Прачысценская царква (Гродна)

Прачысценская царква — помнік археалогіі ў горадзе Гродна. Пабудавана ў XII ст. на сучаснай вуліцы Д. Гарадзенскага ў тэхніцы рознаслаёвай муроўкі з выкарыстаннем дэкаратыўных элементаў, характэрных для Гродзенскай архітэктурнай школы.

Славутасць
Прачысценская царква
Краіна
Месцазнаходжанне
Архітэктурны стыль Гродзенская школа дойлідства
Дата заснавання XII стагоддзе
Дата скасавання 1654
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Гісторыя правіць

 
Прачысценская царква на гравюры Цюндта, 1568

Ад галоўнага фасада застаўся толькі падмурак. У апсіднай частцы муроўка сцен захавалася на вышыню да 1,5 м, паніжаецца ў заходнім кірунку. У 1-й палове XV ст. храм капітальна адрамантаваны з выкарыстаннем буйнапамернай цэглы-пальчаткі цёмна-чырвонага колеру. Храм быў знішчаны пажарам каля 1654. З 2-й паловы XVII ст. на гэтым месцы размяшчаліся магільныя скляпы, зробленыя ў выглядзе паўцыліндрычных аб’ёмаў. У пачатку XVIII ст. рэшткі храма разабраны, а пры будаўніцтве манастыра базыльянак, якое пачалося ў 1720, засыпаны будаўнічым друзам.

Архітэктура правіць

 
План Прачысценскай царквы

Царква ўяўляла сабой 6-слупавы 3-нефавы храм з 3 прамавугольнымі ў плане апсідамі. Даўжыня яго 12,5 м, шырыня 3,8 м, даўжыня падкупальнай прасторы 3,35 м. Падмуркі царквы глыбінёй 0,5 м складзены насуха з камянёў розных памераў. Вышэй за каменны падмурак ідзе муроўка на цамяначнай рошчыне. Пераважае плінфа вялікага памеру. Пры раскопках знойдзена некалькі экзэмпляраў лякальных цаглін, якія выкарыстоўваліся для вымуроўкі калонак, карнізаў і іншых архітэктурных дэталей верхняй часткі храма. Ніжнія 5 радоў муроўкі сцен выступаюць на 0,2 м, утвараючы ступеньчаты цокаль, які ахоплівае будынак па ўнутраным перыметры. Аналагічны цокаль ёсць і з вонкавага боку. Муроўка сцен парацковая, без пэўнага парадку ў чаргаванні старчкоў і рубаў. У цэнтральнай апсідзе выяўлены рэшткі 2 канструкцый з плінфы. Адна з іх мае фігурныя абрысы і прымыкае непасрэдна да ўсходняй сцяны, другая, прамавугольная ў плане, размяшчаецца пасярод алтара.

У паўднёва-заходняй частцы храма выяўлены рэшткі падлогі з маёлікавых плітак зялёнага, жоўтага і карычневага колеру. Акрамя таго, у розных частках храма пры раскопках трапляліся квадратныя, трохвугольныя, трапецападобныя са скошанымі вугламі, круглыя, сегментападобныя пліткі і шматлікія іх фрагменты. У царкве каля паўднёвага партала выяўлены прыступкі з 2 апрацаваных камянёў. Знойдзены таксама абломкі галаснікоў, фрагменты і цэлыя часткі дэкору сцен — паліваных плітак у выглядзе пялёсткаў, крыжоў, іх цэнтральных частак квадратнай формы. Для аздаблення фасадаў у муроўку з плінфы ўводзіліся шліфаваныя камяні розных памераў. У завалах будаўнічага матэрыялу знойдзены кавалкі расплаўленага свінцу (відавочна, рэшткі першапачатковага пакрыцця храма). Пад царквой залягае культурны пласт XI—XII ст. таўшчынёй 0,2—0,6 м.

Даследаванні правіць

Даследаванні рэшткаў царквы праведзены ў 1980 архітэктурна-археалагічнай экспедыцыяй Міністэрства культуры БССР (кіраўнік І. М. Чарняўскі) пры ўдзеле археалагічнага атрада Гродзенскага ўніверсітэта (кіраўнік М. А. Ткачоў).

Літаратура правіць