Мяцеж Доўбар-Мусніцкага

(Пасля перасылкі з Корпус Доўбар-Мусніцкага)

Мяце́ж До́ўбар-Мусні́цкага — антысавецкае ўзброенае выступленне 1-га польскага корпуса на чале з Ю. Р. Доўбар-Мусніцкім у 1918 годзе. Суправаджаўся прыгнётам беларускага насельніцтва на захопленай тэрыторыі і меў мэтай уключэнне беларускіх зямель у склад міжваеннай Польскай рэспублікі.

Мяцеж корпуса Доўбар-Мусніцкага нельга лічыць у поўным сэнсе грамадзянскай вайной. З аднаго боку, гэта было ўзброенае выступленне супраць савецкай улады, а з другога — гэта акцыя прадугледжвала далучэнне Беларусі да Польшчы.

Перадумовы правіць

Корпус польскіх легіянераў быў сфарміраваны яшчэ да Кастрычніцкай рэвалюцыі. Улічваючы класавы склад польскай дывізіі, асабісты настрой камандавання, моцную дысцыпліну, Часовы ўрад вырашыў выкарыстаць яго для барацьбы з рэвалюцыйнымі выступленнямі рабочых. Польскія часці былі размешчаны ў раёне Віцебска — Мінска — Жлобіна і разгорнуты ў корпус. Вярхоўны галоўнакамандуючы Л.Карнілаў назначыў генерал-лейтэнанта Ю.Доўбар-Мусніцкага камандуючым польскім корпусам.

У дні Кастрычніцкага паўстання А. Керанскі спрабаваў выкарыстаць польскія часці для барацьбы з рэвалюцыйным Петраградам. Але салдаты Заходняга фронту перагарадзілі шлях Ю. Доўбар-Мусніцкаму. Пасля гэтага Доўбар-Мусніцкі заявіў аб сваім нейтралітэце ў адносінах да савецкай улады.

Ход мяцяжу правіць

14 снежня 1917 г. А. Мяснікоў выдаў загад, у якім зноў гаварылася пра падпарадкаванне Ю. Доўбар-Мусніцкага камандаванню Заходнім фронтам і неабходнасць правесці дэмакратызацыю польскага корпуса. Але і гэты загад не быў выкананы.

Разгон уладамі Мінска Усебеларускага з’езду не вызваў узброенага проціборства. «Ні ў Беларускай Рады, ні ў эсэраў не было ўзброеных сіл. Спроба ўтварыць беларускі полк на Заходнім фронце закончылася няўдачай».

У гэтых абставінах толькі Доўбар-Мусніцкі здолеў выступіць супраць Савецкай улады і 12 студзеня 1918 года афіцыйна аб’явіў вайну Савецкай Расіі.

12 студзеня 1918 г. польскія легіянеры пачалі ваенныя дзеянні супраць савецкай улады. Былі захоплены Рагачоў, Бабруйск і шэраг іншых населеных пунктаў. Часці Ю. Доўбар-Мусніцкага вялі наступленне ў двух напрамках: на Мінск і Магілёў. Перад польскай дывізіяй была пастаўлена задача захапіць Магілёў і ліквідаваць рэвалюцыйную Стаўку, 2-я кавалерыйская дывізія павінна была захапіць Мінск, а 3-я — Жлобін. Тым самым контррэвалюцыя разлічвала нанесці ўдар па стратэгічных цэнтрах на Беларусі. З моманту аб’яўлення вайны ўся тэрыторыя, на якой знаходзіліся часці корпуса, фактычна аказалася імі акупаванай. Захоп чыгуначных вузлоў даў магчымасць Доўбар-Мусніцкаму адрэзаць цэнтральныя губерні Савецкай Расіі ад Беларусі і Украіны.

На часова захопленай тэрыторыі Беларусі быў усталяваны жорсткі, па сутнасці акупацыйны рэжым, скіраваны не толькі супраць савецкай улады, але і супраць мясцовага насельніцтва. Усё каштоўнае, галоўным чынам харчаванне і фураж, было вывезена польскімі легіянерамі. Органы савецкай улады былі разагнаны, партыйныя і савецкія работнікі арыштаваны і пакараны смерцю або прыгавораны да доўгатэрміновай катаргі і турмы. Працоўнае насельніцтва жорстка тэрарызавалася, расстрэльваліся жыхары цэлых сёл. Пад страхам біцця, падвойнага аблажэння і вялікага штрафу жыхары кожнай воласці былі абавязаны ўнесці польскім уладам жыта 3000, аўса — 3000, ячменю — 1000, грэчкі — 4000, бульбы — 5000, сена — 1000 пудоў, яек — 4000 штук, а таксама 7 коней, 40 кароў і г. д. Насельніцтва было абкладзена падаткам на вокны, дзверы, курэй, сабак, кошак і іншых хатніх жывёлін. Была ўведзена баршчына: у адноўленых памешчыцкіх маёнтках сяляне абавязваліся два дні ў тыдзень бясплатна працаваць на памешчыка.

