Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі
Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі (да 1992 года — Цэнтральны гістарычны архіў БССР) — дзяржаўнае сховішча дакументаў Беларусі XIV—XX стагоддзяў, заснаванае ў 1938 годзе на аснове Магілёўскага гістарычнага архіва і перавезенае ў 1963 годзе ў Мінск.
Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі (НГАБ) | |
---|---|
Дата адкрыцця | 5 ліпеня 1938 |
Храналагічныя рамкі дакументаў | XIV—XX стст. |
Дырэктар | вакансія |
Месцазнаходжанне | вул. Крапоткіна, д. 55, г. Мінск, Беларусь |
Сайт | www.niab.by |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Гісторыя
правіцьАд заснавання ў архіве змясцілі дакументы агульнабеларускага значэння з былых архіваў судоў Вялікага Княства Літоўскага, Рэчы Паспалітай і беларускіх зямель Расійскай імперыі, як і з былых архіваў магістратаў і ратуш беларускіх гарадоў, прыватных асоб, Віленскага архіва старадаўніх актаў і Віцебскага архіва старажытных актаў.
Датай заснавання архіва лічыцца 5 ліпеня 1938 года, але яго гісторыя пачалася ў 1919 годзе як гісторыя архівасховішча Магілёўскага архіўнага бюро. У 1924 годзе архівасховішча было рэарганізавана ў Акруговы архіў. У 1927 годзе быў створаны Магілёўскі гістарычны архіў[1], пераўтвораны ў 1930 годзе ў аддзяленне Цэнтральнага архіўнага ўпраўлення БССР, пры якім заснаваны гістарычны архіў[2].
5 ліпеня 1938 года адпаведна пастанове Прэзідыума ЦВК БССР Магілёўскі гістарычны архіў рэарганізаваны ў Цэнтральны гістарычны архіў[3], з 1943 года — у Цэнтральны дзяржаўны гістарычны архіў БССР[4]. З верасня 1938 года архіў быў перададзены ў распараджэнне НКУС БССР, што прывяло да негатыўных наступстваў — неабгрунтаванага абмежавання доступу да дакументаў[5].
На пачатак 1941 года архіў змяшчаў 1560 фондаў агулам звыш 382 тыс. спраў. Падчас Другой сусветнай вайны большасць дакументаў разрабавалі і вывезлі ў Германію і Рыгу (Латвія). Вярнуць удалося 38 054 справы (10 %) з 700 фондаў. У 1947 годзе архіву перадалі дарэвалюцыйныя дакументы з дзяржаўных архіваў Віцебскай і Гомельскай абласцей. З пераводам у Мінск (вул. Казлова, д. 26), паводле Пастановы Савета міністраў БССР ад 11 лістапада 1963 года, да архіва дадалі дарэвалюцыйныя дакументы з Дзяржаўнага архіва Мінскай вобласці і старадаўнія акты з Цэнтральнага дзяржаўнага гістарычнага архіва ў Гродне. У 1992—1995 гадах знаходзіўся ў складзе Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь. У 2000 годзе атрымаў сучасную назву і адрас.
Пасля 2020 года
правіцьПасля масавых фальсіфікацый на прэзідэнцкіх выбарах 2020 года, жорсткага разгону акцый пратэстаў, збіцця і катаванняў затрыманых пратэстоўцаў, калектыў архіва выйшаў 13 жніўня на акцыю пратэсту на праспект Машэрава[6].
У 8 сакавіка 2022 года ў рамках палітычных чыстак звольнены дырэктар Дзмітрый Яцэвіч, у той жа дзень звольніўся намеснік дырэктара па навуцы Дзяніс Лісейчыкаў[7][8].
