Кастрычніцкая вуліца (Мінск)
Кастрычніцкая вуліца (руск.: Октябрьская улица) — вуліца ў Ленінскім раёне Мінска.
Кастрычніцкая вуліца Мінск | |
---|---|
Агульная інфармацыя | |
Краіна | Беларусь |
Горад | Мінск |
Раён | Ленінскі раён |
Працягласць | 1,3 км[1] |
Найбліжэйшыя станцыі метро |
Першамайская |
Паркі | Ляхаўскі сквер |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Назва
правіцьУпершыню згадваецца як Ляхаўская, па назве прадмесця Ляхаўка, у якім пралягала[2], яшчэ ў XVI стагоддзі як сухапутная дарога, якая праходзіць каля Свіслачы. З 1804 года вуліца называлася Ніжне-Ляхаўскай (адной з некалькіх). У савецкія часы кароткі час насіла імя Лекерта, потым перайменавана ў вуліцу Варашылава, у час нямецкай акупацыі 1941—1944 гг. — У Лукавіне (in der Scleife) вуліца[3], пасля вайны вернута савецкая назва. У 1961 годзе перайменавана ў Кастрычніцкую[4].
Гісторыя
правіцьГістарычна вуліца адносілася да Ляхаўскага прадмесця, якое праз зручнае размяшчэнне на беразе Свіслачы ў канцы XIX стагоддзя пачало шчыльна забудоўвацца прамысловымі прадпрыемствамі. За два дзясяткі гадоў тут з’явілася некалькі гарбарань, вінны склад, дрожджава-вінакурны завод, чыгуналіцейны завод «Гігант», якія і склалі індустрыяльны воблік ваколіцы[5].
4 чэрвеня 1893 года браты Самуіл і Файвіш Ракаўшчыкі арганізавалі паўсаматужную вытворчасць спірту і пякарскіх дрожджаў, а праз пару гадоў узвялі вінакурны завод (№ 14). Спачатку на прадпрыемстве працавалі не больш за дваццаць чалавек. На няцотным боку вуліцы ў 1895 годзе размяшчаліся гарбарныя майстэрскія Рубіна, Сальмана, Гольтберга, Дэна і Імпрата. У той час адсутнічалі вентыляцыя, электрычнасць, а для адводу сцёкавых вод выкарыстоўвалася выкапаная ў двары студня[6].
Завод «Гігант», на якім працавалі ўсяго 12 чалавек, у 1907—1908 гг. размяшчаўся ў драўляным будынку, які стаяў на месцы самага старога корпуса сённяшняга Мінскага заводу імя Кастрычніцкай рэвалюцыі (№ 16). У чыгунна-ліцейным і металаапрацоўчым цэхах выраблялі сельскагаспадарчае і хатняе начынне. Ужо да 1910 годзе на вінакураным заводзе братоў Ракаўшчыкоў налічвалася каля 150 рабочых месцаў. Прадпрыемства, абсталяванае найноўшым тэхнічным абсталяваннем, выпускала прадукцыю высокай якасці. Этыкетка з выявай раку і надпісам «Бр. Раковщикъ» стала паказчыкам якасці прадукта. Праз пару гадоў пасля адкрыцця заводу браты сталі пастаўляць прадукцыю для імператарскага двара[6].
У 1912 годзе «Гігант» рэканструявалі і пераназвалі ў «Энергію». На абноўленым прадпрыемстве адлівалі агароджы, помнікі, дэталі машын. У 1913 годзе завод згарэў, яго аднаўленне працягвалася да 1921 года. На месцы драўлянага будынка быў узведзены цагляны, станкі былі завезены з Каломенскага і Тульскага заводаў, нанята больш за 100 рабочых. У той час прадпрыемства лічылася найбуйнейшым на тэрыторыі Беларусі[6].
Пасля Лютаўскай рэвалюцыі вінакураны завод братоў Ракаўшчыкоў нацыяналізавалі . Пачынаючы з 1917 года яго не разоў пераназывалі ў гарэлкавы, спірта-гарэлкавы, лікёра-гарэлкавы[6].
