Нёман (тытунёвая фабрыка)
ААТ «Гро́дзенская тытунё́вая фа́брыка „Нё́ман“» — беларуская кампанія па вытворчасці цыгарэт, якая размешчана ў Гродна.[1] Уваходзіць у склад канцэрна «Белдзяржхарчпрам»[2].
Гродзенская тытунёвая фабрыка «Нёман» | |
---|---|
Тып | ААТ |
Заснаванне | 1861 |
Ранейшыя назвы |
Гродзенская тытунёвая фабрыка РВУП «Гродзенская тытунёвая фабрыка „Нёман“» |
Размяшчэнне | Беларусь, Гродна |
Ключавыя постаці | Юрый Сцяпанавіч Чарнышоў |
Галіна | харчовая прамысловасць |
Прадукцыя | цыгарэты |
Колькасць супрацоўнікаў | 1100 |
Дэвіз | «Если быть, то быть первым!» |
Матчына кампанія | Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання |
Сайт | Афіцыйны сайт |
Апісанне
правіцьЗаймае 72 % рынку тытунёвай прадукцыі Рэспублікі Беларусь з агульным аб’ёмам вытворчасці 28,5 млрд штук у год, а марка ўласнай вытворчасці ФЭСТ — самы прадаваны брэнд з доляй рынку 16 %. Ажыццяўляе вытворчасць тытунёвых брэндаў для найбуйнейшай сусветнай тытунёвай кампаніі «British American Tobacco» — Kent, Pall Mall, Lucky Strike, Vogue, Capri, Alliance, Viceroy, а таксама для ангельскай кампаніі «Tobacco International Enterprises Limited» — Rider, Cooper, Oskar, Velvet. Прадукцыя ААТ «ГТФ „Нёман“» экспартуецца ў 15 краін свету, аб’ём экспарту 2014 года склаў 8,5 млрд шт. цыгарэт — у 1,6 разы больш за ўзровень 2013 года і ў 220 разоў вышэй аб’ёму экспарта 2009 года.
Гісторыя
правіцьЗаснавальнікамі фабрыкі з’яўляюцца купцы Шэрэшэўскія. Архіўныя матэрыялы сведчаць, што 17 ліпеня 1861 года Гродзенскім губернскім праўленнем разбіралася прашэнне купцоў Абрама Гордана і Лейбы Шэрэшэўскага аб дазволе адкрыць у Гродне тытунёвую фабрыку. У 60-х гадах XIX стагоддзя фабрыка размяшчалася ў памяшканні фабрычнага таварыства, у 70-х гадах у казённым доме Бэркі Ранеса на Саборнай вуліцы, а з 1878 года ў каменным памяшканні на вуліцы Маставой, 3. У 1861 годзе на фабрыцы занята: майстравых — 1 чалавек, рабочых — 3 чалавекі; ўсяго за год выраблена прадукцыі на суму за 2 000 расійскіх рублёў. У 1862 году вырабіла 48 201 штук папярос 9 316 цыгар і 27 280 пудоў курыльнага і нюхальнага тытуню, а ў 1867 абарот прадукцыі склаў 7 356 рублёў. У 1869 годзе абсталявана 3-ма станкамі для рэзкі тытуню, коннай машынай для яго таркі з пяццю прыступкамі. У вытворчасці прадукцыі сталі выкарыстоўваць рускі, амерыканскі і турэцкі тытунь. У 1872 годзе, згодна з ведамасці прыказчыка Арона Левіна, было выраблена 2 500 пудоў тытуню на суму ўжо 30 000 рублёў, а ў 1873 годзе выпушчана прадукцыі 2 600 пудоў агульным коштам 40 000 рублёў. Ўзрасла колькасць работнікаў: майстравых налічвалася 10, а працоўных — 20 чалавек. Прадукцыя фабрыкі пастаўлялася