Савецкі партызанскі рух у Беларусі (1941—1944)

(Пасля перасылкі з Партызанскі рух у Беларусі)

Савецкі партызанскі рух падчас Другой сусветнай вайны на тэрыторыі Беларусі (1941—1944) — партызанскі рух, частка агульнага савецкага партызанскага руху, які дзейнічаў супраць нямецкіх акупацыйных улад і іх саюзнікаў на тэрыторыі БССР у 1941—1944 гг. Асноўнымі арганізатарамі партызанскага руху з’яўляліся супрацоўнікі НКУС з аднаго боку і камуністы, беспартыйныя актывісты, былыя салдаты і камандзіры Чырвонай Арміі з другога боку.

Партызанскія брыгады і злучэнні на тэрыторыі БССР (1942—1944)

У развіцці беларускага партызанскага руху можна ўмоўна вылучыць некалькі этапаў:

  • Першы этап (чэрвень 1941 — лістапад 1942 г.) — пачатковы перыяд арганізацыі і развіцця партызанскага руху
  • Другі этап (лістапад 1942 г. — снежань 1943 г.) — перыяд масавага развіцця партызанскага руху
  • Трэці этап (снежань 1943 — ліпень 1944) — заключны перыяд партызанскага руху

Сацыяльная база партызанскага руху ў Беларусі ў 1941 наогул адпавядала сацыяльнай базе руху ў іншых рэгіёнах СССР. Гл.далей: Партызанскі рух у СССР (1941).

Першыя атрады ў БССР: «Старасельскі» (кам. маёр Дародных), Жабінкаўскі раён, 23.6.1941; атрад пад кам. В. Каржа, Пінск, 26.6.1941 і інш.

Як і наогул у СССР, кіраўніцтва партызанскім рухам у БССР забрала камуністычная партыя (КП(б)Б). У развіццё дырэктывы ЦК УКП(б) ад 29.6.1941 былі выданы дырэктывы ЦК КП(б)Б № 1 «Аб пераходзе на падпольную работу партыйных арганізацый раёнаў, занятых ворагам», у якой ставілася задача тэрміновага стварэння падполля, вызначаліся яго задачы і формы будовы, і наогул, прадугледжвалася, што падпольны і партызанскі рух будуць дзейнічаць пад кантролем заканспіраваных партыйных структур, і № 2 «Аб разгортванні партызанскай вайны ў тыле ворага» (1.7.1941), у якой вызначаліся задачы па стварэнні партызанскага руху, даваліся канкрэтныя ўказанні па формах арганізацыі, мерах канспірацыі, сродках сувязі і інш. Нарадай ЦК КП(б)Б (1.7.1941) было пастаноўлена скіраваць у германскі тыл 1215 партыйных работнікаў для агітацыі і арганізацыі партызанскага руху. Ствараліся абласныя, міжраённыя і раённыя партыйныя камітэты, тройкі, цэнтры і інш. У 89 раёнах усходніх абласцей былі пакінуты для арганізацыі падпольных партыйных структур 8,5 тыс. камуністаў і больш за 5 тыс. камсамольцаў[1].

Станаўленне

Падрыхтоўка да партызанскай барацьбы на выпадак нападу нацысцкай Германіі пачалася яшчэ ў 1930-я. Яна ўключала стварэнне заканспіраванай сеткі дыверсійных груп, дыверсантаў-адзіночак у гарадах і на чыгунках на захадзе ад лініі ўмацаваных раёнаў, арганізацыю і падрыхтоўку манеўраных партызанскіх атрадаў і груп, забеспячэнне партызанскіх фарміраванняў сродкамі сувязі і іншымі матэрыяламі, неабходнымі для барацьбы і жыцця ва ўмовах тылу. На тэрыторыі Беларусі падрыхтоўкай да партызанскіх дзеянняў займаліся партыйныя органы і камандуючы войскамі Беларускай ваеннай акругі І. П. Убарэвіч[2].

