Зарадная станцыя

Зара́дная ста́нцыя — інфраструктура для зарадкі электраэнергіяй акумулятара электрамабіля.

Зарадная станцыя «Беларуснафты» ў Мінску (2020 год)

На 2020 год вылучалі 3 віды зарадных станцый паводле ладу зарадкі.

  • Лад 2. Прадугледжвае зарадку зменным токам ад побытавай сеткі з аховай унутры кабеля. Час зарадкі складае ад 12 гадзін.
  • Лад 3. Ажыццяўляе 3-фазную зарадку зменным токам з кіраваным ходам зарадкі. Займае 4—8 гадзін.
  • Лад 4. Зараджае пастаянным токам 80 % магутнасці акумулятара за 15—30 хвілін[1].

Беларусь

правіць

14 жніўня 2013 года аб’яднанне «Беларуснафта» абвясціла тэндэр на закуп электразарадных станцый, якія мелі размясціць на 4 аўтазапраўках, у тым ліку на адной у Мінску[2]. 9 кастрычніка 2014 года ў Баравой вёсцы Мінскага раёна адкрылі першую ў Беларусі станцыю хуткай зарадкі электрамабіляў. Магутнасць зарадкі складала 50 кілават, што дазваляла зарадзіць акумулятар электрамабіля за 30 хвілін[3]. Гэтая зарадная станцыя належала аўтазапраўцы «А-100»[4]. 16 кастрычніка 2015 года зарадная станцыя для электрамабіляў з’явілася ў Мінску на скрыжаванні праспекта Незалежнасці і бульвара Талбухіна[5]. 11 лютага 2016 года на вуліцы Харужай у Мінску адкрылі першую зарадную станцыю беларускай вытворчасці[6]. На 1 мая 2016 года ў Беларусі налічвалася 10 электразаправак цаной па 20 000 еўра, якія дазвалялі зарадзіць аўтамабіль за 2 гадзіны[7].

27 лютага 2017 года Савет міністраў Рэспублікі Беларусь зацвердзіў Пастанову № 162 «Аб згодзе на ажыццяўленне фінансавання праекта», паводле якой дазволіў «Паўночнай экалагічнай фінансавай карпарацыі» («ПЭФК»; Хельсінкі, Фінляндыя) адкрыць крэдытную лінію на 1 млн еўра «Беларускаму народнаму банку» для выдачы пазык на набыццё зарадных станцый[8]. 12 мая 2017 года ААТ «Віцязь» выпусціла першую ў Віцебску зарадную станцыю «Віцязь ЕС-301», якую ўсталявалі на заводскай паркоўцы[9]. Распрацоўка на заказ Міністэрства прамысловасці Рэспублікі Беларусь заняла 1,5 гады. Зарадка запускалася праз дадатак на смартфоне з АС «Андроід», праз кароткае паведамленне з сотавага тэлефона і праз картку радыёчастотнага распазнання. Зарадная станцыя была з пераменым 3-фазным токам і каштавала каля $2000. Час зарадкі складаў каля 4 гадзін. Адначасна кіраўніцтва ААТ «Віцязь» абвясціла пра распрацоўку зараднай станцыі коштам каля $20 000, што мела зараджаць электрамабіль за менш як 30 хвілін[10]. У маі 2017 года ў Мінску ўсталявалі 3 зарадныя станцыі для электробусаў «Вітаўт Макс Электра»[11]. 11 ліпеня 2017 года галоўны канструктар ТДА «Сучасныя тэхнічныя рашэнні і метады» («СТРіМ») Аляксей Яфрэмаў прадставіў у Магілёве зарадную станцыю ўласнай распрацоўкі, што мела магутнасць 20 кілават і прызначалася для гарадскіх вуліц. На той час у Беларусі зарадныя станцыі распрацоўвалі 3 прадпрыемствы ў Мінску, Віцебску і Магілёве[12]. 23 жніўня 2017 года ў Гомелі ВА «Беларуснафта» адкрыла сваю 4-ю зарадную станцыю[13]. На 8 верасня 2017 года «Беларуснафта» мела 8 зарадных станцый, з якіх 3 адкрылі ў жніўні: 2 у Гомелі і 1 у каля памежнага пераходу «Брузгі» ў Гродзенскім раёне на мяжы з Польшчай. Яны прызначаліся для зарадкі акумулятара на 80 % за 30 хвілін[14]. Агулам у Беларусі налічвалася каля 20 зарадных станцый[15]. 9 кастрычніка 2017 года зарадную станцыю адкрылі на 3-м паверсе гандлёвага цэнтра «Галерэя Мінска»[16]. 8 лістапада 2017 года з’явілася 1-я зарадная станцыя пры сталічным гіпермаркеце «Е-сіці» на Дзянісаўскай вуліцы[17].

