Канды

горад на Шры-Ланцы
(Пасля перасылкі з Горад Канды)

Ка́нды (сінгальск.: මහ නුවර, там.: கண்டி) — горад, адміністрацыйны цэнтр Цэнтральнай правінцыі Шры-Ланкі. Другі па велічыні пасля Каломба. Насельніцтва — 125400 (2011 г.).

Горад
Канды
මහ නුවර, கண்டி
Краіна
Каардынаты
Мэр
Махен Ратватэ
Першая згадка
Плошча
  • 27 км²
Вышыня цэнтра
473 м
Афіцыйная мова
Насельніцтва
  • 120 087 чал. (2021)
Нацыянальны склад
Канфесійны склад
Часавы пояс
Паштовыя індэксы
20000
Афіцыйны сайт
Канды на карце Шры-Ланкі
Канды (Шры-Ланка)
Канды
Канды (Шры-Ланка)
Канды

Геаграфія правіць

Канды размяшчаецца ў цэнтральнай частцы Шры-Ланкі, у горнай мясцовасці на аднайменным плато. Вяршыні і часткова схілы гор пакрыты лясамі. Сярэднюю частку горада займае штучнае возера.

Клімат трапічны вільготны, значна меней спякотны, чым на ўзбярэжжы. Сярэднегадавая тэмпература 23,6 °C — 26 °C. У красавіку — ліпені вылучаецца сезон мусонаў. Сярэднегадавыя ападкі — 1953 мм.

У гарах і ля возера захавалася частка мясцовай фаўны, у тым ліку малпы, яшчаркі, чаплі, качкі і інш.

Гісторыя правіць

Канды быў заснаваны ў XIV ст. як сталіца аўтаномнага сінгальскага княства. З 1592 г., калі партугальцы захапілі ўзбярэжжа, заставаўся цэнтрам апошняй незалежнай дзяржавы на востраве. У XVII ст. валадары Канды падтрымалі саюз з Нідэрландамі супраць Партугаліі. Аднак у выніку не здолелі далучыць узбярэжныя тэрыторыі, якія былі ўключаны ў склад галандскай калоніі.

У 1739 г. у Канды кіравала дынастыя Наякаў. Яны спавядалі будызм, але паходзілі з Індыі і былі таміламі. У 17611763 гг. валадар Кірці Шрыраджасінха вёў наступальную вайну супраць Нідэрландаў, але не меў поспеху. У 1796 г. галандская калонія была захоплена Вялікабрытаніяй.

Апошні манарх Канды, Шры Вікрама Раджасінха (17981815 гг.), прыйшоў да ўлады ў выніку інтрыг. Яго жорсткае кіраванне выклікала незадаволенасць падданых і суправаджалася змовамі і выступленнямі арыстакратыі. Брытанцы скарысталіся гэтай сітуацыяй. Іх умяшанне ў справы сінгальскай дзяржавы прывяло да войн 18031805 і 1815 гг. У 1815 г. была заключана дамова з прадстаўнікамі прыдворных Канды, якая ўключала пункты аб перадачы ўлады ад Шры Вікрамы Раджасінхі да брытанскага губернатара і захаванні будызму ў якасці дзяржаўнай рэлігіі. У выніку манарх быў вымушаны зрачыся, быў адпраўлены ў Індыю, дзе і памёр у 1832 г.

У 18171818 і 1848 гг. на тэрыторыі дзяржавы Канды ўспыхвалі антыкаланіяльныя паўстанні. Паўстанне 1848 г. суправаджалася абвяшчэннем новага манарха Канды. Але паўстанцы пацярпелі паражэнне. У 1865 г. горад згубіў асаблівы статус. Замест старой сістэмы кіравання ўводзілася муніцыпальная. Арганізацыя брытанцамі каля горада чайных плантацый у канцы XIX ст. прывяла да павелічэння колькасці наёмных рабочых-тамілаў, якія ахвотней супрацоўнічалі з каланіяльнай адміністрацыяй. Але ў той жа час Канды з’яўляўся адным з галоўных цэнтраў сінгальскага адраджэння.