26 чэрвеня 1941 г. кіраўніцтва Беларускай ССР выдала загад аб стварэнні 14 партызанскіх атрадаў. Яны складаліся з 1162 чал., у т.л. 539 супрацоўнікаў НКДБ, 623 супрацоўнікі НКУС і 17—18 вайскоўцаў РСЧА. Гэтыя атрады хутка былі знішчаны або расеяны.

29 чэрвеня 1941 была выдадзена сакрэтная дырэктыва СНК СССР і ЦК ВКП(б), у якой гаварылася, што «У занятых ворагам раёнах ствараць партызанскія атрады і групы для барацьбы з часцямі варожай арміі, для распальвання партызанскай вайны ўсюдв сквозь. для ўзрыву мастоў, дарог, псавання тэлефоннай і тэлеграфнай сувязі, падпалу складоў і г.д. У захопленых ворагам раёнах ствараць невыносныя ўмовы для ворага і ўсіх яго пасобнікаў, праследаваць і знішчаць іх на кожным кроку, зрываць усе іх мерапрыемствы»[3].

У першым перыядзе вайны, да стварэнняў Цэнтральнага штаба партызанскага руху (ЦШПР), партызанскія фарміравання, якія дзейнічалі ў паласах франтоў і армій, мелі розную падпарадкаванасць: імі кіравалі партыйныя (ЦК КП(б)Б, абкамы партыі), ваенныя (ваенныя саветы франтоў і армій, франтавыя штабы партызанскага руху), органы НКУС і г.д.[4]

Выконваючы заклік Масквы, партыйныя камітэты БССР на працягу ліпеня — жніўня 1941 г., адначасова з фарміраваннем сеткі падпольных партыйных органаў і арганізацый у раёна, якім пагражала акупацыя, падабралі і накіравалі на акупіраваную тэрыторыю сотні арганізатараў і кіраўнікоў партызанскага руху. Для арганізацыйнай барацьбы ў тыле ворага былі накіраваны 215 камуністаў, у т. л. восем сакратароў абкомаў, 120 сакратароў гаркомаў партыі. У тэрміновым парадку ствараліся арганізатарскія і дыверсійныя групы, невялікія партызанскія атрады. Усяго к канцу 1941 г. было ўтворана 437 такіх груп і атрадаў, якія налічвалі больш за 7,2 тыс. чал.[5]

Аднак, у сувязі з хуткім прасоўваннем нямецкіх войскаў на ўсход СССР і запозненым прыняццем савецкім кіраўніцтвам рашэння на разгортванне партызанскай вайны фарміраванне атрадаў і груп у пачатку вайны адбывалася ва ўмовах жорсткага дэфіцыту часу, без належнага кадравага і матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння, неабходнай баявой падрыхтоўкі асабовага складу. З 92-х атрадаў, якія дзейнічалі ў другой палове 1941 на акупіраванай тэрыторыі Беларусі, 42 да канца згаданага перыяду па розных прычынах спынілі сваё існаванне[6].

Дзейнасць

За гады барацьбы партызанамі было падарвана больш за 300 тыс. рэек і пушчана пад адхон 11 128 нямецкіх эшалонаў з жывой сілай і баявой тэхнікай[7]. Але, як сцвярджае нямецкі даследчык Б. Мусял, «чым вышэйшая была пасада службоўца, які складаў справаздачу, тым пра большыя страты праціўніка ў ёй гаварылася»[8]. Савецкія партызанскія камандзіры наваднялі Маскву «эйфарычнымі данясеннямі пра свае ваенныя поспехі, якія не адпавядалі рэчаіснасці»[9].