У савецкія часы прадпрыемствы ўзбуйнілі[5]. Толькі каля 1927 года на гарбарным прадпрыемстве (№ 25) з’явілася машынная зала, гарбарная сыравіна і хромавая вытворчасць. У гэтым жа годзе завод атрымаў назву «Бальшавік». Вытворчасць перапынілася толькі на час Вялікай Айчыннай вайны, затым была адноўлена[6]. У 1930 годзе «Энергія» перайменавана ў завод імя Клімента Варашылава. У 1933 годзе па ініцыятыве рабочых заводаў імя Варашылава і «Бальшавік» на вуліцы было пабудавана разваротнае кольца трамвая[6].
У 1958—1959 гадах да гарэлкавы завода яго далучылі вінны і дражджавы заводы, пасля чаго ён атрымаў назву Дрожджа-вінны камбінат, сёння вядома як ААТ «Дражджавы камбінат»[6]. У 1961 годзе завод імя Варашылава перайменаваны ў Мінскі завод Кастрычніцкай рэвалюцыі (МЗКР). У 1988 годзе завод «Бальшавік» па рашэнні ўлад прадпрыемства быў перанесены ў вёску Гатава Мінскага раёна[6].
Пасля развалу СССР абароты вытворчасці рэзка знізіліся[5].
На пачатку 2000-х вуліца прываблівала мінскіх тусоўшчыкаў у клуб NC, які пасля закрыцця хутка набыў культавы статус[7][5].
У 2011 годзе адкрылася кавярня NewTon Fashion Art Buffet з арт-галерэяй і крамай з дызайнерскім адзеннем. Пасля Newton закрыўся, адкрылі «Хуліган», насупраць — кругласутачную «Лаўку». У 2014-м прайшла першая Vulica Brasil, тым жа летам афтэрпаці FSP сабрала каля 1500 чалавек на вулічнай вечарыне[5].
Размяшчэнне
правіцьВуліца пачынаецца на скрыжаванні з вуліцай Ульянаўскай і заканчваецца на скрыжаванні з вуліцай Леніна.
Забудова
правіцьНа Кастрычніцкай вуліцы размешчаны студэнцкі гарадок Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, КЗ «Мінск», ААТ «Мінск Крышталь», ААТ «МЗКР», ААТ «Дражджавы камбінат» і іншыя прадпрыемствы.
Няцотны бок
правіць- № 5 — Канцэртная зала «Мінск». З тыльнага боку будынка месціцца кніжны кірмаш «У поющих фонтанов», побач — караоке-клуб Burlesque[5], папулярны сярод ЛГБТ-супольнасці[8]. Вакол яшчэ тры рэстараны — «Родны кут», «Три мушкетера» і «Я ж тебе говорил!..» у аранжарэі насупраць увахода ў канцэртную залу[5].
- № 15 — будынак былога вінакурнага завода (1893). У будынку размяшчаецца завод «Крышталь», а таксама крамы «Два буслы» і «Крышталь»[5]. — Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 713Г000061
- № 19 — будынак былога гарбарнага завода (1895) — Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 713Г000063
- № 19б — у будынку размяшчаецца «Еўрапейскі каледж Liberal Arts у Беларусі» (ECLAB), у выкладаюцца гуманітарныя навукі і мастацтва; побач — IT-школа Myfreedom[5].
- № 23 — у будынку размешчаны ўстановы грамадскага харчавання «Лаўка» (працуе кругласутачна), «ДЭПО», ENZO, бар Stirlitz[5].
- № 23а — Platforma, крэатыўны хаб з офісамі брэндынгавай кампаніі Public Group, рэкламнага агенцтва GetBob, адукацыйнай прасторай .PUNKT і кветкавым салонам Birdie Shop[5].
- № 25 — у будынку размяшчаюцца дызайн-студыя Gifter, майстэрня друку Papera Press і друкарня «Донарит»[5].
Цотны бок
правіць- № 2 — 13-павярховы інтэрнат БДУ № 4[9].
