Адкрыць галоўнае меню

Заходні камітэт (1862—1865) — камітэт, які быў створаны 20 верасня 1862 г. паводле ўказу расійскага імператара Аляксандра II як найвышэйшы адміністрацыйны орган для разгляду пытанняў кіравання «заходнімі губернямі» («Заходнім краем») Расійскай Імперыі.

ГісторыяПравіць

Неабходнасць стварэння камітэта была выклікана сялянскімі хваляваннямі ў Заходнім краі, якія пачаліся пасля пачатку рэалізацыі сялянскай рэформы ў Расійскай Імперыі на падставе маніфеста 19 лютага 1861 г., а таксама ростам апазіцыйнай актыўнасці карэннага (галоўным чынам, каталіцкага і польскамоўнага) дваранства края, перарослай у паўстанне 1863—1864 гадоў. Таму Заходні камітэт меў задачы абмеркавання мерапрыемстваў «да ўстанаўлення ў адзначаным краі парадка і ўмацавання ў ім спакою» і быў скасаваны, калі стала мараверагодным узнаўленне сялянскіх і паўстанцкіх выступленняў. Штуршком стварэння камітэта была акцыя дваран-палякаў Падольскай губерні, якія на губернскім дваранскім сходзе 19 верасня 1862 г. склалі афіцыйны адрас расійскаму імператару аб жаданні ўключэння Падольскай губерні ў адміністрацыйна-тэрытарыяльных адносінах у склад Царства Польскага.

Старшынёй камітэта быў старшыня Камітэта міністраў. У склад камітэта ўваходзілі кіраўнікі ўсіх асноўных міністэрстваў і ўстаноў: міністр унутраных спраў, ваенны міністр, міністр дзяржаўных маёмасцей, міністр асветы, міністр фінансаў, міністр замежных спраў, шэф жандараў і обер-пракурор Сінода. Справаводства камітэта вяла канцылярыя Камітэта міністраў, а справаводцам камітэта быў прызначаны Ф.П. Карнілаў.

Заходні камітэт меў законадарадчыя правы і за час існавання камітэта былі разгледжаны розныя прапановы (у тым ліку ад віленскага і кіеўскага ваенных генерал-губернатараў) па кіраванні Заходнім краем і прыняцці новых законаў, якія б тычыліся заходніх губерняў. Прапановы па ўзнятым пытанням спачатку абмяркоўваліся ў камітэце, выпрацоўвалася меркаванне, якое пасля перадавалася імператару для канчатковай ухвалы ці адхілення. Напрыклад, у 1863 г. па ініцыятыве віленскага ваеннага генерал-губернатара Міхаіл Мураўёва з санкцыі Заходняга камітэта і зацвярджэння імператара Аляксандра II было вырашана поўнасцю ачысціць у заходніх губернях усе дзяржаўныя і адукацыйныя ўстановы ад католікаў, хоць зрабіць гэта адразу (па прычыне недахопу кадраў) не ўдалося.

Камітэт кіраваў рэалізацыяй у Заходнім краі пачатых у Расійскай Імперыі ліберальных рэформ — у першую чаргу, выпрацоўваў палітыку мясцовых асаблівасцей рэалізацыі гэтых рэформ у краі (як правіла, у бок абмежаванасці іх характару). Ён таксама разглядаў пытанні, звязаныя з падаўленнем паўстання 1863—1864 гадоў, высылкай вязненых паўстанцаў з «заходніх губерняў» ва ўнутраныя губерні імперыі, перасяленнем у край рускіх сялян; прымаў справаздачы губернатараў і генерал-губернатараў «заходніх губерняў» аб становішчы ў падначаленых ім губернях; вырашаў памер кантрыбуцыйнага «працэнтнага збора», якім былі абкладзены яшчэ ў пачатку 1863 г. дваране заходніх губерняў і г.д.

Апошняе паседжанне Заходняга камітэта адбылося 22 снежня 1864 г., а 5 студзеня 1865 г. ён быў скасаваны і яго справы (42 тамы) перададзены ў Камітэт міністраў, дзе пачалі разглядацца пытанні адносна заходніх губерняў.

Гл. таксамаПравіць

ЛітаратураПравіць

  • Середонин, С.М. Исторический обзор деятельности Комитетов министров: в 4 т. / С.М. Середонин. — Спб., 1902. — Т. 3. — ч. 1.
  • Самбук, С.М. Политика царизма в Белоруссии во второй половине XIX века / Ред. В.П. Панютич. — Минск : Наука и техника, 1980. — 224 с.
  • Валуев, П.А. Дневник П.А. Валуева, министра внутренних дел. — М.: АН СССР, 1961, — Т.1. — 422 с.
  • Кісялёў, Г.В. Заходні камітэт / Г.В. Кісялёў // БелСЭ. — Т. — Мн., 1971.