Каложскі пасад, або проста Каложа — гістарычны раён горада Гродна, які ўзнік як гандлёва-рамесны пасад. Заселены не пазней за сярэдзіну XII ст.

Барысаглебская царква — адзін з сімвалаў раёна.

Знаходзіўся на высокім правым беразе ракі Нёман на захадзе ад Замкавай гары, на месцы сучаснага Каложскага парку. Ад узвышша з заходняга боку яго аддзяляў глыбокі роў. У другой палове XII ст. тут была пабудавана Барысаглебская царква. У 1405, у час вайны з Ноўгарадам, вялікі князь літоўскі Вітаўт пасяліў на тэрыторыі пасада 11 тыс. палонных мужчын, жанчын і дзяцей[1], выведзеных з пскоўскага пасада Каложы (рус. Коложе), з таго часу за раёнам замацавалася назва Каложа, а царква пачала называцца Каложскай. Пры раскопках былі знойдзены рэшткі земляных і паўземляных дамоў.

Даследаванні

правіць

Даследавалі ў 19711973 гг. Я. Г. Звяруга, у 19831984 гг. А. А. Трусаў. Культурны пласт пасада складае 0,4—2,2 м светла-шэрага, часам (каля мацерыка) цёмна-шэрага колеру. Выяўлены рэшткі наземных і зямлянкавых жытлаў. У адной з зямлянак знойдзены 4 сашнікі, 3 сярпы, гаршчок XII—XIV стст. Сабраны матэрыялы XI—XVIII стст., пераважна непаліваны керамічны посуд (гаршкі, міскі), невялікая колькасць шкляных і металічных вырабаў. Матэрыялы раскопак захоўваюцца ў Інстытуце гісторыі НАН Беларусі і Беларускі дзяржаўны музей гісторыі рэлігіі[2].

Зноскі

  1. Лічба паводле: Батюшков. Белоруссия и Литва. СПб., 1890. С. 102.
  2. Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1986. — Гродзенская вобласць. — 371 с., іл.

Літаратура

правіць

Спасылкі

правіць