Касцёл Святога Міхаіла Арханёла і кляштар бенедыкцінаў (Мінск)
Касцёл Святога Міхаіла Арханёла і кляштар бенедыкцінаў — рымска-каталіцкі кляштарны комплекс у Мінску. Дзейнічаў у кан. XVII — 1-я пал. XIX стст. Займаў дзялянку на Высокім Рынку плошчай 522 м²[1], на рагу Койданаўскай і Феліцыянаўскай вуліц.
Славутасць | |
Касцёл Святога Міхаіла Арханёла і кляштар бенедыкцінаў | |
---|---|
53°54′10″ пн. ш. 27°33′07″ у. д.HGЯO | |
Краіна | Беларусь |
Месцазнаходжанне | |
Ордэнская прыналежнасць | бенедыкцінцы |
Архітэктурны стыль | архітэктура барока[d] |
Дата пабудовы | 1773 год |
У склад комплексу ўваходзілі драўляны будынак касцёла на мураваным падмурку, кляштарны дом з вялікімі мураванымі скляпамі[2], а таксама шэраг гаспадарчых пабудоў, сад і гарод. Тэрыторыю кляштара абкружаў драўляны паркан з брамамі, галоўная з якіх выходзіла на Койданаўскую вуліцу.
Гісторыя
правіцьВерагодна, Мінскую рэзідэнцыю бенедыкцінаў заснавалі ў 1681 годзе, менавіта тады ордэну ахвяравалі пляц на Нямігскім завулку (пазней Феліцыянаўскай вуліцы). Першыя манахі пераехалі ў Мінск з Нясвіжскага кляштара Св. Крыжа.
У 1762 годзе Антоній і Марціна Багушэвічы далучылі да кляштара пляц на Койданаўскай вуліцы, што дало магчымасць збудаваць новую афіцыну і пякарню. У 1773 годзе намаганнямі абата Свідэрскага ўзвялі касцёл Св. Міхала Арханёла (у 1799 годзе яго грунтоўна адрамантавалі).
У XVIII ст. апекунамі кляштара былі харунжы Фларыян Быкоўскі, Соф’я Ваньковіч, Юзаф Габрыель Аскерка, Крыштаф Антоній Храпавіцкі, Русецкія і інш.
У 1797 годзе пробашчам рэзідэнцыі быў ксёндз Раман Варанец, які прыехаў сюды з Нясвіжскага кляштара бенедыкцінаў. Ён займаўся выхаваннем хлопчыкаў шляхецкага паходжання, якія страцілі бацькоў. Апроч таго, у кляштары быў яшчэ адзін манах.[3]
Паводле інвентара 1804 года кляштара належалі тры юрыдыкі. Апроч пляцаў і юрыдык, ва ўладанні манахаў знаходзіўся фальварак Басыялаўка (Басалаўка) за Татарскім канцом, які набыў для кляштара ксёндз М. Круковіч у 1703 годзе.[3]
Па задушэнні вызваленчага паўстання 1830—1831 гадоў расійскія ўлады ліквідавалі кляштар (1833), а ягоную маёмасць канфіскавалі. Будынак касцёла выкарыстоўваўся пад склад. Прыкладна да сяр. XIX ст. усе будынкі кляштара разбурылі, а колішнюю яго тэрыторыю паступова забудавалі жылымі дамамі.
Архітэктура
правіцьКасцёл
правіцьДраўляны авальны ў плане будынак касцёла стаяў на мураваным падмурку. Галоўны паўднёвы фасад, што выходзіў на Койданаўскую вуліцу, фланкіравалі 2 вежы з жалезнымі крыжамі (на правай вежы меліся 2 невялікія званы). Паміж вежамі знаходзіўся шчыт, які закрываў тарэц гонтавага даху і быў завершаны крыжам. Перад уваходам быў драўляны ганак.
Інтэр’ер касцёла ўпрыгожвалі 5 маляўнічых аптычных алтароў, у галоўным з якіх знаходзіўся абраз Святога Міхаіла, а над ім вялікі драўляны крыж з фігурай Ісуса. У астатніх алтарах былі абразы Найсвяцейшай Дзевы Марыі, Святога Бенедыкта, Святога Схаластыкі. Апошні алтар, які знаходзіўся ў капліцы меў абраз Ісуса Назарэтанскага. Над бабінцам узвышаліся хоры з невялікім арганам.
Кляштар
правіцьБудынак кляштару стаяў на рагу Койданаўскай і Феліцыянаўскай вуліц. Гэта быў вялікі двухпавярховы дом з алькежамі, накрыты гонтавым дахам. На першым паверсе ў ім меліся 2 вялікія пакоі з каморамі і гардэробам і сені са сходамі на другі паверх, дзе былі 2 пакоі з сенцамі і каморай.
Каля будынка кляштара на падмурку з цэглы стаяў драўляны флігель таксама з алькежамі.[4]
Зноскі
- ↑ Монастыри восточной и западной традиций 2002, с. 188.
- ↑ Памяць. Мінск 2001, с. 311.
- ↑ а б ЭнцВКЛ 2005.
- ↑ Памяць. Мінск 2001, с. 311—312.
Літаратура
правіць- Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінска. У 4 кн. Кн. 1-я. — Мн.: БЕЛТА, 2001. — С. 311—312. — 576 с.: іл. — ISBN 985-6302-33-1.
- Дзянісаў У. Мінскі кляштар бенедыкцінцаў // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; маст. З. Э. Герасімовіч. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — С. 292. — 792 с. — ISBN 985-11-0378-0 (т. 2), ISBN 985-11-0315-2.
- Бенедиктинцы, цистерианцы, картузы // Слюнькова И. Н. Монастыри восточной и западной традиций: Наследие архитектуры Беларуси (руск.) / Рос. акад. архитектуры и строит. наук. — М.: Прогресс-Традиция, 2002. — 600 с.: ил. — ISBN 5-89826-093-5.