Гомельская копейка

«Гомельская копейка» (дарэф. руск. правапісам«Гомельская копѣйка») — інфармацыйна-асветніцкая беспартыйная «прагрэсіўная газета». Выдавалася з 7(20) чэрвеня 1911 да 10(23) кастрычніка 1917 гг. у Гомелі на рускай мове. Спачатку выходзіла 3 разы на тыдзень, з 1 верасня 1914 г. штодзёная. Рэдактар-выдавец А. С. Міляеў.

«Гомельская копейка»
Тып газета
Заснавана 7 (20) чэрвеня 1911
Спыненне публікацый 10 (23) кастрычніка 1917
Мова руская
Галоўны офіс

Ідэйная скіраванасць і змест правіць

Газета абяцала служыць усяму мясцоваму насельніцтву, арыентавалася пераважна на сярэднія слаі гараджан яўрэйскай нацыянальнасці. Рэдакцыйным зваротам у першым нумары газеты падкрэслівалася ўсведамленне цяжкасці ўзятай рэдакцыяй на сябе місіі: «складана служыць грамадству, калі яно глухое да кожнай грамадскасці, калі яно, так склалася, адыйшло ад жыцця, замкнулася і жыве неяк асобна», калі « у такі час цяжка і амаль немагчыма працаваць дзеля дабра грамадства, але тым не менш мы не апускаем рукі, спадзяемся, што наша маленькая, амаль незаўважная праца прынясе хаця б драбнічку карысці, што наша існаванне патрэбна грамадству, і гэтае спадзяванне дае нам веру шчыра і сумленна ісці абраным шляхам»[1]. Задачы выдання вызначаліся наступным чынам: «Шырокае, дэталёвае, непрадузятае асвятленне тутэйшага жыцця, пытанняў гандлю і прамысловасці»[1].

Друкавала інфармацыю пра дзейнасць гарадской думы, рыначную кан’юктуру, асвятляла праблемы гандлю, прамысловасці, гаспадаркі, выступала за добраўпарадкаванне горада. Змяшчала рэпартажы пра судовыя справы, злачынствы, надзвычайныя падзеі (пра замах на жыццё П. А. Сталыпіна), няшчасныя выпадкі, друкавала некралогі, спачуванні і да т.п. Зрэдку публікавала спартыўныя паведамленні, пазнаёміла чытачоў з арганізацыяй мясцовай футбольнай каманды, рачнога яхт-клуба. Часам друкавала інфармацыю пра асобныя міжнародныя падзеі, дзейнасць урада і Дзяржаўнай думы. Крытыкавала антысемітызм, друкавала нарысы пра сіянісцкі рух. У 19141917 гг. інфармавала пра падзеі 1-й сусветнай вайны. Амаль палавіна газетнай плошчы запаўнялася камерцыйнай рэкламай, аб’явамі на тэатральныя гастролі, канцэрты, кінематограф, цырк. Вітала Лютаўскую рэвалюцыю 1917 г., друкавала звароты Часовага ўрада, змясціла матэрыялы пра Г. Пляханава і інш. Агітавала за кадэцкіх кандыдатаў у дэпутаты Устаноўчага сходу. У рубрыцы «Тэатр» друкавала інфармацыю і кароткія рэцэнзіі пра спектаклі. Апублікавала артыкулы пра М. Ю. Лермантава, А. П. Чэхава, апавяданні Ф. Салагуба, Чэхава, вершы і нататкі мясцовых аўтараў. З ліпеня 1914 г. выдавала дадатак «Телеграммы Петроградского телеграфного агентства и собственных корреспондентов» (1 — 3 разы на тыдзень), выпускала таксама нерэгулярныя дадаткі.

Зноскі

  1. а б От редакции // Гомельская копейка. — 1911. — 7 июня. — С. 2.

Літаратура правіць

  • Конан У. «Гомельская копейка» // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 3: Гімназіі — Кадэнцыя / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1996. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0041-2. — С. 71.
  • «Гомельская копейка» // Гомель : Энцикл. справ. / редкол.: И. П. Шамякин [и др.]. — Минск: БелСЭ, 1990. — С. 142—143.