Камедыя-балет
Камедыя-балет (фр.: Comédie-ballet) — тэатральны жанр, які аб’ядноўваў дыялог, танец, пантаміму, спевы і інструментальную музыку. Быў пашыраны ў Францыі з 17 стагоддзя, на Беларусі з 18 стагоддзя.

Гісторыя Правіць
Стваральнікам жанру лічыцца Мальер, які аб’яднаў камедыю з упадабаным выглядам прыдворных забавак — балетам.[1] Балетныя элементы маглі быць часткай дзеяння або ўключацца ў яго ў выглядзе самастойных дывертысментаў.[2] Камедыйныя сцэны выконваліся пры гэтым акцёрамі, членамі трупы Мальера, а балетныя — аматарамі з ліку прыдворнай шляхты, у тым ліку самога караля і прынцаў.[1] Асноўная інтрыга перадавалася праз дыялогі, аднак у спектакль, які ўяўляў сабой сінтэз некалькіх відаў мастацтваў, маглі таксама ўключацца вакальныя нумары.[3]
Разам з кампазітарамі Ж.-Б. Люлі, М. А. Шарпанцье, балетмайстрам П. Башанам і дэкаратарам К. Вігарані Мальер ажыццявіў пастаноўку сваіх камедый-балетаў: «Дакучныя » (1661), «Шлюб па прымусу » (1664), «Прынцэса Эліды » (1664), «Лекаванне каханнем » (1665), «Камічная пастараль » (1666—1667), «Сіцыліец, або Любоў-жывапісец» (1666—1667), «Жорж Дандэн » (1668), «Спадар дэ Пурсаньяк » (1669), «Мешчанін у дваранах » (1670), «Цудоўныя каханкі » (1670), «Графіня д’Эскарбаньяс» (1671), «Псіхея » (1671), «Прытворнахворы » (1673).
Жанр аказаў значны ўплыў на наступнае развіццё французскага музычнага тэатра, з’явіўшыся важным этапам на шляху да «музычных трагедый» (tragedies lyriques) Ж.-Б. Люлі, камічнай оперы 18 стагоддзя і пантамімнага балета Ж. Ж. Навера.
На Беларусі Правіць
Першыя паказы камедый-балетаў на Беларусі пачаліся з 1749 года ў Нясвіжскім тэатры Радзівілаў («Убачанае не мінае» Ф. У. Радзівіл, перапрацоўка «Цудоўных каханкаў» Мальера). Камедыі-балеты былі састаўной часткай камедый і фарсаў Мальера, пастаўленных у Нясвіжы («Лекар па прымусу», 1750; «Сганарэль» і «Мешчанін у дваранах», абодва 1751; «Маскарыль», 1752; «Жорж Дандэн», 1757), Навагрудку («Прытворнахворы», 1761).
Блізкая да камедыі-балета камедыя М. Цяцерскага «Шлюб, пастаўлены дагары нагамі штучкамі Арлекіна» (Забельскі школьны тэатр, паміж 1790—1791).
Зноскі Правіць
- ↑ а б Мокульский 1956.
- ↑ Комедия-балет(недаступная спасылка). Большая российская энциклопедия. Архівавана з першакрыніцы 27 кастрычніка 2020. Праверана 5 студзеня 2022.
- ↑ M. Elizabeth C. Bartlet. Comédie-ballet (opera) (англ.). Grove Music Online.
Літаратура Правіць
- Камедыя-балет // Тэатральная Беларусь: энцыклапедыя : у 2 т. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.]. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2002. — Т. 1. — 565 с. — 4 000 экз. — ISBN 985-11-0255-5.
- Комедия-балет // Балет. Энциклопедия / Ю. Н. Григорович. — М.: Советская энциклопедия, 1981. — С. 259.
- Комедия-балет // Театральная энциклопедия / П. А. Марков. — М: Советская энциклопедия, 1964. — Т. III.
- Комедия-балет / Красовская В. М. // Гондольера — Корсов. — М. : Советская энциклопедия : Советский композитор, 1974. — (Энциклопедии. Словари. Справочники : Музыкальная энциклопедия : [в 6 т.] / гл. ред. Ю. В. Келдыш; 1973—1982).
- Мокульский С. С. Французский театр // История западного театра / Г. Н. Бояджиев. — М: Искусство, 1956. — Т. 1. — С. 535—661.