Гатава
Га́тава[2] (трансліт.: Hatava, руск.: Гатово) — аграгарадок у Мінскім раёне Мінскай вобласці. Уваходзіць у склад Навадворскага сельсавета. Месціцца за 5 км на поўдзень ад Мінска, на шашы H9034.
Аграгарадок
Гатава
| ||||||||||||||||||||||||
Назва
правіцьНазва паходзіць ад слова «гаць» — насціл з бярвёнаў, дарога цераз забалочаную мясцовасць[3].
Гісторыя
правіцьВялікае Княства Літоўскае
правіцьУ 1567 годзе сяло ў Менскім павеце Менскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага, шляхецкая ўласнасць М. Служкі. У 1582 годзе сяло, уласнасць Б. Ложчанкі — І. Служчынай; цэнтр маёнтка, уласнасць П. І. Крушынскага, І. Т. Корсака.
У 1590 годзе сяляне адбывалі паншчыну 3 дні ў тыдзень з валокі[4], у гэты час у сяле 14 гаспадарак, у маёнтку 3 дамы, агарод, уласнасць М. Служкі. У 1598 годзе вёска, уласнасць А. Крашынскага, у 1599 годзе сяло, уласнасць князя Д. Скуміна. У 1600 годзе сяло — цэнтр маёнтка, бабровыя гоны на рацэ Свіслач, уласнасць Служкаў; двор — уласнасць Корсакаў; потым асабістая ўласнасць Д. Скуміна, Тышкевіча. У 1652 годзе царкоўная ўласнасць ордэна бернардзінцаў, у 1667 годзе — францысканцаў. З 1742 года ўласнасць Менскага жаночага бернардзінскага кляштара.
Пад уладай Расійскай імперыі
правіцьУ выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай 1793 года Гатава апынулася ў складзе Расійскай імперыі. У 1858 годзе дзяржаўная ўласнасць. У 1864 годзе адкрытае народнае вучылішча. У 1870 годзе — дзяржаўны маёнтак у Самахвалавіцкай воласці.
У 1887 годзе на месцы ранейшай пабудавана драўляная Свята-Духаўская царква. У 1897 годзе ў сяле былі народнае вучылішча, царкоўна-прыходская школа, хлебазапасны магазін, царква, карчма, кузня; каля лукавіны ручая Свіслач знаходзіўся фальварак Скула.
Вёска знаходзілася ўдалечыні ад вялікіх дарог на левым беразе ручая — прытоку Свіслачы і мела аднавулічную структуру. Уся забудова размяшчалася пераважна ўздоўж асноўнай вуліцы (сучасная вуліца Шчорса), якая затым пераходзіла на поўначы ў дарогу на Новы Двор, а на поўдні падыходзіла да чыгункі каля в. Асееўка.
Найноўшы час
правіцьЗ канца лютага 1918 года тэрыторыя акупаваная войскамі Германскай імперыі. 25 сакавіка 1918 года згодна з Трэцяй Устаўной граматай абвешчана часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Жыхары Гатава атрымалі пасведчанні Народнага Сакратарыята Беларусі[5]. У снежні 1918 года занята Чырвонай Арміяй, з 1 студзеня 1919 года ў адпаведнасці з пастановай І з’езда КП(б) Беларусі яна ўвайшла ў склад Савецкай Беларусі, з 27 лютага 1919 года — у ЛітБел ССР. У час польска-савецкай вайны ў ліпені 1919 — ліпені 1920 года і ў сярэдзіне кастрычніка 1920 года было пад акупацыяй Польшчы.
З 31 ліпеня 1920 года ў Беларускай ССР. У 1922 годзе створана сельскагаспадарчае таварыства «Выгада». У 1924—1927 і 1954—1959 гадах — цэнтр Гатаўскага сельсавета[6][7]. З 1927 года ў Дзяргайскім сельсавеце Менскай акругі. У 1924 годзе адкрыта 3-гадовая школа, 85 вучняў. З 26 траўня 1935 года ў Менскім раёне, з 20 лютага 1938 года ў Менскай вобласці.
У Другую сусветную вайну з канца чэрвеня 1941 года да пачатку ліпеня 1944 года вёска пад акупацыяй Германіі. На гэтай тэрыторыі дзейнічаў савецкі партызанскі атрад[8].
З 5 сакавіка 1959 года ў Навадворскім сельсавеце.
У 1991 годзе ў саўгасе «Рассвет» (цэнтр — Новы Двор).