У 19441945 гг. у Канды размяшчаўся штаб саюзнага камандавання Усходне-Азіяцкага фронту (супраць Японіі).

Эканоміка правіць

Асноўныя галіны эканомікі: турызм, перапрацоўка сельскагаспадарчай прадукцыі (у тым ліку вытворчасць чаю), швейная прамысловасць, ювелірная прамысловасць, рамесная вытворчасць і г. д.

Славутыя мясціны правіць

Дзякуючы сваім славутым мясцінам Канды з’яўляецца важным турыстычным цэнтрам.

Найбольш выбітныя мясціны Канды:

  • Святы горад або старая частка Канды складаецца з храма Шры Малігава Даладала, у якім захоўваецца Зуб Буды — галоўная будысцкая рэліквія Канды і ўсёй Шры-Ланкі (сам Зуб схаваны пад дагобай і наведвальнікам не паказваецца), некалькі храмаў мясцовых багоў і палац уладароў Канды. У 1988 г. Святы горад трапіў у спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.
  • Штучнае возера Канды, якое займае цэнтральную частку сучаснага горада і прымыкае да старой часткі Канды. Яно было створана ў 1807 г. па загаду Шры Вікрамы Раджасінхі. Пратэст некалькіх кандыйскіх арыстакратаў супраць прыцягнення вялікай колькасці працоўных быў спынены забойствам незадаволеных, а іх целы кінулі на дно. На возеры размяшчаецца востраў, на якім быў пабудаваны гарэм апошняга ўладара. Пад час брытанскага панавання востраў выкарыстоўваўся для захоўвання боепрыпасаў.
  • Запаведны лес Удаватакеле знаходзіцца каля гарадскога цэнтра на пагорках, адкуль добра бачны Святы горад. У ім шмат старых дрэў, птушак, малпаў, насякомых і г. д.
  • Батанічныя сады Перадэнія ў маляўнічай мясцовасці ў прыгарадзе Канды
  • Індуісцкія храмы дэвалі
  • Будысцкія кляштары віхара
  • Брытанскія ваенныя могілкі

Музеі Канды:

  • Нацыянальны музей размяшчаецца каля Святога горада ў доме канкубіны Шры Вікрамы Раджасінхі. Экспазіцыя прадстаўляе рэгаліі валадароў Канды, гістарычныя рэліквіі, у тым ліку копію дагавора 1815 г. паміж брытанцамі і арыстакратамі Канды.
  • Музей чаю ў будынку чайнай фабрыкі (1925 г.). Тут можна ўбачыць старое начынне чайных фабрык XIX — пачатку XX стст., а таксама экспазіцыю, прысвечаную Томасу Ліптану.
  • Музей каштоўных камянёў

Традыцыі правіць

Адна з найбольш яркіх гарадскіх традыцый Канды — свята Эсала Перахера, прысвечанае Зубу Буды, якое праводзіцца ў месяц Эсала напярэдадні поўні (канец ліпеня — пачатак жніўня) на працягу 10 дзён. Упершыню яно было апісана ў 1681 г., хаця будысцкая традыцыя адносіць яго да III ст. да н.э. Свята складаецца з маляўнічых працэсій перахера, што суправаджаюцца выступленнямі танцораў, акрабатаў, сланоў і г. д. Паколькі пад час Эсала Перахера шануецца не толькі Буда, але і шматлікія багі, аднолькавыя для будыстаў і індуістаў Шры-Ланкі, то ў свяце прымаюць удзел прадстаўнікі розных рэлігійных канфесій.

Зноскі

  Сусветная спадчына ЮНЕСКА, аб’ект № 450
рус.англ.фр.

Спасылкі правіць

  Kandy даведнік на сайце Wikivoyage