Замбраўскі ўмацаваны раён

64-ы Замбраўскі ўмацаваны раён (64 УР) — комплекс абарончых збудаванняў у СССР. Створаны ў пачатку 1940-х гг. у Беластоцкай вобласці Беларускай ССР.

Агнявая кропка ля Дарагічына (Польшча).

Будаўніцтва правіць

Пасля далучэння Заходняй Беларусі перад савецкім урадам паўстала задача па забеспячэнні абароны новай мяжы. Паводле дырэктывы НКА ад 26 чэрвеня 1940 года ў Беларускай ваеннай акрузе пачалося ўзвядзенне некалькіх умацаваных раёнаў, у тым ліку і Замбраўскага[1], які прызначаўся для прыкрыцця беластоцкага кірунку.

У Замбраве для будаўніцтва было сфарміравана 73-е ўпраўленне начальніка будаўніцтва (УНБ 73). Да кіравання былі прымацаваныя некалькі раёнаў Беластоцкай вобласці: Ломжынскі, Снядоўскі, Чыжаўскі, Цеханавецкі і Бранскі. Партыйныя і савецкія ўлады гэтых раёнаў павінны былі мабілізаваць усе рэсурсы для абарончага будаўніцтва[2].

Пры будаўніцтве выкарыстоўваліся камсамольскія батальёны, аднак пры іх фарміраванні адразу паўсталі цяжкасці. Так, па сведчанні малодшага тэхніка Фурмана, які прыбыў у Баранавіцкую вобласць для арганізацыі набору рабочай сілы, пры плане фарміравання батальёна ў 1000 чалавек удалося набраць толькі 272[3]. Да пачатку вайны УР так і не быў цалкам дабудаваны. Аднак на 22 чэрвеня ў ім ішло будаўніцтва 550 дотаў, ужо было ўзведзена 53 і ўзброена 30. Сюды было пастаўлена 44 танкі МС-1[4].

У красавіку 1941 года камандаванне 4-й арміі атрымала са штаба Заходняй асобай ваеннай акругі дырэктыву, згодна з якой належала распрацаваць план прыкрыцця ад мабілізацыі, засяроджвання і разгортвання войскаў на брэсцкім напрамку. У сувязі са змяненнем правай размежавальнай лініі акруга перадаў для будаўніцтва паўднёвы ўчастак Замбраўскага УРа 74-му ўпраўленню начальніка будаўніцтва і ўключыў яго ў склад Брэсцкага ўмацаванага раёна[5].

Вялікая Айчынная вайна правіць

Умацаванаму раёну давялося прыняць бой з праціўнікам ужо 22 чэрвеня 1941 года. Двое сутак 7-я пяхотная дывізія немцаў спрабавала прарвацца скрозь пазіцыі 12-га і 14-га кулямётна-артылерыйскіх батальёнаў у раёне Чыжава і Ломжы[6]. На пазіцыях УРа абараняўся таксама 169-ы стралковы полк 86-й стралковай дывізіі.

Да поўдня праціўнік перайшоў у наступленне і, прарваўшы цэнтр абароны палка, пачаў прасоўвацца на Чыжаў і Цехановец. Абаронцы УРа пачалі адыход у кірунку Шэпятова.

Увечары 2-і батальён 169-га сп адышоў на падрыхтаваны пярэдні край Прасеніцкага УРа (батальённага вузла 64-га УРа). Немцы прыпынілі наступленне, але камандзір 5-га стралковага корпуса, у які ўваходзіла 86 сд, загадаў пакінуць займаныя пазіцыі і адысці за раку Нараўка. Са згоды камандзіра дывізіі батальёны Замбраўскага УРа былі ўключаныя ў склад 330-га сп. Па некаторых даных, шэраг гарнізонаў да 27 чэрвеня працягваў абараняць доты ў адзіночку, не маючы сувязі са знешнім светам[4].

Заўвагі правіць

  1. Ленский А. Г. Сухопутные силы РККА в предвоенные годы. Справочник — СПб, 2000. Архівавана з першакрыніцы 1 сакавіка 2010. Праверана 28 лютага 2013.
  2. Пивоварчик С. А. Использование местного населения на строительстве военных спецобъектов в Белостокской области (1939—1941 гг.). Архівавана з першакрыніцы 29 лістапада 2020. Праверана 28 лютага 2013.
  3. Пивоварчик С. А. Система обеспечения оборонного строительства рабочей силой в западных областях БССР (1939—1941 гг.). Архівавана з першакрыніцы 2 лістапада 2016. Праверана 28 лютага 2013.
  4. а б Литвак Л. И. Силы и средства прикрытия госграницы в 1941 году (авиация, мехкорпуса, укрепрайоны). Архівавана з першакрыніцы 1 жніўня 2013. Праверана 28 лютага 2013.
  5. Задачи войск 4-й армии по плану прикрытия государственной границы. Архівавана з першакрыніцы 25 кастрычніка 2011. Праверана 28 лютага 2013.
  6. Крупенников А. В первых боях. — Красногорск, 1998.. Архівавана з першакрыніцы 14 чэрвеня 2012. Праверана 28 лютага 2013.