Адкрыць галоўнае меню

Дзмітрый Іванавіч Пуцяціч з кн. друцкіх (згадв. з 1455 — 1505) — вялікалітоўскі дзяржаўны дзеяч, намеснік мцэнскі і любуцкі, намеснік бранскі (згадв. 1486—1488), ваявода кіеўскі (1492—1505).

Дзмітрый Іванавіч Пуцяціч
Дата смерці: 1505
Месца смерці:
Месца пахавання:
Бацька: Іван Сямёнавіч Пуцята

БіяграфіяПравіць

Сын кн. Івана Пуцяты з роду друцкіх князёў. Упершыню «князь Дзімітр» згаданы ў 1455 годзе як сведка запісу кн. Андрэя Уладзіміравіча[1].

У 1467 годзе (12 красавіка 15-га індыкта) памяняўся з панам Іванам Іллінічам сёламі ў Друцкім княстве — сваё «сяло Іллі Дзірыніча» на сяло Харковічы (абодва цяпер пэўна не лакалізуюцца) — у мяноўным лісце паны Пуцяціч і Іллініч ніякімі ўрадамі не тытулуюцца[2]. У тым жа 1467 годзе як «князь Мітка Іванавіч» быў сведкам запісу кн. Ю. Ф. Нясвіцкага жонцы[1].

У 1486 годзе, як намеснік мцэнскі і любуцкі, паведамляў вял.кн. і каралю Казіміру пра набег разанцаў і спаленне імі Мцэнска. Раней дакумент датавалі 1456 годам[3] і пад ім кн. Дзмітрый Пуцяціч згадваецца ў многіх даследаваннях[4]. Аднак пасольства караля Казіміра да неназванага вял.кн.разанскага, дзе згадваецца паведамленне намесніка пра набег, датавана 9 чэрвеня 4-га індыкта, які ў перыяд валадарства караля Казіміра прыпадаў на 1441, 1456, 1471 ці 1486 гады. Урэшце, 1486 год болей пэўны, бо кніга Літоўскай Метрыкі з запісам дакумента змяшчае пасольствы за 1479—1486 гады[5]. Чэрвенем 1486 года кн. Дзмітрый Пуцяціч як намеснік любуцкі і мцэнскі паведамляў каралю пра напад 8 мая 1486 года на «мецнян и любучан» маскоўскага войска[6][7]. У тым жа 1486 годзе атрымаў ад караля са скарбу 5 коп грошаў[1].

З ліпеня 1486 па верасень 1488 года князь Дзмітрый Пуцяціч згадваецца як намеснік бранскі[8] — у маі 1487 і верасні 1488 года[9] яму адрасаваны указныя лісты караля Казіміра, у снежні 1487 года[10] атрымаў з мыта бранскага 20 коп грошаў. Магчыма, гэта новы урад кн. Д. І. Пуцяціча, але іншы намеснік мцэнскі і любуцкі вядомы толькі з 1492 года. На думку А. Харужэнкі, перавод у Бранск, напэўна, можна звязаць са шлюбам стрыечнай пляменніцы кн. Д. І. Пуцяціча — Аграфены (дачкі кн. В. І. Бабіча), з вял.кн. разанскім[11]. З 20.10.1492[12] называецца ваяводам кіеўскім.

У 1499 годзе (14.3) у Вільні быў сведкам прывілея Менску на магдэбургскае права. У 1499 годзе ад вял.кн. Аляксандра атрымаў Крошын у Навагародскім павеце і Палажаны (цяпер Паложына) ў Любашанскай воласці. На думку А. Харужэнкі, тым часам кн. Д. І. Пуцяціч магчыма чакаў нараджэння дзіця, бо ў надаўчым акце адзначана, што пры нараджэнні сына Крошын і Палажаны мусяць адыйсці яму, што не было тыповай фармулёўкай для падобных актаў[13]. Нашчадкаў у кн. Д. І. Пуцяціча, аднак, не было.

У 1500 годзе ездзіў з пасольствам да крымскага хана Менглі-Гірэя і, напэўна, завязаў з ім прыязныя адносіны, бо той у 1502 годзе паведамляў «прыяцелю свайму князю Дзімітрыю» пра разгром хана Шэйх-Ахмеда. Наступнае пасольства кар. Аляксандра да хана Менглі-Гірэя і паведаміла яму пра смерць кн. Дзмітрыя на пачатку 1505 года.[1]

Трымаў родавыя вотчыны Стараселле, Радча і Лясныя (абедзве цяпер у Круглянскім р-не)[14], Зарэмцы (цяпер Жарамец) і інш.

Пасля смерці кн. Дзмітрыя Пуцяціча апекуном яго маёмасці быў кн. Міхаіл Глінскі. На памін душы праваслаўнай царкве часткова былі запісаны Зарэмцы, Лагі і Белічаны — палова даннікаў ў Зарэмцах з мядовай данінай перайшла Багародзіцкай царкве ў Вільні, частка Лагоў і Белічан перайшла Кіева-Пячорскай лаўры. Частку спадчыны атрымаў кн. Талачынскі[1], астатняе перайшло да родзічаў князёў Друцкіх-Пуцяцічаў і Друцкіх-Горскіх[1] (у т.л. частка даннікаў у Белічанах) і да кн. Сямёна Ямантавіча Падбярэзскага (у т.л. частка Зарэмцаў і Лагоў).

