Гэлы
Гэ́лы (ірл.: Gaeil, мэнск.: Gaeil, шатл. гэл.: Gàidheal) — тэрмін, якім пазначаецца этнапляменная супольнасць[1] і ўзніклы пазней шэраг асобных кельцкіх этнасаў, якія размаўляюць на мовах гайдэльскай падгрупы астраўной групы кельцкай галіны індаеўрапейскай сям’і моў або носьбіты гэтых моў. Гістарычна — адзіная этнапляменная група, якая існавала ў раннесярэднявечнай Ірландыі, пасля чаго неўзабаве гэльскія плямёны пашырылі тэрыторыю свайго пражывання за кошт засялення суседняга з Ірландыяй паўднёвага захаду сучаснай Шатландыі (гл. Дал Рыяда). У часы Сярэднявечча гэльскае насельніцтва і культура атрымалі перавагу на тэрыторыях Ірландыі, Шатландыі, а таксама востраву Мэн, пасля чаго пачаўся працэс распаду гэльскай супольнасці на тры асобныя роднасныя этнасы — ірландцаў, шатландцаў і мэнцаў.
На цяперашні час тэрмін гэлы (англ.: Gael, Gaels) часта выкарыстоўваецца ў дачыненні толькі носьбітаў гэльскай шатландскай мовы. У 1882 годзе брытанскім кельтолагам валійскага паходжання Дж. Расам у якасці сукупнага пазначэння ўсіх носьбітаў гайдэльскіх моў быў прапанаваны тэрмін гойдэлы (англ.: Goidels), які з цягам часу замацаваўся ў гістарыяграфіі і, у прыватнасці, у кельталогіі.
Тэрміналогія
правіцьПаходжанне
правіцьТэрмін гэ́лы паходзіць ад старажытнаірландскага Goídel, якім пазначаліся гэльскія плямёны Ірландыі або прыналежнасць да іх. Пазней, у сучасных ірландскай і гэльскай шатландскай мовах гэты тэрмін трансфарміраваўся ў Gael і Gàidheal адпаведна, дзе пазначае прыналежнасць да ірландскай або шатландскай культуры, але, у адрозненне ад Goídel, не з’яўляюцца сучаснымі саманазвамі гэтых этнасаў. Пазней адаптацыі гэтых тэрмінаў былі засвоены ў гістарычнай літаратуры розных моў свету дзеля пазначэння тых кельцкіх плямёнаў, што леглі ў аснову ірландскага, шатландскага і мэнскага этнасаў (гл. вышэй).
Як мяркуецца, узнікненне старажытнаірландскага Goídel прыпадае на VII ст. н.э., з’яўляючыся валійскім запазычваннем (параўн. стар.-валійск. Guoidel «ірландзец», упершыню зафіксаванае як асабістае імя ў адной з гістарычных хронік Уэльса, г.зв. Ландафскай кнізе). Мажліва, што паходжанне гэтага экзаэтноніму ўзыходзіць да пра.-і.э. *weidh-(e)l-o- «лясныя людзі», што, магчыма, з’яўляецца кагнатам старажытнаірландскаму Féni < пра.-і.э. *weidh-n-jo- «лясныя людзі, ваяры»[2][3].
Іншыя гіпотэзы прапаноўваюць тлумачэнне назову на аснове валійскага gwyddel «налётчыкі, рабаўнікі», што тлумачыцца родам дзейнасці, які ў пэўнай ступені быў вядомы ў асяроддзі сярэднявечных гэльскіх плямёнаў.
Грэчаскія і рымскія крыніцы ў часы, калі гэлы займалі выключна востраў Ірландыя, згадвалі гэлаў пад тэрмінамі Ιουερνοι і Iverni адпаведна, якія разам паходзяць, хутчэй за ўсё, ад архаічнаірландскага *Iwerni «народ Іверыю». Гэтым назвам рушылі ўслед аднакаранёвыя Ίερνοι, Hierni, Hiberni[4][5][6]. Ад апошняга, у прыватнасці, паходзіць беларускі тэрмін ірландцы і яго аднакаранёвыя варыяцыі, ужываныя ў большасці сучасных моў свету ў дачыненні да сучаснага этнасу Ірландыі[7].
