе, былі забаронены. Франты, якія рыхтаваліся да аперацыі, перайшлі ў рэжым радыёмаўчання. На перадавых пазіцыях вяліся актыўныя земляныя работы для імітацыі падрыхтоўкі да абароны. Мінныя палі не здымаліся цалкам, каб не ўстрывожыць непрыяцеля, сапёры абмяжоўваліся здыманнем з мін узрывальнікаў. Засяроджванне войск і перагрупоўкі вяліся ў асноўным па начах. Спецыяльна выдзеленыя афіцэры Генштаба на самалётах патрулявалі мясцовасць для кантролю за выкананнем мер маскіроўкі[11].
У войсках праводзіліся інтэнсіўныя трэніроўкі па адпрацоўцы ўзаемадзеяння пяхоты з артылерыяй і танкамі, штурмавых дзеянняў, фарсіравання водных перашкод і г. д. Падраздзяленні па чарзе выводзіліся з перадавой у тыл для гэтых заняткаў. Адпрацоўка тактычных прыёмаў праводзілася ў максімальна набліжаных да баявых умовах і з баявой стральбой.
Перад аперацыяй камандзіры ўсіх узроўняў аж да рот праводзілі рэкагнасцыроўкі, ставячы задачы падначаленым на месцы. У склад танкавых частак былі ўведзены артылерыйскія карэктоўшчыкі і афіцэры паветраных сіл для лепшага ўзаемадзеяння.
Такім чынам, падрыхтоўка аперацыі «Баграціён» вялася надзвычай старанна, пры гэтым праціўніка ўдалося пакінуць у недасведчанасці адносна будучага наступу.
Вермахт
правіцьКалі камандаванне РСЧА было нядрэнна інфармавана аб групоўцы немцаў у раёне будучага наступлення, то камандаванне групы армій «Цэнтр» і Генштаб сухапутных войск Трэцяга Рэйха мелі цалкам зменлівае ўяўленне аб сілах і планах савецкіх войск. Гітлер і Вярхоўнае галоўнакамандаванне лічылі, што буйнога наступлення трэба чакаць па-ранейшаму ва Украіне. Меркавалася, што з раёна на поўдзень ад Ковеля Чырвоная Армія нанясе ўдар па кірунку да Балтыйскага мора, адразаючы групы армій «Цэнтр» і «Поўнач»[13]. Для парыравання фантомнай пагрозы былі вылучаны значныя сілы. Так, у групе армій «Паўночная Украіна» было сем танкавых, дзве танка-грэнадзерскія дывізіі, а таксама чатыры батальёны цяжкіх танкаў «Тыгр». У групе армій «Цэнтр» знаходзіліся адна танкавая, дзве танка-грэнадзерскія дывізіі і толькі адзін батальён «Тыграў»[14]. У красавіку камандаванне групы армій «Цэнтр» прадставіла свайму кіраўніцтву план па скарачэнні лініі фронту і адыходу групы войскаў на лепшыя пазіцыі за Бярэзінай. Гэты план быў адхілены. Група армій « Цэнтр» абаранялася на ранейшых пазіцыях. Віцебск, Орша, Магілёў і Бабруйск былі абвешчаны «крэпасцямі» і ўмацаваны з разлікам на кругавую абарону[13]. Для будаўнічых работ шырока выкарыстоўвалі прымусовую працу мясцовага насельніцтва. У прыватнасці, у паласе 3-яй танкавай арміі былі накіраваны на такія работы 15-20 тысяч жыхароў[15].
Курт Тыпельскірх (у той час — камандуючы 4-й палявой арміяй) наступным чынам апісвае настроі ў нямецкім кіраўніцтве[16]:
Не было яшчэ ніякіх дадзеных, якія дазволілі б прадбачыць кірунак ці кірункі летняга наступлення рускіх, якое несумненна рыхтавалася. Паколькі авіяцыя і радыёразведка звычайна беспамылкова адзначалі буйныя перакіданні рускіх сіл, можна было думаць, што наступленне з іх боку непасрэдна пакуль не пагражала. Да гэтага часу толькі ў адным выпадку былі зафіксаваны інтэнсіўныя чыгуначныя перавозкі ў тыле праціўніка ў кірунку раёна Луцка, Ковеля, Сарнаў, якія доўжыліся на працягу некалькіх тыдняў, за якімі, аднак, не было засяроджвання ізноў прыбылых сіл паблізу фронту. Часам даводзілася кіравацца толькі здагадкамі. У генеральным штабе сухапутных сіл лічыліся з магчымасцю паўтарэння наступлення на Ковель, мяркуючы, што праціўнік асноўныя намаганні засяродзіць на поўнач ад Карпат на фронце групы армій «Паўночная Украіна», з мэтай адкінуць апошнюю да Карпатаў. Групам армій «Цэнтр» і «Поўнач» прадказвалі «спакойнае лета». Акрамя таго, асаблівую заклапочанасць Гітлера выклікаў нафтавы раён Плаешці. Адносна таго, што першы ўдар праціўніка рушыць услед на поўнач ці на поўдзень ад Карпат — хутчэй за ўсё на поўнач, — меркаванне было аднадушным. |
Пазіцыі войск, якія абараняліся ў групе армій «Цэнтр», былі сур’ёзна ўзмоцнены палявымі ўмацаваннямі, аснашчаны шматлікімі зменнымі пазіцыямі для кулямётаў і мінамётаў, дзотаў і бліндажоў. Паколькі фронт на Беларусі доўгі час стаяў на месцы, немцы паспелі стварыць развітую сістэму абароны.
З пункту гледжання генштаба Трэцяга Рэйха, падрыхтоўкі супраць групы армій «Цэнтр» мелі мэтай толькі «ўвесці ў зман германскае камандаванне адносна напрамку галоўнага ўдару і адцягнуць рэзервы з раёна паміж Карпатамі і Ковелем»[14]. Становішча ў Беларусі выклікала ў камандавання Рэйха настолькі мала боязі, што фельдмаршал Буш за тры дні да пачатку аперацыі адправіўся ў адпачынак.
Ход баявых дзеянняў
правіцьПапярэдні этап аперацыі сімвалічна пачаўся ў трэцюю гадавіну германскага нападу на СССР — 22 чэрвеня 1944 года. Як і ў вайну 1812 года, адным з найбольш значных месцаў баёў стала рака Бярэзіна. Савецкія войскі 1-га Прыбалтыйскага, 3-га, 2-га і 1-га Беларускага франтоў (генерал арміі І. Х. Баграмян, генерал-палкоўнік І. Д. Чарняхоўскі, генерал арміі Г. Ф. Захараў, генерал арміі К. К. Ракасоўскі) пры падтрымцы партызан прарвалі на многіх участках абарону нямецкай групы войскаў «Цэнтр» (генерал-фельдмаршал Эрнст Буш, затым Вальтэр Модэль), акружылі і ліквідавалі буйныя групоўкі праціўніка ў раёнах Віцебска, Бабруйска, Вільнюса, Брэста і на ўсход ад Мінска, вызвалілі тэрыторыю Беларусі і яе сталіцу Мінск (3 ліпеня), значную частку Літвы і яе сталіцу Вільнюс (13 ліпеня), усходнія раёны Польшчы і вышлі на рэкі Нараў, Вісла і да меж Усходняй Прусіі.
Аперацыя была праведзена ў два этапы. Першы этап прайшоў з 23 чэрвеня па 4 ліпеня і ўключыў у сябе наступныя франтавыя наступальныя аперацыі:
- Віцебска-Аршанская аперацыя
- Магілёўская аперацыя
- Бабруйская аперацыя
- Полацкая аперацыя
- Мінская аперацыя
Другі этап прайшоў з 5 ліпеня па 29 жніўня і ўключыў наступныя аперацыі:
- Вільнюская аперацыя
- Шаўляйская аперацыя
- Беластоцкая аперацыя
- Люблін-Брэсцкая аперацыя
- Каўнаская аперацыя
- Асавецкая аперацыя
Дзеянні партызан
правіцьНаступленню папярэднічала беспрэцэдэнтная па маштабе акцыя партызан. У Беларусі дзейнічалі шматлікія партызанскія фарміраванні. Па дадзеных Беларускага штаба партызанскага руху, за лета 1944 з войскамі Чырвонай арміі злучылася 194 708 партызан[17]. Савецкае камандаванне паспяхова ўвязвала дзеянні партызанскіх атрадаў з вайсковымі аперацыямі. Мэтай партызан у аперацыі «Баграціён» было, спачатку, вывядзенне са строю непрыяцельскіх камунікацый, пазней — перашкаджэнне адыходу разбітых падраздзяленняў вермахта. Масіраваныя дзеянні па разгрому нямецкага тылу былі пачаты ў ноч з 19 на 20 чэрвеня. Эйке Мідэльдорф адзначыў[18]:
На цэнтральным участку Усходняга фронту рускімі партызанамі было зроблена 10 500 выбухаў. У выніку гэтага перакідка нямецкіх аператыўных рэзерваў была затрымана на некалькі дзён. |
У планы партызан ўваходзіла здзяйсненне 40 тысяч розных падрываў, гэта значыць фактычна ўдалося ажыццявіць толькі чвэрць задуманага, аднак і здзейсненага хапіла, каб выклікаць кароткачасовы параліч тылу групы армій «Цэнтр»[19][20]. Начальнік тылавых паведамленняў групы войскаў палкоўнік Г. Тэске канстатаваў[21]:
У ноч перад агульным наступленнем рускіх на ўчастку групы армій «Цэнтр», у канцы чэрвеня 1944 года, магутны адцягваючы партызанскі налёт на ўсе важныя дарогі на некалькі дзён пазбавіў нямецкія войскі усякага кіравання. За адну гэтую ноч партызаны ўстанавілі каля 10.5 тыс. мін і зарадаў, з якіх удалося выявіць і абясшкодзіць толькі 3,5 тыс. Зносіны па многіх шашэйных дарогах з-за налётаў партызан маглі ажыццяўляцца толькі днём і толькі ў суправаджэнні збройнага канвою. |
Асноўным аб’ектам прыкладання сіл партызан сталі чыгункі і масты. Апроч іх, былі выведзены са строю лініі сувязі. Усе гэтыя дзеянні сур’ёзна палегчылі наступленне войскаў на фронце.
Віцебска-Аршанская аперацыя
правіцьКалі «Беларускі балкон» у цэлым выдаваўся на ўсход, то раён горада Віцебск быў «выступам на выступе», выдаючыся яшчэ далей з паўночнай часткі «балкона». Горад быў абвешчаны «крэпасцю», аналагічны статус мела Орша, якая знаходзіцца на поўдні. На гэтым участку абаранялася 3-я танкавая армія пад кіраўніцтвам генерала Г. Х. Рэйнгарта (назвай не варта падманвацца, у складзе 3-й танкавай арміі не было танкавых частак). Непасрэдна раён Віцебска абараняў яе 53-й армейскі корпус пад камандаваннем генерала Ф. Гольвітцэра . Оршу абараняў 17-й армейскі корпус 4-й палявой арміі.
Аперацыю праводзілі два франты. 1-ы Прыбалтыйскі фронт пад камандаваннем генерала арміі І. Х. Баграмяна дзейнічаў на паўночным флангу будучай аперацыі. Яго задача заключалася ў тым, каб акружыць Віцебск з захаду і развіваць наступленне далей на паўднёвы захад да Лепеля. 3-ці Беларускі фронт пад камандаваннем генерал-палкоўніка І. Д. Чарняхоўскага дзейнічаў на поўдні. Задача гэтага фронту заключалася ў тым, каб па-першае, стварыць паўднёвую «клюшню» акружэння вакол Віцебска, па-другое, самастойна ахапіць і ўзяць Оршу. У выніку фронт павінен быў выйсці ў раён горада Барысава (на поўдзень ад Лепеля, на паўднёвы захад ад Віцебска). Для дзеянняў у глыбіні 3-ці Беларускі фронт змяшчаў конна-механізаваную групу (механізаваны корпус, кавалерыйскі корпус) генерала М. С. Аслікоўскага і 5-ю гвардзейскую танкавую армію П. А. Ротмістрава.
Для каардынацыі намаганняў дзвюх франтоў была створана спецыяльная аператыўная група Генштаба на чале з маршалам А. М. Васілеўскім.
Наступленне пачалося з разведкі боем раніцай 22 чэрвеня 1944. У ходзе гэтай разведкі ўдалося ў многіх месцах уклініцца ў нямецкую абарону і захапіць першыя траншэі. На наступны дзень быў нанесены асноўны ўдар. Галоўную ролю адыгрывалі 43-я армія, якая ахоплівала Віцебск з захаду, і 39-я армія пад камандаваннем І. І. Люднікава, якая акружала горад з поўдня. 39-я армія практычна не мела агульнай перавагі ў людзях у сваёй паласе, але канцэнтрацыя войск на ўчастку прарыву дазволіла стварыць значную лакальную перавагу. Фронт быў хутка прарваны і на захад, і на поўдзень ад Віцебска. 6-й армейскі корпус, які абараняўся на поўдні ад Віцебска, быў рассечаны на некалькі частак і страціў кіраванне. На працягу некалькіх дзён камандзір корпуса і ўсе камандзіры дывізій былі забіты[13]. Пакінутыя часткі корпуса, страціўшы кіраванне і сувязь адна з адною, дробнымі групамі прабіраліся на захад[22]. Чыгунка Віцебск-Орша была перарэзана. 24 чэрвеня 1-ы Прыбалтыйскі фронт выйшаў да Заходняй Дзвіны. Контратака частак групы армій «Поўнач» з заходняга фланга правалілася. У Бешанковічах была акружана «корпусная група D». У прарыў на поўдзень ад Віцебска была ўведзена конна-механізаваная група Н. С. Аслікоўскага, якая пачала хутка прасоўвацца на паўднёвы захад.
Імкненне савецкіх войск акружыць 53-і армейскі корпус было відавочным, камандуючы 3-й танкавай арміяй Г. Х. Рэйнгарт звярнуўся да вышэйшага начальства па санкцыю на адвод частак Ф. Гольвітцэра. Раніцай 24 чэрвеня ў Мінск прыляцеў начальнік Генеральнага штаба К. Цэйцтлер. Ён азнаёміўся са становішчам, але дазволу на адыход не даў, не маючы на тое паўнамоцтваў. А. Гітлер першапачаткова забараніў адыход корпуса. Аднак пасля таго, як Віцебск апынуўся ў поўным акружэнні, 25 чэрвеня ён ухваліў прарыў, загадаўшы, аднак, пакінуць адну 206-ю пяхотную дывізію ў горадзе[13]. Яшчэ да гэтага Ф. Гольвітцэр вывеў 4-ю авіяпалявую дывізію трохі на захад для падрыхтоўкі прарыву[19]. Гэтая мера, аднак, запазнілася.
25 чэрвеня ў раёне Гнездзіловічаў (на паўднёвы захад ад Віцебска) 43-я і 39-я армія злучыліся. У раёне Віцебска (заходняя частка горада і паўднёва-заходнія наваколлі) быў акружаны 53-ы армейскі корпус Ф. Гольвітцэра і некаторыя іншыя часткі. У «кацёл» патрапілі 197-я, 206-я і 246-я пяхотныя, а таксама 6-я авіяпалявая дывізія і частка 4-й авіяпалявой дывізіі. Іншая частка 4-й авіяпалявой была акружана на захадзе, у Астроўне[23].