ПячаткаПравіць

Медная літая з пазалотай матрыца пячаткі нейкага князя Дзмітрыя знойдзена «чорнымі капальнікамі» ў Алексінскім раёне Тульскай вобласці Расіі «за 8 км да поўдня ад Алексіна і за 2 км ад сяла Шыраносава, месца колішняй вёскі» ў складзе скарбу, «найбольш ранняя манета, знойдзенная там сама, дзе і пячатка, належыць часу Івана III (1462—1505) або Васіля III (1505—1533)». Апублікавана ў 2007 годзе ў зборніку помнікаў сфрагістыкі, знойдзеных праз «металапошук» і аселых ў прыватных калекцыях, недасяжных даследчыкам.[15]

Дыяметр пячаткі 22 мм. Кругавы надпіс у абадку «† Печ[а]ть кн[ѧ]зѧ Дмитрєѧ». У цэнтры — тамгападобная фігура, апісаная публікатарамі як «стаячая калона з двума сіметрычнымі С-падобнымі завіткамі па баках». Палеаграфічныя асаблівасці надпісу дапускаюць шырокі дыяпазон датавання — у межах XV ст.

Публікатары звузілі датаванне 2-ой чвэрцю XV ст., што не суадносіцца з датаваннем манет са скарбу. Магчымых уладальнікаў публікатары выбіралі з ліку вярхоўскіх князёў — лічачы найбольш верагодным Дзмітрыя Усеваладавіча Шуціху-Мязецкага (узг. 1422—1424, 1440), з меншай верагоднасцю Дзмітрыя Сямёнавіча Тарускага (кан. XIV — пач. XV ст.) або Дзмітрыя Фёдаравіча Варатынскага (узг. 1483, 1488—1496) — «па месцы знаходкі», бо на іх думку ўладальнік мог згубіць пячатку ў межах вотчыны або ў непасрэднай блізкасці ад яе. Гэтаму крытэрыю публікатараў супярэчаць прапанаваныя імі асобы, месца знаходкі не належала да іх вотчын і не было ад іх у непасрэднай блізкасці.

На думку А. Харужэнкі, не варта абмяжоўваць мабільнасці князёў і кола магчымых уладальнікаў мясцовымі вотчыннікамі. Даследчык заўважае, што месца знаходкі знаходзіцца за 12 км да поўдня ад Любуцка, з канца XIV ст. і да 1503 года цэнтра павета Вялікага княства Літоўскага, дзе намеснікам у канцы XIV ст. быў князь Дзмітрый Пуцяціч. Не спыняючыся на тоеснасці часу, тытулу і імя, А. Харужэнка параўнаў фігуру са знойдзенай пячаткі з фігурамі пячатак сваякоў кн. Дзмітрыя Пуцяціча — яго бацькі кн. Івана Пуцяты, дзядзькаў кн. Івана Бабы і Васіля Краснага. У выніку даследчык зрабіў выснову, што фігура тыпалагічна адпавядае фігурам з атрыбутаваных пячатак князёў Друцкіх і гэта ўзмацняе аргументацыю атаяснення ўладальніка пячаткі з князем Дзмітрым Друцкім-Пуцяцічам, намеснікам любуцкім.

Зноскі

  1. 1,0 1,1 1,2 1,3 1,4 1,5 Wolff J. Kniaziowie litewsko-ruscy od końca XIV wieku. — Warszawa,1895. — S. 62.
  2. Род Іллінічаў у Вялікім Княстве Літоўскім у XV—XVI стагоддзях. — Мір: Музей «Замкавы комплекс „Мір“», 2015. — 374 с. — С. 293.
  3. Акты, относящиеся к истории Западной России / Собр. и изд. Археографической комиссией. — СПб., 1846. — Т. I: 1340—1506. — С. 71. № 58.
  4. Иловайский Д. И. История Рязанского княжества. — М., 1858. — С. 210.
  5. Бережков Н. Г. Литовская метрика как исторический источник. — Ч. 1: О первоначальном составе книг Литовской метрики по 1522 год. — М.; Л., 1946.  — С. 118.
  6. Акты, относящиеся к истории Западной России / Собр. и изд. Археографической комиссией. — СПб., 1846. — Т. I: 1340—1506. — С. 107. № 88.
  7. РИБ. Т. XXVII. Стб. 445—447.
  8. РИБ. Т. XXVII. Стб. 229.
  9. РИБ. Т. XXVII. Стб. 415—416, 426.
  10. РИБ. Т. XXVII. Стб. 239.
  11. Хоруженко, 2014. с. 123, прим. 8.
  12. РИБ. Т. XXVII. Стб. 129.
  13. Хоруженко, 2014. с. 124.
  14. У складзе Вялікага княства…
  15. Станюкович А. К., Авдеев А. Г. Неизвестные памятники русской сфрагистики. Прикладные печати-матрицы XII—XVIII веков из частных собраний. — М., 2007. — Табл. XII. № 49; С. 132—133.

ЛітаратураПравіць

  • Хоруженко О. И. «Печать князя Дмитрия» XV в.: проблемы интерпретации // Древняя Русь: вопросы медиевистики № 3 (57), 2014. — С. 122—128.
  • У складзе Вялікага княства Літоўскага // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Круглянскага раёна. — Мінск, 1996. — С. 92—114.