Гурджа́ры або Гуджа́ры (саманазвы गुर्जर, گُرجر) — народ у Індыі, Пакістане, Непале і Афганістане. Агульная колькасць - 12 002 тыс. чал. (2011 г.)[1][2][3]

Гурджары
( गुर्जर, گُرجر)
Агульная колькасць каля 12 млн
Рэгіёны пражывання Індыя, Пакістан, Афганістан, Непал
Мова гурджарская
Рэлігія індуізм, іслам, сікхізм
Блізкія этнічныя групы гуджаратцы, раджастханцы, пенджабцы

Качавое племя гурджараў з'явілася ў Індыі ў сяр. 1 тысячагоддзя н. э. з Цэнтральнай Азіі. Некаторыя сучасныя даследчыкі адносяць іх да эфталітаў або тахараў, іншыя сцвярджаюць, што гурджары мелі цюркскае паходжанне. Некаторы час яны займалі землі на захадзе Утар-Прадэш, але ў VI - VII стст. прасунуліся на тэрыторыю сучаснай паўночна-заходняй Індыі. Лічыцца, што ад імя гурджараў узнікла назва штата Гуджарат. Старажытныя гурджары ушаноўвалі сонца, лічыліся добрымі воінамі, як стралкі з луку не мелі сабе роўных. Яны заснавалі дзяржаву Гурджара-Праціхара, якая дамінавала ў VI - XI стст. на поўначы і захадзе Індыі. Дынастыі гурджарскага паходжання працягвалі кіраваць пэўнымі раёнамі на тэрыторыі Індыі, Пакістана і Афганістана да XIX ст.

Частка гурджараў асела ў гарадах або ператварылася ў землеўладальнікаў і далучылася да варнаў кшатрыяў і брахманаў, змяніла мову і звычаі, але захавала саманазву. Частка працягвала прытрымлівацца паўкачавога ладу жыцця. У XI - XIV стст. многія з іх прынялі іслам, а ў XVI ст. - сікхізм. У XIX ст. гурджары аказалі жорсткі супраціў брытанскім заваёўнікам. З-за іх нежадання падпарадкоўвацца каланіяльным законам гурджараў нават адносілі да людзей, схільных да крымінальных злачынстваў.

У нашы дні гурджары жывуць на поўначы і паўночным захадзе Індыі, у Пакістане, памежных раёнах Афганістана і Непала. Аселыя гурджары ў Індыі як правіла мала вылучаюцца са складу суседняга насельніцтва і адрозніваюцца толькі высокім каставым становішчам. У маі 2008 г. у Раджастхане аселыя гурджары запатрабавалі надаць ім статус племянной супольнасці, што гарантавала б ім большыя правы. Сутычкі з паліцыяй скончыліся праліццём крыві з абодвух бакоў і фактычна не прывялі да станоўчага выніку.

Гурджары-качэўнікі працягваюць займацца жывёлагадоўляй, захоўваюць старыя звычаі і традыцыі.

Мова гурджараў мае індаеўрапейскае паходжанне. Карыстаюцца рознымі пісьмовымі сістэмамі.

Зноскі

Спасылкі правіць