На аршанскім напрамку наступленне развівалася досыць павольна. Адной з прычын адсутнасці эфектнага поспеху быў той факт, што пад Оршай размяшчалася самая моцная з нямецкіх пяхотных дывізій — 78-я штурмавая. Яна была ўкамплектавана значна лепш за іншыя і, у дадатак, мела падтрымку амаль пяцідзесяці самаходных гармат. Таксама ў гэтым раёне знаходзіліся часткі 14-й матарызаванай дывізіі[19][23]. Аднак 25 чэрвеня 3-ці Беларускі фронт ўвёў у прарыў 5-ю гвардзейскую танкавую армію пад камандаваннем П. А. Ротмістрава. Яна перарэзала чыгунку Орша — Талачын, вымусіўшы немцаў да адыходу з горада або гібелі ў «катле». У выніку да раніцы 27 чэрвеня Орша была вызвалена. 5-я гвардзейская танкавая армія прасоўвалася на паўднёвы захад, да Барысава[24].
Раніцай 27 чэрвеня Віцебск быў цалкам ачышчаны ад акружанай нямецкай групоўкі, якая напярэдадні бесперапынна падвяргалася паветраным і артылерыйскім ударам. Немцы пачалі актыўныя спробы прарыву з акружэння. На працягу дня 26 чэрвеня было зафіксавана 22 спробы прабіць кальцо знутры[24]. Адна з гэтых спроб аказалася паспяховай, але вузкі калідор быў закрыты праз некалькі гадзін. Прарвалася была група колькасцю прыкладна ў 5 тысяч чалавек, але яе зноў акружылі вакол возера Мошна. Раніцай 27 чэрвеня генерал пяхоты Ф. Гольвітцэр з рэшткамі свайго корпуса капітуляваў. У палон трапілі сам Ф. Гольвітцэр, начальнік штаба корпуса палкоўнік Шміт, камандзір 206-й пяхотнай дывізіі генерал-лейтэнант Хітэр (у Бухнера памылкова лічыцца забітым), камандзір 246-й пяхотнай дывізіі генерал-маёр Мюлер-Бюлоў і іншыя.
Адначасова былі знішчаны малыя катлы каля Астроўна і Бешанковічаў. Апошнюю буйную групу акружэнцаў узначаліў камандзір 4-й авіяпалявой дывізіі генерал Р. Пісторыус . Гэтая група, спрабуючы выйсці праз лясы на захад ці паўднёвы захад, чэрвеня 27 натыкнулася на 33-ю зенітную дывізію, якая ішла маршавымі калонамі і была рассеяна[11]. Р. Пісторыус загінуў у баю.
Сілы 1-га Прыбалтыйскага і 3-га Беларускага фронту пачалі развіваць поспех у паўднёва-заходнім і заходнім кірунку. К канцу 28 чэрвеня яны вызвалілі Лепель і выйшлі да раёна Барысава. Нямецкія часткі падвяргаліся бесперапынным і самым жорсткім паветраным ударам. Процідзеянне люфтвафэ было нязначным[24]. Шаша Віцебск — Лепель, па словах І. Х. Баграмяна, была літаральна завалена загінулымі і разбітай тэхнікай[25].
У выніку Віцебска-Аршанскай аперацыі быў практычна цалкам знішчаны 53-й армейскі корпус. Па дадзеных У. Хаупта, са складу корпуса да нямецкіх частак прарвалася дзвесце чалавек, амаль усе — параненыя[22]. Таксама былі разгромлены часткі 6-га армейскага корпуса і корпусная група D. Былі вызвалены Віцебск і Орша. Страты вермахта, па савецкіх заяўках, пераўзыходзілі 40 тысяч загінуўшымі і 17 тысяч палоннымі (найбольшыя вынікі паказала 39-я армія, знішчаючы асноўны «кацёл»). Паўночны фланг групы армій «Цэнтр» аказаўся змецены, і, такім чынам, быў зроблены першы крок да поўнага акружэння ўсёй групы.
Магілёўская аперацыя
правіцьУ рамках бітвы ў Беларусі магілёўскі кірунак быў дапаможным. Па словах Г. К. Жукава, які каардынаваў аперацыю 1-га і 2-га Беларускіх франтоў, хуткае выштурхоўванне нямецкай 4-й арміі з «катла», які стваралі ўдарамі праз Віцебск і Бабруйск на Мінск, было пазбаўлена сэнсу[26]. Тым не менш, для паскарэння калапсу нямецкіх сіл і хутчэйшага прасоўвання наступленне было арганізавана.
23 чэрвеня пасля эфектыўнай артылерыйскай падрыхтоўкі[11] 2-гі Беларускі фронт пачаў фарсіраванне ракі Проні, па якой праходзіў нямецкі абарончы рубеж. Паколькі праціўнік быў практычна цалкам падаўлены артылерыяй, сапёры на працягу кароткага часу навялі 78 лёгкіх мастоў для пяхоты і чатыры 60-тонныя масты для цяжкай тэхнікі. Праз некалькі гадзін бою, па сведчаннях палонных, колькасць многіх нямецкіх рот упала з 80 — 100 да 15 — 20 чалавек[11]. Аднак часткі 4-й арміі здолелі адступіць на другі рубеж па рацэ Басі арганізавана. Да 25 чэрвеня 2-гі Беларускі фронт захапіў зусім няшмат палонных і транспартных сродкаў, гэта значыць яшчэ не выйшаў на тылавыя камунікацыі праціўніка[11]. Тым не менш, армія вермахта паступова адыходзіла на захад. Савецкія войскі фарсіравалі Дняпро на поўнач і поўдзень ад Магілёва, 27 чэрвеня горад быў акружаны і на наступны дзень узяты прыступам. У горадзе было захоплена каля дзвюх тысяч палонных, у тым ліку камандзір 12-й пяхотнай дывізіі Р. Бамлер і камендант Магілёва Г. Г. фон Эрмансдорф, які пазней быў прызнаны вінаватым у здзяйсненні шматлікіх цяжкіх злачынстваў і павешаны.
Паступова адыход 4-й арміі губляў арганізаванасць. Сувязь частак з камандаваннем і адна з адною была парушана, часткі змешваліся, падвяргаліся частым авіяналётам, якія прыносілі цяжкія страты. 27 чэрвеня камандуючы 4-й арміяй К. фон Тыпельскірх аддаў загад па радыё на агульны адыход да Барысава і Бярэзіны. Аднак многія групы гэты загад нават не атрымалі, і не ўсе змаглі выканаць[22].
Да 29 чэрвеня 2-і Беларускі фронт заявіў аб знішчэнні ці захопе ў палон 33 тысяч салдат праціўніка. Трафеямі лічыліся, сярод іншага, 20 танкаў, як мяркуецца, са складу матарызаванай дывізіі «Фельдхернхале», якая дзейнічала ў гэтым раёне.
Бабруйская аперацыя
правіцьБабруйская аперацыя павінна была стварыць паўднёвую «клюшню» вялізнага акружэння, задуманага Стаўкай Вярхоўнага Галоўнакамандавання. Гэтую акцыю цалкам праводзіў найбольш магутны і шматлікі з франтоў, якія ўдзельнічалі ў аперацыі «Баграціён» — 1-ы Беларускі фронт пад камандаваннем К. К. Ракасоўскага. Першапачаткова ў наступе прыняў удзел толькі правы фланг фронту[27]. Яму процістаяла 9-я палявая армія генерала Х. Ёрдана. Як і пад Віцебскам, задача на знішчэнне флангу групы армій «Цэнтр» вырашалася за кошт стварэння лакальнага «катла» вакол Бабруйска. План К. К. Ракасоўскага ў цэлым прадстаўляў класічныя «каны»: з паўднёвага ўсходу на паўночны захад, паступова заварочваючы да поўначы, наступала 65-я армія (ўзмоцненая 1-м Данскім танкавым корпусам), з усходу на захад наступала 3-я армія, якая мела ў сваім складзе 9-ы танкавы корпус. Для хуткага прарыву на Слуцк выкарыстоўвалася 28-я армія з конна-механізаванай групай І. А. Пліева. Лінія фронту ў раёне аперацыі рабіла залом на захад каля Жлобіна, а Бабруйск быў, сярод іншых гарадоў, абвешчаны А. Гітлерам «крэпасцю», так што праціўнік у пэўнай ступені сам спрыяў рэалізацыі савецкіх планаў.
Наступленне пад Бабруйскам пачалося на поўдні 24 чэрвеня, г. зн. некалькі пазней, чым на поўначы і ў цэнтры. Дрэннае надвор’е спачатку сур’ёзна абмежавала дзеянні авіяцыі. Акрамя таго, умовы мясцовасці ў паласе наступлення былі вельмі складанымі: трэба было пераадольваць вельмі вялікае, паўкіламетровай шырыні, багністае балота. Аднак савецкія войскі гэта не спыніла, больш таго, адпаведны напрамак быў абраны наўмысна. У раёне Парычаў, дзе праходнасць была добраю, нямецкая абарона была досыць шчыльнай, таму камандуючы 65-й арміяй П. І. Батаў прыняў рашэнне наступаць некалькі на паўднёвы-захад, праз балота, якое ахоўвалася параўнальна слаба. Дрыгву пераадольвалі па гацях[28]. П. І. Батаў адзначаў[28]:
Нямецкія генералы паверылі ва ўмоўны тапаграфічны знак «непраходнае балота» (заштрыхаваны) і паддаліся думцы, быццам мы ніяк тут, па балотнай дрыгве, наступаць не зможам. |
У першы дзень 65-я армія прарвала абарону зусім разгубленага такім манеўрам праціўніка на глыбіню 10 км, у прарыў быў уведзены танкавы корпус. Аналагічнага поспеху дабіўся яе левафлангавы сусед — 28-я армія пад камандаваннем генерал-лейтэнанта А. А. Лучынскага.
3-я армія А. В. Гарбатава, насупраць, сустрэла ўпартае супраціленне. Х. Ёрдан выкарыстаў супраць яе свой асноўны рухомы рэзерв, 20-ю танкавую дывізію. Гэта сур’ёзна замарудзіла прасоўванне. 48-я армія пад камандаваннем П. Л. Раманенкі, якая наступала злева ад 28-й арміі, таксама затрымалася з прычыны вельмі складанай мясцовасці. У другой палове дня палепшылася надвор’е, што дазволіла актыўна выкарыстоўваць авіяцыю: самалётамі было праведзена 2465 вылетаў[29], аднак прасоўванне па-ранейшаму заставалася нязначным[27].
На наступны дзень на паўднёвым флангу была ўведзена ў прарыў конна-механізаваная група І. А. Пліева. Кантраст паміж імклівым надыходам П. І. Батава і павольным прагрызаннем абароны А. В. Гарбатава і П. Л. Раманенкі быў прыкметны не толькі савецкаму, але і нямецкаму камандаванню. Х. Ёрдан перанакіраваў ў паўднёвы сектар 20-ю танкавую дывізію, якая, аднак, уступіўшы ў бой „з колаў“, не змагла ліквідаваць прарыў, пазбавілася паловы бронетэхнікі і была вымушана адступіць на поўдзень [30].
У выніку адступлення 20-й танкавай дывізіі і ўвядзення ў бой 9-га танкавага корпуса паўночная „клюшня“ здолела глыбока рушыць наперад. 27 чэрвеня былі перахоплены дарогі з Бабруйска на поўнач і захад. Асноўныя сілы нямецкай 9-й арміі апынуліся ў акружэнні дыяметрам прыкладна ў 25 км[30].
Х. Ёрдан быў адхілены ад камандавання 9-й арміяй, замест яго быў прызначаны генерал танкавых войскаў Н. фон Форман. Аднак кадравыя перастаноўкі ўжо не маглі паўплываць на становішча акружаных нямецкіх частак. Сіл, здольных арганізаваць паўнавартасны дэблакіруючы ўдар звонку, не было. Спроба рэзервовай 12-й танкавай дывізіі прасекчы „калідор“ правалілася. Таму акружаныя нямецкія часткі пачалі самастойна прадпрымаць энергічныя спробы прарвацца. 35-й армейскі корпус пад камандаваннем фон Лютцава, які знаходзіцца на ўсход ад Бабруйска, пачаў рыхтавацца да прарыву на поўнач для злучэння з 4-й арміяй[31]. Вечарам 27 чэрвеня корпус, знішчыўшы ўсе ўзбраенне і маёмасць, якое нельга было ўзяць, здзейсніў спробу прарыву. Гэтая спроба ў цэлым правалілася, хоць некаторым групам удалося прайсці паміж савецкімі часткамі. 27 чэрвеня сувязь з 35-м корпусам перапынілася. Апошняй арганізаванай сілай у акружэнні заставаўся 41-ы танкавы корпус генерала Гофмайстэра. Групы і асобныя салдаты, якія страцілі кіраванне, збіраліся ў Бабруйску, для чаго перапраўляліся цераз Бярэзіну на заходні бераг, — іх бесперапынна бамбіла авіяцыя[22]. У горадзе панаваў хаос. Камандзір 134-й пяхотнай дывізіі генерал Філіп ад адчаю застрэліўся[32].
27 чэрвеня пачаўся штурм Бабруйска. Вечарам 28-га рэшткі гарнізона пачалі апошнюю спробу прарыву, пры гэтым 3500 параненых былі пакінуты ў горадзе[30]. Атаку ўзначалілі ўцалелыя танкі 20-й танкавай дывізіі. Ім удалося прарваць тонкі заслон савецкай пяхоты на поўнач ад горада, аднак адыход працягваўся пад ударамі авіяцыі, прычыняючы найцяжэйшыя страты. Да раніцы 29 чэрвеня Бабруйск быў ачышчаны. Каля 14 тысяч салдат і афіцэраў вермахта змаглі дабрацца да пазіцый нямецкіх войск — большую іх частку сустрэла 12-я танкавая дывізія[33]. 74 тысячы салдат і афіцэраў загінулі або апынуліся ў палоне[22]. У ліку палонных апынуўся камендант Бабруйска генерал-маёр Хаман.
Бабруйская аперацыя завяршылася паспяхова. Знішчэнне двух карпусоў, 35-га армейскага і 41-га танкавага, паланенне абодвух іх камандзіраў і вызваленне Бабруйска заняло менш за тыдзень. У рамках аперацыі „Баграціён“ разгром нямецкай 9-й арміі азначаў, што абодва флангі групы армій „Цэнтр“ засталіся аголенымі, а дарога на Мінск адкрыта з паўночнага ўсходу і паўднёвага ўсходу.
Полацкая аперацыя
правіцьПасля падзення фронту 3-я танкавай арміі пад Віцебскам, 1-ы Прыбалтыйскі фронт прыступіў да развіцця поспеху па двух напрамках: на паўночны захад, супраць групоўкі немцаў пад Полацкам, і на захад, у напрамку на Глыбокае.
Полацк непакоіў савецкае камандаванне, бо гэтая чарговая „крэпасць“ зараз навісала над флангам 1-га Прыбалтыйскага фронту. І. Х. Баграмян неадкладна прыступіў да ліквідацыі гэтай праблемы: паміж Віцебска-Аршанскай і Полацкай аперацыямі не было паўзы. У адрозненне ад большай часткі бітваў аперацыі „Баграціён“, пад Полацкам асноўным праціўнікам Чырвонай арміі была, акрамя рэштак 3-яй танкавай арміі, група армій «Поўнач» у асобе 16-й палявой арміі пад камандаваннем генерала Х. Хансена. З боку праціўніка ў якасці рэзерваў былі задзейнічаны толькі дзве пяхотныя дывізіі[11].
29 чэрвеня рушыў услед удар на Полацк. 6-я гвардзейская і 43-я арміі абходзілі горад з поўдня (6-я гв. армія — яшчэ і абходзіла Полацк з захаду), 4-я ўдарная армія — з поўначы. 1-ы танкавы корпус авалодаў г. Ушачы на поўдзень ад Полацка і прасунуўся далёка на захад. Корпус раптоўнай атакай захапіў плацдарм на заходнім беразе Дзвіны[25]. Контрудар, запланаваны 16-й арміяй, проста не адбыўся.
Значную дапамогу надыходзячым аказвалі партызаны, якія перахоплівалі дробныя групы тых, хто адыходзілі, а часам атакавалі нават буйныя вайсковыя калоны[25].
