Віктар Уладзіміравіч Якубаў
Віктар Уладзіміравіч Якубаў (нар. 12 верасня 1979, г. Наваполацк) — беларускі гісторык, педагог, музыкант. Спецыяліст па грамадска-палітычнай, ваеннай і эканамічнай гісторыі ВКЛ другой паловы XVI — першай паловы XVII ст Кандыдат гістарычных навук (2013)[1].
Віктар Уладзіміравіч Якубаў | |
---|---|
Дата нараджэння | 12 верасня 1979 (45 гадоў) |
Месца нараджэння | |
Грамадзянства | |
Род дзейнасці | выкладчык універсітэта, гісторык, музыкант |
Навуковая сфера | гісторыя |
Месца працы | |
Навуковая ступень | кандыдат гістарычных навук (2013) |
Альма-матар | |
Навуковы кіраўнік | Валянцін Фёдаравіч Голубеў |
Біяграфія
правіцьСкончыў у 2001 годзе гісторыка-філалагічны факультэт Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта па спецыяльнасці «Гісторыя». У 2003—2007 гадах навучаўся ў аспірантуры Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
Дысертацыю на саісканне вучонай ступені кандыдата гістарычных навук па спецыяльнасці «Айчынная гісторыя» абараніў 23 кастрычніка 2013 года ў Інстытуце гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Тэма дысертацыі: «Інфлянты ў знешняй і ўнутранай палітыцы Вялікага княства Літоўскага ў канцы XVI — пачатку XVII стст.». Навуковы кіраўнік — доктар гістарычных навук, прафесар Валянцін Фёдаравіч Голубеў.
З 2007 года працаваў у Полацкім дзяржаўным універсітэце. З’яўляўся асістэнтам, старэйшым выкладчыкам, дацэнтам кафедры сацыяльна-гуманітарных дысцыплін (да 2019 года), кафедры сацыяльных камунікацый (з 2019 года). Пэўны час займаў пасаду намесніка дэкана фінансава-эканамічнага факультэта Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта.
Праходзіў навукова-даследчыя стажыроўкі ў Ягелонскім універсітэце і Інстытуце гісторыі Польскай акадэміі навук (Польшча, 2005, 2006 і 2007 гады), Санкт-Пецярбургскім дзяржаўным універсітэце і Іванаўскім дзяржаўным універсітэце (Расія, 2005, 2011 гады), Цэнтральна-Еўрапейкім універсітэце (Венгрыя, 2010 год).
Музыкант, удзельнік фольк-гурта «Княжыч»[1].
У жніўні 2020 года падпісаў зварот беларускіх навукоўцаў супраць гвалту. 2 верасня 2021 года затрыманы за лагатып «Белсат» на старонках у сацсетках, адбываў адміністрацыйны арышт у наваполацкім ЦІПе — 15 сутак за рэпосты матэрыялаў тэлеканала, прызнанага экстрэмісцкім. Пасля вызвалення, рэктар ПДУ Алег Раманаў звольніў Віктара Якубава з універсітэта па палітычных матывах (фармальная прычына — знаходжанне пад арыштам, які цяпер трактуецца як прагул)[2].
Навуковая дзейнасць
правіцьАсноўныя навуковыя даследаванні прысвечаны пытанням знешняй і ўнутранай палітыкі Вялікага Княства Літоўскага адносна тэрыторыі Інфлянтаў у 1582—1621 гадах. Займаецца пытаннямі ўзаемаадносін Вялікага Княства Літоўскага і Польскага Каралеўства з інфлянцкім насельніцтвам у справе ўсталявання кантролю над Інфлянтамі і Рыгай. Даследуе знешнюю палітыку Вялікага Княства Літоўскага адносна Інфлянтаў у кантэксце спроб стварэння персанальнай уніі паміж Рэччу Паспалітай і Швецыяй пад уладарствам Жыгімонта ІІІ Вазы. Вывучае уплыў «інфлянцкага пытання» на сістэму арганізацыі войска, палітычнае і сацыяльна-эканамічнае жыццё Вялікага Княства Літоўскага ў канцы XVI — пачатку XVII ст.
Грамадска-палітычная дзейнасць
правіцьПадчас выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь 2020 года і наступнага супрацьстаяння грамадзянскай супольнасці і ўладаў актыўна выступаў супраць фальсіфікацый вынікаў выбараў, неапраўданай жорсткасці, свавольства ўладаў і насілля з боку сілавых структур, за што падвяргаўся палітычна матываванаму пераследу з боку дзейнай улады. На падставе рашэнняў суда горада Наваполацка неаднаразова быў пакараны вялікімі грашовымі штрафамі за ўдзел у «несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах». 20 снежня 2020 года арыштаваны падчас святкавання навагодняй ялінкі актывістамі на галоўнай плошчы ў Наваполацку. 5 студзеня 2021 года асуджаны па 23.34 за удзел у пікеце, 6 студзеня забраны з хаты адбываць пакаранне у наваполацкім ЦІП. Не выпушчаны пасля 15 сутак, атрымаў яшчэ 15 за удзел у маршы. Выйшаў з ЦІП 2 лютага 2021.
Бібліяграфія
правіцьВыбраныя навуковыя артыкулы
правіць- Якубаў, В. У. Узаемаадносіны ВКЛ і Польскага каралеўства ў дачыненні да Інфлянтаў 1582—1621 гг. / В. У. Якубаў // Studia Historica Europae Orientalis. — Мінск, 2008. — Вып. 1. — С. 116—131.
- Якубаў, В. У. «Жаўнерскае свавольства» на тэрыторыі ВКЛ у 1600—1604 гг. / В. У. Якубаў // Беларускі гістарычны часопіс. — 2011. — № 1. — С. 9-14.
- Пратэстантызм у Полацкім ваяводстве ў другой палове XVI ― першай палове XVII стагоддзя / В. У. Якубаў // Веснік Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта. — 2012. ― № 1. ― С. 38―43.
- Інфлянцкая кампанія войска Вялікага Княства Літоўскага 1608―1609 гадоў / В. У. Якубаў // Веснік Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта. — 2013. ― № 9. — С. 48―53.
- Дзвінскі гандль і яго падаткаабкладанне ў пачатку XVII стагоддзя / В. У. Якубаў // Веснік Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта. — 2016. ― № 9. ― С. 83―91.
- Сацыяльны капітал у кліенцкай сетцы Льва Сапегі ў канцы XVI ― пачатку XVII ст. / В. У. Якубаў // Веснік Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта. — 2020. ― № 1. ― С. 137―143.
Вучэбна-метадычныя выданні
правіць- Гісторыя Беларусі: вучэб.-метад. компл. / І. А. Бортнік, В. У. Якубаў. — Наваполацк: ПДУ, 2011. — 355 с.
- Великая Отечественная война советского народа (в контексте Второй мировой войны): учеб.-метод. компл. / В. В. Якубов. — Новополоцк: ПГУ, 2015. — 103 с.
Зноскі
- ↑ а б Марозаў 2022.
- ↑ Nashaniva.com
Літаратура
правіць- ЯКУБАЎ Віктар Уладзіміравіч // Сучасныя беларускія даследчыкі гісторыі Вялікага Княства Літоўскага : біябібліяграфічны даведнік / С. П. Марозаў. — Гродна-Каўнас: ЮрСаПрынт, 2022. — 290 с. — ISBN 978-985-7257-57-7, 978-609-96340-1-2.
Спасылкі
правіць- Біяграфія на сайце Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта(недаступная спасылка)
- Профіль аўтара ў Google Scholar
- Відэа на YouTube