Насельніцтва
правіць- XVII стагоддзе:
- 1642 год — 28 двароў, 69 жыхароў мужчынскага полу
- XIX стагоддзе:
- 1858 год — 130 душ мужчынскага полу
- 1861 год — 50 двароў, 315 жыхароў
- 1880 год — 37 двароў, 400 жыхароў
- 1897 год — сяло, 77 двароў, 450 жыхароў; двор, 9 жыхароў
- XX стагоддзе:
- 1917 год — сяло, 122 двары, 757 жыхароў; фальварак, 1 двор, 12 жыхароў
- 1997 год — 2.530 гаспадарак, 7.791 жыхар
- 1999 год — 7.028 жыхароў
- XXI стагоддзе:
- 2010 год — 7.308 жыхароў
- 2022 год — 14.557 жыхароў
Фізіка-геаграфічная характарыстыка
правіцьГеаграфічнае становішча
правіцьГатава месціцца на невялікім узвышшы з перападамі вышыняў. Дакладна вылучаны прыватны сектар, шматпавярховая забудова і прамысловая зона. З захаду і поўначы аграгарадок абмежаваны ворыўнымі землямі, з астатніх бакоў — лесапаласой і чыгункай.
Жывёльны свет
правіцьУ Гатаве знаходзіцца адна з найбуйнейшых немарскіх гнездавых калоній чаек у Еўропе[9], якая з’явілася тут у пачатку 2000-х гадоў. Калонія ўяўляе сабой змяшаную калонію вялікіх белагаловых чаек, дзе сярод гняздуючых відаў пераважае чайка-рагатуха. Калонія размешчана на даху Мінскага вытворчага гарбарнага аб’яднання і займае некалькі дахаў вытворчых цэхаў прадпрыемства, аб’яднаных у адзін маналіт агульнай плошчай 11,5 га. Па стане на 2018 год не менш за палову птушак, якія гняздуюцца, складалі чайкі-рагатухі, не менш за 10 % — серабрыстыя чайкі, сустракаліся адзінкавыя гнёзды клуш і змяшаных пар[10]. Птушкі адносяцца да чырванакніжных відаў, таму перашкаджаць іх жыццю на заводзе забаронена[11].
Эканоміка
правіцьЭканамічную базу Гатава фармуюць прадпрыемствы, размешчаныя ў прамысловым вузле ў паўднёва-ўсходняй частцы населенага пункта. Сярод іх — прадпрыемствы металургічнай прамысловасці, машынабудавання і металаапрацоўкі, будаўнічых матэрыялаў, харчовай прамысловасці, будаўнічыя, транспартныя арганізацыі, аб’екты аптовага гандлю. Непасрэдна на тэрыторыі, прылеглай да жылой забудовы, размешчаны прадпрыемствы па вытворчасці кандытарскіх і хлебабулачных вырабаў (СТАА «Алвеста-М», ТАА «Бісквітная фабрыка», ТАА «Рашан»).
Найбуйнейшыя прадпрыемствы: РУП «Другчармет», Мінскае вытворчае гарбарнае аб’яднанне, КУП «ЖКГ Мінскага раёна».
Транспарт
правіцьНа ўсходняй ускраіне населенага пункта на лініі Шабаны — Асееўка паміж станцыяй Шабаны і пуцявым пастом Асееўка размешчана чыгуначная станцыя Гатава, якая абслугоўвае прамысловы вузел.
Побач з Гатавам праходзіць чыгунка ў Асіповіцкім напрамку (Асіповічы, Бабруйск, Гомель). Найбліжэйшыя да Гатава пасажырскія прыпыначныя пункты Мачулішчы і Асееўка размешчаны па-за пешай даступнасці жыхароў аграгарадка.
Забудова
правіцьЗабудова цэнтральнай часткі Гатава сфармавана пераважна капітальнай шматпавярховай жылой і грамадскай забудовай другой паловы ХХ стагоддзя (жылыя дамы, школа, Дом побыту, аб’екты гандлю). Пасля адкрыцця ў 1968 годзе побач з населеным пунктам завода «Другчармет» былі пабудаваны першыя шматпавярховыя дамы для засялення працоўных завода[12]. Другая хваля будаўніцтва звязаная са скураным заводам, які пачаў працаваць побач з паселішчам у 1988 годзе.
У паўночна-заходняй частцы Гатава размешчаны кварталы катэджнай забудовы.
Славутасці
правіць- Касцёл Святога Міхаіла Арханёла
- Свята-Духаўская царква
- брацкая магіла (1944 год) каля могілак (аб’ект уключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь — катэгорыя 3, шыфр 613Д000323)
Вуліцы
правіцьГалоўнай магістраллю Гатава з’яўляецца вуліца Металургічная, яна ж з’яўляецца асноўным уездам у населены пункт. Уздоўж яе сфармаваўся своеасаблівы лінейны грамадскі цэнтр, дзе знаходзіцца большасць аб’ектаў грамадска-бытавога абслугоўвання.
