Горныя кхмеры, або кхмер-леу (кхмер.: ខ្មែរលើ) — група малых мон-кхмерскіх народаў у Камбоджы, а таксама суседніх краінах — В’етнаме, Тайландзе, Лаосе. У 2008 г. у Камбоджы жыло 179193 горных кхмеры.

Горныя кхмеры
Тампуанская жанчына
Агульная колькасць 179193 (2008 г.)
Рэгіёны пражывання  Камбоджа

 В’етнам
 Лаос
 Тайланд

Мова мон-кхмерскія мовы
Рэлігія культ продкаў, анімізм, будызм
Блізкія этнічныя групы моны, кхмеры, ва, палаунг

Вызначэнне «горныя кхмеры» было афіцыйна ўведзена ўладамі Камбоджы ў 19591961 гг. для прадстаўнікоў 17 племянных супольнасцей, якія насяляюць тэрыторыю гэтай краіны, пераважна ў памежных раёнах поўначы і ўсходу. Аднак далёка не ўсе яны — горцы. Напрыклад, народ суой насяляе землі не далёка ад возера Танлесап. Відавочна, племянныя супольнасці маюць тое ж паходжанне, што і кхмеры, але па розных прычынах яны былі слаба інтэграваны ў дзяржаўную сістэму, захоўвалі традыцыйныя мовы і рэлігіі, што адасабляла іх ад астатняга насельніцтва.

Колькасна найбуйнейшыя народы з ліку горных кхмераў: тампуаны, куй, браа, пеар. Да горных кхмераў часам адносяць джарай, якія на самой справе размаўляюць на аўстранезійскай мове, блізкія па паходжанню да чамаў, а не кхмераў. Асноўныя заняткі: сельская гаспадарка, рыбалоўства, збіральніцтва, радзей паляванне. Племянная структура ў большасці з іх не захавалася, аднак важную ролю адыгрываюць абшчыны, што выступаюць у якасці фактычных уладальнікаў навакольных зямель.

У 1960-х гг. праводзілася палітыка інтэграцыі горных кхмераў, прыцягненне іх да супрацоўніцтва з дзяржаўнымі органамі кіравання, на ваенную службу, адкрыццё школ і г. д. Аднак, пры гэтым улады Камбоджы навязвалі абавязковае вывучэнне кхмерскай мовы, грэбвалі абшчыннымі звычаямі, спаганялі падаткі за карыстанне зямлёй. У другой палове 1960-х гг. адбыўся шэраг узброеных выступленняў прадстаўнікоў племянных супольнасцей. Падчас вайны ў В’етнаме жыхары ўсходніх раёнаў сталі ахвярамі амерыканскіх бамбардыровак. Многія горныя кхмеры падтрымлівалі ўзброены рух чырвоных кхмераў.

У нашы дні робяцца захады для адраджэння традыцыйнай культуры, стварэння пісьмовасці на родных мовах. Тым не меней, працягваецца палітыка асіміляцыі. Горныя кхмеры пакутваюць з-за пераразмеркавання традыцыйных лясных тэрыторый на карысць камбаджыйскіх і міжнародных прыватных кампаній.

Спасылкі правіць