Бабруйская аперацыя

Бабруйская аперацыя (24—29 чэрвеня 1944 года) — франтавая аперацыя РСЧА СССР супраць нямецкіх войск у час Вялікай Айчыннай вайны, праведзеная ва Усходняй Беларусі. З’яўляецца складовай часткай стратэгічнай Беларускай аперацыі.

Бабруйская аперацыя
Асноўны канфлікт: Аперацыя «Баграціён» (Вялікая Айчынная вайна)
Знішчаныя нямецкія Panzer IV пад Бабруйскам.
Знішчаныя нямецкія Panzer IV пад Бабруйскам.
Дата 24—29 чэрвеня 1944
Месца Усходняя Беларусь
Вынік перамога СССР
Праціўнікі
 СССР  Трэці рэйх
Камандуючыя
К. К. Ракасоўскі Э. фон Буш
Страты
7061 забітых і прапаўшых без вестак[1] 50 000 забітых, 20 000 палонных
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Праводзілася войскамі 1-га Беларускага фронту пад камандаваннем генерала арміі К. Ракасоўскага. Вынікамі аперацыі сталі прарыў абароны праціўніка, акружэнне і разгром галоўных сіл 9-й арміі вермахта, вызваленне значнай тэрыторыі Беларусі, стварэнне ўмоў для наступнага наступлення на мінскім і баранавіцкім напрамках[2].

Планы савецкага камандавання правіць

Задума савецкага камандавання заключалася ў нанясенні па нямецкіх войсках удараў па збежных напрамках: Паўночная групоўка (3-я і 48-я арміі, 9-ы танкавы корпус) наступала з раёна на поўнач ад Рагачова ў напрамку на Бабруйск — Асіповічы, Паўднёвая групоўка (65-я і 28-я арміі, 1-ы гвардзейскі танкавы корпус, КМГ фронту генерала Пліева) — з раёна на поўдзень ад Парычаў у агульным кірунку на Старыя Дарогі — Слуцк, пры гэтым рухомыя часці абедзвюх груп павінны былі злучыцца на захад ад Бабруйска з мэтай акружэння і знішчэння асноўных сіл 9-й нямецкай арміі. Затым войскі павінны былі развіваць далейшае наступленне да мяжы Пухавічы — Слуцк[3].

Адпаведна для падтрымкі двух наступаючых груповак фронту былі створаны Паўночная і Паўднёвая авіяцыйныя групы.

Па плане, зацверджаным стаўкай Вярхоўнага Галоўнакамандавання, правядзенне Бабруйскай аперацыі было намечана на першым этапе аперацыі «Баграціён», на правым флангу 1-га Беларускага фронту. Першачарговай задачай савецкіх войск з’яўляўся прарыў абароны вермахта з пяці абарончых рубяжоў: першы — Друць і Дняпро, другі – Дабрыца, трэці – Добысна, чацвёрты – Ола, пяты – Бярэзіна. З мэтай прарыву абарончых рубяжоў праціўніка, савецкае камандаванне стварыла магутныя ўдарныя групоўкі[2]. Задума камандуючага фронтам К. Ракасоўскага складаўся ў прарыве абароны праціўніка на двух участках, пасля чаго Чырвоная армія павінна была наступаць па двух напрамках, ахопліваючы і ў канчатковым выніку акружаючы групоўку вермахта ў раёне Бабруйска. Адначасова з яе знішчэннем савецкія войскі павінны былі выйсці ў раён Пухавічаў і Слуцка[2].