ва ўсе буйныя гарады Расіі. У 1873 годзе на фабрыцы ўжывалася 6 станкоў для рэзкі тытуню і конная машына. У 1880 годзе Шэрэшэўскім ўстаноўлены паравыя машыны, а ў 1885 годзе былі набыты яшчэ 7 паравых катлоў, з мэтай мадэрнізацыі вытворчасці. У 1886 годзе абарот фабрыкі склаў ужо 460 000 рублёў, у вытворчасць былі ўкаранёны 3 паравыя машыны, 2 паравых катла, 3 прэса, 3 стала і 14 станкоў для рэзкі паперы, 18 крашыльных станкоў. Так, напрыклад, у 1889 годзе сума прадукцыйнасці складала 478 000 рублёў, на фабрыцы працавала дарослых мужчын — 250 і жанчын — 650 чалавек, малалетніх — 300 падлеткаў. За два наступныя гады колькасць тытуннікаў павялічылася да 1 100 дарослых і 135 малалетніх, а сума прадукцыйнасці дасягнула 555 000 рублёў. У 1892 годзе фабрыка забяспечвала працай 1420 рабочых, з іх 400 мужчын, 900 жанчын і 175 дзяцей з заработнай платай да 50 рублёў у месяц, а ў 1895 годзе 1 562 рабочых. У 1896 года усёй прадукцыі было выпрацавана на суму 1 653 тысяч рублёў, у 1897 годзе больш за 1 800 тысяч рублёў. У 1899 годзе ў вытворчых сценах ужо налічвалася 1 700 тытунёвых майстроў і майстрых, якія выпусцілі прадукцыі на суму 2 400 тысяч рублёў. У 1882 годзе на прамысловай выставе ў Маскве экспанаваныя папяросы Гродзенскай тытунёвай фабрыкі І. Л. Шэрэшэўскага былі ўдастоены медаля Аляксандра III Імператара Усерасійскага. «Серабро» было заваявана ў Амстэрдаме (1884), прысуджана ў Новым Арлеане (1885). Журы сусветнай выставы ў Парыжы (1889) ўзнагародзіла тытунёвага фабрыканта І. Л. Шэрэшэўскага срэбным медалём. У 1899 годзе адбылася першая буйная забастоўка тытуннікаў, яна была старанна арганізавана і доўжылася з 9 па 28 верасня, у ёй удзельнічала каля 1 200 чалавек.
У 1902 годзе агульная колькасць рабочых складала 1 329 чалавек, сума прадукцыйнасці 3 000 тысяч рублёў, а ў 1904 годзе колькасць працоўных дасягнула 1 249 чалавек. У 1907 годзе тытунёвая фабрыка ператворана ў акцыянернае таварыства з агульнай колькасцю работнікаў каля 1 200 чалавек. У 1913 годзе выпушчана курыльнай махоркі і нюхальнага тытуню 300 000 пачкаў, папярос за 1 500 тысяч штук, на агульную суму 3,5 млн рублёў. Працоўны дзень складаў 11 гадзін. 1924 год адзначаны нацыяналізацыяй фабрыкі Польскай дзяржавай і звальненнем асноўнай масы працоўных. Эканамічныя забастоўкі на фабрыцы адбыліся ў 1930, 1931 і 1936 гадах. У перыяд ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР пачалася рэканструкцыя тытунёвай фабрыкі. У 1940 годзе штодня на фабрыцы выпускалася 3 млн шт. папярос і 20 тон махоркі. У пачатку Вялікай Айчыннай вайны фабрыка была практычна цалкам разбурана, а пасля 1945 года пачалося аднаўленне прадпрыемства.