Аднак гарнізон Полацка не быў разгромлены ў катле. Камандуючы абаронай горада Карл Хільперт самавольна пакінуў „крэпасць“ не чакаючы, пакуль шляхі адыходу будуць перарэзаны. Полацк быў вызвалены 4 ліпеня. Няўдача ў гэтай бітве каштавала пасады Георгу Ліндэману, камандуючаму групы армій „Поўнач“»[34]. Трэба адзначыць, што нягледзячы на адсутнасць «катлоў», лік палонных быў значным для аперацыі, якая доўжылася ўсяго шэсць дзён. 1-ы Прыбалтыйскі фронт заявіў аб захопе 7000 салдат і афіцэраў праціўніка[11].
Хоць Полацкая аперацыя не ўвянчалася разгромам, падобным да віцебскага, яна прынесла значныя вынікі. Праціўнік пазбавіўся апорнага пункта і чыгуначнага вузла, была ліквідавана флангавага пагроза 1-му Прыбалтыйскага фронту, пазіцыі групы армій «Поўнач» былі абыдзены з поўдня і апынуліся пад пагрозай удару ў фланг.
Пасля ўзяцця Полацка адбыліся арганізацыйныя перастаноўкі пад новыя задачы. 4-я ўдарная армія была перададзена 2-му Прыбалтыйскага фронту, з другога боку, 1-ы Прыбалтыйскі фронт атрымаў 39-ю армію ад Чарняхоўскага, а таксама дзве арміі з рэзерву. Паласа фронту ссунулася на 60 км на поўдзень. Усе гэтыя меры былі звязаны з неабходнасцю палепшыць кіравальнасць войскаў і ўзмацніць іх перад будучымі аперацыямі ў Прыбалтыцы[25].
Мінская аперацыя
правіць28 чэрвеня фельдмаршал Э. Буш быў звольнены ад камандавання групай армій «Цэнтр», яго месца заняў фельдмаршал В. Модэль, які быў прызнаным спецыялістам па абарончых аперацыях[35]. У Беларусь было накіравана некалькі свежых злучэнняў, у прыватнасці, 4-я, 5-я і 12-я танкавыя дывізіі.
Адступленне 4-й арміі за Бярэзіну
правіцьПасля крушэння паўночнага і паўднёвага флангаў пад Віцебскам і Бабруйскам, нямецкая 4-я армія апынулася заціснутая ў «прамавугольніку». Усходнюю «сцяну» гэтага прамавугольніка стварала рака Друць, заходнюю — Бярэзіна, паўночную і паўднёвую — савецкія войскі. На захадзе знаходзіўся Мінск, на які былі нацэлены асноўныя савецкія ўдары. Флангі 4-й арміі фактычна не былі прыкрыты. Акружэнне выглядала немінучым. Таму камандуючы арміяй генерал К. фон Тыпельскірх аддаў загад аб агульным адступленні цераз Бярэзіну да Мінска. Адзіным шляхам для гэтага заставалася грунтавая дарога ад Магілёва праз Беразіно[36]. Сабраныя на дарозе войскі і тылавыя ўстановы спрабавалі па адзінаму мосту перабрацца на заходні бераг Бярэзіны пад пастаяннымі знішчальнымі ўдарамі штурмавікоў і бамбавікоў. Ваенная паліцыя самаўхілілася ад рэгулявання пераправы. Акрамя таго, войскі падвяргаліся нападам партызан[36]. Дадаткова сітуацыя ўскладнялася тым, што да тых, хто адыходзіў, далучаліся шматлікія групы салдат з частак, разбітых на іншых участках, нават з-пад Віцебска[37]. Па гэтых прычынах пераход цераз Бярэзіну ішоў павольна і суправаджаўся вялікімі стратамі. Трэба адзначыць, што націск з боку 2-га Беларускага фронту, які знаходзіўся прама перад фронтам 4-й арміі, быў нязначны, бо ў планы Стаўкі Вярхоўнага Галоўнакамандавання не ўваходзіла выгнанне праціўніка з пасткі[37].
Бітва на поўдзень ад Мінска
правіцьПасля паражэння двух карпусоў 9-й арміі, К. К. Ракасоўскі атрымаў новыя задачы. 3-ці Беларускі фронт наступаў па двух напрамках, на паўднёвы захад да Мінска, і захад, на Вілейку. 1-ы Беларускі фронт атрымаў сіметрычную задачу. 65-я і 28-я арміі і конна-механізаваная група І. А. Пліева, якія дабіліся ўражлівых вынікаў у Бабруйскай аперацыі, паварочвалі строга на захад, на Слуцк і Нясвіж. 3-я армія А. В. Гарбатава наступала на паўночны захад, да Мінска. 48-я армія П. Л. Раманенкі станавілася перамычкай паміж гэтымі ўдарнымі групамі.
У наступленні фронту лідзіравалі рухомыя злучэнні — танкавыя, механізаваныя часткі і конна-механізаваныя групы. Конна-механізаваная група І. А. Пліева хутка прасоўваючыся да Слуцка, выйшла да горада вечарам 29 чэрвеня. Праціўнік перад 1-м Беларускім фронтам быў пераважна разгромлены, таму супраціленне было слабым. Выключэннем стаў сам горад Слуцк: яго абаранялі часткі 35-й і 102-й дывізій, якія мелі сур’ёзныя страты. Савецкімі войскамі гарнізон Слуцка ацэньваўся прыблізна ў два палкі[11].
Сутыкнуўшыся з арганізаваным супраціўленнем у Слуцку, генерал І. А. Пліеў арганізаваў штурм з трох бакоў адначасова. Флангавы ахоп прынёс поспех: 30 чэрвеня да 11 гадзін раніцы Слуцк быў ачышчаны конна-механізаванай групай пры падтрымцы пяхоты, якая абышла горад[38].
Конна-механізаваная група І. А. Пліева ўжо к 2 ліпеня авалодала Нясвіжам, перарэзаўшы мінскай групоўцы шляхі адыходу на паўднёвы ўсход. Наступленне развівалася хутка, супраціляліся толькі дробныя разрозненыя групы салдат[11]. 2 ліпеня рэшткі 12-й танкавай дывізіі немцаў былі адкінуты ад Пухавіч. Да 2 ліпеня танкавыя карпусы фронту К. К. Ракасоўскага падышлі да Мінска.
Барацьба за Мінск
правіцьНа гэтым этапе на фронт пачалі прыбываць нямецкія рухомыя рэзервы, адабраныя галоўным чынам з вайсковай групоўкі ва Украіне. Першай 26-28 чэрвеня на паўночны ўсход ад Мінска, у раён Барысава, прыбыла 5-я танкавая дывізія пад камандаваннем генерала К. Дэкера. Яна была сур’ёзнай пагрозай, улічваючы, што на працягу некалькіх месяцаў амаль не ўдзельнічала ў баявых дзеяннях і была ўкамплектавана практычна да штатнай колькасці (у тым ліку вясной супрацьтанкавы дывізіён быў пераўзброены 21 знішчальнікамі танкаў Jagdpanzer IV/48, а ў чэрвені прыбыў укамплектаваны па штаце батальён з 76 «пантэр»), а па прыбыцці ў раён Барысава была ўзмоцнена 505-м цяжкім батальёнам (45 танкаў «тыгр»). Слабым месцам немцаў у гэтым раёне была пяхота: гэта былі альбо ахоўныя, альбо значна пацярпелыя пяхотныя дывізіі.
28 чэрвеня 5-я гвардзейская танкавая армія, конна-механізаваная група Н. С. Аслікоўскага і 2-гі гвардзейскі танкавы корпус прыйшлі ў рух з мэтай фарсіраваць Бярэзіну і прасоўвацца на Мінск. 5-я танкавая армія, якая ішла ў сярэдзіне баявога парадку, на Бярэзіне сутыкнулася з групай генерала Д. фон Заукена (асноўныя сілы 5-й танкавай дывізіі і 505-ы цяжкі танкавы батальён). Задачай групы Д. фон Заукена было ўтрымліваць мяжу Бярэзіны, каб прыкрыць адступленне 4-й арміі[19]. 29 і 30 чэрвеня паміж гэтай групай і двума карпусамі 5-й гвардзейскай танкавай арміі ішлі надзвычай жорсткія баі. 5-я гвардзейская танкавая армія прасоўвалася з вялікай цяжкасцю і цяжкімі стратамі, аднак за гэты час конна-механізаваная група Н. С. Аслікоўскага, 2-гі гвардзейскі танкавы корпус і стралкі 11-й гвардзейскай арміі фарсіравалі Бярэзіну, зламаўшы слабае супраціленне паліцэйскіх падраздзяленняў, і пачалі ахопліваць нямецкую дывізію з поўначы і поўдня. 5-я танкавая дывізія пад ціскам з усіх бакоў была вымушана адступіць з цяжкімі стратамі пасля непрацяглых, але лютых вулічных баёў у самім Барысаве[39]. Пасля калапсу абароны у Барысаве, конна-механізаваная група Н. С. Аслікоўскага была нацэлена на Маладзечна (на паўночны захад ад Мінска), а 5-я гвардзейская танкавая армія і 2-гі гвардзейскі танкавы корпус — на Мінск. Правафлангавая 5-я агульнавайсковая армія ў гэты час рухалася на поўнач ад заходняга напрамку, на Вілейку, а левафлангавая 31-я армія ішла за 2-м гвардзейскім танкавым корпусам. Такім чынам, вялося паралельнае праследаванне: савецкія рухомыя злучэнні абганялі калоны навакольнай групоўкі. Быў зламаны апошні рубеж на шляху да Мінска. Вермахт панёс сур’ёзныя страты, прычым доля палонных была значнай. Заяўкі 3-га Беларускага фронту ўключалі больш за 22 тысяч забітых і больш за 13 тысяч палонных нямецкіх салдат[40]. Разам з вялікай колькасцю знішчанага і захопленага транспарту (амаль 5 тысяч аўтамабіляў, згодна з той жа зводкай) можна зрабіць выснову, што цяжкім ударам падвергліся тылавыя службы групы армій «Цэнтр».
На паўночны захад ад Мінска 5-я танкавая дывізія дала яшчэ адзін сур’ёзны бой 5-й гв. танкавай арміі. 1-2 ліпеня прайшла цяжкая манёўравая бітва. Нямецкія танкісты заявілі аб знішчэнні 295 савецкіх баявых машын[19]. Хоць да такіх заявак варта ставіцца з асцярогай, не падлягае сумненням, што страты 5-й гв. танкавай арміі былі цяжкія. Аднак у гэтых баях 5-я тд скарацілася да 18 танкаў, былі таксама страчаны ўсе «тыгры» 505-га цяжкага батальёна[19]. Фактычна, дывізія страціла магчымасць уплываць на аператыўнае становішча, тады як ўдарны патэнцыял савецкіх бронетанкавых частак зусім не быў вычарпаны.
3 ліпеня 2-гі гв. танкавы корпус падышоў да ўскраін Мінска і, здзейсніўшы абыходны манеўр, уварваўся ў горад з паўночнага захаду. У гэты момант да горада з поўдня падышоў перадавы атрад фронту Ракасоўскага, з поўначы наступала 5-я гв. танкавая армія, а з усходу — перадавыя атрады 31-й агульнавайсковай арміі. Супраць гэтак шматлікіх і магутных фарміраванняў у Мінску было толькі каля 1800 чалавек рэгулярных войск. Трэба адзначыць, што немцам удалося 1-2 ліпеня эвакуіраваць больш за 20 тысяч параненых і тылавікоў[41]. Аднак у горадзе яшчэ заставаліся досыць шматлікія ваенныя, якія адсталі (пераважна бяззбройныя). Абарона Мінска была вельмі кароткай: ужо к 13:00 сталіца Беларусі была вызвалена[40]. Гэта азначала, што рэшткі 4-й арміі і часткі, якія далучыліся да яе, больш за 100 тысяч чалавек, былі асуджаны на палон або знішчэнне ў Мінскім «катле». Мінск трапіў у рукі савецкіх войскаў моцна разбураным у ходзе баёў яшчэ лета 1941-га года, акрамя таго, адыходзячы, часткі вермахта прычынілі дадатковыя разбурэнні гораду. Маршал Васілеўскі канстатаваў: «5 ліпеня я наведаў Мінск. Уражанне ў мяне засталося вельмі цяжкае. Горад быў моцна разбураны фашыстамі. З буйных будынкаў вораг не паспеў падарваць толькі дом беларускага ўрада, новы будынак ЦК КПБ, радыёзавод і Дом Чырвонай Арміі. Электрастанцыя, чыгуначны вакзал, большасць прамысловых прадпрыемстваў і ўстаноў ўзарваны»[42]
Калапс 4-й арміі
правіцьАкружаная нямецкая групоўка прадпрымала адчайныя спробы вырвацца на захад. Немцы рабілі нават спробы нападаў з халоднай зброяй[41]. Кіраванне арміі ўратавалася ўцёкамі на захад, таму фактычнае камандаванне рэшткамі 4-й палявой арміі ажыццяўляў замест К. фон Тыпельскірха камандзір 12-га армейскага корпуса В. Мюлер[37].
Мінскі «кацёл» прастрэльваўся наскрозь артылерыйскім агнём і авіяцыяй, боепрыпасы былі на зыходзе, забеспячэнне цалкам адсутнічала, таму спроба прарыву была прадпрынята без прамаруджвання. Для гэтага акружаныя разбіліся на дзве групы, адна на чале з самім В. Мюлерам, другой кіраваў камандзір 78-й штурмавой дывізіі генерал-лейтэнант Г. Траўт. 6 ліпеня атрад пад камандаваннем Г. Траўта колькасцю ў 3000 чалавек распачаў спробу прарвацца ў Смілавічах, але сутыкнуўся з часткамі 49-й арміі і пасля чатырохгадзіннага бою быў перабіты. У той жа дзень Г. Траўт распачаў другую спробу выбрацца з пасткі, аднак не даходзячы да перапраў цераз Свіслач каля Сінела, яго атрад быў разгромлены, а сам Г. Траўт трапіў у палон[40][41].
5 ліпеня з «катла» была адпраўлена апошняя радыёграма камандаванню групы войскаў. Яна абвяшчала[37]:
Скіньце з самалёта хоць бы карты мясцовасці, ці вы ўжо спісалі нас? |
На гэты адчайны заклік адказу не было. Знешні фронт акружэння хутка зрушваўся на захад, і калі ў момант замыкання кальца для прарыву было дастаткова прайсці 50 км, неўзабаве фронт праходзіў ужо ў 150 км ад катла[43]. Звонку да акружаных ніхто не прабіваўся. Кальцо сціскалася, супраціленне душылі масіраванымі абстрэламі і бамбардзіроўкамі. 8 ліпеня, калі немагчымасць прарыву стала відавочнаю, В. Мюлер прыняў рашэнне капітуляваць. З самага ранку ён выехаў, арыентуючыся на гукі артылерыйскага агню, у бок савецкіх войск, і здаўся ў палон часткам 121-га стралковага корпуса 50-й арміі. Ім неадкладна быў напісаны загад наступнага зместу[37]:
08/07/1944 года. Усім салдатам 4-й арміі, якія знаходзяцца ў раёне на ўсход ад ракі Пціч!