Іншым лацінскім тэрмінам для азначэння гэльскіх плямёнаў тагачаснай Ірландыі было слова Scoti або Scotti, які пачынае выкарыстоўвацца з IV ст. н.э.[5][8] Верагодней за ўсё, гэты тэрмін не з’яўляўся саманазвай будзь-якога з пляменных аб’яднанняў гэлаў, і выкарыстоўваўся гэламі толькі пры камунікацыі на лаціне[8]. Адным з найбольш ранніх прыкладаў выкарыстання гэтага слова датычна гэлаў лічыцца рымская праца «Назвы ўсіх правінцый» (лац.: Nomina Provinciarum Omnium) 312 г. н.э., дзе скоты згадваюцца як адно з плямёнаў, што праяўляе патэнцыяльную пагрозу для Рымскай імперыі[9]. Назоў не май лацінскай або гайдэльскай этымалогіі; лічылася, што тэрмін паходзіць з архаічнаірландскай мовы, дзе пазначаў нейкую сацыяльную групоўку, і толькі пазней быў успрыняты замежнікамі як назва гэлаў. У ХІХ ст. Ынкасам Мак-Коніхам было высунутае меркаванне, што назва звязаная з гэльскім Sgaothaich «натоўп, грамада»; брытанскім гісторыкам Чарльзам Оменам меркавалася, што карані экзаэтноніма скоты ў лексеме Scuit з літаральным значэннем «пабіты, пасечаны чалавек», што спярша пазначала толькі пэўныя рабаўніцкія групоўкі[10][11]. Ф. Фрыманам была створана гіпотэза, якая выводзіць этымалогію назвы з праіндаеўрапейскага *skot, якое нібыта было ўспрынята меркаванай групай рабаўнікоў і якое мае кагнат у грэчаскай мове — σκότος «цемра»[12].
У дачыненні гэта лексемы таксама існуюць іншыя гіпотэзы, якая тлумачыць значэнне гэтага слова як «налётчык, рабаўнік», што звязваецца з нападамі гэлаў на заходняе ўзбярэжжа Брытаніі падчас і пасля рымскага кіравання над гэтым востравам.
Позняе Сярэднявечча
правіцьПа распадзе адзінай старажытнаірландскай мовы на мовы трох новых асобных этнасаў, ірландскую, шатландскую і мэнскую і, пазней, пасля асіміляцыі гэльскай шатландскай мовы ў шатландскім Лоўлендзе (поўдзень і ўсход краіны) тэрмін Gàidheal працягваў выкарыстоўвацца гэльскамоўнымі шатландцамі для пазначэння прыналежнасці да носьбітаў гэльскай шатландскай мовы, але асіміляцыя гэльскай шатландскай мовы ў Лоўлендзе што стала прычынай негалоснага падзелу між гэльскамоўнай поўначчу і германскамоўным Лоўлендам, у выніку чаго гэльскі шатландскі тэрмін Gàidheal набыў значэнне жыхара гарыстае поўначы Шатландыі. У сваю чаргу, прыкладна з пачатку XV ст. поўнач Шатландыі ў гэльскай шатландскай мове атрымаў назву Gàidhealtachd (Кеэлтэхк, літаральна «гэльская [тэрыторыя]»)[13]. Разам з тым, тэрміны Scoti і Scotti звужаюцца і страчваюць значэнне жыхароў Ірландыі.
Да канца XV ст. адносна гэльскай шатландскай мовы як у лаціне, так у шатландскай германскай мове (мова, што выцесніла гэльскую шатландскую мову з Лоўленда) выкарыстоўваўся тэрмін шатландская мова, але з гэтага часу апошні тэрмін перасунуўся на шатландскую германскую мову, у той час як гэльская шатландская мова стала званай тэрмінам Erse (літаральна «ірландская мова»). У найранейшых пісьмовых помніках шатландскай германскай мовы таксама вядомыя формы гэльскага Gàidheal, якія дастасоўваліся дзеля адрознення кельцкамоўнага жыхарства Шатландыі ад іх сваякоў у Ірландыі: так, у 1596 годзе ў перакладзе з лацінскай мовы на шатландскую германскую працы «Гісторыя і хронікі Шатландыі 1436—1565 гадоў» Джэймса Далрымпла паўстае слова Gaelic, якое мела значэнне толькі кельцкай мовы Шатландыі.