Стасункі з іншымі партызанскімі атрадамі

 
Міхась Філіповіч. Партызанскі штаб

Калі ў красавіку 1943 г. у выніку раскрыцця катынскай справы І. Сталін разарваў стасункі з польскім эміграцыйным урадам у Лондане. З гэтага часу савецкія партызаны ў сваёй прапагандзе называлі палітыку польскага прэм’ер-міністра генерала У. Сікорскага «злачыннай і антынароднай»[10], а «Правда» публікавала перадавіцы, якія абвінавачвалі лонданскі ўрад у супрацоўніцтве з А. Гітлерам. Камуністычная прапаганда пастаянна казала аб празаходнім польскім падпольным войску як аб «бандзе белапалякаў»[11]. Згодна з іншай прапагандысцкай дырэктывай, пра польскае падролле належала гаварыць як пра «саюзнікаў гестапа»[12].

Злачынства супраць мірнага насельніцтва і маёмасці

Гэты аспект савецкага партызанскага руху не знайшоў адлюстравання у традыцыйнай савецкай гістарыяграфіі.

Дакументы сведчаць, што савецкая партызанская дзейнасць часта зводзілася да бандытызму, згвалтаванняў, грабяжоў і забойстваў[13]. У цэлым, камандаванне савецкіх нерэгулярных фарміраванняў лічыла рабаўніцтва заканамерным. Паколькі савецкім партызанам у цэлым бракавала народнай падтрымкі, для здабыцця харчавання яны рабілі набегі на вёскі і хутары. Як сказаў адзін з савецкіх военачальнікаў

  большасць партызанскіх атрадаў кормяцца, апранаюцца і ўзбройваюцца за кошт мясцовага насельніцтва, а не шляхам захопу трафеяў у немцаў. Гэта выклікае варожае стаўленне ў людзей, якія гавораць: «Немцы ўсё забіраюць, дык даводзіцца яшчэ і з партызанамі дзяліцца»  

[14]

Савецкія партызанскія камандзіры пісалі ў сваіх данясеннях пра «заклятых ворагаў нашай Радзімы — нямецкіх акупантаў і іх польскіх прыспешнікаў»[15]. Польскія партызанскія атрады характарызаваліся як «варожыя савецкай уладзе» і, значыцца, «заўзятыя фашысты»[16]. «Палякі, якія ваююць супраць [савецкіх] партызан, — гэта германскія агенты і ворагі польскага народа», — гаварылася ў сакрэтным загадзе, што выйшаў у маі 1943 г.[17] Палякі пастаянна атаясамліваліся з нацыстамі, як у данясенні ад 1 снежня 1943 г., у якім камандзір партызанскай брыгады імя Леніна выхваляўся, што «дзякуючы разведданым, здабытым нашай разведкай, мы ачысцілі тэрыторыю ад нямецкіх і польскіх шпіёнаў»[18]. 23 чэрвеня 1943 г. камандаванне савецкіх партызан ухваліла практыку даносаў на польскіх падпольшчыкаў нацыстам. Пазней выйшаў загад «расстрэльваць [польскіх] камандзіраў» і «дыскрэдытаваць, абяззбройваць і разганяць» іх атрады[19]. Сцвярджалася, што атрады Арміі Краёвай — гэта «не польскія партызанскія групы, а групы, створаныя немцамі…». «Гэтыя нямецкія групы, якія складаюцца з палякаў, павінны быць знішчаны», — гаварылася ў сакрэтным загадзе ад 29 чэрвеня 1943 г.[20] 5 снежня 1943 г. выйшла ўказанне

  брыгадзе [НКУС] імя Чкалава пачаць ачыстку тэрыторыі ад белапольскіх бандаў... Члены бандаў, асабліва паліцэйскія, паны і асаднікі, падлягаюць расстрэлу. Але ўсю аперацыю неабходна ажыццяўляць у тайне  

[21]

У маі 1943 — ліпені 1944 гг. паміж савецкімі і польскімі партызанамі адбылося не менш 230 баявых сутыкненняў[22].