Наша становішча пасля шматдзённых цяжкіх баёў стала безнадзейным. Мы выканалі свой абавязак. Наша баяздольнасць практычна зведзена да нуля, і разлічваць на аднаўленне забеспячэння не прыходзіцца. Па паведамленні вярхоўнага камандавання вермахта, рускія войскі стаяць ужо пад Баранавічамі. Шлях па цячэнні ракі заблакіраваны, і прарваць кальцо сваімі сіламі мы не можам. У нас вялікая колькасць параненых і салдат, якія адбіліся ад сваіх частак Рускае камандаванне абяцае: Ад нас патрабуецца: сабраць і здаць у спраўным стане ўсю наяўную зброю і рыштунак. Пакладзем канец бессэнсоўнаму кровапраліццю! Загадваю: Неадкладна спыніць супраціўленне; сабрацца групамі па 100 чалавек і больш пад камандаваннем афіцэраў або старэйшых па званню унтэр-афіцэраў; сканцэнтраваць параненых у пунктах збору; дзейнічаць выразна, энергічна, праяўляючы таварыскую ўзаемадапамогу. Чым большую дысцыплінаванасць мы пакажам пры здачы, тым хутчэй будзем пастаўлены на забеспячэнне. Гэты загад належыць распаўсюджваць вусна і пісьмова ўсімі наяўнымі ў распараджэнні сродкамі. Мюлер, генерал-лейтэнант і камандуючы XII армейскім корпусам. |
Камандзіры Чырвонай арміі досыць самакрытычна ацэньвалі дзеянні па разгрому Мінскага «катла». Камандуючы 2-м Беларускім фронтам генерал Г. Ф. Захараў выказаў крайнюю незадаволенасць[43]:
Ліквідацыя акружаных разрозненых груп праціўніка ідзе абуральна павольна і неарганізавана. У выніку безыніцыятыўнай і нерашучай дзейнасці камандарма праціўнік ў пошуках выхаду кідаецца з боку ў бок, нападае на штабы карпусоў і армій, склады, на аўтакалоны, тым самым парушае бесперабойную працу тылу і кіраванне. |
Тым не менш, на працягу 8-9 ліпеня арганізаванае супраціўленне нямецкіх войскаў было зламана. Да 12 ліпеня працягвалася зачыстка: партызаны і рэгулярныя часткі прачэсвалі лясы, абясшкоджваючы дробныя групы акружэнцаў. Пасля гэтага баі на ўсход ад Мінска канчаткова спыніліся. Больш за 72 тысяч нямецкіх салдат загінулі, больш за 35 тысяч трапілі ў палон[40].
Другі этап аперацыі
правіцьНапярэдадні другога этапа аперацыі «Баграціён» савецкі бок спрабаваў максімальна выкарыстаць дасягнуты поспех, нямецкая — аднавіць фронт. На гэтым этапе наступаючым давялося змагацца з непрыяцельскімі рэзервамі, што прыбывалі. Таксама ў гэты час адбыліся новыя кадравыя перастаноўкі ў кіраўніцтве ўзброенымі сіламі Трэцяга рэйха. Начальнік генеральнага штаба сухапутных войскаў К. Цэйтцлер прапанаваў адвесці групу армій «Поўнач» на поўдзень, каб з яе дапамогай пабудаваць новы фронт[32]. Гэта прапанова была адхілена А. Гітлерам па палітычных меркаваннях (адносіны з Фінляндыяй), а таксама з-за пярэчанняў Флоцкага камандавання: сыход з Фінскага заліва пагаршаў зносіны з той жа Фінляндыяй і Швецыяй[16]. У выніку К. Цэйтцлер быў вымушаны пакінуць пасаду начальніка генеральнага штаба, і быў зменены Х. В. Гудэрыянам.
Фельдмаршал В. Модэль са свайго боку паспрабаваў узвесці абарончую лінію, якая ішла ад Вільнюса праз Ліду і Баранавічы[19] і запячатаць дзірку ў фронце шырынёй 400 км. Для гэтага ён меў адзіную армію групы «Цэнтр», якая не трапіла да гэтага часу пад удар — 2-ю, а таксама падмацаванні і рэшткі разбітых частак. У суме гэта былі відавочна недастатковыя сілы. В. Модэль атрымаў значную дапамогу з іншых участкаў фронту: да 16 ліпеня ў Беларусь было перакінута 46 дывізій[43][44]. Аднак гэтыя фарміраванні ўводзіліся ў бой паступова, часта «з колаў», і не маглі хутка змяніць ход бітвы.
Шаўляйская аперацыя
правіцьПасля вызвалення Полацка, 1-ы Прыбалтыйскі фронт І. Х. Баграмяна атрымаў задачу на наступленне ў кірунку на паўночны захад, да Дзвінска і на захад, да Каўнаса і Свянцянам. Агульны план заключаўся ў прарыве да Балтыкі і адсячэнні групы армій «Поўнач» ад іншых сіл вермахта[25]. Каб войскі фронту не расцягваліся па розных аперацыйных лініях, 4-я ўдарная армія была перададзена 2-му Беларускаму фронту. Узамен была перададзена 39-я армія ад 3-га Беларускага фронту. Фронту таксама былі перададзеныя рэзервы: у яго склад увайшлі 51-я армія генерал-лейтэнанта Я. Г. Крэйзер і 2-я гвардзейская армія генерал-лейтэнанта П. Г. Чанчібадзэ. Гэтыя перастаноўкі выклікалі невялікую паўзу, бо на 4 ліпеня толькі дзве з армій фронту мелі перад сабой праціўніка. Рэзервовыя арміі здзяйснялі марш да фронту, 39-я таксама знаходзілася на маршы пасля разгрому Віцебскага «катла». Таму да 15 ліпеня бітва ішла без удзелу армій Я. Г. Крэйзера і П. Г. Чанчібадзэ[11].
Чакаючы наступлення на Дзвінск, праціўнік перакінуў у гэты раён частку сіл групы армій «Поўнач». Савецкі бок ацэньваў сілы праціўніка пад Дзвінскам у пяць свежых дывізій, а таксама — брыгаду штурмавых гармат, ахоўныя, сапёрныя і штрафныя часткі. Такім чынам, перавагі ў сілах над праціўнікам савецкія войскі не мелі[11]. Акрамя таго, перабоі з забеспячэннем палівам вымусілі савецкую авіяцыю моцна знізіць актыўнасць. З-за гэтага наступленне, якое пачалося 5 ліпеня, к 7-му ліпеня забуксавала. Перанясенне напрамку ўдару дапамагло толькі трохі прасунуцца наперад, але не стварыла прарыву. 18 ліпеня аперацыя на Дзвінскім напрамку была прыпынена. Па сцвярджэнню І. Х. Баграмяна, ён быў гатоў да такога развіцця падзей[45]:
Для мяне, увогуле, не было нечаканым павольнае прасоўванне арміі Чысцякова. Тое, чаго я баяўся, пачалося: вораг спрабаваў арганізаваць удар у фланг галоўным сілам нашага фронту, а для гэтага пачаў уводзіць новыя войскі ў раёне Даўгаўпілса, адкуль так зручна ісці на злучэнне з войскамі групы армій «Цэнтр». |
Прасоўванне на Свянцяны ішло значна прасцей, бо на гэтым напрамку праціўнік не ўкінуў такіх значных рэзерваў, а савецкая групоўка, наадварот, была больш магутнай, чым супраць Дзвінска. Наступаючы, 1-ы танкавы корпус перарэзаў чыгунку Вільнюс-Дзвінск. Да 14 ліпеня левы фланг прасунуўся на 140 км, пакідаючы на поўдзень ад Вільнюса і рухаючыся на Каўнас.
Лакальная няўдача не паўплывала на агульны ход аперацыі. 6-я гвардзейская армія зноў перайшла ў наступленне 23 ліпеня, і хоць яе прасоўванне было павольным і цяжкім, 27 ліпеня Дзвінск быў ачышчаны ва ўзаемадзеянні з войскамі 2-га Прыбалтыйскага фронту, якія наступалі правей. Пасля 20 ліпеня пачаў даваць вынікі ўвод свежых сіл: 51-я армія дасягнула лініі фронту і адразу ж вызваліла Панявежыс, пасля чаго працягнула рух да Шаўляя. 26 ліпеня ў яе паласе быў уведзены ў бой 3-ці Гвардзейскі механізаваны корпус, які выйшаў да Шаўляя ў той жа дзень. Супраціўленне праціўніка было слабым, з нямецкага боку дзейнічалі ў асноўным асобныя аператыўныя групы[45][46], таму Шаўляй быў узяты ўжо 27 ліпеня.
Праціўнік цалкам ясна разумеў намер Стаўкі Вярхоўнага Галоўнакамандавання адрэзаць групу «Поўнач». Я. Фрыснер, камандуючы групай армій, яшчэ 15 ліпеня звярнуў увагу А. Гітлера на гэты факт, сцвярджаючы, што калі група армій не зменшыць фронт і не будзе адведзена, яе чакае ізаляцыя і, магчыма, разгром[46]. Аднак часу на адвод групы з «мяшка» ужо не было, а 23 ліпеня Я. Фрыснер быў зняты з пасады і адпраўлены на поўдзень, у Румынію.
Агульная мэта 1-га Прыбалтыйскага фронту заключалася ў выхадзе да мора[47], таму 3-ці Гвардзейскі механізаваны корпус як рухомая група фронту быў павернуты практычна пад прамым вуглом: з захаду на поўнач. І. Х. Баграмян аформіў гэты паварот загадам наступнага зместу[47]:
Дзякуй за Шаўляй. Спыніць бой у раёне Шаўляя. Хутка засяродзіцца м. Мешкучай і ударам на поўнач уздоўж шашы да зыходу 27.07.1944 г. галоўнымі сіламі авалодаць Іанішкіс, а моцнымі перадавымі атрадамі — Бауска, Елгава. |
Да 30 ліпеня ўдалося аддзяліць дзве групы армій адну ад аднае: авангарды 3. Гвардзейскага мехкорпуса перарэзалі апошнюю чыгунку паміж Усходняй Прусіяй і Прыбалтыкай ў раёне Тукумса. 31 ліпеня пасля даволі напружанага штурму пала Елгава. Такім чынам, фронт выйшаў да Балтыйскага мора. Узнік, па выразу А. Гітлера, «пралом у вермахце»[46]. На гэтым этапе асноўнай задачай фронту І. Х. Баграмяна стала ўтрыманне дасягнутага, бо аперацыя на вялікую глыбіню прывяла б да расцяжэння камунікацый, а праціўнік актыўна стараўся аднавіць сухапутныя зносіны паміж групамі армій.
Першым з нямецкіх контрудараў стала атака пад горадам Біржай. Гэта мястэчка знаходзілася на стыку паміж 51-й арміяй, што прарвалася да мора, і 43-й арміяй, якая ішла за ёй справа ўступам. Ідэя нямецкага камандавання заключалася ў тым, каб праз пазіцыі прыкрываючай фланг 43-й арміі выйсці ў тыл 51-й арміі, якая імкнулася да мора. Праціўнік выкарыстаў досыць буйную групоўку са складу групы армій «Поўнач». Па савецкіх дадзеных, у бітве ўдзельнічалі пяць пяхотных дывізій (58-я, 61-я, 81-я, 215-я і 290-я), матарызаваная дывізія «Нордланд», 393-я брыгада штурмавых гармат і іншыя часткі[48]. 1 жніўня, перайшоўшы ў наступленне, гэтая група здолела акружыць 357-ю стралковую дывізію 43-й арміі. Дывізія была досыць нешматлікай (4000 чалавек)[48] і знаходзілася ў цяжкім становішчы. Аднак лакальны «кацёл» не падвяргаўся сур’ёзнаму націску[48], мабыць, з-за недахопу сіл ў праціўніка. Першыя спробы разблакіраваць акружаныя часткі не ўдаліся, але з дывізіяй захоўвалася сувязь, яна мела забеспячэнне па паветры[45]. Становішча пераламалі укінутыя І. Х. Баграмянам рэзервы. У ноч на 7 жніўня 19-ы танкавы корпус і акружаная дывізія, якая біла знутры «катла», злучыліся. Біржай таксама быў утрыманы. З 3908 чалавек, якія трапілі ў акружэнне, выйшлі 3230 чалавек у страю і каля 400 параненых. Гэта значыць, чалавечыя страты аказаліся ўмеранымі.
Аднак контрудары нямецкіх войскаў працягваліся. 16 жніўня пачаліся атакі ў раёне Расейняй і на захад ад Шаўляя. Нямецкая 3-я танкавая армія спрабавала адкінуць Чырвоную армію ад Балтыйскага мора і аднавіць сувязь з групай армій «Поўнач». Падраздзяленні 2-й гвардзейскай арміі былі адціснуты, як і часткі суседняй, 51-й арміі. А 18 жніўня перад 2-й гвардзейскай арміяй стаялі 7-я, 5-я, 14-я танкавыя дывізіі і танкавая дывізія «Вялікая Германія» (у дакуменце памылкова — «дывізія СС»)[49]. Становішча пад Шаўляем было стабілізавана ўводам у бой 5-й гвардзейскай танкавай арміі[45]. Аднак 20 жніўня пачалося наступленне з захаду і усходу на Тукумс. Тукумс быў страчаны, і на кароткі тэрмін немцы аднавілі сухапутныя зносіны паміж групамі армій «Цэнтр» і «Поўнач». Атакі нямецкай 3-яй танкавай арміі ў раёне Шяўляя не ўдаліся[49]. У канцы жніўня наступіў перапынак у бітвах. 1-ы Прыбалтыйскі фронт завяршыў сваю частку аперацыі «Баграціён».
Віленская аперацыя
правіцьЗнішчэнне 4-й арміі вермахта на ўсход ад Мінска адкрыла прывабныя перспектывы. 4 ліпеня І. Д. Чарняхоўскі атрымаў дырэктыву Стаўкі Вярхоўнага Галоўнакамандавання з задачай наступаць у агульным кірунку на Вільнюс, Каўнас і да 12 ліпеня вызваліць Вільнюс і Ліду, у далейшым захапіць плацдарм на заходнім беразе Нёмана.
Не беручы аператыўнай паўзы, 3-ці Беларускі фронт 5 ліпеня прыступіў да аперацыі. Наступленне было падтрымана 5-й гвардзейскай танкавай арміяй. Праціўнік не меў дастатковых сіл для прамога процістаяння, аднак Вільнюс быў абвешчаны А. Гітлерам чарговай «крэпасцю», і ў ім быў засяроджаны даволі вялікі гарнізон, які ўжо ў ходзе аперацыі быў дадаткова ўзмоцнены і налічваў каля 15 тысяч чалавек[19]. Існуюць і альтэрнатыўныя ацэнкі колькасці гарнізона: 4000 чалавек[32]. 5-я армія і 3-ці гвардзейскі механізаваны корпус прарвалі абарону праціўніка і прасунуліся на 20 км за першыя суткі. Для пяхоты гэта вельмі высокі тэмп. Справа палягчалася рыхласцю нямецкай абароны: войску супрацьстаялі на шырокім фронце патрапаныя пяхотныя злучэнні і кінутыя на фронт будаўнічыя і ахоўныя часткі. Армія ахапіла Вільнюс з поўначы.
Тым часам 11-я гвардзейская армія і 5-я гвардзейская танкавая армія наступалі на поўдні, у раёне Маладзечна. Пры гэтым танкавая армія паступова перамяшчалася на поўнач, акружаючы Вільнюс з поўдня. Само Маладзечна было ўзята кавалерыстамі 3-га гвардзейскага корпуса 5 ліпеня. У горадзе быў захоплены склад з 500 тонамі паліва[11]. 6 ліпеня немцы паспрабавалі правесці контратаку супраць 5-й гвардзейскай танкавай арміі. У ёй бралі ўдзел 212-я пяхотная і 391-я ахоўная дывізіі, а таксама імправізаваная бронегрупа Хоп з 22 самаходных артылерыйскіх установак. Контрудар меў, па нямецкіх заяўках, абмежаваны поспех, але савецкім бокам ён не пацвярджаецца; адзначаецца толькі факт контратакі. На прасоўванне да Вільнюса ўплыву ён не аказаў, але 11-я гвардзейская армія павінна была некалькі знізіць тэмп руху да Алітусу, адбіваючы гэтую і наступныя атакі (пазней на 11-ю гвардзейскую армію прыйшліся контрудары 7-й і рэшткаў 5-й танкавых дывізій, ахоўных і пяхотных частак). 7-8 ліпеня горад быў акружаны часткамі 5-й гвардзейскай танкавай арміі з поўдня і 3-га гвардзейскага механізаванага корпуса з поўначы. Гарнізон пад камандаваннем генерал-маёра Р. Штагеля заняў кругавую абарону. Горад абараняла звычайная для бітваў 1944 года зводная група з розных частак, у тым ліку 761-я грэнадзёрская брыгада, артылерыйскі і зенітны батальёны і іншыя.