Гісторыя
правіцьМіфічнай паходжанне
правіцьКніга Захопаў (стар.-ірл. Lebor Gabála Érenn), псеўдагістрычная хроніка, што апісвала паходжанне гэлаў уключна да часоў стварэння свету, утрымлівае гісторыю, паводле якой гэлы засялілі Брытанскія астравы праз Скіфію і Іберыю, правёўшы некалькі стагоддзяў падчас блуканняў па зямлі. Па засяленні Ірландыі гэлы нібыта ўступілі ў бой з г.зв. плямёнамі багіні Дану (ст.-ірл. Tuatha Dé Danann), якія пражывалі на востраве раней. Далей хроніка апавядае, што пасля міфічнай бітвы багіня зямлі Эрыу (ст.-ірл. Ériu) паабяцала атрыманне гэламі кантролю над Ірландыяй пры ўмове выплаты даніны гэламі Эру, на што гэлы далі сваю згоду, пасля чаго бард гэлаў Амергін прачытаў спецыяльны загавор, а плямёны багіні Дану і гэлы дамовіліся аб падзеле Ірландыі на зямную і падземную часткі, у выніку чаго плямёнам багіні Дану нібыта адышла падземная Ірландыя.
Іншыя сярэднявечныя псеўдагістрычныя хронікі апісвалі паходжанне гэлаў ад Эбер Дона, які быццам бы з’яўляўся богам падземнага царства[14].
Першым ірландскім летапісцам, які паставіў пад сумнеў падобныя версіі паходжання гэлаў і сучасных ірландцаў стаў гісторык Дуалдус Фірбісіус, які жыў у XVII ст.
Узнікненне
правіцьДакладная эпоха прыходу кельцкіх плямёнаў у Ірландыю, якія пазней адасобіліся ў асобныя гэльскія плямёны, невядомая, найбольш познія датыроўкі адносяць гэту падзею ад першых стагоддзяў н.э. Відавочна, што да перасялення кельтаў у Ірландыю востраў засялялі іншыя пляменныя групы, якія хутчэй за ўсё не з’яўляліся кельтамі і не належалі да індаеўрапейцаў наогул. У прыватнасці, гэта пацвярджаецца пластам субстратнай лексікі няяснай этымалогіі ў сучаснай ірландскай мове і яе папярэдніках.
Вядома, што ў часы позняй Рымскай імперыі гэлы практыкавалі набегі на Рымскую імперыю, але дакладная частата гэтых набегаў, як і ступень дакладнасці суаднясення скотаў з рэальна існымі гэламі невядомая[15][16].
Антычныя аўтары пакінулі сведчанні аб існаванні ў тагачаснай Ірландыі вялікай колькасці асобных плямёнаў, на якія дзяліліся гэлы, кожнае з іх ажно да англа-нарманскай каланізацыі ў ХІ ст. мела асобныя каралеўствы, колькасць якіх агулам складала каля пяцідзесяці.
У IV ст. н.э. сярод гэлаў распрацоўваецца ўласная нацыянальная сістэма пісьма — агамічнае пісьмо, прыкладна з гэтага ж часу адбываецца хрысціянізацыя востраву і паступовае пашырэнне лацінскага алфавіта. Дзякуючы сведчанням агамічным пісьмом з гэтага ж часу вядомая першая мова гэлаў — архаічнаірландская, што адасобілася з пракельцкіх гаворак, з VII ст. умоўна пачынаецца перыяд старажытнаірландскай мовы. Асаблівасцямі агамічнага пісьма ў тагачаснай культуры гэлаў з’яўлялася частае выкарыстанне манументальных надпісаў агамічным пісьмом у якасці своеасаблівага пазначэння межаў таго ці іншага пляменнага ўдзелу, а таксама традыцыя злучнасці агамічнага пісьма з назвамі дрэваў востраву. Гэтым жа перыядам датуюцца пастаянныя кантакты гэлаў з заходнім узбярэжжам Вялікабрытаніі, у сувязі з чым агамічныя надпісы адшукваюцца таксама і ў гэтых рэгіёнах.