З 1946 па 1959 гады капіталаўкладанні фабрыкі склалі 4,5 млн рублёў. На працягу 1946—1948 гадоў на фабрыцы зноўку стваралася тэхналагічная база, а з 1949 года быў засвоены выпуск новай прадукцыі — цыгарэт 1-га і 2-га гатунку і ўжо ў 1950 годзе было выпушчана 2,5 млрд штук папярос і цыгарэт. У 1951 годзе фабрыка дасягнула сваёй праектнай магутнасці 3 млрд штук папярос і цыгарэт у год, а пасля 1955 года на працягу наступных 25 гадоў прадпрыемства займала вядучае месца ў галіны. У выніку росту тэхнічнага прагрэсу за перыяд з 1959 па 1965 гады аб’ём вытворчасці цыгарэт і папярос павялічыўся на 86,5 %. У 1964 годзе ў Беларусі створана тытунёвая вытворчае аб’яднанне «Нёман». Змантаваная першая на фабрыцы вакуумная ўстаноўка для ўвільгатнення ліставога тытуню. У 1970—1971 гадах вытворчасць папярос і цыгарэт на фабрыцы скла 12 948 млн штук, у 1975—1980 гадах адпаведна 14 480 млн штук, прырост да 1970 года склаў 2 160 млн штук у год ці 17,5 %. У 1981 годзе выпуск цыгарэт з фільтрам павялічыўся на 50,6 % ад узроўню 1970 года. У 1980—1983 гадах ўкараняюцца новыя высокапрадукцыйныя табакарэзальныя станкі КТХ-8. 1 студзеня 1988 г. аб’яднанне «Гроднотабакпром» было ліквідавана і пераўтворана ў гродзенскую тытунёвую фабрыку «Нёман».
1999 год адзначыўся пачаткам чарговага тэхнічнага перааснашчэння і рэканструкцыі ГТФ «Нёман», якое завяршылася 1 снежня 2002 года. Вынікам рэканструкцыі з’явілася набыццё і ўстаноўка сучаснага высокапрадукцыйнага тытунёвага і цыгарэтнага абсталявання італьянскіх фірмаў GARBUIO і SASIB. У 2005 годзе быў ажыццёўлены кардынальны перагляд таварнай палітыкі прадпрыемства. Прынята рашэнне аб пачатку супрацоўніцтва з другой па велічыні сусветнай тытунёвай кампаніяй — «British American Tobacco» па вытворчасці яе брэндаў на магутнасцях ГТФ «Нёман», а таксама прыцягненню дадатковых інвестыцыйных рэсурсаў, неабходных для закупкі сучаснага абсталявання, здольнага задаволіць патрэбы рынку. Згодна з рашэннем Гродзенскага выканаўчага камітэта ад 29 снежня 2007 года № 890, Рэспубліканскае Вытворчае Унітарнае Прадпрыемства «Гродзенская тытунёвая фабрыка „Нёман“» пераўтворана ў Адкрытае акцыянернае таварыства «Гродзенская тытунёвая фабрыка „Нёман“». У 2007 годзе пры частковым фінансаванні кампаніі «British American Tobacco» была закуплена новая цыгарэтна-ўпаковачная лінія італьянскай кампаніі «G.D» прадукцыйнасцю 8 тыс. Цыгарэт у хвіліну. У 2010 годзе праектуецца і ўсталёўваецца у вытворчых і складскіх памяшканнях фабрыкі сістэма вентыляцыі і кандыцыянавання германскай кампаніі «Airinotec». У выніку быў забяспечаны рост аб’ёмаў вытворчасці гатовай прадукцыі з 6 млрд штук у 2005 годзе да 17,5 млрд штук у 2010 годзе (291,7 % да 2005 году). У 2011 годзе ўведзена новая цыгарэтна-ўпаковачная лінія для вытворчасці цыгарэт фармату «Super Slims» у пачку з паўкруглым вуглом, якая з’яўляецца сумесным інвестыцыйным праектам JTI і ГТФ. У 2012 годзе прадпрыемства закупіла новую цыгарэтна-ўпаковачную лінію фармату «Compact King Size» ў германскіх вытворцаў «Hauni» і «Focke & Co». У сакавіку 2013 года ўстаноўлена новая лінія для вытворчасці цыгарэт з фільтрам фармату «Super Slims» магутнасцю 6 000 цыг./хвіліну, 1,146 млрд штук у год. У другім паўгоддзі 2014 года ААТ «ГТФ „Нёман“» набыла новую высокапрадукцыйную лінію «G.D» (12 тыс. цыгарэт у хвіліну). У другім паўгоддзі 2016 года была праведзена канвертацыя цыгарэтна-ўпаковачнай лініі «King Size» на новы фармат цыгарэт «Queen Size». У чэрвені 2017 года ААТ «ГТФ „Нёман“» ўвяло ў эксплуатацыю трэцюю высакахуткасную лінію «Compact King Size».