7 ліпеня ў Вільнюсе ўспыхнула паўстанне польскай нацыяналістычнай арганізацыі Армія Краёва (аперацыя «Вострая брама» ў рамках акцыі «Бура»). Яе атрады, узначаленыя мясцовым камандзірам А. Кржыжаноўскім, налічвалі па розных дадзеных ад 4 да 10 тысяч чалавек[50], і ім удалося ўзяць пад кантроль частку горада. Польскія паўстанцы не былі ў сілах вызваліць Вільнюс самастойна, але яны аказалі дапамогу часткам Чырвонай арміі.
Да 9 ліпеня большасць ключавых аб’ектаў у горадзе, у тым ліку чыгуначная станцыя і аэрадром, была захоплена часткамі 5-й арміі і 5-й гвардзейскай танкавай арміі. Аднак гарнізон упарта супраціўляўся.
І. Л. Дэген, танкіст, які ўдзельнічаў у штурме Вільнюса, пакінуў такое апісанне гэтых баёў[51]:
Падпалкоўнік сказаў, што ў праціўніка трымаюць абарону ўсяго чалавек сто пяхоты, пара нямецкіх танкаў і некалькі гармат — раз-два, і аблічыўся.(…)
І мы, тры танкі, папаўзлі па гарадскіх вуліцах, не бачачы адзін аднаго. Дзве нямецкія гарматы, якія нам абяцаў палкоўнік, мабыць, размнажаліся непалавым дзяленнем, сталі біць па нас з гармат з усіх бакоў. Ледзь паспявалі іх знішчаць. (…) Бой з немцамі ў горадзе, акрамя савецкіх падраздзяленняў, актыўна вялі палякі з чырвона-белымі павязкамі на руках (падпарадкоўваліся польскаму ўраду ў Лондане) і вялікі яўрэйскі партызанскі атрад. У іх на рукаве былі чырвоныя павязкі. Група палякаў падышла да танка. Я саскочыў да іх і спытаў: «Дапамога патрэбна?». Камандзір, здаецца, палкоўнік, ледзь не са слязамі на вачах паціснуў мне руку і паказаў, адкуль па іх найбольш інтэнсіўна страляюць немцы. Аказваецца, напярэдадні іх пакінулі адзін на адзін з немцамі без падтрымкі. Вось чаму генерал-лейтэнант аказаўся такім добрым да нас… Тут жа прыбег лейтэнант, ужо бачаны мною ў штабе палка, і перадаў просьбу ад камандзіра — падтрымаць батальён у тым жа напрамку, на які мне толькі што паказалі палякі. Знайшоў у паўпадвале НП камбата. Камбат азнаёміў мяне са становішчам і паставіў задачу. У батальёне ў яго заставалася семнаццаць чалавек… Я ўсміхнуўся: ну, калі тры танкі лічацца танкавай брыгадай, то чаму 17 байцоў не могуць быць батальёнам… Батальёну далі адну 76-мм гармату. У разліку засталося два бранябойныя снарады. Гэта быў увесь боекамплект. Гарматай камандаваў маладзенькі малодшы лейтэнант. Падтрымаць агнём батальён артылерысты, натуральна, не маглі. Іх галовы былі забітыя адной думкай: што яны будуць рабіць, калі па вуліцы пойдуць нямецкія танкі?! Пачынаючы з 9 ліпеня, мой танк трое сутак не выходзіў з бою. Мы цалкам страцілі арыентацыю ў прасторы і часе. Снарады мне ніхто не падвозіў, і я быў вымушаны тысячу разоў падумаць, перш чым дазволіць сабе яшчэ адзін стрэл з танкавай гарматы. У асноўным падтрымліваў пяхоту агнём двух кулямётаў і гусеніцамі. Не было ніякай сувязі з брыгадай і нават з Варыводай. Вулічныя баі — гэта сапраўдны кашмар, гэта жах, які чалавечы мозг не ў сілах цалкам ахапіць.(…) 13 ліпеня ў горадзе спыніліся баі. Немцы групамі здаваліся ў палон. Памятаеце, аб якой колькасці немцаў папярэдзіў мяне падпалкоўнік? Сто чалавек. Дык вось, толькі палонных немцаў аказалася пяць тысяч. Затое двух танкаў таксама не было. |
У ноч з 12-га на 13 ліпеня нямецкая 6-я танкавая дывізія пры падтрымцы часткі дывізіі «Вялікая Германія» прабіла калідор да Вільнюса. Аперацыяй асабіста кіраваў генерал-палкоўнік Г. Х. Рэйнгарт, камандуючы 3-яй танкавай арміяй. З «крэпасці» выйшлі тры тысячы нямецкіх ваенных. Іншыя, колькі б іх ні было, загінулі або трапілі ў палон 13 ліпеня. Савецкі бок заявіў аб гібелі ў Вільнюсе і ваколіцах васьмі тысяч нямецкіх салдат і палоне пяці тысяч[11]. Да 15 ліпеня 3-ці Беларускі фронт захапіў плацдарм за Нёманам. Часткі Арміі Краёвай былі інтэрнаваныя савецкімі ўладамі[50].
Пакуль ішоў штурм Вільнюса, паўднёвае крыло фронту спакойна прасоўвалася на захад. 3-ці Гвардзейскі кавалерыйскі корпус авалодаў Лідай, і да 16 ліпеня выйшаў да Гродна. Фронт фарсіраваў Нёман. Буйная водная перашкода была пройдзена ў хуткім тэмпе з умеранымі стратамі.
Часткі вермахта паспрабавалі нейтралізаваць плацдармы за Нёманам. З гэтай мэтай камандаванне нямецкай 3-яй танкавай арміі стварыла імправізаваную баявую групу з частак 6-й танкавай дывізіі і дывізіі «Вялікая Германія». У яе склад увайшлі два танкавыя батальёны, мотапяхотны полк і самаходная артылерыя. Контрудар 16 ліпеня быў накіраваны ў фланг 72-га стралковага корпуса 5-й арміі. Аднак гэты контрудар быў праведзены ў спешцы, разведку арганізаваць не паспелі. У глыбіні савецкай абароны каля мястэчка Враблевіж баявая група натыкнулася на стаўшую ў абарону 16-ю гв. знішчальна-супрацьтанкавую брыгаду і страціла ў ходзе цяжкага бою 63 танкі. Контрудар захлынуўся, плацдармы за Нёманам былі ўтрыманы Чырвонай Арміяй.
Ковенская аперацыя
правіцьПасля бітвы за Вільнюс 3-ці Беларускі фронт пад камандаванням І. Д. Чарняхоўскага быў накіраваны на Каўнас і Сувалкі, апошнія буйныя гарады на шляху да Усходняй Прусіі. 28 ліпеня войскі фронту перайшлі ў наступленне і за першыя два дні прасунуліся на 5-17 км. 30 ліпеня яны прарвалі абарону праціўніка па Нёману; ў паласе 33-й арміі ў прарыў быў уведзены 2-гі гвардзейскі танкавы корпус. Выхад рухомага злучэння на аператыўны прастор паставіў гарнізон Каўнаса пад пагрозу акружэння, таму да 1 жніўня часткі вермахта пакінулі горад.
Аднак паступовае ўзмацненне супраціўлення немцаў прывяло да параўнальна павольнага прасоўвання з сур’ёзнымі стратамі. Расцяжэнне камунікацый, вычарпанне боепрыпасаў, узросшыя страты вымусілі савецкія войскі прыпыніць наступленне. Акрамя таго, праціўнік абрынуў на фронт І. Д. Чарняхоўскага серыю контрудараў. Так, 9 жніўня 1-я пяхотная, 5-я танкавая дывізіі і дывізія «Вялікая Германія» контратакавалі 33-ю армію, якая ішла ў цэнтры фронту, і некалькі пацяснілі яе. У сярэдзіне жніўня контратака пяхотных дывізій у раёне Расейняя прывяла нават да тактычных (узроўню палка) акружэнняў, неўзабаве, аднак, прабітых. Гэтыя хаатычныя контратакі прывялі да прыпынення аперацыі да 20-х чысел жніўня. З 29 жніўня па ўказанні Стаўкі Вярхоўнага Галоўнакамандавання 3-ці Беларускі фронт перайшоў да абароны, дасягнуўшы Сувалак і не дайшоўшы некалькіх кіламетраў да меж Усходняй Прусіі.
Выхад да старых меж Германіі выклікаў ва Усходняй Прусіі паніку. Нягледзячы на запэўніванні гаўляйтэра Э. Коха ў тым, што становішча на подступах да Усходняй Прусіі стабілізавалася, насельніцтва пачало пакідаць рэгіён.
Для 3-га Беларускага фронту Каўнаскай аперацыяй бітвы ў рамках аперацыі «Баграціён» завяршыліся.
Беластоцкая і Асавецкая аперацыі
правіцьПасля стварэння Мінскага «катла» генерал Г. Ф. Захараў, як і іншыя камандуючыя франтамі, атрымаў задачу прасоўвацца глыбока на захад. У рамках Беластоцкай аперацыі 2-гі Беларускі фронт выконваў дапаможную ролю — праследаваў рэшткі групы армій «Цэнтр». Пакінуўшы за спіной Мінск, фронт развіваўся строга на захад — на Наваградак, а затым — на Гродна і Беласток. 49-я і 50-я арміі спачатку не маглі прыняць удзелу ў гэтым руху, бо працягвалі баі з нямецкімі часткамі, акружанымі ў Мінскім «катле». Такім чынам, для наступлення заставалася толькі адна — 3-я армія. Яна пачала рух 5 ліпеня. Спачатку супраціўленне праціўніка было вельмі слабым: за першыя пяць дзён 3-я армія прасунулася на 120—125 км. Такі тэмп з’яўляецца вельмі высокім для пяхоты і хутчэй характэрны для маршу, чым для наступлення. 8 ліпеня ўзяты Навагрудак, 9 ліпеня армія выйшла да Нёмана.
Аднак паступова праціўнік разгортваў абарону перад войскамі фронту. На 10 ліпеня перад пазіцыямі фронту разведка выявіла рэшткі 12-й і 20-й танкавай і часткі чатырох пяхотных дывізій, а таксама шэсць асобных палкоў[11]. Гэтыя сілы не маглі спыніць наступленне, але ўплывалі на аператыўнае становішча і зніжалі тэмп аперацыі.
10 ліпеня ў бой уступіла 50-я армія. Быў фарсіраваны Нёман. 15 ліпеня войскі фронту падышлі да Гродна. У той жа дзень войскі адбілі серыю контратак, прычыніўшы праціўніку сур’ёзны ўрон. 16 ліпеня правабярэжная (паўночная) частка Гродна была вызвалена ва ўзаемадзеянні з 3-ім Беларускім фронтам. Занёманская частка была вызвалена толькі 24 ліпеня.
Праціўнік узмацняў часткі на гродзенскім напрамку, аднак гэтыя рэзервы не былі дастатковымі, і якія, акрамя таго ж, самі неслі цяжкія страты ў баях. Хоць тэмп наступлення фронту сур’ёзна ўпаў, з 17 па 27 ліпеня войска прарваліся да Аўгустоўскага канала, 27 ліпеня адбілі Беласток, і выйшлі на даваенную мяжу СССР. Аперацыя прайшла без прыкметных акружэнняў праціўніка, што звязана са слабасцю рухомых злучэнняў у фронце: 2-гі Беларускі фронт не меў ні аднаго танкавага, механізаванага або кавалерыйскага корпуса, маючы толькі танкавыя брыгады падтрымкі пяхоты[52]. У цэлым, фронт выканаў усе задачы, пастаўленыя перад ім.
У далейшым фронт развіваў наступленне на Асавец, і 14 жніўня заняў горад. Таксама фронтам быў заняты плацдарм за Наравам. Аднак прасоўванне войскаў было дастаткова павольным: сваю ролю адыгрывалі, з аднаго боку, расцягнутыя камунікацыі, з другога — частыя контратакі памацнелага праціўніка. 14 жніўня Беластоцкая аперацыя была спынена, а для 2-га Беларускага фронту скончылася і аперацыя «Баграціён».
Развіццё поспеху 1-ым Беларускім фронтам
правіцьПасля вызвалення Мінска, фронт К. Ракасоўскага, як і іншыя, атрымаў дырэктыву на праследаванне рэштак групы армій «Цэнтр». Першым пунктам прызначэння былі Баранавічы, у далейшым меркавалася развіццё наступлення на Брэст. Непасрэдна на Баранавічы нацэльваліся рухомая групоўка фронту — 4-ы гвардзейскі кавалерыйскі, 1-ы механізаваны і 9-ы танкавы корпуса.
Ужо 5 ліпеня сілы Чырвонай арміі сутыкнуліся з прыбываючымі аператыўнымі рэзервамі праціўніка. 1-ы мехкорпус ўступіў у бой з 4-й танкавай дывізіяй, якая толькі што прыбыла ў Беларусь, і быў спынены. Акрамя таго, на фронце з’явіліся венгерскія часткі (1-я кавалерыйская дывізія), і нямецкія пяхотныя рэзервы (28-я лёгкая дывізія). 5 і 6 ліпеня ішлі напружаныя баі, прасоўванне было нязначным, поспех намеціўся толькі ў 65-й арміі П. І. Батава[11].
Паступова супраціўленне пад Баранавічамі было зламана. Наступаючых падтрымлівалі значныя сілы авіяцыі (каля 500 бамбардзіроўшчыкаў)[53]. 1-ы Беларускі фронт прыкметна пераўзыходзіў непрыяцеля колькасна, таму супраціўленне паступова аслабла. 8 ліпеня пасля цяжкага вулічнага бою Баранавічы былі вызвалены.
Дзякуючы поспеху пад Баранавічамі палегчыліся дзеянні 61-й арміі. Гэтая армія пад камандай генерала П. А. Бялова наступала ў напрамку Пінска праз Лунінец. Армія дзейнічала на надзвычай складанай забалочанай мясцовасці паміж флангамі 1-га Беларускага фронту. Падзенне Баранавічаў стварыла пагрозу ахопу нямецкіх войскаў у раёне Пінска і прымусіла іх да паспешнага адступлення. У ходзе праследавання значную дапамогу 61-й арміі аказала Дняпроўская рачная флатылія. У прыватнасці, у ноч на 12 ліпеня суда флатыліі скрытна падняліся па Прыпяці і высадзілі стралковы полк на ўскраіне Пінска[53]. Знішчыць дэсант немцам не ўдалося, 14 ліпеня Пінск быў вызвалены.
19 ліпеня быў паўакружаны і на наступны дзень узяты Кобрын, горад на ўсход ад Брэста. Правае крыло фронту выйшла да Брэста з усходу.
Вяліся баявыя дзеянні і на левым крыле фронту, які быў адгароджаны ад правага непраходнымі балотамі Палесся. Яшчэ 2 ліпеня праціўнік пачаў выводзіць войскі з Ковеля — важнага транспартнага вузла. 5 ліпеня ў наступленне перайшла 47-я армія і 6 ліпеня вызваліла горад. Сюды для непасрэднага кіраўніцтва войскамі прыбыў камандуючы фронтам Канстанцін Ракасоўскі. 8 ліпеня, з мэтай захопу плацдарма на Заходнім Бугу (наступная задача — выхад да Любліну) у бой быў уведзены 11-ы танкавы корпус. З-за неарганізаванасці корпус трапіў у засаду і незваротна страціў 75 танкаў, камандзір корпуса Рудкін быў зняты са сваёй пасады. Беспаспяховыя атакі тут вяліся яшчэ некалькі дзён. У выніку пад Ковелем праціўнік арганізавана адступіў на 12 — 20 кіламетраў і сарваў савецкае наступленне.