Кіраўніцтва

Ваеннае кіраўніцтва партызанскім рухам у БССР ажыццяўлялася ЦК КП(б)Б да сакавіка 1942, Паўночна-заходняй аператыўнай групай ЦК КП(б)Б да 30.5.1942, Цэнтральным штабам партызанскага руху (30.5.1942—13.1.1944) і Беларускім штабам партызанскага руху (9.9.1942—14.11.1944).

Колькасць

26 чэрвеня 1941 г. кіраўніцтва БССР выдала загад аб утварэнні 14 партызанскіх атрадаў. Яны складаліся з 1162 чал. (539 супрацоўнікаў НКДБ, 623 супрацоўнікі НКУС і 17—18 ваенных Чырвонай Арміі). Гэтыя атрады былі знішчаны або рассеяны. На канец чэрвеня 1941 на акупаванай тэрыторыі БССР дзейнічалі 4 партызанскія атрады (без уліку стыхійна ўзніклых партызанскіх груп), на канец ліпеня — 35, на канец жніўня — 61[23].

Магчыма, што ў БССР за 2-ю палову 1941 былі стыхійна былі створаны каля 60 атрадаў. Пад кіраўніцтвам ЦК КП(б)Б за 1941 у БССР былі сфарміраваны ад 250 да 430 арганізатарскіх атрадаў арганізатарскіх і дыверсійных груп (ад 7,2 да звыш 8 тыс. чал.)[24].

У канцы 1941 дзейнічалі 99 атрадаў і каля 100 партызанскіх груп[25]

Зімой 1941/1942 дзейнічалі 50 атрадаў і каля 50 падпольных арганізацый і груп[26]

За 1942 ЦК КП(б)Б скіраваў у Беларусь 14 атрадаў і 92 арганізатарскія групы (2600 ч.) з выпускаў Асобага беларускага збору. Са спецыяльных школаў ЦШПР (падрыўнікі, радысты, сувязныя, разведчыкі) у Беларусь былі скіраваны 175 дыверсійных груп (2077 ч.)[27].

На пач. лістапада 1942 дзейнічалі 417 злучэнняў (зв. 47,3 тыс.ч.), з іх 74 % на Віцебшчыне і Міншчыне, а ў заходніх вобласцях некалькі дзесяткаў злучэнняў.[28]

На пачатку студзеня 1943 дзейнічалі 56 брыгад (220 атрадаў) і 292 асобных атрадаў (у т.л., у заходніх вобласцях 60 атрадаў). Агульная колькасць байцоў 56 тыс.ч. (у т.л., у заходніх вобласцях 11,1 тыс.ч.). У партызанскім рэзерве было 150 тыс. ч.[29]

За 1943 у Беларусь былі скіраваны 13 атрадаў і 111 арганізатарскіх і дыверсійных груп (зв.1900 ч.). У ліку прысланых спецыялістаў пераважалі інструктары мінна-падрыўной справы і падрыўнікі.[30].

Наогул, колькасны рост за 1943 склаў 96 тыс.ч.[31], з іх 85 % складалі мясцовыя жыхары. У колькасны прырост уваходзілі 12 тыс.ч. з акупацыйных ваенна-паліцэйскіх фарміраванняў, якія перайшлі на боку савецкіх партызанаў[32].

У канцы снежня 1943—153,7 тыс. байцоў, з іх 36,8 тыс. у заходніх вобласцях[33]. З гэтай агульнай колькасці 30,8 тыс. ужо знаходзіліся на савецкім баку фронту пасля прасоўвання лініі фронту на захад у час вызвалення ўсходніх земляў Беларусі ў канцы 1943[34]. Партызанскі рэзерв на пачатак 1944 складаў каля 105 тыс.ч.[35]

Да студзеня 1944 г. з 1156 савецкіх партызанскіх атрадаў, якія налічвалі 187 571 чал., 723 атрады, у якіх гуртаваліся 121 903 чал., ці 65 % ад агульнай колькасці, дзейнічалі на тэрыторыі Беларусі[36].