Генеральны план развіцця Гатава прадугледжвае пракладку новых вуліц: ад вуліцы Металургічная да вуліцы Бабушкіна ў Мінску, уздоўж паўднёвай мяжы аграгарадка да чыгуначнага прыпыначнага пункта «Мачулішчы»[13]. Гэта будзе садзейнічаць значнаму паляпшэнню транспартных зносін з Мінскам.
- Спіс вуліц
- Вішнёвая вуліца
- Вясенняя вуліца
- Дачная вуліца
- Жамчужная вуліца
- Загарадная вуліца
- Ізумрудная вуліца
- Кляновая вуліца
- Кляновы завулак
- Маладзёжная вуліца
- Металургічная вуліца
- Мінская вуліца
- Міру вуліца
- Палявая вуліца
- Садовая вуліца
- Сонечная вуліца
- Фрунзэ вуліца
- Цэнтральная вуліца
- Чыгуначная вуліца
- Шчорса вуліца
- Шырокая вуліца
- Юбілейная вуліца[14]
Зноскі
- ↑ GeoNames — 2005. Праверана 9 ліпеня 2017.
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Мінская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2003. — 604 с. ISBN 985-458-054-7. (DJVU)
- ↑ Жучкевич В. А. Краткий топонимический словарь Белоруссии. — Мн.: Изд-во БГУ, 1974. С. 68
- ↑ Лойка, П. А. Прыватнаўласніцкія сяляне Беларусі: Эвалюцыя феадальнай рэнты ў другой палове ХVІ—ХVIII ст. / П. А. Лойка; АН БССР, Інстытут гісторыі; Пад рэд. В. І. Мялешкі. — Мн.: Навука і тэхніка, 1991. — 111 с. — С. 24. — ISBN 5-343-00563-2. Са спасылкай на: ЦГДА БССР. — Ф. КМФ-5. — Воп. 1. — Спр. 733. — Арк. 17.
- ↑ Вялікі гістарычны атлас Беларусі : у 4 т. / Дзяржаўны камітэт па маёмасці Рэспублікі Беларусь, Рэспубліканскае унітарнае прадпрыемства «Белкартаграфія»; рэдкалегія: В. Л. Насевіч (галоўны рэдактар) [і інш.]. — Т. 4 / [рэд. В.Л. Насевіч]. — Мінск: Белкартаграфія, 2018. — 270 с., іл. — ISBN 978-985-508-476-2. С. 19.
- ↑ Указ Президиума Верховного Совета БССР от 16 июля 1954 г. Об объединении сельских советов Минской области // Сборник законов Белорусской ССР и указов Президиума Верховного Совета Белорусской ССР: 1938—1955 гг. — Мн.: Изд. Президиума Верхов. Совета БССР, 1956. — 347 с.
- ↑ Рашэнне выканкома Мінскага абласнога Савета дэпутатаў працоўных ад 5 сакавіка 1959 г. // Збор законаў, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў і распараджэнняў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1959, № 4.
- ↑ Сага пра салаўя
- ↑ Коско, Дарья. Каменная Горка вместо моря. Узнали, почему в районе нашествие чаек - Недвижимость Onlíner (руск.). Onlíner (4 кастрычніка 2023). Праверана 17 лістапада 2023.
- ↑ КРУПНЕЙШАЯ В БЕЛОРУССИИ КОЛОНИЯ БОЛЬШИХ БЕЛОГОЛОВЫХ ЧАЕК НА КРЫШЕ: ОСНОВНЫЕ РЕЗУЛЬТАТЫ ОБСЛЕДОВАНИЯ 2018 ГОДА . cyberleninka.ru. Праверана 17 лістапада 2023.
- ↑ МАТЮШ, Алексей. Фотофакт. Колония чаек облюбовала Гатово (руск.) . www.sb.by (30 чэрвеня 2023). Праверана 17 лістапада 2023.
- ↑ Інавацыйныя тэхналогіі РУП «ДРУГЧАРМЕТ»
- ↑ Генеральный план аг. Гатово Минского района(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 27 верасня 2020. Праверана 25 жніўня 2023.
- ↑ Спіс вуліц і іншых элементаў ўнутранага адраса . Нацыянальнае кадастравае агенцтва Рэспублікі Беларусь.(недаступная спасылка)
Літаратура
правіць- Гатава // Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 8: Мінская вобласць, кн. 3 / рэдкал.: Т. У. Бялова (дырэктар) і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 2012. — 624 с.: іл. — 2 000 экз. — ISBN 978-985-11-0636-9. С. 379
Спасылкі
правіць- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Гатава