Зязюля звычайная

Звычайная зязюля[1], Зязюля[2] (Cuculus canorus) — птушка сямейства зязюлевых. Грамадская арганізацыя «Ахова птушак Бацькаўшчыны» (АПБ) выбрала птушкай 2014.

Зязюля звычайная
Навуковая класіфікацыя
Міжнародная навуковая назва

Cuculus canorus (Linnaeus, 1758)

Арэал

выява

Ахоўны статус

Сістэматыка
на Віківідах

Выявы
на Вікісховішчы
ITIS  177822
NCBI  55661
EOL  913266
FW  373061

Апісанне правіць

Птушка сярэдніх памераў (даўжыня цела да 40 см, крыла — каля 22 см), з даволі доўгім (да 18 см) закругленым ступеністым хвастом і доўгімі махавымі крыламі. Важыць зязюля каля 100 г. Па афарбоўцы і памерам яна крыху нагадвае ястраба-перапёлачніка. Палавы дымарфізм ў афарбоўцы выяўлены добра. У дарослых самцоў спіна і хвост цёмна-шэрыя, горла, валлё і грудзі светла-шэрыя. Астатняя частка апярэння белая з цёмнай папярочнай паласой. Вочы і акантоўка павек жоўтыя. Дзюба чарнявая, злёгку загнутая ў вяршыні. Ногі кароткія, аранжавага колеру. Самкі, у адрозненне ад самцоў, альбо бураватыя зверху, з вохрыстыя налётам на валлі, альбо спінны бок цела і верх галавы ў іх іржава-рудыя з шырокімі чорнымі і вузкімі белымі папярочнымі палосамі. Маладыя птушкі, незалежна ад полу, альбо шараватыя, альбо рудаватыя з больш цёмнай папярочнай паласатасцю па ўсім целе. Кукуе толькі самец. Голас самкі падобны да чалавечага рогату.

Пашырэнне правіць

Арэал разарваны. Да яго належыць Палеарктыка (акрамя крайняй поўначы) і Афрыка (акрамя вялікіх пустынь).

 
Паштовая марка Беларусі «Птушка года 2014»

Насяляе не вельмі вялікія лісцевыя, мяшаныя ці хваёвыя лясы (апошнія — на вільготных тэрыторыях); жыве ў вялікіх дрэвастоях на разрэджаных участках, таксама характэрныя біятопы — невялікія групы дрэў сярод палёў і лугоў, паркі, сады, агароды, адкрытыя тэрыторыі з адзінкавымі дрэвамі або групамі кустоў, уключаючы пасевы розных тыпаў, вільготныя тэрыторыі з трыснягом, балоты, прыморскія дзюны. Пазбягае скальных гор, густых лясоў, акіянскіх астравоў, шчыльнай гарадской забудовы. У Азербайджане даходзіць да 1800 м над у.м., у Альпах — да 2400 м, у Грузіі і Арменіі — да 2500 м.[3]

Зязюля — дальні мігрант. Ляцяць птушкі часцей за ўсё не чарадой, а паасобку. Месца зімовак: Афрыка на поўдзень ад Сахары, Аравійскі паўвостраў, Індыя, Індакітай, Малайскі архіпелаг, Філіпіны, Новая Гвінея.

За час назіранняў спецыялісты выявілі, што кожную восень адна асобіна (са спадарожнікавым перадатчыкам, які дазволіў адсачыць перамяшчэння птушкі) пералятала з паўночна-ўсходняй часткі Азіі ў паўднёва-ўсходнюю частку Афрыкі на зімоўку. З 2016 года па 2017 год гэтая зязюля праляцела 26 000 кіламетраў, у тым ліку пераадолела больш за 6 500 кіламетраў за 6 дзён[4].

Асаблівасці біялогіі правіць

З-за завостраных крылаў і паласатага малюнка на жываце падчас палёту зязюля падобна да драпежнай птушкі. Дзякуючы гэтаму самец зязюлі палохае птушку-гаспадара гнязда, а ў гэты час самка падкідвае яйка. Зязюлі хапае ўсяго 10-16 секунд, каб падкласці яйка ў гняздо. Зязюля падкідвае яйкі ў гнёзды не ўсім відам птушак, але спіс «ахвяраў» налічвае больш за 100 відаў. Падкінутыя яйкі амаль супадаюць па колеры з яйкамі гаспадароў гнязда. Самка зязюлі за адзін сезон можа адкласці ад 8 да 25 яек, праўда, на кожныя 5 падкінутых яек вырастае толькі адно птушаня. Час ад адкладкі яек да вылуплення птушанят у зязюлі менш, чым у тых, у чыіх гнёздах яны знаходзяцца.[5]

Зязюлі ядуць вусеняў, пакрытых валаскамі, якіх іншыя птушкі не чапаюць. Так адбываецца з-за таго, што валаскі упіваюцца ў асаблівае пакрыццё сценак страўніка птушкі, а потым гэта пакрыццё выводзіцца са страўніка разам з валаскамі.[6]

У міфалогіі правіць

 
Легенда пра зязюлю, памятная манета НБ РБ, рэверс

Зязюля — адна з найбольш міфалагізаваных птушак у традыцыйнай культуры беларусаў, з ярка выяўленай жаночай сімволікай, звязанай з сумам, самотай, горам, разлукай, адзінотай, смерцю, светам памерлых. Матыў ператварэння жанчыны ў зязюлю асабліва шырока выкарыстоўваецца ў баладах, дзе метамрфоз адбываецца па волі саміх жанчын, апаленых моцнымі перажываннямі — жалем, роспаччу, рэўнасцю. Адным з самых распаўсюджаных з’яўляецца сюжат пра пакрыўджаную маці, якой дзеці не падалі вады, калі яна захварэла; тады маці ператварылася ў птушку і адляцела з роднага дому.

Зноскі

  1. Напісанне Зязюля звычайная ў адпаведнасці з БЭ ў 18 тамах. Т. 7. Мн., 1998, С. 124
  2. Беларуская навуковая тэрміналогія: слоўнік лясных тэрмінаў. — Мінск: Інбелкульт, 1926. — Т. Вып. 8. — 80 с.
  3. Архіўная копія(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 16 красавіка 2015. Праверана 16 ліпеня 2014.
  4. Зязюля стала зоркай інтэрнету
  5. ptushki.org Архівавана 7 ліпеня 2017.
  6. ptushki.org Архівавана 7 ліпеня 2017.

Літаратура правіць

  • Птушкі Еўропы: Палявы вызначальнік. — Варшава: Навуковае выдавецтва ПНВ, 2000. — 540 с.: іл. ISBN 83-01-13187-X

Спасылкі правіць