BBC World Service
Сусветная служба Бі-Бі-Сі (англ.: BBC World Service) — брытанская дзяржаўная радыёстанцыя, заснаваная ў 1932 годзе для замежнага вяшчання. На 2015 год падавала агляды, навіны і рэпартажы на 31 мове (азербайджанская, англійская, арабская, бірманская, бенгальская, валійская, в’етнамская, хіндзі, іспанская, інданезійская, кітайская, кыргызская, непальская, партугальская, пуштунская, персідская, руская, рундзійская , самалійская, суахілі, сінгальская, таджыкская, тайская, тамільская, турэцкая, узбекская, украінская, урду, французская, хаўская і шатландская). Вяшчанне ажыццяўлялася ў 57 краінах свету, у тым ліку ў 30 краінах Афрыкі (Буркіна-Фасо, Бурундзі, Бенін, Габон, Гана, Гвінея, Джыбуці, Замбія, Камерун, Кенія, Дэмакратычная Рэспубліка Конга, Кот д’Івуар, Лесота, Ліберыя, Мадагаскар, Мазамбік, Малаві, Маўрытанія, Нігер, Паўднёвы Судан, Руанда, Сьера-Леонэ, Сейшэлы, Сенегал, Танзанія, Тога, Уганда, Цэнтральна-Афрыканская Рэспубліка, Чад і Экватарыяльная Гвінея), 13 краінах Азіі (ААЭ, Афганістан, Бангладэш, Бахрэйн, Ірак, Катар, Камбоджа, Кувейт, Манголія, Непал, Сінгапур, Усходні Тымор і Іарданія), 7 краінах Еўропы (Албанія, Брытанія, Латвія, Літва, Германія, Сербія і Чэхія), 4 краінах Паўночнай Амерыкі (Антыгуа і Барбуда, Барбадас, Трынідад і Табага і Ямайка) і 3 краінах Акіяніі (Вануату, Папуа-Новая Гвінея і Фіджы). Выпускаліся 124 перадачы, у тым ліку даведкавыя, забаўляльныя, мастацкія, музычныя, навіновыя, навучальныя, рэлігійныя і спартыўныя. На 2014 год радыёстанцыя мела 128 млн слухачоў[1].
Сусветная служба Бі-Бі-Сі | |
---|---|
Горад | Лондан |
Краіна | Англія |
Слоган | Сусветная радыёстанцыя |
Фармат | навіновы |
Частата | FM: 93,5 (Лондан); 95,5 (Вільня); 100,5 (Рыга) |
Мачта | Дройтвіч |
Магутнасць | 500 кілават |
Час вяшчання | кругласутачна |
Зона вяшчання | 57 краін, у тым ліку Латвія і Літва |
Дата пачатку вяшчання | 19 снежня 1932 |
Заснавальнік | BBC |
Уладальнік | BBC |
Кіраўнікі | Пітэр Горакс |
Сайт | bbc.co.uk/worldserviceradio |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Гісторыя
правіцьУ снежні 1932 года Брытанская вяшчальная карпарацыя (БВК; анг. BBC, бел.: Бі-Бі-Сі) запусціла радыё «Імперская служба Бі-Бі-Сі» на кароткіх хвалях (1,6—30 мегагерц) для заморскіх уладанняў у Аўстраліі, Індыі, Канадзе, Заходняй і Паўднёвай Афрыцы. 3 студзеня 1938 года першай з іншамоўных пачала працу арабская служба радыёстанцыі. 29 сакавіка дадалі нямецкую службу. У лістападзе 1939 года радыёстанцыя атрымала назву «Заморская служба Бі-Бі-Сі» і займела вяшчанне на афрыкаанс, іспанскай, італьянскай, партугальскай і французскай мовах. Пры канцы 1940 года лік моў вяшчання вырас да 34-х, у тым ліку на албанскай, бірманскай, хіндзі ды ісландскай. Штодзённае вяшчанне павялічылася да 78 перадач навін. У снежні 1940 года нямецкая міна пашкодзіла Вяшчальны дом, што прывяло да часовага перамяшчэння еўрапейскіх службаў радыё на паўночны захад Лондана. На пачатак 1941 года радыёстанцыя налічвала больш за 1400 супрацоўнікаў. У 1941—1943 гадах прадзюсарам гутарковых перадач Усходняй службы радыё працаваў Джордж Оруэл[2].
У 1957 годзе радыёстанцыя займела радыёперадавальнікі на Кіпры (каля Лімасола) і ў Малайзіі. 1 мая 1965 года радыёстанцыя атрымала сучасны назва. У 1966 годзе пабудавалі радыёперадавальнік на востраве Ушэсця, што размяшчаецца на поўдні Атлантычнага акіяна і дазволіла пашырыць абшар вяшчання ў Афрыцы. Пазней дадаўся радыёперадавальнік у Амане (востраў Масіра). 7 верасня 1978 года агент Камітэту дзяржаўнай бяспекі Народнай Рэспублікі Балгарыя смяротна атруціў журналіста Балгарскай службы Бі-Бі-Сі Георгія Маркава пры дапамозе прыхаванага стрэлу з парасона ў нагу. У жніўні 1985 года працу радыёстанцыі прыпыніла стачка супрацоўнікаў супраць забароны ўрадам Брытаніі на перадачу інтэрв'ю з дэпутатам Сходу Паўночнай Ірландыі Марцінам Мак-Гінесам , які належаў да ірландскай партыі «Шын Фейн» (бел.: Мы самі).
У сакавіку 1999 года закрылі нямецкую службу радыё. Затым закрыліся яўрэйская, дацкая, італьянская, малайская, фінская і японская службы. Пры канцы сакавіка 2006 года спынілася радыёвяшчанне на балгарскай, венгерскай, грэчаскай, казахскай, польскай, славацкай, славенскай, тайскай, харвацкай і чэшскай мовах. 1 жніўня 2008 года спыніла працу румынская служба. У студзені 2011 года закрылі албанскую, македонскую і сербскую службы. Спынілася радыёвяшчанне па-азербайджанску, па-в’етнамску, па-руску, па-турэцку і па-ўкраінску.
Зноскі
- ↑ Аўдыторыя сусветных навін Бі-Бі-Сі павялічылася да рэкордных 265 млн (англ.). Брытанская вяшчальная карпарацыя (18 чэрвеня 2014). Праверана 16 сакавіка 2015.
- ↑ Сусветная служба Б-Бі-Сі: 80 гадоў міжнароднага вяшчання (англ.). Брытанская вяшчальная карпарацыя (19 снежня 2012). Праверана 16 сакавіка 2015.
Спасылкі
правіць- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме BBC World Service
- Падкасты (англ.)
- Украінская служба (укр.)