Нацыянальныя меншасці ў савецкім партызанскім руху

Яўрэі

П. Панамарэка, у дакладзе кіраўніцтву са шкадаваннем згадваў пра малую колькасць яўрэяў у беларускім савецкім партызанскім руху, што, на яго думку, сведчыла пра брак савецкага патрыятызму ў палякаў і яўрэяў. Ён пісаў, што яўрэі складаюць да 8,5 % насельніцтва рэспублікі, а сярод партызан іх толькі 2,71 %, такім чынам прапарцыйна яўрэяў у 2,5 раза менш, чым увогуле па рэспубліке[37]. Дакладная колькасць яўрэяў у беларускім савецкім партызанскім руху дагэтуль невядома. Паводле савецкіх архіўных дакументаў, партызанскі рух налічваў 5077 яўрэяў, ці 2,6 % ад агульнай колькасці партызанаў[38]. У іншых крыніцах — «не менш за 15 000» партызанаў і падпольшчыкаў яўрэйскай нацыянальнасці[39]. Паводле Яна Гроса, «колькасць яўрэяў, якія ваявалі на баку савецкай дзяржавы, агаломшвае»[40]. Яўген Разэнблат адзначае, што колькасць яўрэяў-удзельнікаў супраціву надзвычай вялікая. Іх было больш за прадстаўнікоў якой-кольвек іншай нацыянальнасці. Больш як палова ўсіх беларускіх яўрэяў, што перажылі вайну, удзельнічалі ў беларускім партызанскім руху. Антысеміцкія настроі, стэрэатып пра няздольнасць яўрэяў ваяваць і іх бяздзейнасць у арміі распаўсюджваліся шэрагам партызанаў і падпольшчыкаў[41]. Насаджаўся міф пра яўрэяў-«ухілістаў», якія, нібыта, перачакалі вайну ў Цэнтральнай Азіі. Нават прыдумалі выраз — «ташкенцкія партызаны». А для тых, хто ўсё ж такі апынуўся на фронце, паводле ваеннага жарту, для яўрэяў выраблялі скрыўленыя стрэльбы, бо тыя здольныя страляць толькі з-за вугла[42].

Яўрэяў вымушала ісці ў лес небяспека з боку нацысцкай акупацыі тэрыторый. Узброеных яўрэйскіх юнакоў савецкія партызаны прымалі зазвычай з ахвотай. Ад жанчын, дзяцей і старых у лепшым выпадку адмаўляліся, у горшым — цкавалі. Былі нават выпадкі, калі савецкія партызаны забівалі яўрэяў[43]. Урэшце, аднак, паасобныя яўрэйскія групы — як чыста партызанскія атрады, так і мяшаныя, сямейныя і бежанскія групы — былі падпарадкаваны партызанскаму камандаванню і залічаны ў савецкі актыў[44].

Яўрэі знаходзіліся ў складанай сітуацыі ў савецкім партызанскім руху. Нават у складзе савецкіх партызанскіх атрадаў ім даводзілася сутыкацца з «нянавісцю да жыдоў»[45]. Савецкае кіраўніцтва на словах выкараняла антысеміцкія выказванні і ўчынкі, але ў той жа час забараняла і праявы яўрэйскай салідарнасці. У маі 1943 г. «партызан Рыгор Рывін, яўрэй па нацыянальнасці [быў] расстраляны за сістэматычнае пашырэнне яўрэйскага шавінізму». Віна Р. Рывіна была ў тым, што ён неаднаразова ўголас скардзіўся, што «ў [партызанскім] атрадзе не любяць яўрэяў… [і] здзекуюцца з іх»[46]. У чэрвені 1943 г. у Міронцы, пасля таго як яўрэйскі вартавы выпадкова забіў савецкага партызана, таварышы апошняга накінуліся на яўрэйскі патруль і забілі 7 яго байцоў[47]. У сувязі з гэтымі падзеямі камандаванне партызанскай брыгадв імя Сталіна абвясціла, што «протаскивание еврейского национализма, как и антисемитизма—[адзін з] фашистских методов разложения наших рядов»[47].

