Кобрынская эканомія

феадальнае зямельнае ўладанне ў ВКЛ

Кобрынская эканомія — феадальнае зямельнае ўладанне, падапарадкаванае польскаму каралю, «сталовы маёнтак» у Вялікім Княстве Літоўскім у XVIXVIII стст.

Фактычна ўзнікла ў 1519 годзе як староства, аддадзенае ў дзяржаву. Юрыдычна аформілася ў 1532 годзе, калі каралева Бона Сфорца атрымала ад караля польскага і вялікага князя літоўскага Жыгімонта I Старога правы на Кобрынскае староства. У адміністрацыйных адносінах уваходзмла спачатку ў Падляшскае, з 1566 года — у Берасцейскае ваяводствы. Канчаткова Кобрынская эканомія як «сталовае ўладанне» выдзелілася паводле «Ардынацыі аб каралеўскіх прыбытках» 1589 года ў выніку падзелу паміж дзяржаўным і каралеўскім скарбам. Апрача Боны Сфорцы ў XVI—XVII стагоддзях Кобрынскай эканоміяй валодалі каралевы Ганна Ягелонка, Канстанцыя Аўстрыйская. У 1549, 1563, 1597 гадах праводзіліся рэвізіі, матэрыялы якіх з'яўляюцца каштоўнай гістарычнай крыніцай.

На 1563 год у Кобрынскай эканоміі было каля 77 тыс. дзесяцін зямлі, у т.л. 89 валок фальварковай ворнай зямлі і 612 валок, замацаваных за цяглымі сялянамі. Уключала гарады Кобрын, Дабучын, мястэчка Гарадзец. Лепшая арганізацыя працы, інтэнсіфікацыя гаспадарчай вытворчасці, асваенне новых зямель (меліярацыя, высяканне лясоў) у спалучэнні з узмацненнем эксплуатацыі сялян павысілі даходнасць эканоміі пад канец XVII ст. амаль у 8 разоў.

З пачатку XVIII стагоддзя Кобрынская эканомія збліжаецца з Берасцейскай, разам яны выступаюць у інвентарах, рэвізіях, кантрактах, маюць агульную адміністрацыю і рахункі. У 1757 годзе Ян Ежы Флемінг атрымаў агульнае дзяржаўства на Берасцейскую і Кобрынскую эканоміі тэрмінам на 6 гадоў. Замест падзелу на воласці (Кобрынская, Блудзенская, Вежацкая, Гарадзецкая, Дабучынская, Чаравачыцкая) і войтаўствы адбыўся падзел на губерні і ключы, да якіх дапісваліся яшчэ асобныя вёскі, фальваркі і іншыя. Такім чынам узнікла Кобрынская губерня з 8 ключоў (Кобрынскага (Кобрын і Агароднікі Кобрынскія, вёскі Дубовая, Лахчыцы, Лягаты, Паляцічы, Патрыкі, Плоскае, Рухавічы, Сухоўчыцы, Хідры, фальваркі Гарыздрычы і Залессе), Вежыцкага (Агароднікі Вежыцкія, вёскі Глінянкі, Лышчыкі, Мацясы, Песцянькі і Стаўпы), Гарадзецкага (мястэчка Гарадзец, вёскі Асмаловічы, Вуглы, Грушава, Камень Каралеўскі, Худлін і Чалішчавічы), Закросніцкага (вёскі Заскросніца, Астромеч, Быстрыца, Сялец і Турна), Ліцвінкаўскага (вёскі Ліцвінкі, Вострава, Клешчы, Ластаўка і Пруска), Ілоўскага (вёскі Ілоўск, Баршчы, Бярэзна, Засімы, Лышчыкі і Стрыі), Тэвельскага (вёскі Тэўлі, Залессе, Мацы і Рымкі), Чаравачыцкага (Агароднікі Чаравачыцкія, вёскі Батчы, Глінянкі, Мельнікі, Пяркі, Пяскі, Шыпавічы і Якаўчыцы), да якога яшчэ былі прыпісаны фальварак і сяло Шматы, фальваркі Адамкаў, Пельчыцы і Фаўстынаў, сяло Плоскае.

Ваенныя дзеянні, агульны гаспадарчы заняпад прывялі да скасавання ў 1766 годзе самакіравання, але Кобрынская эканомія захавалася. Яе рэрэарганізацыяй заняўся ў 1768 годзе Антоні Тызенгаўз, аднак скарачэнне колькасці насельніцтва, прыцягненне значных сіл да будаўніцтва Каралеўскага канала, агульнае палітычнае пагаршэнне сітуацыі ў краіне не далі станоўчых вынікаў. У 1795 годзе Кобрынская эканомія ўвайшла ў склад Расійскай імперыі. Землі эканоміі з сялянамі былі падараваны, часткова прададзены прыватным асобам.

ЛітаратураПравіць

  • Дзярнович О. Берестейский повет до и после Реформы 1565—1566 гг.: к истории административно-территориальных единиц в Великом княжестве Литовском // Ukraina Lithuanica. — К., 2009. — Т. І. — С. 44.
  • Казлоў, Леў Кобрынская эканомія // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 4: Кадэты — Ляшчэня / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1997. — 432 с.: іл. ISBN 985-11-0041-2. — С. 219.
  • Кітурка, І. Нескарыстаная альтэрнатыва развіцця Берасцейскай і Кобрынскай эканомій у другой палове 18 ст. // Гістарычны альманах. – Т. 5. – С. 68-77.
  • Ревизия Кобринской экономии, составленная в 1563 году королевским ревизором Дмитрием Сапегою. ― Вильна, 1876.
  • Улащик, Н. Н. Кобринская экономия после проведения волочной померы // Ученые записки Института славяноведения АН СССР. Т. 15. — М., 1957. — С.