- № 4 — корпус адміністрацыі студэнцкага гарадка БДУ, студэнцкая сталовая, Факультэт даўніверсітэцкай адукацыі (ФДА), інтэрнат № 5[9].
- № 6 — чатырохпавярховы будынак з гастраномам.
- № 6 — чатырохпавярховы будынак.
- № 8а — Спартыўны комплекс БДУ «Універсітэцкі» (стадыён, спартзалы, басейн)[9].
- № 10 — Інтэрнат БДУ № 6[9] з невялікай сталовай[5].
- № 10а — Інтэрнат БДУ № 7[9].
- № 14 — будынак былога дражджавога завода (1891) — Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 713Г000060
- № 16 — будынак былога металаапрацоўчага завода (1907). У будынку размешчаны бар «Хулиган», клубны цэнтр вуліцы, а часам і ўсяго горада. Частку будынка займае галерэя «ЦЭХ», якая ладзіць на другім паверсе выставы, адукацыйныя праекты, творчыя сустрэчы, лекцыі, а ўнізе, у ангары, якім ён карыстаецца разам з «Хуліганам», праходзяць буйныя фестывалі, кірмашы, месячнікі фота, тэхна-рэйвы, Таксама ў будынку размешчана трэнажорная зала Moby Dick ў лофт-стылі, створаная музыкантамі з гуртоў BRUTTO, Morfe’, «Егор Забелов трио» і H.A. Quartet. Працуе закусачная Ultra Bar[5].
- У час беларуска-бразільскага фестывалю стрыт-арту Vulica Brasil на будынку з’явіліся агромністыя, у чатыры паверхі, муралы: выява гусляра з карагодам (аўтар Cowek), Фрыда Кала з Ван Гогам і жырафамі (Rogerio Fernandes) і партрэт Чапскага (Izum)[5]. — Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 713Г000062.
- № 16а — У будынку размешчаны хаб MZOR, які аб’ядноўвае пад адным дахам арганізацыйную прастору для мерапрыемстваў Event Space, рэкламнае агенства PRKvadrat, фотастудыі Diva Studio, White Star і «Фот. Граф» і каворкінг «Станкі і інструмент». Побач знаходзіцца кавярня Kitchen Coffee Roasters. Перыядычна праходзяць прагляды кіно і спартыўныя трансляцыі на свежым паветры, а таксама невялічкія «MZOR-пікнікі»[5].
Транспарт
правіцьПа вуліцы быў арганізаваны трамвайны рух па маршруце № 2. Запатрабаваны ў XX стагоддзі маршрут пазней стаў непапулярным, яго праца ў пачатку XXI стагоддзя арганізоўвалася толькі па буднях у часы пік[6]. У 2018 годзе, пасля таго як падчас рэканструкцыі былі разабраныя рэйкі на мосце цераз Свіслач, трамвайны рух быў спынены.
Гл. таксама
правіцьЗноскі
- ↑ Вуліца Кастрычніцкая — Google Карты
- ↑ Іван Сацукевіч. Назвы вуліц і плошчаў Мінска як гісторыка-культурная спадчына Архівавана 15 сакавіка 2016.
- ↑ http://minchanin.esmasoft.com/maps/1941/index.html Plan der Stadt Minsk. Anbefertigt im Juli 1941 durch Kommandeur der Bautruppen 9.
- ↑ вуліца Кастрычніцкая (ад 1961 года)
- ↑ а б в г д е ё ж з і к л м н о п Ўан стрыт — ўан лав. 34mag 08.09.2016
- ↑ а б в г д е ё ж з Улицы нашего города: дореволюционная Октябрьская Архівавана 22 красавіка 2019.
- ↑ Блищ, Денис. Рок-клубы моей юности и как они выглядят сейчас: «Резервация», «Реактор», «База», NC… (руск.) (29 сакавіка 2017). Архівавана з першакрыніцы 13 красавіка 2019. Праверана 13 красавіка 2019.
- ↑ Міліцэйскія рэйды ў мінскіх клубах Архівавана 16 снежня 2017.
- ↑ а б в г д БДУ на карце Мінску
Спасылкі
правіць- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Кастрычніцкая вуліца (Мінск)