Люблін-Брэсцкая аперацыя
правіцьПачатак наступлення
правіць18 ліпеня 1-ы Беларускі фронт пад камандаваннем К. Ракасоўскага перайшоў у наступленне ў поўным складзе. У аперацыю ўступіла левае крыло фронту, што засталася да гэтага часу ў значнай меры пасіўным. На поўдзень ад яго ўжо ішла Львоўска-Сандамірская аперацыя, таму для нямецкага боку манеўр рэзервамі быў вельмі ўскладнены. Праціўнікам 1-га Беларускага фронту былі не толькі часткі групы армій «Цэнтр», але таксама група армій «Паўночная Украіна», якой камандаваў В. Модэль. Гэты фельдмаршал такім чынам сумяшчаў пасады камандуючага групамі армій «Цэнтр» і «Паўночная Украіна». Для таго, каб захаваць сувязь паміж групамі армій, ён загадаў адвесці 4-ю танкавую армiю за Буг. 8-я гвардзейская армія пад камандаваннем В. І. Чуйкова і 47-я армія пад камандаваннем М. І. Гусева выйшлі да ракі і адразу фарсіравалі яе, увайшоўшы на тэрыторыю Польшчы. К. К. Ракасоўскі адносіць фарсіраванне Буга да 20 ліпеня[54], Д. Гланц — да 21-га ліпеня[55]. Як бы там ні было, стварыць мяжу па Бугу вермахту не ўдалося. Больш таго, абарона 8-га армейскага корпуса немцаў развалілася так хутка, што аказалася не патрэбна дапамога 2-й танкавай арміі, танкісты былі вымушаны даганяць пяхотнікаў[56]. Танкавая армія С. І. Багданава складалася з трох карпусоў, і была сур’ёзнай пагрозай. Яна хутка высунулася ў бок Любліна, гэта значыць, строга на захад. 11-ы танкавы і 2-гі гвардзейскі кавалерыйскі корпусы пры падтрымцы пяхоты павярнулі да Брэста, на поўнач[55].
Брэсцкі «кацёл». Штурм Любліна
правіцьУ гэты час на правым крыле фронту быў вызвалены Кобрын. Такім чынам, пад Брэстам пачаў утварацца лакальны «кацёл». 25 ліпеня кальцо акружэння вакол частак 86-й, 137-й і 261-й пяхотных дывізій было замкнута. Праз тры дні, 28 ліпеня, рэшткі акружанай групы прарваліся з «катла». Пры разгроме брэсцкай групы немцы панеслі сур’ёзныя страты забітымі, што адзначаецца абедзвюма ваюючымі бакамі[16][32](па савецкіх заяўках на полі бою засталося 7000 трупаў нямецкіх салдат)[11]. Палонных было ўзята надзвычай мала — усяго 110 чалавек[11].
Тым часам 2-я танкавая армія наступала на Люблін. Неабходнасць хуткага яго ўзяцця была абумоўлена палітычнымі прычынамі. І. В. Сталін падкрэсліваў, што вызваленне Любліна «настойліва патрабуе палітычная абстаноўка і інтарэсы незалежнай дэмакратычнай Польшчы»[57]. Армія атрымала загад 21 ліпеня, і ў ноч на 22-е прыступіла да яго выканання. Танкавыя часткі наступалі з баявых парадкаў 8-й гвардзейскай арміі. 3-ці танкавы корпус ударыў у стык паміж двума нямецкімі карпусамі, і пасля імклівага бою прабіў іх абарону. У другой палове дня пачаўся ахоп Любліна. Шаша Люблін — Пулавы была перакрыта, на дарозе былі перахоплены тылавыя ўстановы праціўніка[56], якія эвакуіраваліся разам з адміністрацыяй горада. Частка сіл танкавай арміі ў гэты дзень не сутыкалася з праціўнікам з-за перабояў з забеспячэннем палівам.
Поспех першага дня рыўка да Любліна прывёў да пераацэнкі Чырвонай арміяй сваіх магчымасцей. Назаўтра 23 ліпеня быў ажыццёўлены штурм горада сіламі танкавых карпусоў. У прадмесцях савецкія сілы мелі поспех, але ўдар у бок плошчы Лакетка быў адбіты. Праблемай штурмуючых быў востры недахоп мотапяхоты. Гэтая праблема была змякчана: у горадзе ўспыхнула паўстанне Арміі Краёвай. У гэты дзень С. І. Багданаў, які назіраў за штурмам, быў паранены[55]. Генерал А. І. Радзіеўскі, які замяніў яго, (да гэтага — начальнік штаба арміі) энергічна працягнуў штурм. Рана раніцай 24 ліпеня частка гарнізона пакінула Люблін, аднак не ўсім ўдалося паспяхова адступіць. Перад поўднем ў цэнтры горада злучыліся штурмуючыя яго з розных бакоў часткі, і да раніцы 25 ліпеня Люблін быў ачышчаны.
Па савецкіх дадзеных, было ўзята ў палон 2228 нямецкіх салдат на чале з групэнфюрэрам СС Х. Мозэрам[56]. Дакладныя страты Чырвонай арміі пры штурме невядомыя, але згодна з даведкай палкоўніка І. М. Базанава (начальнік штаба арміі пасля ранення С. І. Багданава) з 20 ліпеня па 8 жніўня армія страціла 1433 чалавека загінуўшымі і прапаўшымі[58]. Улічваючы страты ў бітве каля Радзіміна беззваротныя страты арміі пры наступленні на Люблін і штурме могуць дасягаць шасцісот чалавек. Захоп горада адбыўся з апераджэннем планаў: дырэктыва на штурм Любліна за подпісамі А. І. Антонава і І. В. Сталіна прадугледжвала заняцце Любліна 27 ліпеня[57]. Пасля ўзяцця Любліна, 2-я танкавая армія здзейсніла глыбокі рывок на поўнач ўздоўж Віслы, маючы канчатковай мэтай захоп Прагі, ўсходняга прадмесця Варшавы. Паблізу Любліна быў вызвалены лагер смерці Майданак.
Захоп плацдармаў
правіць27 ліпеня да Віслы ў Пулавы выйшла 69-я армія. 29-га ёю быў захоплены плацдарм у Пулавы на поўдзень ад Варшавы. Фарсіраванне прайшло дастаткова спакойна. Аднак не ўсім падраздзяленням спадарожнічаў такі ж поспех.
30 ліпеня 69-я, 8-я гвардзейская, 1-я польская і 2-я танкавая арміі атрымалі загад К. К. Ракасоўскага аб захопе плацдармаў за Віслай. Камандуючы фронтам, як і Стаўка Вярхоўнага Галоўнакамандавання, мелі намер такім чынам стварыць аснову для будучых аперацый.
1. Начальніку інжынерных войскаў фронту асноўныя пераправачныя сродкі падцягнуць да р. Вісла і забяспечыць пераправу: 60-й арміі, 1-й польскай арміі, 8-й гвардзейскай арміі.
2. Камандуючым арміямі: а) скласці вайсковыя планы фарсіравання р. Вісла, ўвязаўшы іх з аператыўнымі задачамі, выкананымі арміяй і суседзямі. У гэтых планах выразна адлюстраваць пытанні ўзаемадзеяння пяхоты з артылерыяй і іншымі сродкамі ўзмацнення, надаўшы галоўную ўвагу надзейнаму забеспячэнню дэсантных груп і частак з задачай не дапусціць знішчэння іх на заходнім беразе ракі; б) арганізаваць строгі кантроль за выкананнем плана фарсіравання, не дапускаючы пры гэтым самацёку і неарганізаванасці; в) давесці да ведама камандзіраў ўсіх ступеней, што байцы і камандзіры, якія адзначыліся пры фарсіраванні р. Вісла, будуць прадстаўлены да спецыяльных узнагарод ордэнамі аж да прысваення звання Героя Савецкага Саюза. |
31 ліпеня Віслу няўдала паспрабавала фарсіраваць польская 1-я армія. Гаворачы пра прычыны няўдачы, начальнік палітуправы польскай арміі падпалкоўнік Замброўскі адзначаў нявопытнасць салдат, недахоп боепрыпасаў і арганізацыйныя правалы.
Вісла была фарсіравана маладым салдатам, які ў большасці выпадкаў [у] першы раз быў у баі, неабстрэляным, які не ведаў, што такое пераправа. (…) Дывізіённая і палкавая разведкі не зрабілі рэкагнасцыроўкі, так што не было ніякіх звестак пра праціўніка, і падраздзяленні былі кінуты ўсляпую. Наша артылерыя не здолела знішчыць агнявых пунктаў праціўніка, які абстрэльваў пераправу, хоць страляла трапна. На тым беразе падраздзяленні прычальвалі малымі групамі, афіцэры не ведалі аператыўнага плана, а салдаты сваёй канкрэтнай задачы. |
1 жніўня Віслу пачала фарсіраваць 8-я гвардзейская армія ў Магнушава. Яе плацдарм павінен быў паўстаць паміж Пулаўскім плацдармам 69-й арміі і Варшавай. Першапачатковы план меркаваў фарсіраванне Віслы 3-4 жніўня, пасля ўзмацнення 8-й гвардзейскай арміі артылерыяй і пераправачнымі сродкамі. Аднак В. І. Чуйкоў, які камандаваў арміяй, пераканаў К. К. Ракасоўскага пачаць ужо 1 жніўня, разлічваючы на раптоўнасць ўдару[61].
На працягу 1 — 4 жніўня арміі ўдалося заваяваць шырокі ўчастак на заходнім беразе ракі, 15 км па фронце і 10 у глыбіню у[27]. Забеспячэнне войска на плацдарме ажыццяўлялася з дапамогай некалькіх пабудаваных мастоў, у тым ліку аднаго грузападымальнасцю ў 60 тон[27]. Улічваючы магчымасць нападаў праціўніка на досыць доўгі перыметр плацдарма, К. К. Ракасоўскі 6 жніўня загадаў перакінуць пад Магнушаў таксама «аўтсайдара» баёў за плацдарм, 1-ю армію Войска Польскага[62]. Такім чынам, 1-ы Беларускі фронт забяспечыў сябе двума буйнымі плацдармамі для будучых аперацый.
Танкавая бітва пад Радзімінам
правіцьУ літаратуры адсутнічае адзінае найменне бітвы, якая адбылася на ўсходнім беразе Віслы ў канцы ліпеня-пачатку жніўня. Акрамя Радзіміна, яе таксама прывязваюць да Варшавы, Акунёва і Валоміна.
Люблін-Брэсцкая аперацыя паставіла пад сумненне рэальнасць планаў Модэля па ўтрыманню фронту ўздоўж Віслы. Адбіць пагрозу фельдмаршал мог пры дапамозе рэзерваў. 24 ліпеня была адноўлена 9-я армія, ёй былі падпарадкаваны прыбываючыя на Віслу сілы[63]. Праўда, спачатку склад арміі быў вельмі бедным. У канцы ліпеня 2-я танкавая армія пачала выпрабоўваць яе на трываласць. Армія Радзіеўскага мела канчатковай мэтай захоп плацдарма за Нараў (прыток Віслы) на поўнач ад Варшавы, у раёне Сероцка. Па дарозе армія была павінна захапіць Прагу, прыгарад Варшавы на ўсходнім беразе Віслы.
Пасля авалодання раёнам Брэст і Седлец правым крылом фронту развіваць наступленне ў агульным кірунку на Варшаву з задачай не пазней за 5-8 жніўня авалодаць Прагай і захапіць плацдарм на заходнім беразе р. Нараў у раёне Пултуск, Сероцк. (...) СВГК. Сталін, Антонаў. |
Вечарам 26 ліпеня матацыклетны авангард арміі сутыкнуўся з нямецкай 73 пяхотнай дывізіяй каля Гарволіна, горада на ўсходнім беразе Віслы на паўночны ўсход ад Магнушава. Гэта стала прэлюдыяй складанай манеўранай бітвы. На Прагу нацэльваліся 3-ці і 8-ы гвардзейскі танкавыя карпусы 2-й танкавай арміі. 16-й танкавы корпус застаўся пад Дэмблінам (паміж Магнушаўскім і Пулаўскім плацдарм), чакаючы, пакуль яго зменіць пяхота[65].
73-я пяхотная дывізія была падтрымана асобнымі часткамі «дэсантна-танкавай» дывізіі «Герман Герынг» (разведвальны батальён і частка артылерыі дывізіі) і іншымі разрозненымі часткамі пяхоты. Усе гэтыя войскі былі аб’яднаны пад кіраўніцтвам камандзіра 73-й пд Фрыца Франака ў групу «Франак». 27 ліпеня 3-я танкавы корпус знішчыў разведбат «Германа Герынга», 8-ы гв. тк таксама дабіўся прарыву. Пад пагрозай ахопу група «Франак» адкацілася на поўнач. У гэты час на дапамогу пяхотнай дывізіі пачалі прыбываць танкавыя часткі — асноўныя сілы дывізіі «Герман Герынг», 4 і 19 танк. дывізіі, дывізіі СС «Вікінг» і «Мёртвая галава» (у двух карпусах: 39-ы танкавы Дзітрыха фон Заукена і 4-ы танкавы корпус СС пад кіраўніцтвам Гіле). Усяго гэтая групоўка складалася з 51 тысячы чалавек пры 600 танках і САУ[63]. 2-я танкавая армія РСЧА налічвала толькі 32 тысячы салдат і 425 танкаў і САУ[63] (савецкі танкавы корпус прыкладна адпавядаў па колькасці нямецкай дывізіі). Акрамя таго, хуткае прасоўванне 2-й ТА прывяло да адставання тылоў: гаручае і боепрыпасы падвозілі з перабоямі.
Аднак пакуль асноўныя сілы нямецкага танкавага аб’яднання не прыбылі, пяхота вермахта павінна была вынесці цяжкі ўдар 2-й ТА. 28 і 29 ліпеня працягваліся цяжкія баі, корпусы Радзіеўскага (у тым ліку 16-ы танкавы, які падышоў) спрабавалі перахапіць шашы Варшава — Седлец, але не змаглі прабіць абарону «Германа Герынга». Куды больш паспяховымі былі ўдары па пяхоце групы «Франак»: у раёне Атвоцка было намацана слабае месца ў яе абароне, групу пачалі ахопліваць з захаду, у выніку чаго 73-я дывізія пачала неарганізавана адступаць пад ўдарамі[65]. Генерал Франак быў захоплены ў палон не пазней 30 за ліпеня (менавіта 30 чыслом датуецца рапарт Радзіеўскага аб яго палоне)[65]. Група «Франак» была разбіта на асобныя часткі, панесла цяжкія страты і хутка адкочвалася на поўнач.
3-ці танкавы корпус быў накіраваны глыбока на паўночны захад з мэтай ахопу Прагі, праз Валомін. Гэта быў рызыкоўны манеўр, і ў наступныя дні ён ледзь не прывёў да катастрофы. Корпус прарываўся праз вузкі зазор паміж нямецкімі сіламі, ва ўмовах назапашвання непрыяцельскіх баявых груп на флангах. 3-ці ТК раптам быў атакаваны з флангаў каля Радзіміна. 1 жніўня Радзіеўскі загадвае арміі перайсці да абароны, але 3-ці ТК з прарыву не адводзіць[66].
1 жніўня часткі вермахта адсеклі 3-ці ТК, адбіўшы Радзімін і Валомін. Шлях адыходу 3-ці ТК быў перахоплены ў двух месцах[65].