5 студзеня 2018 года «Беларускі народны банк» адкрыў электразапраўку пры сваім аддзяленні ў Гродне па Сацыялістычнай вуліцы, д. 44[18]. 26 красавіка 2018 года ўрад Беларусі ўсталяваў расцэнку на электраэнергію ад ДВА «Белэнерга» для зарадкі электрамабіляў у памеры 15,693 капейкі за 1 кілават-гадзіна. Такая расцэнка была на 48 % ніжэйшай за расцэнку для ўстаноў у галіне паслуг[19]. 13 чэрвеня 2018 года А. Лукашэнка падпісаў Указ № 236 аб дапаўненні Дзяржаўнай праграмы інавацыйнага развіцця Беларусі на 2016—2020 гады праектам стварэння вытворчасці зарадных станцый на ААТ «Віцязь»[20]. 10 ліпеня 2018 года А. Лукашэнка зацвердзіў Указ № 273 «Аб стымуляванні выкарыстання электрамабіляў», якім вызваліў увозімыя зарадныя станцыі ад падатку на дададзеную вартасць[21]. На 13 ліпеня 2018 года «Беларуснафта» мела 18 электразарадных станцый[22]. 10 ліпеня 2018 года Савет міністраў Беларусі ўхваліў Пастанову № 731 «Аб зацвярджэнні Праграмы стварэння дзяржаўнай зараднай сеткі для зарадкі электрамабіляў». Паводле Праграмы, да 2030 года «Беларуснафце» даручылі стварыць 1304 зарадныя станцыі, з іх 1224 (94 %) у паселішчах. На аўтамагістралях адлегласць між 80 электразапраўкамі мела складаць менш за 50 км. Таксама вызначылі ўсталяваць 25 высакавольтных (звышхуткіх) зарадных станцый у Мінску, абласных цэнтрах і на аўтамагістралях на адлегласці 120 км[23].

2 красавіка 2019 года кіраўнік ААТ «Віцязь» Генадзь Азараў паведаміў пра атрыманне заказу ад «Беларуснафты» на выраб 20 зарадных станцый у 2-м паўгоддзі[24]. На 11 чэрвеня 2019 года ў Мінску налічвалася 25 ЭЗС ладу 3 і 4, якія зараджалі акумулятар за 6 і 1 гадзіну адпаведна[25]. 24 лістапада 2019 года лік ЭЗС дасягнуў 130[26]. 5 сакавіка 2020 года «Беларуснафта» прадставіла сетку 251 ЭЗС «Маланка», што магла зарадзіць 9000 электрамабіляў за дзень. Першыя 17 ЭЗС, якія пабудавалі да верасня 2018 года, каштавалі па 60 000 еўра. У далейшым іх цана ўпала да $20 000[27].

