Гарыхвостка звычайная, звычайная рудахвостка (Phoenicurus phoenicurus) — невялікая пеўчая птушка з сямейства мухалоўкавых.
Птушка памерам 12-15 см, размах крылаў 20,5-24 см. Самец у гнездавы перыяд з белым ілбом, чорным горлам і бакамі галавы, рудымі грудзьмі і цёмна-шэра-блакітным верхам цела. У негнездавы перыяд чорны колер робіцца больш светлым, а белая пляма на лбе амаль знікае. Самка зверху карычнева-шэрая, знізу жаўтавата-карычневая. Маладыя падобныя да самкі, але плямістыя). Увесь год абодва полы з характэрным, іржавым і вельмі рухавым хвастом. Птушка характэрна паторгвае хвастом, пасля чаго ненадоўга замірае. Голас: кароткі флейтавы спеў, які пачынаецца высокім і дзвюма больш нізкімі тонамі.
Арэал: Еўропа, Азія да возера Байкал, Каўказ, Блізкі Усход, Іран, Ірак, Паўночна-Заходняя Афрыка. На Беларусі нешматлікі на гнездаванні пералётны і транзітны мігрыруючы від.
Жыве ў лясах, лесапарках і радзей у лесастэпах. Біятоп: рознага тыпу лясы з сярэдняй вільготнасцю і добра развітым падростам, старыя дуплістыя дрэвы; акрамя таго, групы дрэў сярод палёў, паркі са скаламі, мурамі, ярамі, дрэвастоі каля рэк і ручаёў, пасадкі ўздоўж дарог, сады з лісцевымі дрэвамі. У Фенаскандыі дасягае 700 м, у Судэтах — 1300 м, Татрах — 1400 м, Альпах — 2000 над у.м.
Пералётыы від. Месцы зімовак: трапічная Афрыка, Аравійскі паўвостраў.
Сілкуецца пераважна насякомымі, часам (у халодны час) ягадамі, таму прылёт і адлёт рудахвосткі залежыць ад наяўнасці корму. Бліжэй да красавіка, калі становіцца цёпла, птушкі паступова засяляюць свае ўчасткі. У гэты час яны спяваюць ўвесь светлавы дзень і нават ноччу.
Гняздо ладзіць у дупле (як у штучным, так і ў натуральным), а таксама ў шчылінах будынкаў, пераважна драўляных, радзей (на поўначы арэала) — у ярах, на зямлі паміж каранямі дрэў або пад скаламі. Знешняя частка яго з няшчыльна ўкладзеных завялых лістоў; унутраная — з моху і карэньчыкаў раслін. Высцілка з няшчыльна ўкладзеных невялічкіх пёраў, воўны і шэрсці.
Яйкі (5-7, часам 3-10) з вострым вузейшым канцом, блакітныя.
- P. p. phoenicurus — Еўропа, Паўночная Афрыка, Цэнтральная Азія;
- P. р. samamisicus — Каўказ, Крым, усходняя частка Турцыі, Блізкі Усход;
- P. p. algeriensis — паўночны захад Афрыкі, поўдзень Іспаніі.