Засяленне Шатландыі і Мэна
правіцьV ст. н.э. датуецца заснаванне на поўначы Ірландыі каралеўства Дал Рыяда, якое ўключыла таксама і суседні паўднёвы захад Шатландыі. Традыцыйным поглядам у гістарыяграфіі з’яўляецца меркаванне, што заснаваннем Дал Рыяды быў пакладзены працэс каланізацыі гэламі Шатландыі і прынясення туды гэльскай культуры[17][18], што ў далейшай перспектыве што стала прычынай узнікнення шатландскага і мэнскага этнасаў, але шэраг даследчыкаў, як, напрыклад, археолаг Эван Кэмпбел, сцвярджае пра адсутнасць археалагічных сведчанняў міграцыі або ўварвання гэлаў у суседнія часткі Шатландыі (адкуль яны распаўсюдзіліся па ўсёй Шатландыі) і прапаноўвае гіпотэзу, якая пастулюе існаванне сталых марскіх камунікацый між Шатландыяй і Ірландыяй, якія нібыта дазволілі распаўсюдзіць гэльскую культуру ў суседнюю Шатландыю[19]. У VI ст. н.э. гэлам рухаюць услед гэльскія манахі, дзякуючы якім засноўваецца шэраг манастыроў у Шатландыі, гэльскім жа абатам Калумбам, пазней прылічаным да ліку святых, ажыццяўляецца хрышчэнне піктаў — дагэльскіх насельнікаў Шатландыі. Гэльскі місіянерскі ўплыў таксама прасочваўся ў іншых частках Вялікабрытаніі, імі пры Дал Рыядзе быў створаны г.зв. астраўны стыль, які ўтварыўся з VII ст. н.э. і спалучаў у мастацтве як гэльскія, так і англа-саксонскія і пікцкія элементы.
Як мяркуецца, у сярэдзіне ІХ ст. шатландскія ўладанні Дал Рыяды былі аб’яднаныя каралём гэтай дзяржавы Кенетам МакАльпінам разам з пікцкімі ўладаннямі ў адзіную дзяржаву — Каралеўства Альба, якое лічыцца своеасаблівым раннім перыядам у гісторыі Каралеўства Шатландыя. Пазней гэламі быў заселены таксама востраў Мэн, гаворкі гэтых перасяленцаў прыкладна ў XVII ст. вылучыліся ў асобную мову — мэнскую.
Сучаснасць
правіцьНа цяперашні час прыметнік гэльскі і яго іншыя варыяцыі выкарыстоўваюцца ў Шатландыі, Ірландыі і на Мэне ў шэрагу культурных, грамадскіх або спартыўных арганізацый, якія імкнуцца да пашырэння ўплыву шатландскай, ірландскай і мэнскай культур, значна прыціснутых у сувязі з уплывам англійскай мовы, прычынаю чаго стала панаванне над гэтымі тэрыторыямі дзяржаў англамоўнай эліты. Таксама корань гэльскага паходжання выкарыстоўваецца ў ірландскіх і шатландскіх тэрмінах Gaeltacht і Gàidhealtachd адпаведна (гл. гэлтахт), першы з якіх пазначай тэрыторыі Ірландыі, дзе існуе значная колькасць носьбітаў ірландскай мовы, другі — паўночна-ўсходнія горныя часткі Шатландыі, якія пачынаючы з позняга Сярэднявечча з’яўляліся рэгіёнам, дзе пераважала гэльская шатландская мова. Варта адзначыць, што ў цяперашні час гэльская шатландская мова захоўваецца толькі ў пэўных рэгіёнах горнай Шатландыі, а таксама часткова захоўваецца і ў Лоўлендзе, што не робіць тэрмін Gàidhealtachd сінанімічным поўначы Шатландыі; у Шатландыі асабліва моцныя пазіцыі мова захоўвае на архіпелагу Знешніх Гебрыдскіх астравоў. У Ірландыі гэлтахты абмежаваныя галоўным чынам у ізаляваных заходніх узбярэжных рэгіёнах востраву, але з’яўляюцца афіцыйна прызнанымі дзяржавай ірландскамоўнымі тэрыторыямі, у сувязі з чым ім надаецца асабліва моцная культурная падтрымка[20].
