Курган Славы (мемарыяльны комплекс)
Мемарыяльны комплекс «Курган Славы» — помнік у гонар подзвігу воінаў 1, 2, 3-га Беларускіх і 1-га Прыбалтыйскага франтоў у Беларускай аперацыі 1944, размешчаны ў Смалявіцкім раёне Мінскай вобласці, на 21-м км магістралі М2 Мінск — Нацыянальны аэрапорт «Мінск».
Мемарыяльны комплекс | |
Курган Славы | |
---|---|
Курган Славы Савецкай Арміі — вызваліцельніцы Беларусі | |
54°01′07″ пн. ш. 27°53′54″ у. д.HGЯO | |
Краіна | Беларусь |
Месцазнаходжанне | Мінская вобласць |
Скульптар | А. Бембель, А. Артымовіч |
Архітэктар | А. Стаховіч і Л. Міцкевіч, В. Лапцэвіч |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Перадгісторыя
правіцьБеларуская наступальная аперацыя «Баграціён» праводзілася сіламі франтавых злучэнняў пры ўдзеле партызан, пачалася 23 чэрвеня 1944 года і завяршылася 29 жніўня вызваленнем Беларусі, часткі Літвы і Польшчы. Менавіта на Смалявіччыне ў ліпені 1944 года ў акружэнне трапіла 105-тысячная групіроўка гітлераўцаў. Дадзеная падзея атрымала назву «Мінскі кацёл». Разгром гэтай групіроўкі завяршыўся 11 ліпеня і стаў яшчэ адным вырашальным крокам на шляху да вызвалення Беларусі.
Гісторыя
правіцьУ памяць аб гераізме савецкіх салдат і афіцэраў, а таксама ў гонар перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне кіраўніцтва БССР 18 жніўня 1966 года прыняло пастанову аб збудаванні манументальна-скульптурнай кампазіцыі «Курган Славы». Закладзены 30 верасня 1966 года прадстаўнікамі гарадоў-герояў Адэсы, Валгаграда, Кіева, Ленінграда, Масквы, Севастопаля, Брэсцкай крэпасці-героя, працоўных, навучэнцаў, вайсковых часцей Мінска і Мінскай вобласці[1]. Удзельнікі мітынгу заклалі памятную пліту і прынялі наказ наступным пакаленням шанаваць памяць мінулай вайны і быць патрыётамі сваёй Айчыны. Тэкст наказу быў замураваны ў спецыяльнай капсуле ў падмурку кургана.
Аўтарамі мемарыяльнага комплексу сталі скульптар А. Бембель, архітэктар А. Стаховіч, а таксама скульптары А. Арцімовіч, архітэктар Л. Міцкевіч, інжынер В. Лапцэвіч[1]. Узвядзенне Кургана Славы пачалося ў лістападзе 1967 года. Тысячы людзей зрабілі ў яго свой уклад і прынеслі сюды купкі зямлі.
Урачыста адкрыты 5 ліпеня 1969 года. У 1970 годзе скульптар А. Бембель і архітэктар А. Стаховіч атрымалі Дзяржаўную прэмію БССР за Курган Славы. З’яўляўся філіялам Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны[1].
Архітэктура
правіцьКурган Славы — складанае інжынерна-архітэктурнае збудаванне, якое з’яўляецца ідэйна-мастайкай дамінантай наваколля. Вышыня кургана складае 35 м, на вяршыні яго чатыры абліцаваныя тытанам штыкі-абеліскі, кожны вышынёй па 35,6 м, якія сімвалізуюць 1-ы, 2-і, 3-і Беларускія і 1-ы Прыбалтыйскі франты — удзельнікі вызвалення Беларусі. У іх ніжняй частцы мазаічныя выявы ордэнаў Айчыннай вайны і Славы. Аснову штыкоў акружае шырокае кола, унутры якога мазаічны надпіс «Арміі Савецкай, Арміі-вызваліцельніцы — слава!» На вонкавай паверхні кола абліцаваныя залацістай смальтай барэльефныя выявы воінаў усіх родаў войскаў і партызанаў. Да агляднай пляцоўкі на вяршыні вядуць две бетанаваныя лесвіцы (241 прыступак ў кожнай). На падыходзе да помніку з боку шашы гранітная пліта з інфармацыйным надпісам, вакол якога мемарыяльны парк з штучным басейнам[1].
Курган Славы з’яўляецца выдатным прыкладам новай беларускай мемарыяльнай пластыкі, якая перайшла ад фармалізму, уласцівага савецкаму пасляваеннаму мастацтву, да сімвалічных вобразаў, якія разам з тым маюць цесную сувязь з рэальным жыццём.
Курган Славы пад Мінскам парадзіў цэлую хвалю перайманняў сярод архітэктараў, якія стваралі ваенныя мемарыялы па ўсім СССР.
Галерэя
правіцьГл. таксама
правіцьЗноскі
- ↑ а б в г А. Г. Ванькевіч. Курган Славы Савецкай Арміі — вызваліцельніцы Беларусі // Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Мн.: БелЭн, 1993. — 620 с. — ISBN 5-85700-078-5.
Літаратура
правіць- А. Г. Ванькевіч. Курган Славы Савецкай Арміі — вызваліцельніцы Беларусі // Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Мн.: БелЭн, 1993. — 620 с. — ISBN 5-85700-078-5.
Спасылкі
правіць- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Курган Славы (мемарыяльны комплекс)
- Курган Славы Архівавана 21 мая 2013.