Савецкія «аднапалчане» абвінавачвалі яўрэяў-партызанаў у грабяжах[48]. Паводле рапарту ад 28 мая 1943 г., «некаторыя групы, у тым ліку яўрэйскія, займаюцца не барацьбой, а захопам прадуктаў. Сёй-той з іх, хто паўцякаў з лагераў, ублытаўся у бандытызм (рабункі, п’янства і згвалтаванні)»[49].

Задачы

Летам 1942 ЦШПР паставіў партызанскім сілам задачу масавага знішчэння мясцовай адміністрацыі і «здраднікаў». Рэальна ў лік такіх траплялі не толькі работнікі адміністрацыі, але і іх сем’і, вясковыя старасты, школьныя настаўнікі, і нават сяляне, якія ўзялі зямлю пры раздзеле калгасаў — гэтыя катэгорыі склалі да 70 % забітых савецкім падполлем і партызанамі цывільных грамадзян[50].

Зноскі

  1. У кантэксце…, С.108.
  2. Лемяшонак, У. Партызанскі рух у Вялікую Айчынную вайну / Уладзімір Лемяшонак // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. Т. 5. М — Пуд / БелЭн; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1999. — 592 с.: іл. — С. 413. — ISBN 985-11-0141-9.
  3. Коммунистическая партия Советского Союза в резолюциях съездов, конференций и пленумов ЦК (1898—1971). Т. 6. — М., 1971. — С. 19.
  4. Андрианов, В. Оперативное использование партизанских сил // Военно-исторический журнал. — 1969. — № 9. — С. 22.
  5. Всенародная борьба в Белоруссии против немецко-фашистских захватчиков. Т. 1. — С. 84, 112.
  6. История партизанского движения в Российской Федерации в годы Великой Отечественной войны 1941—1945 / Правительство Москвы [и др.; под общей ред. Б. Т. Шумилина]. — М.: Атлантида-XXI век—ИздАТ, 2001. — 229, [2] с. — С. 15. — ISBN 5-93238-051-9 (Атлантида — XXI век в переплете). ISBN 5-86656-115-8 (ИздАТ); Літвін, А. Цэнтральны штаб партызанскага руху і Беларусь. Да 65-й гадавіны з дня стварэння / А. Літвін // Беларускі гістарычны часопіс. — 2007. — № 5. — С. 4; Партизанские формирования Белоруссии в годы Великой Отечественной войны (июнь 1941 ― июль 1944): краткие сведения об организационной структуре партизанских соединений, бригад (полков), отрядов (батальонов) и их личном составе / [А. Л. Манаенков и др.]; Институт истории партии при ЦК КП Белоруссии ― филиал Института марксизма-ленинизма при ЦК КПСС. — Мн.: Беларусь, 1983. — 763, [2] с. — С. 20.
  7. Брюханаў. У штабе партызанскага руху. — С. 251.
  8. Sowjetische Partisanen in Weissrussland… — S. 22.
  9. Sowjetische Partisanen in Weissrussland… — S. 107.
  10. Sowjetische Partisanen in Weissrussland… — S. 122.
  11. Sowjetische Partisanen in Weissrussland… — S. 84—86, 250.
  12. Sowjetische Partisanen in Weissrussland… — S. 134.
  13. Sowjetische Partisanen in Weissrussland… — S. 52—53, 88, 111—112, 144, 158, 166.
  14. Sowjetische Partisanen in Weissrussland… — S. 48.
  15. Sowjetische Partisanen in Weissrussland… — S. 144.
  16. Sowjetische Partisanen in Weissrussland… — S. 227.
  17. Sowjetische Partisanen in Weissrussland… — S. 228.
  18. Sowjetische Partisanen in Weissrussland… — S.63.
  19. Sowjetische Partisanen in Weissrussland… — S. 223.