Зрэдку тэрмін гэ́лы ў сучасным ужытку адносіцца да шатландцаў-хайлендараў, якія цягам доўгага часу захоўвалі традыцыйную гэльскую шатландскую культуру (гл. вышэй), або гэльскамоўных шатландцаў.
Крыніцы
правіць- ↑ Joseph F. Eska. The emergence of the Celtic languages // The Celtic languages / ed. by Martin J. Ball and Nicole Müller. — 2nd ed. — Routledge. — С. 26. — (Routledge Language Family Series).
- ↑ Koch, John. The Goddodin of Aneirin. — Celtic Studies Publications. — 1997. — С. xcvii.
- ↑ Koch, John. Celtic Culture: a historical encyclopedia. — ABC-CLIO, 2006. — С. 739.
- ↑ Koch, John. Celtic Culture: a historical encyclopedia. — ABC-CLIO, 2006. — С. 709-710.
- ↑ а б Koch, John. Celtic Culture: a historical encyclopedia. — ABC-CLIO, 2006. — С. 846.
- ↑ Koch, John. Celtic Culture: a historical encyclopedia. — ABC-CLIO, 2006. — С. 848.
- ↑ John T. Koch. Celtic Culture: A Historical Encyclopedia. — ABC-CLIO, 2006.
- ↑ а б Scot (англ.). Online Etymological Dictionary (28 жніўня 2014).
- ↑ Freeman, Philip. Ireland in the Classical World. — Austin: University of Texas Press, 2001. — ISBN 978-0-292-72518-8.
- ↑ A. MacCoinnich. Eachdraidh na h-Alba. — Glasgow, 1867.
- ↑ C. Oman. A History of England before the Norman Conquest. — London, 1910. — С. 157.
- ↑ Freeman, Philip. Ireland in the Classical World. — Austin: University of Texas Press, 2001. — С. 93. — ISBN 978-0-292-72518-8.
- ↑ Gillies W. Scottish Gaelic // The Celtic languages / ed. by Martin J. Ball and Nicole Müller. — 2nd ed. — Routledge. — С. 230. — (Routledge Language Family Series).
- ↑ Koch, John T. Celtic Culture: A Historical Encyclopedia. — ABC-CLIO, 2006. — С. 1133.
- ↑ Freeman, Philip. Ireland in the Classical World. — Austin: University of Texas Press, 2001. — С. 88-106. — ISBN 978-0-292-72518-8.
- ↑ Rance, Philip. Epiphanius of Salamis and the Scotti: new evidence for late Roman-Irish relations // Britannia. — 2012. — № 43. — С. 227-242.
- ↑ Jones, Charles. The Edinburgh history of the Scots language. — Edinburgh University Press, 1997. — С. 551. — ISBN 978-0-7486-0754-9.
- ↑ Nora Kershaw Chadwick, Myles Dyllon. The Celtic Realms. — Weidenfeld & Nicolson, 1972. — С. 66. — ISBN 978-0-7607-4284-6.
- ↑ Campbell, Ewan. Were the Scots Irish? // Antiquity. — 2001. — № 75. — С. 285-292.
- ↑ John T. Koch. Gaeltacht. History of the decline of Irish // Celtic culture: a historical encyclopedia. — ABC-CLIO, 2006. — Т. 2. — С. 778.
Спасылкі
правіць- На Вікісховішчы пакуль няма медыяфайлаў па тэме, але Вы можаце загрузіць іх
- Збор матэрыялаў пра гэльскія плямёны і іншыя кельцкія народы Архівавана 25 чэрвеня 2014. (англ.), Абердзінскі ўніверсітэт