9 жніўня 2021 года ЗША ўнеслі фабрыку ў спіс спецыяльна прызначаных грамадзян і заблакіраваных асоб[3][4]. У верасні 2021 года «British American Tobacco» прыпыніла супрацоўніцтва з Гродзенскай тытунёвай фабрыкай[5]. У 2022 годзе прадпрыемства было ўнесена ў санкцыйны спіс Канады[6], ЕС[7] і Швейцарыі[8].
Кіраўнікі
правіць- 1861 год І. Л. Шэрэшэўскі (заснавальнік)
- з 1924 по 1932 годы дадзеныя пра кіраўніка фабрыкі не вядомыя
- 1932 год К. Мразоўскі (імя па бацьку не вядомае)
- 1940 год Чарнаброўкін Акім Івановіч
- 1941 год Агурцоў Аляксандр Васілевіч
- 1945—1946 год Каткоў Віктар Вальдэмаравіч
- 16.10.1953—09.06.1976 Сяргееў Павел Пятровіч
- 24.06.1976—29.10.1992 Багдановіч Ігар Іосіфавіч
- 10.12.1992—14.02.1995 Безрогаў Уладзімір Аляксандравіч
- 15.02.1995—31.07.1997 Прымшыц Надзея Іванаўна
- 01.08.1997—28.12.1998 Альферовіч Ян Эдмундавіч
- 03.02.1999—19.11.2003 Мурашка Уладзімір Вікенцьявіч
- 22.12.2003—16.05.2005 Валодька Пётр Пятровіч
- з 17.05.2005 Чарнышоў Юрый Сцяпанавіч
Крыніцы
правіць- ↑ Гродненская табачная фабрика (руск.)(недаступная спасылка). TUT.BY. Архівавана з першакрыніцы 7 кастрычніка 2018. Праверана 24 верасня 2018.
- ↑ Табачная отрасль
- ↑ Treasury Holds the Belarusian Regime to Account on Anniversary of Fraudulent Election (англ.). Міністэрства фінансаў ЗША (9 жніўня 2021). Архівавана з першакрыніцы 9 жніўня 2021. Праверана 10 жніўня 2021.
- ↑ США расширили санкции в отношении официального Минска. Полный список (руск.). Zerkalo.io (9 жніўня 2021). Архівавана з першакрыніцы 9 жніўня 2021. Праверана 10 жніўня 2021.
- ↑ Алина Исаченко. Минчанка получила штраф за красно-белые косички; тренер Лукашенко по хоккею станет сенатором. Главное в Беларуси за неделю (руск.). BBC World Service (6 мая 2021). Праверана 20 верасня 2021.
- ↑ Regulations Amending the Special Economic Measures (Belarus) Regulations: SOR/2022-49 (англ.). Canada Gazette (30 сакавіка 2022). Праверана 12 красавіка 2023.
- ↑ Восемь белорусских компаний попали под санкции Евросоюза (руск.). Белорусы и рынок (1990) (3 чэрвеня 2022).
- ↑ Швейцарыя далучылася да санкцый Еўрасаюза супраць Беларусі і Расіі . Новы Час (10 чэрвеня 2022).
Спасылкі
правіць- Афіцыйны сайт Архівавана 4 мая 2016.