Сталіца (гандлёвы цэнтр)

гандлёвы цэнтр
(Пасля перасылкі з Гандлёвы цэнтр «Сталіца»)

«Сталі́ца» — гандлёвы цэнтр у цэнтры Мінска, размешчаны пад плошчай Незалежнасці.

Сталіца
Размяшчэнне Беларусь Мінск, пр. Незалежнасці, 3-2
Архітэктар Міхаіл Гаўхфельд, Вячаслаў Данілаў, Віктар Нікіцін, Аляксандр Чудовіч
Паркоўка паркінг на 500 месцаў
Колькасць паверхаў 4
Вэб-сайт www.tc-stolica.by
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Гісторыя

правіць

Генпраектыроўшчыкам стаў «Мінскпраект», праект распрацаваны архітэктарамі Міхаілам Гаўхфельдам, Вячаславам Данілавым, Віктарам Нікіціным, Аляксандрам Чадовічам. «Мінскметрапаект» займаўся жалезабетоннымі канструкцыямі і мацаваннем катлавана, «Мінскінжпраект» — інжынернымі сеткамі і дарогамі. Генпадрадчыкам па будаўніцтве выступіў «Мінскпрамбуд».

У 1994 і 2000 гг. былі праведзены архітэктурныя конкурсы на рэканструкцыю плошчы Незалежнасці, пасля чаго сфармулявана горадабудаўнічае заданне і створаны аб’яднаны аўтарскі калектыў. Зацверджаны эскізны праект 2001 г. прадугледзеў не толькі змяненне планіровачнай структуры плошчы, але і рэканструкцыю прылеглых да яе кварталаў, змяненне транспартнай схемы ўсяго цэнтра горада. Рэальныя будаўнічыя працы па пераўтварэнні плошчы пачаліся ў 2002 г. паралельна з праектаваннем і праходзілі ў тры этапы.

У першую чаргу былі ўзведзены два новыя падземныя пешаходныя пераходы з аб’ектамі абслугоўвання, зменена траса праспекта Незалежнасці, добраўпарадкавана частка тэрыторыі, якая прылягае да будынкаў Мінгарвыканкама і БДУ, заменены інжынерныя камунікацыі. У 2004 годзе раскапаны катлаван глыбінёй да 20 м. Гандлёвы цэнтр прыняты ў эксплуатацыю 31 снежня 2006 г.

Апісанне

правіць
 
Купал з фантанам і скульптурай «Тры буслы» над атрыумам
 
Уваход у «Сталіцу»

Гандлёвы цэнтр мае чатыры ўзроўні агульнай плошчай больш за 75 000 м², тры з якіх займаюць аб’екты гандлю і паслуг, чацвёрты — тэхнічны паверх. У гандлёвым цэнтрым размешчана амаль сто прамтаварных і прадуктовых магазінаў плошчай ад 30 да 1200 м² кожны, кіёскі і прылаўкі вынаснога гандлю; кафэ хуткага харчавання, рэстараны, буфеты, бары амаль на 1000 наведвальнікаў; прадпрыемствы бытавога абслугоўвання, аддзяленні банкаў, відэасалоны, залы гульнявых аўтаматаў, месцы адпачынку, боўлінг на 16 дарожак, більярдны клуб, грамадскія туалеты, даведкава-­інфармацыйныя службы, медпункт і іншыя аб’екты. Маецца паркінг на 500 месцаў.

Усе паверхі звязаны паміж сабой эскалатарамі, пасажырскімі, панарамнымі і грузавымі ліфтамі. Загрузка тавараў і вываз смецця ажыццяўляюцца па спецыяльным падземным праездзе, размешчанаму пад паркінгам.

 
Вуліца гандлёвага цэнтра
 
Атрыум з навагодняй елкай

Падземная вуліца ў тры паверхі, асноўны кампазіцыйны і функцыянальны стрыжань, размешчана ўздоўж плошчы Незалежнасці. Яна асветлена сонечным святлом праз купалы зенітных ліхтароў, якія выходзяць на плошчу. На скрыжаванні пешаходных патокаў, адзін з якіх ідзе уздоўж плошчы па падземнай вуліцы, другі папярок плошчы ад станцыі метро Плошча Леніна да вуліцы Няміга размешчаны цэнтральны атрыум гандлёвага цэнтра, пад купалам якога праходзяць канцэрты, прэзентацыі, дэгустацыі і іншыя святочныя мерапрыемствы з прыцягненнем папулярных беларускіх выканаўцаў, выступленні аркестраў, ансамбляў і творчых калектываў. На балконах вакол цэнтральнай залы размяшчаюцца вынасныя столікі кафэ і рэстаранаў.

Узнагароды

правіць

За рэканструкцыю плошчы Незалежнасці і праект гандлёвага цэнтра «Сталіца» творчы калектыў узнагароджаны Ганаровым дыпломам Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва Рэспублікі Беларусь і Беларускага саюза будаўнікоў у намінацыі «Лепшы аб’ект 2006 года». Архітэктары таксама былі ўзнагароджаны залатым медалём і гран-пры Міжнароднай асацыяцыі саюзаў архітэктараў у намінацыі «Лепшая пабудова года» на тэрыторыі краін СНД.

Спасылкі

правіць