Дробная лятучая мыш. Даўжыня цела 48-50, хваста 38-52 мм, вуха 11,8-18 мм, перадплечча 38,5-41 мм. Морда кароткая, тупая. Вушы вельмі шырокія, зрослыя каля асновы. Казялок няправільнай трохвугольнай формы. Крылы адносна вузкія і вострыя. Свабодны край перапонкі крыла прымацоўваецца да асновы вонкавага пальца нагі. Хвост доўгі, амаль роўны з даўжынёй цела. Кончык хваста выступае з добра развітай міжбедранай перапонкі. Эпіблема вузкая. Поўсць на спіне густая, высокая, чорна-бурая, на брушку больш светлая. Вушы і лятальная перапонка цёмна-бурыя.
Насяляе большую частку Заходняй і Паўднёвай Еўропы ад Вялікабрытаніі і поўдня Скандынавіі да правабярэжнай Украіны, Крым, Закаўказзе, Каўказ, Закарпацце, Малдову, заходнія раёны Літвы і сумежныя з Польшчай раёны Брэсцкай і Гродзенскай абласцей Беларусі.
Месцы пражывання: улетку — мяшаныя лясы з дуплаватымі дрэвамі, нішы і ашалёўка пабудоў. Зімой (лістапад-сакавік) — склепы, падвалы, сховішчы для агародніны. Зімуюць у шчылінах бетонных перакрыццяў і інш., у пачатку красавіка з'яўляецца ў летніх сховішчах.
Актыўная ноччу. На паляванне вылятае адразу пасля заходу сонца. Корм — двухкрылыя, ручайнікі, аўсянікі, дробныя соўкі і агнёўкі, ліставёрткі і дробныя жукі — ловіць у алеях паркаў, садоў, на ўзлесках, над агародамі і сажалкамі, паблізу будынкаў.
У сярэдзіне чэрвеня самка прыносіць адно дзіцяня. Малыя растуць хутка і ў канцы жніўня амаль дасягаюць памераў дарослых, ад якіх адрозніваюцца больш светлай афарбоўкай поўсці.