Аднак калапс акружанага корпуса не адбыўся. 2 жніўня 8-ы гв. танкавы корпус ударам звонку праламаў вузкі калідор насустрач акружаным[65]. Радавацца выратаванню акружаным пакуль было рана. Радзімін і Валомін былі пакінуты, а 8-ы гв. танкавы і 3-ці танкавыя корпусы павінны былі абараняцца ад атакуючых з некалькіх бакоў танкавых дывізій праціўніка. У ноч на 4 жніўня ў размяшчэнне 8-га гв. ТК выйшлі апошнія буйныя групы акружэнцаў. У 3-ім ТК ў катле загінулі два камандзіры брыгад[67]. К 4 жніўня да месца бітвы прыбыла савецкая пяхота, а іменна 125-ы стралковы корпус і кавалерыя (2-гі гв. кавкорпус). Двух свежых злучэнняў хапіла для поўнага спынення праціўніка 4 жніўня. Трэба адзначыць, што сіламі 47-й і 2-й танкавай армій быў ажыццёўлены пошук салдат акружанага 3-га ТК, якія засталіся за лініяй фронту, вынікам гэтых мерапрыемстваў стала выратаванне некалькіх соцень акружэнцаў. У той жа дзень 19-я танкавая дывізія і «Герман Герынг» пасля беспаспяховых нападаў на Окунеў былі выведзены з-пад Варшавы і пачалі перакідацца да Магнушаўскага плацдарма, маючы мэтай яго знішчыць. Безвыніковыя атакі немцаў на Окунеў працягваліся (сіламі 4 ТД) і 5 жніўня, пасля чаго сілы атакуючых вычарпаліся.
Нямецкая (і шырэй, заходняя) гістарыяграфія ацэньвае бітву каля Радзіміна як сур’ёзны поспех вермахта па мерках 1944. Сцвярджаецца аб знішчэнні ці, па меншай меры, разгроме 3-га танкавага корпуса[16][65]. Аднак інфармацыя аб сапраўдных стратах 2-й танкавай арміі прымушае ўсумніцца ў справядлівасці апошняга сцвярджэння. З 20 ліпеня па 8 жніўня армія страціла 1433 чалавекі забітымі, прапаўшымі і палоннымі[68] З гэтага ліку на контрудар пад Валоміне прыпадаюць 799 чалавек[63]. Пры фактычным лікавым складзе карпусоў па 8-10 тысяч салдат, такія страты не дазваляюць казаць пра гібель або разгром 3-га ТК ў катле, нават калі б усе іх панёс ён адзін. Варта прызнаць, што дырэктыва на захоп плацдарма за Нараў не была выканана. Аднак дырэктыва была выпушчана ў момант, калі звестак аб наяўнасці ў немцаў значнай групоўкі ў раёне Варшавы не было. Наяўнасць масы танкавых дывізій у раёне Варшавы сама па сабе рабіла маларэальным прарыў у Прагу, а тым больш, за раку, параўнальна нешматлікай 2-й танкавай арміі. З іншага боку, контрудар моцнай групоўкі немцаў пры іх лікавай перавазе прынёс сціплыя вынікі. Страты нямецкага боку дакладна не могуць быць высветлены, бо за дзесяцідзёнку 21-31 ліпеня 9 армія вермахта не давала справаздач аб панесеных стратах[69]. За наступную дзесяцідзёнку армія паведаміла пра страту 2155 чалавек загінуўшымі і прапаўшымі без вестак[69].
Пасля контрудару пад Радзімінам, 3-ці ТК быў адведзены да Мінска Мазавецкага для адпачынку і папаўнення, а 16-ы і 8-ы гв. танкавыя корпусы былі перакінуты на Магнушаўскі плацдарм. Іх праціўнікамі там сталі тыя ж дывізіі, «Герман Герынг» і 19-я танкавая, што і пад Радзімінам.
Пачатак Варшаўскага паўстання
правіцьЗ падыходам 2-й танкавай арміі да Прагі, ўсходняга раёна Варшавы, лідары падпольнай «Арміі Краёвай» вырашыліся на маштабнае паўстанне ў заходняй частцы горада. Польскі бок зыходзіў з дактрыны «двух ворагаў» (Германія і СССР)[70]. Адпаведна, мэта паўстання была дваякай: не дапусціць разбурэння Варшавы немцамі пры эвакуацыі і адначасова забараніць ўстанаўленне ў Польшчы лаяльнага СССР рэжыму, а таксама прадэманстраваць суверэнітэт Польшчы і здольнасць Арміі Краёвай дзейнічаць самастойна без падтрымкі РЧСА. Слабым месцам плана была неабходнасць вельмі дакладна разлічыць момант, калі адыходзячыя нямецкія войскі будуць ужо не здольныя аказаць супраціўленне, а часткі Чырвонай арміі яшчэ не ўвойдуць у горад. 31 ліпеня, калі часткі 2-й танкавай арміі знаходзіліся ў лічаных кіламетрах ад Варшавы, Т. Бор-Камароўскі сабраў нараду камандзіраў Арміі Краёвай. Было вырашана рэалізаваць план «Бура» ў Варшаве, і 1 жніўня, праз некалькі гадзін пасля таго, як армія А. І. Радзіеўскага перайшла да абароны, паўстанне пачалося.
Па завяршэнні бітвы каля Радзіміна 2-я танкавая армія была падзелена. 3-ці танкавы корпус быў выведзены з перадавой у франтавы тыл на адпачынак, два іншыя — накіраваны на Магнушаўскі плацдарм. У раёне Варшавы засталася толькі 47-я армія, якая дзейнічала на шырокім фронце. Пазней да яе далучылася 1-я армія Войска Польскага. Дапамогі паўстанню гэтыя сілы першапачаткова не аказвалі. Пасля гэтага арміяй Войска Польскага была прадпрынята няўдалая спроба фарсіраваць Віслу.
Пасля першапачатковых поспехаў паўстання, вермахт і СС пачалі паступовае знішчэнне частак Арміі Краёвай. Паўстанне было канчаткова задушана ў пачатку кастрычніка.
Пытанне, ці магла Чырвоная армія аказаць дапамогу паўстанню, і ці жадалі савецкія лідары такую дапамогу аказаць, спрэчнае. Шэраг гісторыкаў сцвярджае, што спыненне пад Варшавай звязана пераважна з жаданнем І. В. Сталіна даць немцам магчымасць пакончыць з паўстаннем[70][71]. Савецкая пазіцыя зводзілася да таго, што дапамога паўстанню была вельмі абцяжараная з-за расцяжкі камунікацый і, як вынік, перабояў з забеспячэннем, і памацнелага супраціўлення праціўніка[54]. Погляд, паводле якога наступленне пад Варшавай спынілася з чыста ваенных прычын, падзяляецца і часткай заходніх гісторыкаў[72]. Такім чынам, кансэнсус па гэтым пытанні адсутнічае, але можна зазначыць, што фактычна Армія Краёва змагалася ў паўсталай Варшаве з немцамі адзін на адзін.
Барацьба за плацдармы
правіць8-я гвардзейская армія асноўнымі сіламі займала абарону на Магнушаўскім плацдарме, а яшчэ дзве дывізіі былі сканцэнтраваны на ўсходнім беразе ў раёне Гарволіна, бо К. К. Ракасоўскі асцерагаўся магчымых нямецкіх контрудараў[61]. Аднак ўдары нямецкай 19-й танкавай дывізіі і дывізіі «Герман Герынг», выведзеных з-пад Радзіміна, абрынуліся не ў тыл плацдарма, а на яго фронт, на яго паўднёвую частку. Акрамя іх, савецкія войскі адзначалі атакі 17-й пяхотнай дывізіі і перафарміраванае пасля гібелі ў Мінскім і Бабруйскім «катлах» 45-й пяхотнай дывізіі. Для барацьбы з гэтымі сіламі В. І. Чуйкоў размяшчаў, акрамя пяхоты, танкавай брыгадай і трыма палкамі самаходнай артылерыі. Акрамя таго, на плацдарм паступова прыбывалі падмацаванні: 6 жніўня ў бой былі кінуты польская танкавая брыгада і полк цяжкіх танкаў ІС-2. Раніцай 8 жніўня ўдалося навесці масты цераз раку, дзякуючы зенітнаму «парасону», створанаму трыма свежымі зенітнымі дывізіямі[61]. Скарыстаўшы масты, на плацдарм пераправіўся 8-ы гвардзейскі танкавы корпус, забраны з 2-й танкавай арміі. Гэты момант стаў пераломным у барацьбе за Магнушаўскі плацдарм, у наступныя дні актыўнасць праціўніка ўпала. Не дапамагло і ўвядзенне «свежай» 25-ай танкавай дывізіі. Затым прыбыў 16-ы танкавы корпус 2-й танкавай арміі. К 16 жніўня праціўнік спыніў атакі.
Гэтая бітва далася 8-й гвардзейскай арміі вельмі цяжка. З 1 па 26 жніўня яе агульныя страты склалі больш за 35 тысяч чалавек[73]. Тым не менш, плацдарм быў утрыманы.
На Пулаўскім плацдарме 2 жніўня 69-я армія пры падтрымцы Войска Польскага аб’яднала два невялікія плацдармы каля Пулавы ў адзін, 24 км па фронце і 8 у глыбіню. З 5 па 14 жніўня немцы спрабавалі знішчыць плацдарм, але пацярпелі няўдачу. Пасля гэтага армія У. Я. Калпакчы канчаткова кансалідавала плацдармы, да 28 жніўня стварыўшы перадмостнае ўмацаванне 30 на 10 км.
29 жніўня фронт перайшоў да абароны, хоць правае крыло фронту яшчэ працягвала частковыя аперацыі. З гэтай даты аперацыя «Баграціён» лічыцца скончанай.
Польскі камітэт нацыянальнага вызвалення
правіць21 ліпеня 1944 г., пасля таго, як Чырвоная армія перайшла «лінію Керзана» і ўступіла на польскія тэрыторыі, быў створаны часовы ўрад Польшчы, таксама вядомы як Польскі камітэт нацыянальнага вызвалення. Ён ствараўся пры актыўным удзеле СССР і пры поўным ігнараванні эмігранцкага ўрада Польшчы ў Лондане, таму многімі гісторыкамі разглядаецца як марыянеткавы. У Польскі камітэт нацыянальнага вызвалення ўвайшлі прадстаўнікі Польскай рабочай партыі, Польскай сацыялістычнай партыі, партый «Строніцтва людове» і «Строніцтва дэмакратычне». 27 ліпеня члены Польскага камітэта нацыянальнага вызвалення прыбылі ў Люблін (адсюль іншая назва гэта органа — «Люблінскі камітэт»). Першапачаткова ні кім, акрамя СССР, не прызнаны ў якасці ўрада Польшчы, ён фактычна ажыццяўляў кіраванне вызваленай часткай краіны. Члены эмігранцкага ўрада былі вымушаны альбо застацца ў выгнанні, альбо далучыцца да Люблінскага камітэта.
Вынікі
правіцьПадчас гэтага шырокага наступлення была вызвалена Беларусь і амаль цалкам разгромлена германская група армій «Цэнтр». Пачатковы этап аперацыі сімвалічна пачаўся ў трэція ўгодкі германскага нападу на СССР — 22 чэрвеня 1944 года. Вермахт панёс цяжкія страты, у асноўным з-за таго, што Гітлер забараняў любое адступленне[74]. Папоўніць гэтыя страты Германія была не ў стане.
Поспех аперацыі «Баграціён» прыкметна перасягнуў чаканні савецкага камандавання. У выніку двухмесячнага наступлення была цалкам вычышчана Беларусь, адбіта частка Прыбалтыкі, былі вызвалены ўсходнія раёны Польшчы. У цэлым на фронце ў 1100 км было дасягнута прасоўванне на глыбіню да 600 км. Акрамя таго аперацыя паставіла пад пагрозу групу армій «Поўнач» у Прыбалтыцы; старанна выбудаваную мяжу, лінію «Пантэра», атрымалася абыйсці. Пасля гэты факт сур’ёзна палегчыў прыбалтыйскія аперацыю. Таксама, у выніку захопу двух буйных плацдармаў за Віслай на поўдзень ад Варшавы — Магнушаўскага і Пулаўскага (а таксама плацдарма ў Сандаміра, захопленага 1-м Украінскім фронтам у ходзе Львоўска-Сандамірскай аперацыі), быў створаны задзел для будучай Вісла-Одэрскай аперацыі. У студзені 1945 года з Магнушаўскага і Пулаўскага плацдармаў пачалося наступленне 1-га Беларускага фронту, якое спынілася толькі на Одэры.
З ваеннага пункту гледжання бітва ў Беларусі прывяла да маштабнага паражэння нямецкіх узброеных сіл. Распаўсюджаны погляд, згодна з якім бітва ў Беларусі з’яўляецца найбуйнейшым паражэннем нямецкіх узброеных сіл у Другой сусветнай вайне[19][75]. Аперацыя «Баграціён» з’яўляецца трыумфам савецкай тэорыі ваеннага мастацтва дзякуючы добра скаардынаванаму наступальнаму руху ўсіх франтоў і праведзенай аперацыі па дэзінфармацыі праціўніка аб месцы галоўнага наступлення, якое пачалося летам 1944 года[76]. У маштабах савецка-германскага фронту, аперацыя «Баграціён» стала найбуйнейшай у доўгай серыі наступленняў. Яна паглынула нямецкія рэзервы, сур’ёзна абмежаваўшы магчымасці праціўніка адбіваць як іншыя наступленні на Усходнім фронце, так і прасоўванне саюзнікаў у заходняй Еўропе. Так, напрыклад, дывізія «Вялікая Нямеччына» была перакінута пад Шаўляй з Днястра і, такім чынам, была пазбаўлена магчымасці ўдзельнічаць у адбіцці Яса-Кішынёўскай аперацыі. Дывізія «Герман Герынг» была вымушана пакінуць пазіцыі пад Фларэнцыяй у Італіі ў сярэдзіне ліпеня і была кінута ў баі на Вісле, Фларэнцыя была вызвалена ў сярэдзіне жніўня, калі часткі «Герынга» беспаспяхова штурмавалі Магнушаўскі плацдарм.
Страты
правіцьСССР
правіцьЛюдскія страты Чырвонай арміі дастаткова дакладна вядомыя. Яны склалі 178 507 загінуўшымі, прапаўшымі без вестак і палоннымі, а таксама 587 308 параненымі і хворымі[1]. Гэта высокія нават па мерках Другой сусветнай вайны страты, у абсалютных лічбах значна большыя за ахвяры не толькі ў паспяховых, але нават у многіх няўдала завершаных аперацыях. Так, для параўнання, Берлінская аперацыя каштавала РСЧА 81 тысячы беззваротных страт, паражэнне пад Харкавам рана вясной 1943 года — крыху больш за 45 тысяч незваротных[1]. Такія страты звязаны з працягласцю і размахам аперацыі, якія ішла на складанай мясцовасці супраць майстэрскага і энергічнага праціўніка, які займаў добра падрыхтаваныя абарончыя рубяжы.
Германія
правіцьПытанне аб людскіх стратах вермахта з’яўляецца дыскусійным. Найбольш распаўсюджанымі сярод заходніх навукоўцаў з’яўляюцца наступныя дадзеныя: 26 397 загінуўшых, 109 776 параненых, 262 929 зніклых без вестак і трапілі ў палон, а ўсяго — 399 102 чалавек. Гэтыя лічбы ўзяты з дзесяцідзённых справаздач пра страты, якія прадстаўляліся нямецкімі войскамі[69]. Надзвычай малая колькасць забітых звязана з тым, што многія загінулыя былі улічаны як зніклыя без вестак, часам зніклым без вестак аб’яўляўся асабісты склад дывізіі цалкам[41].