  20. Sowjetische Partisanen in Weissrussland… — S. 237.
  21. Sowjetische Partisanen in Weissrussland… — S. 250—251.
  22. Sowjetische Partisanen in Weissrussland… — S. 225.
  23. Партизанское движение в Белоруссии // матэрыял Міністэрства Абароны Рэспублікі Беларусь.
  24. У кантэксце, С.108. Таксама ВНБ Т.1, С.84,112 у Гісторыя Беларусі, Т.5, С.491.
  25. Паводле няпоўных звестак. ВНБ Т.1, С.107 у Гісторыя Беларусі, Т.5, С.493.
  26. Гісторыя Беларусі, Т.5, С.491.
  27. У кантэксце, С.135.
  28. ВНБ, Т.2, С.40 у Мірановіч, С.149, Туронак, С.78.
  29. У кантэксце, С.136,137.
  30. Гісторыя Беларусі Т.5, С.498.
  31. Толькі ў Мінскай вобласці — зв. 22 тыс.ч.
  32. У кантэксце, С.136.
  33. Мірановіч, С.150; У т.л., 282 атрады на захадзе. У кантэксце, С.137.
  34. Панамарэнка, Мурыеў, С.274.
  35. Панамарэнка, Ліпіла, С.264.
  36. Sowjetische Partisanen in Weissrussland: Innenansichten aus dem Gebiet Baranovic̆i 1941—1944: eine Dokumentation / herausgegeben und eingeleitet von Bogdan Musial; Übersetzung der Dokumente aus dem Russischen von Tatjana Wanjat. — München: R. Oldenbourg, 2004. — 271 s.: maps. — S. 21. — (Schriftenreihe der Vierteljahrshefte für Zeitgeschichte). — ISBN 3-486-64588-9.
  37. Rosenblat, E. Belarus: Specific Features of the Region’s Jewish // Collaboration and resistance during the Holocaust: Belarus, Estonia, Latvia, Lithuania / David Gaunt, Paul A. Levine & Laura Palosuo, eds. — Bern—New York: Peter Lang, 2004. — 519 p.: map. — P. 281. — ISBN 3-03910-245-1.
  38. Rosenblat, E. Belarus: Specific Features of the Region’s Jewish… — P. 280.
  39. Smilovitsky, L. Antisemitism in the Soviet Partisan Movement, 1941—1944: The Case of Belorussia // Holocaust and Genocide Studies. — 2006. — Vol. 20. — № 2. — P. 217.
  40. Gross, J. T. Fear: Anti-semitism in Poland after Auschwitz: an essay in historical interpretation / Jan T. Gross. — New York: Random House, 2006. — XV, 303 p.: ill. — P. 203. — ISBN 0375509240.
  41. Rosenblat, E. Belarus: Specific Features of the Region’s Jewish… — P. 281—282.
  42. Смиловицкий, Л. Катастрофа евреев в Белоруссии, 1941—1944 гг. / Леонид Смиловицкий; [Предисл. Д. Романовского]. — Тель-Авив: Б-ка Матвея Черного, 2000. — 432 с., [2] л. карт. — С. 147—160. — ISBN 965-7094-24-0.
  43. Sowjetische Partisanen in Weissrussland… — S. 155, 158.
  44. Sowjetische Partisanen in Weissrussland… — S. 124.
  45. Sowjetische Partisanen in Weissrussland… — S. 91.
  46. Sowjetische Partisanen in Weissrussland… — S. 190.
  47. а б Sowjetische Partisanen in Weissrussland… — S. 192.
  48. Sowjetische Partisanen in Weissrussland… — S. 193.
  49. Sowjetische Partisanen in Weissrussland… — S. 123.
  50. Мірановіч, С.150.

Літаратура

  • Каваленя А. А. Партызанскі рух у Вялікую Айчынную вайну // Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драко, А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 559—560. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.

Спасылкі