Расстаноўка сіл правіць

СССР правіць

Германія правіць

Ход баявых дзеянняў правіць

Войскі 1-га Беларускага фронту перайшлі ў наступленне на досвітку 24 чэрвеня. У першыя дні аперацыі спрыяльна развіваліся падзеі ў паласе левага фланга фронту. У 12 гадзін дня з паляпшэннем надвор’я з’явілася магчымасць нанесці першы масіраваны ўдар авіяцыяй. Войскі 65-й і 28-й армій пры актыўнай падтрымцы авіяцыі ў першы дзень наступлення ўклініліся ў нямецкую абарону на 10 км, вызвалілі каля 50 населеных пунктаў, пашырыўшы ўчастак прарыву да 30 км. Каб развіць поспех і адрэзаць немцам шляхі адыходу з Бабруйска, камандуючы 65-й арміяй генерал П. І. Батаў увёў у бой 1-ы гвардзейскі танкавы корпус. Да зыходу трэцяга дня злучэнні 65-й арміі выйшлі да Бярэзіны, а войскі 28-й арміі фарсіравалі раку Пціч[4]. Сухапутныя часці падтрымлівалі караблі Дняпроўскай ваеннай флатыліі. Імі былі высаджаны паспяховыя дэсанты ў вёсцы Здудзічы і ў раёне Скрыгалава—Конкавічы.

Павольней развівалася наступленне ў паласе правай ударнай групоўкі 1-га Беларускага фронту на Рагачоўска-Бабруйскім напрамку, дзе дзейнічалі 3-я і 48-я арміі. Дывізіі двух стралковых карпусоў, адбіваючы контратакі пяхоты і танкаў, авалодалі толькі першай і другой траншэямі. З вялікімі цяжкасцямі ішло наступленне ў паласе 48-й арміі. Шырокая багністая пойма ракі Друць вельмі замарудзіла пераправу пяхоты і танкаў. Толькі пасля двухгадзіннага напружанага бою савецкія часці выбілі немцаў з першай траншэі і да 12 гадзін дня занялі другую траншэю. На поўнач ад кірунку галоўнага ўдару супраціў праціўніка аказаўся слабей. Савецкае камандаванне вырашыла перагрупаваць свае сілы на поўнач і развіваць наступленне на новым кірунку.

Конна-механізаваная група генерала Пліева, уведзеная на другі дзень аперацыі, у паласе наступлення 28-й арміі наступала ў паўночна-заходнім кірунку і да 26 чэрвеня выйшла да ракі Пціч у раёне Глуска і месцамі фарсіравала яе. У ноч на 27 чэрвеня 1-ы гвардзейскі танкавы корпус, здзейсніўшы манеўр, перарэзаў дарогі ад Бабруйска на захад і паўднёвы захад. Вялікую дапамогу наступаўшым злучэнням аказвала 16-я паветраная армія, наносячы бесперапынныя ўдары па адыходзячым войскам і пераправам праз Бярэзіну.

Аднавілася наступленне і войск 3-й арміі. Але развівалася яно павольна. Тады па ўказанні камандавання фронту камандуючы 3-й арміяй генерал А. В. Гарбатаў раніцай 25 чэрвеня ўвёў у бой 9-ы танкавы корпус. Здзейсніўшы майстэрскі манеўр па лясіста-балоцістай мясцовасці, танкісты пры падтрымцы двух авіядывізій пачалі імкліва прасоўвацца ўглыб абароны праціўніка і да раніцы 27 чэрвеня сталі абыходзіць Бабруйск з поўначы, дзе корпус злучыўся з 1-м гвардзейскім танкавым корпусам, завяршыўшы акружэнне 40-тысячнай групоўкі праціўніка. У акружэнне трапіла 6 дывізій — 40 тыс. салдат і афіцэраў (па іншых даных каля 70 тыс. чалавек[5]) і вялікая колькасць узбраення і баявой тэхнікі. Да гэтага часу 65-я армія выйшла на подступы да Бабруйска, а 28-я армія вызваліла Глуск.

Акружаныя нямецкія дывізіі спрабавалі прарвацца, з тым каб разам з 4-й арміяй стварыць абарону на Бярэзіне і на подступах да Мінска. Аднак масіраваны налёт 526 самалётаў 16-й паветранай арміі, які доўжыўся паўтары гадзіны, прычыніў немцам велізарныя страты і канчаткова дэмаралізаваў іх. У акружаных часцей пачалася паніка, многія салдаты кідалі зброю і спрабавалі выбрацца з акружэння на захад самастойна[6]. Пазней у зоне авіяўдару было знойдзена звыш 1 000 трупаў нямецкіх салдат і афіцэраў. Шмат было падбітай і спаленай тэхнікі: 150 танкаў і штурмавых гармат, каля 1 000 артылерыйскіх гармат, да 6 000 аўтамашын, 300 цягачоў, да 3 000 конных павозак з грузамі[7].

