Ганна Герыч (у дзявоцтве Рэйтан, польск.: Anna Reytan; 1789, Слуцкі павет, Мінская губерня — 21 лютага 1857) — пісьменніца-мемуарыстка.

Ганна Герыч
Асабістыя звесткі
Дата нараджэння 1789
Месца нараджэння
Дата смерці 21 лютага 1857(1857-02-21)
Месца смерці
Пахаванне
Бацька Міхал Ксаверы Рэйтан[d]
Маці Ганарата з Багдановічаў[d]
Прафесійная дзейнасць
Род дзейнасці пісьменніца, мемуарыстка
Мова твораў польская

Біяграфія правіць

Паходзіць з роду Рэйтанаў. Дачка Міхала Рэйтана, старэйшага брата Тадэвуша Рэйтана, і Ганараты Багдановіч[1]. Нарадзілася ў 1789 годзе ў Слуцкім павеце Мінскай губерні[1].

Ганна мела не больш за дзесяць гадоў, калі памерла яе маці. Каля 1800 г. бацька ажаніўся ў другі раз. Другой жонкай Міхала Рэйтана пасля смерці Ганараты стала ўдава ягонага брата Юзафа Людвіка з роду Касінскіх (нар. каля 1770). Пасля смерці маці Ганна выхоўвалася ў маёнтку Грушаўка разам са сваімі стрыечнымі сёстрамі[2].

Дасягнуўшы пэўнага ўзросту, Ганна Рэйтан узяла шлюб з Каралем Герычам (нар. каля 1770), але, нарадзіўшы ў 1811 г. сына, у хуткім часе стала ўдавой. Застаўшыся адна, жанчына, якая раней увогуле не мела ніякага ўяўлення пра гаспадарчыя пытанні, не разгубілася. Яна замовіла ўсю неабходную для гэтага літаратуру і пачала займацца самаадукацыяй. Ганна Герыч кіравала маёнткам Ішкалдзь на працягу васямнаццаці гадоў і рабіла гэта, як сама адзначае, даволі паспяхова[2].

Істотныя перамены ў жыцці гаспадыні з Ішкалдзі пачынаюцца пасля пачатку паўстання 1830—1831 гадоў. Выхаваная на патрыятычных узорах ХVIII ст., яна сама давала прытулак паўстанцам, а яе сын Эдвард да іх непасрэдна далучыўся і дзейнічаў у чыне падпаручніка ў складзе корпуса генерала Юзафа Двярніцкага. Пасля паразы паўстанцаў ён апынуўся ў Галіцыі, адкуль эміграваў у Францыю. Удзел Эдварда Герыча ў паўстанні прывёў да канфіскацыі маёнтка Ішкалдзь, а таксама грошай, якімі Герычы валодалі ў Каралеўстве Польскім[2].

У канцы 1831 г. Ганна Герыч дабілася ад расійскага ўрада дазволу на часовы выезд у Францыю. Падставай для гэтага стала імкненне атрымаць ад французскага ўрада грошы, выдаткаваныя бацькам яе мужа на пастаўкі для французскай арміі ў часы напалеонаўскіх войнаў. Праз шэсць месяцаў яна вярнулася на радзіму, часам выбіраючыся ў Варшаву. У 1837 г. аформіла пашпарт і ў кастрычніку 1837 г. назаўсёды перабралася да сына ў Парыж. Ёй удалося таксама вярнуць грошы за пастаўкі[2].

Падтрымлівала сувязі з А. Міцкевічам, С. Гашчынскім, А. Тавянскім, Л. Ходзькам, А. Бергелем, А. Гарэцкім і інш[1].

Памерла 21 лютага 1857 года[1]. Пахавана на парыжскім Манмартры (квартал 25, рад 13)[3].

Творчасць правіць

У 1830-я гг. пісала ўспаміны пра побыт беларускай шляхты перыяду ВКЛ. Частка яе рукапіснай спадчыны ўпершыню надрукавана ў лістападзе 1857 у львоўскім часопіс «Дзённік літаратурны» (асобнае выданне 1858). Рукапіс успамінаў, у т.л. 2 ч., якія з’яўляюцца працягам друкаванага тэксту (апісанне маёнтка Ішкалдзь і дзейнасць А. Тавянскага), захоўваюцца ў Польскай бібліятэцы і музеі А. Міцкевіча ў Парыжы[1].

Сям’я правіць

З 1810 года ў шлюбе з Каралем Мікалаем Герычам (?1780-1835), з якім мела сына Эдварда[3].

Творы правіць

  • Z pamiętników Anny z Rejtenów Geryczowej zmarłej w Paryżu roku 1857. Lwów, 1858.

Зноскі

  1. а б в г д В. В. Гарбачова. Герыч Ганна // Культура Беларусі: энцыклапедыя / рэдкал.: Т. У. Бялова (гал. рэд.) [і інш.]. — Мн.: Беларус. Энцыкл. імя П. Броўкі, 2012. — Т. 3. — 688 с. — 3 000 экз. — ISBN 978-985-11-0662-8.
  2. а б в г Вольга Гарбачова Ганна Герыч пра Рэйтанаў, Радзівілаў і Ішкалдзь.
  3. а б Ганна Герыч у генеалагічнай базе даных Sejm-Wielki.pl

Літаратура правіць