У маі 2022 года дырэктарам архіва прызначаны генерал-маёр Алег Воінаў, пры ім адбыўся шэраг палітычных звальненняў[9]. 14 жніўня 2023 года дырэктарам прызначаны былы супрацоўнік КДБ Міхаіл Глушакоў[10], 16 жніўня адбыліся масавыя затрыманні супрацоўнікаў архіва (прынамсі 7 чалавек)[11], некаторыя былі асуджаны на адміністрацыйныя арышты. 23 жніўня з архіва былі звольнены прынамсі 8 чалавек з тых асоб, каго дагэтуль затрымлівалі[12].
Склад
правіцьАрхіў змяшчае пергаментныя прывілеі XIV—XVII стагоддзяў вялікіх князёў літоўскіх на землі і маёнткі, а гарадам — на магдэбургскае права, як і актавыя кнігі судоў XV—XVIII стагоддзяў. Разам налічвае каля 6 тыс. актавых кніг на старабеларускай, польскай і лацінскай мовах з каралеўскімі прывілеямі, граматамі, фундушовымі запісамі, тэстаментамі (завяшчаннямі), інтрамісіямі, дэкрэтамі і інвентарамі. Таксама змяшчае метрычныя кнігі цэркваў, касцёлаў і сінагог за XIX—XX стагоддзі[13].
Дырэктары
правіць- Алег Леанідавіч Воінаў (10 мая 2022[14] — 20 студзеня 2023)
- Міхаіл Міхайлавіч Глушакоў (14 жніўня 2023[9])
Крыніцы
правіць- ↑ Архивное дело в БССР (1918—1968): Сб. законодательных и руководящих документов / Главное архивное управление при Совете Министров БССР; сост. Е. Ф. Шорохов; под ред. А. И. Азарова. — Мн.: Полымя, 1972. — 141, [1] с. — С. 43.
- ↑ Архивное дело в БССР (1918—1968)… — С. 58.
- ↑ Архивное дело в БССР (1918—1968)… — С. 85.
- ↑ Архивное дело в БССР (1918—1968)… — С. 91.
- ↑ Архивное дело в БССР (1918—1968)… — С. 87.
- ↑ Акцыя пратэсту супрацоўнікаў архіва.
- ↑ Хроніка парушэнняў правоў чалавека ў сферы культуры (1–15 красавіка 2022 года) . Беларускі ПЭН. Праверана 1 снежня 2023.
- ↑ Дайджэст Офіса Святланы Ціханоўскай па пытаннях адукацыі і навукі, Красакавік 2022 / Выпуск 6 . Святлана Ціханоўская (15 красавіка 2022). Праверана 1 снежня 2023.
- ↑ а б Свабода, Радыё. «Наша Ніва»: з Нацыянальнага гістарычнага архіву звальняюць 8 чалавек . Радыё Свабода (23 жніўня 2023). Праверана 1 снежня 2023.
- ↑ Свабода, Радыё. Нацыянальны гістарычны архіў узначаліў былы супрацоўнік КДБ . Радыё Свабода (15 жніўня 2023). Праверана 1 снежня 2023.
- ↑ Масавыя затрыманні прайшлі ў Нацыянальным гістарычным архіве | Навіны Беларусі | euroradio.fm . euroradio.fm. Праверана 1 снежня 2023.
- ↑ З Нацыянальнага гістарычнага архіва звальняюць 8 чалавек . Наша Ніва. Праверана 1 снежня 2023.
- ↑ Да 75-годдзя заснавання Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі(недаступная спасылка). Беларускае тэлеграфнае агенцтва (4 ліпеня 2013). Архівавана з першакрыніцы 14 студзеня 2017. Праверана 12 студзеня 2017.
- ↑ Приказом директора Департамента по архивам и делопроизводству Министерства юстиции Республики Беларусь от 6 мая 2022 г. № 33-к с 10 мая 2022 г. на должность директора государственного учреждения «Национальный исторический архив Беларуси» назначен ВОИНОВ Олег Леонидович
Літаратура
правіць- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. Т. 5: М — Пуд / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1999. — С. 308. — 592 с.: іл. — ISBN 985-11-0141-9.