Аднак гэтыя лічбы падвяргаюцца крытыцы. У прыватнасці, амерыканскі гісторык Усходняга фронту Д. Гланц звярнуў увагу на той факт, што розніца паміж колькасным складам групы армій «Цэнтр» да і пасля аперацыі складае значна большую лічбу. Д. Гланц падкрэсліў, што дадзеныя дзесяцідзённых справаздач — minimum minimorum, гэта значыць ўяўляюць сабой мінімальную ацэнку[55]. Расійскі даследчык А. В. Ісаеў ў выступе на радыё «Рэха Масквы» ацаніў нямецкія страты прыкладна ў 500 тысяч чалавек[6]. С. Залога ацаніў нямецкія страты ў 300—350 тысяч чалавек да капітуляцыі 4-й арміі ўключна[19].
Неабходна таксама звярнуць увагу на тое, што ва ўсіх выпадках падлічваюцца страты групы армій «Цэнтр», без уліку ахвяр груп армій «Поўнач» і «Паўночная Украіна»[69].
Паводле афіцыйных савецкім дадзеных, апублікаваных Саўінфармбюро, страты нямецкіх войск з 23 чэрвеня па 23 ліпеня 1944 года ацэньваліся ў 381 000 забітымі, 158 480 палоннымі, 2735 танкаў і самаходак, 631 самалёт і 57 152 аўтамашыны[77]. Цалкам імаверна, што гэтыя дадзеныя, як звычайна бывае з заяўкамі на страты праціўніка, значна завышаныя. У любым выпадку, кропка ў пытанні аб людскіх стратах вермахта ў аперацыі «Баграціён» яшчэ не пастаўлена.
Для таго, каб прадэманстраваць іншым краінам значнасць поспеху, 57 600 нямецкіх ваеннапалонных, захопленых пад Мінскам, былі праведзены па Маскве маршам — каля трох гадзін калона ваеннапалонных ішла па вуліцах Масквы, а пасля маршу вуліцы былі вымыты і ачышчаны[78].
Наглядна дэманструюць маштабы катастрофы, якая напаткала групу армій «Цэнтр», страты каманднага складу:
Часць | Афіцэр | Статус |
---|---|---|
3 танкавая армія | ||
53 армейскі корпус | генерал пяхоты Гольвітцэр | узяты ў палон |
206 пяхотная дывізія | генерал-лейтэнант Хітэр | узяты ў палон |
4 авіяпалявая дывізія | генерал-лейтэнант Пісторыус | загінуў |
6 авіяпалявая дывізія | генерал-лейтэнант Пешэль | загінуў |
246 пяхотная дывізія | генерал-маёр Мюлер-Бюлоў | узяты ў палон |
6 армейскі корпус | генерал артылерыі Пфайфер | загінуў |
197 пяхотная дывізія | генерал-маёр Ханэ | прапаў без вестак |
256 пяхотная дывізія | генерал-маёр Вюстэнхаген | загінуў |
4 армія | ||
39 танкавы корпус | генерал артылерыі Марцінек | загінуў |
110 пяхотная дывізія | генерал-лейтэнант фон Куроўскі | узяты ў палон |
337 пяхотная дывізія | генерал-лейтэнант Шэнеман | загінуў |
12 пяхотная дывізія | генерал-лейтэнант Бамлер | узяты ў палон |
31 пяхотная дывізія | генерал-лейтэнант Охснер | узяты ў палон |
12 армейскі корпус | генерал-лейтэнант Мюлер | узяты ў палон |
18 матарызаваная дывізія | генерал-лейтэнант Цутаверн | пакончыў самагубствам |
267 пяхотная дывізія | генерал-лейтэнант Дрэшэр | загінуў |
57 пяхотная дывізія | генерал-маёр Тровіц | узяты ў палон |
27 армейскі корпус | генерал пяхоты Фёлькерс | узяты ў палон |
78 штурмавая дывізія | генерал-лейтэнант Траўт | узяты ў палон |
260 пяхотная дывізія | генерал-маёр Кламт | узяты ў палон |
9 армія | ||
інжынерная служба арміі | генерал-маёр Шмідт | узяты ў палон |
35 армейскі корпус | генерал-лейтэнант фон Лютцаў | узяты ў палон |
134 пяхотная дывізія | генерал-лейтэнант Філіп | пакончыў самагубствам |
6 пяхотная дывізія | генерал-маёр Гейнэ | узяты ў палон |
45 пяхотная дывізія | генерал-маёр Энгель | узяты ў палон |
41 танкавы корпус | генерал-лейтэнант Хофмайстэр | узяты ў палон |
36 пяхотная дывізія | генерал-маёр Канрадзі | узяты ў палон |
камендант Бабруйска | генерал-маёр Хаман | узяты ў палон |
Рэзервовыя часткі | ||
95 пяхотная дывізія | генерал-маёр Міхаэліс | узяты ў палон |
707 пяхотная дывізія | генерал-маёр Гір | узяты ў палон |
матарызаваная дывізія «Фельдхернхале» | генерал-маёр фон Штайнкелер | узяты ў палон |
Храналогія вызвалення гарадоў Беларусі
правіцьПамяць
правіць- 14 красавіка 2010 года Нацыянальным банкам Рэспублікі Беларусь выпушчана і ўведзена ў абарот серыя манет «Аперацыя „Баграціён“»[79][80].
- Курган Славы
У філатэліі
правіцьКрыніцы
правіць- ↑ а б в г Коллектив авторов. Россия и СССР в войнах ХХ века: Потери Вооружённых Сил / Г. Ф. Кривошеев. — М.: ОЛМА-ПРЕСС, 2001. — 608 с. — (Архив). — 5 000 экз. — ISBN 5-224-01515-4 Белорусская стратегическая наступательная операция «Багратион»
- ↑ а б в Белорусская операция 1944 // Великая Отечественная война 1941 — 1945. Энциклопедия. — 1985. — С. 83—85.
- ↑ М. Поликарпов. Операция «Багратион», 23 июля 2004
- ↑ Кізіма С. А.,…
- ↑ а б в К. К. Рокоссовский Солдатский долг. (5-е изд.) — М.: Воениздат, 1988.
- ↑ а б А. Исаев. Цена Победы. Операция «Багратион» // Эхо Москвы. 17.08.2009
- ↑ (ням.) Frieser: Das Deutsche Reich und der Zweite Weltkrieg. Bd. 8, S. 532.
- ↑ К. Типпельскирх История Второй мировой войны. С. 590.
- ↑ Н. А. Антипенко «На галоўным кірунку» c. 150-c. 152
- ↑ А. Василевский. Дело всей жизни. — М.: Политиздат, 1983.
- ↑ а б в г д е ё ж з і к л м н о п р с т Операция «Багратион». — М.: Вече, 2011.
- ↑ Г. К. Жуков. Воспоминания и размышления. В 3-х т. Т. 3. М.: Агентство печати Новости, 1986
- ↑ а б в г А. Бухнер. 1944. Крах на Восточном фронте. — М.: ЭКСМО, 2006.
- ↑ а б А. В. Исаев. Два дня в истории. К 65-летию операции «Багратион».
- ↑ Verbrechen der Wehrmacht — Dimensionen des Vernichtungskrieges (Katalog der Wehrmachtausstellung), S. 398.
- ↑ а б в г Курт Типпельскирх, «История Второй мировой войны». СПб.:Полигон;М.:АСТ,1999.
- ↑ Партизанские формирования Белоруссии в годы Великой Отечественной войны (июнь 1941 — июля 1944): Краткие сведения об организационной структуре партизанских соединений, бригад (полков), отрядов (батальонов) и их личном составе. — Мн.: Беларусь, 1983.
- ↑ Э. Миддельдорф Русская кампания: тактика и вооружение. — СПб.: Полигон; М.: ACT, 2000.
- ↑ а б в г д е ё ж з і S. Zaloga. Bagration 1944: The destruction of Army group Center. Osprey, 1996.
- ↑ П. Карелл. Канны на Березине. — М.: Политиздат, 1988.
- ↑ Итоги второй мировой войны. Сборник статей. Пер. с нем. М., 1957, с. 407.
- ↑ а б в г д Вернер Хаупт. Сражения группы армий «Центр». — М.: Яуза, ЭКСМО, 2006.
- ↑ а б Rolf Hinze: Der Zusammenbruch der Heeresgruppe Mitte im Osten 1944, Motorbuch Verlag
- ↑ а б в Сборник материалов по изучению опыта войны № 15. Управление по использованию опыта войны Генерального штаба РККА. — М.: Воениздат, 1945.
- ↑ а б в г д И. X. Баграмян Так шли мы к победе. — М.: Воениздат, 1977.
- ↑ Г. К. Жуков. Воспоминания и размышления. том 2, гл. 19.
- ↑ а б в г К. К. Рокоссовский Солдатский долг. (5 е изд.): Воениздат; Москва; 1988
- ↑ а б П. И. Батов В походах и боях. — М.: Воениздат, 1974
- ↑ «Операция „Багратион“. М.: „Вече“, 2011
- ↑ а б в Steven Zaloga. Bagration 1944: The destruction of Army group Center. Osprey, 1996
- ↑ В. Хаупт. Сражения группы армий „Центр“. — М.: Яуза, Эксмо, 2006.
- ↑ а б в г Frieser: Das Deutsche Reich und der Zweite Weltkrieg
- ↑ В. Хаупт. Сражения группы армий „Центр“. — М.: Яуза, ЭКСМО, 2006.
- ↑ Frieser: Das Deutsche Reich und der Zweite Weltkrieg. Bd. 8, S. 626—630.
- ↑ С. Ньютон. Пожарник Гитлера. Фельдмаршал Модель. М.: АСТ, 2007
- ↑ а б К. Типпельскирх, «История Второй мировой войны». СПб.:Полигон;М.:АСТ,1999
- ↑ а б в г д В. Мюллер Я нашел подлинную родину. Записки немецкого генерала — М.: «Прогресс», 1974
- ↑ «Освобождение городов: Справочник по освобождению городов в период Великой Отечественной войны 1941—1945»
- ↑ W. M. Connor. Analysis of Deep Attack Operations: Operation Bagration, Belorussia, 22 June-29 August 1944
- ↑ а б в г Операция «Багратион». — М.: Вече, 2011
- ↑ а б в г А. Бухнер. 1944. Крах на Восточном фронте. — М.: ЭКСМО, 2006.
- ↑ А. Василевский. Дело всей жизни. — М.: Политиздат, 1983.
- ↑ а б в Великая Отечественная война 1941—1945 годов. М., Воениздат, 2011, т. 1.
- ↑ Сборник материалов по составу, группировке и перегруппировке сухопутных: войск фашистской Германии и войск бывших её сателлитов на советско-германском фронте за период 1941—1945 гг
- ↑ а б в г И. X. Баграмян Так шли мы к победе. — М.: Воениздат, 1977
- ↑ а б в Г. Фриснер. Проигранные сражения. М.: Воениздат, 1966
- ↑ а б С. М. Штеменко Генеральный штаб в годы войны.
- ↑ а б в А. П. Белобородов Всегда в бою. М., 1984
- ↑ а б Операция «Багратион». Освобождение Белоруссии. М., «ОЛМА-ПРЕСС», 2004
- ↑ а б Borodziej: The Warsaw Uprising of 1944.
- ↑ Г. Койфман Деген Ион Лазаревич Архівавана 27 жніўня 2012. iremember.ru — проект «Я помню». Воспоминания ветеранов ВОВ (14 марта 2007 года).
- ↑ Боевой состав Советской Армии. М.: Воениздат, 1988
- ↑ а б История Великой Отечественной войны Советского Союза 1941—1945 гг. Том 4. Изгнание врага из пределов Советского Союза и начало освобождения народов Европы от фашистского ига (1944 год) — М.: Воениздат, 1962
- ↑ а б К. К. Рокоссовский Солдатский долг. (5-е изд.) — М.: Воениздат, 1988.
- ↑ а б в г Д. Гланц Битва титанов. Как Красная армия остановила Гитлера. М., АСТ: Астрель, 2007
- ↑ а б в Танки идут на Люблин. Советские танковые войска в штурме Люблина в июле 1944 года. http://tankfront.ru/ussr/in_action/tanki_idut_na_lublin.html
- ↑ а б ЦАМО РФ. Ф. 233. Оп. 2307. Д. 12. Л. 376
- ↑ ЦАМО РФ. Ф. 307. Оп. 4148. Д. 226. Л. 105.
- ↑ ЦАМО РФ. Ф. 233. Оп. 2307. Д. 168. Л. 105—106
- ↑ ЦАМО РФ. Ф. 233. Оп. 2380. Д. 14. Л. 85-90
- ↑ а б в В. Чуйков. От Сталинграда до Берлина. М.: Сов. Россия, 1985.
- ↑ ЦАМО РФ. Ф. 233. Оп. 2307. Д. 29. Л. 113
- ↑ а б в г М. Мельтюхов. Операция «Багратион» и Варшавское восстание. Вопросы истории. 2004. № 11
- ↑ ЦАМО РФ. Ф. 132-А. Оп. 2642. Д. 36. Л. 424
- ↑ а б в г д е N. Bączyk — Bitwa pancerna pod Okuniewem (28 lipca-5 sierpnia 1944r.) Nowa Technika Wojskowa Numer Specjalny 1 (2007)
- ↑ ЦАМО РФ. Ф. 307. Оп. 4148. Д. 196. Л. 46, 47
- ↑ ЦАМО РФ. Ф. 307. Оп. 4148. Д. 247. Л. 67
- ↑ ЦАМО РФ. Ф. 307. Оп. 4148. Д. 226. Л. 105
- ↑ а б в г The Search Engine that Does at InfoWeb.net(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 29 кастрычніка 2012. Праверана 22 лютага 2014.
- ↑ а б R. Forczyk. Warsaw 1944; Poland’s big for freedom. Osprey Publishing, 2009.
- ↑ У. Черчилль. Вторая мировая война. Триумф и трагедия
- ↑ Б. Л. Гарт. Стратегия непрямых действий
- ↑ ЦАМО РФ. Ф. 233. Оп. 178503. Д. 9. Л. 79-80
- ↑ К. Типпельскирх История Второй мировой войны c. 341—342
- ↑ P. Adair. Hitler’s Greatest Defeat: The Collapse Of The Army Group Centre, June 1944 (The World of War)
- ↑ Залога, С. 71
- ↑ Наша Победа. День за днём — проект РИА Новости Архівавана 28 ліпеня 2013.
- ↑ В. Пахомов. Парад побеждённых. Битые в Белоруссии под конвоем через Москву. Архівавана 30 кастрычніка 2012. Советская Россия, № 94 (12565), 17 июля 2004 г.
- ↑ В. Сапрыков. В память об операции «Багратион» // Союзное вече, № 30 (317), 8—14 июля 2010 г.(недаступная спасылка)
- ↑ Сайт Нацыянальнага Банка Рэспублікі Беларусь(недаступная спасылка)
Літаратура
правіць- Кізіма С. А., Лянцэвіч В. М., Самахвалаў Дз. С. Гісторыя Беларусі: Курс лекцый. — Мн.: Выд-ва МІК, 2003. — 91 с.
Спасылкі
правіць- Беларуская наступальная аперацыя — на сайце «Руская цывілізацыя»Архівавана 29 верасня 2007.
- Аперацыя «Баграціён» Архівавана 19 лютага 2007. — у экспазіцыі Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.
- Аперацыя «Баграціён» Архівавана 11 мая 2011. — Камп’ютарная гульня, пасвечаная падзеям 1944 гады.
- Операция «Багратион». Освобождение Белоруссии — М.: ОЛМА-ПРЕСС, 2004. — с.: ил. — (Архив). Архівавана 4 сакавіка 2016. // на pawet.net
Дакументальнае кіно
правіцьГэты артыкул уваходзіць у лік выдатных артыкулаў беларускамоўнага раздзела Вікіпедыі. |