Да сярэдзіны дня 28 чэрвеня падышоўшыя войскі 48-й арміі ўдарамі з некалькіх напрамкаў у асноўным знішчылі акружаную групоўку праціўніка[8]. Толькі 5-тысячнай групе немцаў удалося прарвацца ў напрамку да Асіповічаў, але і яна неўзабаве была ўзятая ў палон. 29 чэрвеня Бабруйск, у якім трымала абарону 383-я пяхотная дывізія, узяты савецкімі войскамі.

Вынікі і наступствы правіць

У выніку Бабруйскай аперацыі войскі 1-га Беларускага фронту за 5 сутак акружылі і разграмілі галоўныя сілы 9-й нямецкай арміі і стварылі ўмовы для імклівага наступлення на Мінск і Баранавічы. Да зыходу 29 чэрвеня яны прасунуліся да 110 км. Акружэнне Бабруйскай групоўкі ў аператыўнай глыбіні было дасягнута двухбаковым ахопам, ажыццёўленым у кароткія тэрміны. Найважнейшая асаблівасць знішчэння гэтай групоўкі — масіраванае прымяненне авіяцыі фронту. Дваццаць злучэнняў і часцей, якія вызначыліся ў аперацыі, былі ўдастоены ганаровага наймення «Бабруйскія»[3].

Адначасова з завяршэннем знішчэння нямецкіх войскаў на паўднёвы ўсход ад Бабруйска і ў самім горадзе, асноўныя сілы 3-й, 65-й і 28-й армій ва ўзаемадзеянні з партызанамі працягвалі наступленне ў паўночна-заходнім і заходнім кірунках. Пераследуючы нямецкія войскі, прарвалі абарону ворага на р. Пціч і вызвалілі г.п. Глуск. Конна-механізаваная група прасунулася больш чым на 50 км, вызваліўшы населеныя пункты Глуша і Гарадок, горад і чыгуначную станцыю Старыя Дарогі. Да 29 чэрвеня войскі 1-га Беларускага фронту на чацвёра сутак раней вызначанага планам аперацыі тэрміну паспяхова вырашылі пастаўленыя задачы[2].

Па даных штабоў савецкіх войскаў, у выніку баёў толькі за Бабруйск нямецкія войскі панеслі значныя страты — былі знішчаны больш за 7 тысяч салдат і афіцэраў, узята ў палон да 2 тысяч чалавек, захопленыя 12 эшалонаў з харчаваннем, фуражом і рыштункам, звыш 400 артылерыйскіх гармат, 60 танкаў і штурмавых гармат, больш за 500 аўтамашын[2].

Заўвагі правіць

  1. ЦАМО РФ ф. 233, оп. 2356, д. 256, л. 282-284
  2. а б в г д Бобруйская наступательная операция (24 — 29 июня 1944 г.). Министерство обороны РФ. Архівавана з першакрыніцы 29 лістапада 2021. Праверана 13 студзеня 2023.
  3. а б 60 лет победы. Бобруйская операция 1944 года
  4. Разгром немецкий войск под Витебском, Бобруйском и Могилёвом(недаступная спасылка)
  5. Rolf Hinze: Ostfrontdrama 1944 — Rückzugskämpfe der Heeresgruppe Mitte: Motorbuchverlag Stuttgart 1988
  6. David M. Glantz, Harold S. Orenstein; Belorussia 1944 — The Soviet General Staff Study; ISBN 0-415-35116-2; S. 85
  7. Цыкин А. Авиация 16-й воздушной армии при разгроме группировки противника под Бобруйском. // Военно-исторический журнал. — 1962. — № 7. — С.15-28.
  8. Катастрофа немецкой группы армий «Центр» в Белоруссии. Освобождение восточных районов Польши

Літаратура правіць

  • История Второй мировой войны 1939—1945, т. 9. — М., 1978.
  • История Великой Отечественной войны Советского Союза 1941—1945, т. 4. — М., 1962.
  • Освобождение Белоруссии 1944, 2 изд. — М., 1974.
  • Болдырев П. С. Бобруйская операция. — М., 1945.
  • Синицын М. В. Операция «Багратион». Оба удара главные… — М., 2019.

Спасылкі правіць