Зноскі

  1. Сяргей Румас (16 кастрычніка 2018). "Пастанова Савета міністраў Рэспублікі Беларусь ад 10 кастрычніка 2018 г. № 731 «Аб зацвярджэнні Праграмы стварэння дзяржаўнай зараднай сеткі для зарадкі электрамабіляў»"(руск.). Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал Рэспублікі Беларусь. Праверана 27 сакавіка 2020.
  2. Валерыйый Сідорчык (14 жніўня 2013). "«Беларуснафта» створыць сетку зарадных станцый для электрамабіляў". Беларускае тэлеграфнае агенцтва. Праверана 27 сакавіка 2020.
  3. "Першую ў Беларусі станцыю экспрэс-зарадкі для электрамабіляў адкрылі на выездзе з Мінска". БелТА. 9 кастрычніка 2014. Праверана 27 сакавіка 2020.
  4. Марта Грын (29 кастрычніка 2014). "Калі на беларускіх дарогах можна будзе ўбачыць электрамабіль і не здзівіцца". Газета «Новы час». Праверана 27 сакавіка 2020.
  5. "Зарадная станцыя для электрамабіляў з'явілася на бульвары Талбухіна ў Мінску". БелТА. 16 кастрычніка 2014. Праверана 27 сакавіка 2020.
  6. Ян Пашкевіч, тэлеканал «Беларусь 1» (11 лютага 2016). "Развіццё экалагічных відаў транспарту ў сталіцы атрымала новы імпульс". Белтэлерадыёкампанія. Праверана 27 сакавіка 2020.{{cite news}}: Папярэджанні CS1: лічбавыя назвы: authors list (спасылка)
  7. Дзмітрый Цітоў, тэлеканал «Беларусь 1» (1 мая 2016). "Электракары — хіт продажаў у Еўропе". Белтэлерадыёкампанія. Праверана 27 сакавіка 2020.{{cite news}}: Папярэджанні CS1: лічбавыя назвы: authors list (спасылка)
  8. Андрэй Кабякоў (27 лютага 2017). "Пастанова Савета міністраў ад 27.02.2017 № 162 «Аб згодзе на ажыццяўленне фінансавання праекта»". Савет міністраў Рэспублікі Беларусь. Архівавана з арыгінала 3 ліпеня 2021. Праверана 27 сакавіка 2020.
  9. "«Віцязь» выпусціў зарадную станцыю для электрамабіляў". БелТА. 12 мая 2017. Праверана 27 сакавіка 2020.
  10. Яўген Карпас, «Штодзённік» (11 мая 2017). "У Віцебску з'явілася першая станцыя для зарадкі электрамабіляў". Радыё «Рацыя». Архівавана з арыгінала 14 лістапада 2021. Праверана 27 сакавіка 2020.
  11. Тэлеканал «Беларусь 1» (17 верасня 2019). "Першы беларускі электробус з правым рулём адправіўся ў Вялікабрытанію". Белтэлерадыёкампанія. Праверана 27 сакавіка 2020.{{cite news}}: Папярэджанні CS1: лічбавыя назвы: authors list (спасылка)
  12. Нелі Зігуля. Злучаючы тэхналогіі // Звязда : газета. — 12 ліпеня 2017. — № 131 (28495). — С. 1, 4. — ISSN 1990-763x.
  13. "Новая зарадная станцыя для электрамабіляў адкрылася ў Гомелі". БелТА. 23 жніўня 2017. Праверана 27 сакавіка 2020.
  14. Валерый Сідорчык (4 верасня 2017). "«Беларуснафта» гатова ўзяць функцыі нацыянальнага сеткавага аператара па зарадцы электрамабіляў". БелТА. Праверана 27 сакавіка 2020.
  15. Дзмітрый Цітоў, тэлеканал «Беларусь 1» (3 верасня 2017). "Першы беларускі электракар рыхтуецца да серыйнай вытворчасці". Белтэлерадыёкампанія. Праверана 27 сакавіка 2020.{{cite news}}: Папярэджанні CS1: лічбавыя назвы: authors list (спасылка)
  16. Аляксей Арэшка (9 кастрычніка 2017). "У цэнтры Мінска з'явілася станцыя для хуткай зарадкі электрамабіляў". БелаПАН. Праверана 27 сакавіка 2020.
  17. Ксенія Лебедзева, тэлеканал «Беларусь 1» (8 лістапада 2017). "Першая зарадная станцыя для электрамабіляў у гіпермаркеце". Белтэлерадыёкампанія. Праверана 27 сакавіка 2020.{{cite news}}: Папярэджанні CS1: лічбавыя назвы: authors list (спасылка)
  18. Марына Харэвіч (6 студзеня 2018). "У Доме з лілеямі пасяліўся леў". Выданне «Гродна.лайф». Праверана 27 сакавіка 2020.
  19. "У Беларусі ўпершыню ўстаноўлены тарыф для зарадкі электрамабіляў". БелТА. 26 красавіка 2018. Праверана 27 сакавіка 2020.
  20. Марына Носава (18 чэрвеня 2018). "Серыйную вытворчасць зарадных станцый для электрамабіляў запусцяць у Беларусі да 2020 года". БелаПАН. Праверана 27 сакавіка 2020.
  21. "Падпісаны ўказ аб мерах па стымуляванні выкарыстання ў Беларусі электрамабіляў". БелТА. 10 ліпеня 2018. Праверана 27 сакавіка 2020.
  22. "«Беларуснафта» да 2024 года створыць разгалінаваную сетку зарадных станцый для электрамабіляў". БелТА. 13 ліпеня 2018. Праверана 27 сакавіка 2020.
  23. Аляксей Арэшка (12 кастрычніка 2018). "Зацверджаная праграма стварэння дзяржаўнай зараднай сеткі для электрамабіляў". БелаПАН. Праверана 27 сакавіка 2020.
  24. Сяргей Салаўёў (3 красавіка 2019). "Важкія дробязі". Газета «Новы час». Праверана 27 сакавіка 2020.
  25. Магда Крэпак, «Мінск-Навіны» (11 чэрвеня 2019). "Да 2025 года зарадныя станцыі для электрамабіляў могуць з'явіцца больш чым на 400 пляцоўках Мінска". Газета «Новы час». Праверана 27 сакавіка 2020.
  26. "Расія выступіла супраць зніжэння Беларуссю мытаў на электрамабілі". Газета «Новы час». 24 лістапада 2019. Праверана 27 сакавіка 2020.
  27. "«Беларуснафта» пашырыць сетку электразарадак «Маланка» да 2021 года да больш як 600 станцый". БелТА. 5 сакавіка 2020. Праверана 27 сакавіка 2020.

Спасылкі

правіць