Савецкая ўлада, для якой корпус нёс смяротную пагрозу, прыняла меры па арганізацыі супраціўлення. Выканкам Магілёўскага губернскага Савета рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў выдаў дэкрэт аб арышце прадстаўнікоў польскай буржуазіі, памешчыкаў і тых лідараў кадэтаў і Саюза зямельных уладальнікаў, якія дапамагалі корпусу Доўбар-Мусніцкага весці вайну супраць савецкай улады. За прамую сувязь са штабам польскага корпуса Саюз зямельных уладальнікаў быў аб’яўлены па-за законам.

На падставе гэтага дэкрэта былі арыштаваны буйныя магнаты, а самі арганізацыі распушчаны. Дэкрэтам СНК Заходняй вобласці і фронту ад 30 студзеня 1918 г. была распушчана Беларуская вайсковая рада, якая адкрыта падтрымала выступленне корпуса, разлічваючы на яго як узброеную сілу ў справе стварэння беларускай незалежнай дзяржавы. Разлік не быў апраўданы, і сам генерал-лейтэнант рускай арміі (пазней генерал броні польскай арміі) Доўбар-Мусніцкі, і большасць з яго акружэння арыентаваліся на тыя палітычныя колы, якія імкнуліся адрадзіць польскую дзяржаву і ўключыць у яе склад Беларусь.

Поруч з карнымі мерамі савецкія органы ўлады разгарнулі прапаганду, скіраваную на салдат корпуса. Магілёўскі губернскі Савет 19 студзеня 1918 г. заклікаў польскіх салдат арыштоўваць генералаў і афіцэраў і пераходзіць на бок рэвалюцыі.

Галоўнакамандуючы Заходнім фронтам А. Ф. Мяснікоў 21 студзеня 1918 г. аддаў загад расфарміраваць 1-ы польскі корпус. Генерал Доўбар-Мусніцкі быў аб’яўлены ворагам рэвалюцыі і па-за законам.

На тэрыторыі, занятай корпусам, разгортваўся партызанскі рух. У Быхаўскім, Рагачоўскім і іншых паветах ён набыў масавы характар. Партызанскія атрады былі сфарміраваны ў Чачэрску, Раўкавічах і Рагіне Буда-Кашалёўскай воласці.

Рашаючы ўдар па часцях польскага корпуса савецкія войскі і партызаны нанеслі пад Рагачовам і Жлобінам. Каля станцыі Жлобін упарты бой, аж да рукапашных стычак, працягваўся 6, а гарматны агонь — 30 гадзін. Атрымаўшы перамогу ў гэтым баі, чырвонаармейскія атрады ўвайшлі ў Жлобін, а ў ноч на 31 студзеня 1918 г. — у Рагачоў. У гэтых баях была поўнасцю разгромлена 1-ая польская дывізія. Польскія салдаты кідалі зброю, здаваліся ў палон.

Пачаліся павальныя ўцёкі легіянераў з часцей польскага корпуса. Многія яго салдаты ўступалі ў рады рэвалюцыйных войск.

Распад войск Доўбар-Мусніцкага стаў неабарачальным. Чырвонагвардзейскія атрады і партызаны паўсюдна раззбройвалі легіянераў. Некалькі эскадронаў кавалерыі і пяхотных часцей былі акружаны і здаліся ў палон пад Бабруйскам. Такім чынам, першы пасля кастрычніка 1917 г. пажар вайны ў Беларусі быў патушаны. На ўсёй тэрыторыі, часова акупаванай корпусам, была адноўлена савецкая ўлада.

Контррэвалюцыйнае выступленне польскага корпуса стварыла сур’ёзную небяспеку для савецкай улады. Мяцеж пачаўся ў той момант, калі асноўныя сілы Савецкай дзяржавы вялі баі на Доне з войскамі А.Каледзіна і Цэнтральнай радай на Украіне. СНК РСФСР даў указанне камандаванню Заходнім фронтам падавіць мяцеж. Генерал Ю.Доўбар-Мусніцкі быў аб’яўлены ворагам рэвалюцыі. У ноч на 31 студзеня 1918 г. была разбіта 1-я польская дывізія і вызвалены Рагачоў. У пачатку лютага савецкія войскі перайшлі ў наступленне ў раёне Жлобіна. Не вытрымаўшы націску, польская дывізія пачала адступаць ад Жлобіна на Бабруйск да цэнтра контррэвалюцыйнага мяцяжу, дзе была акружана і разбіта.

Літаратура правіць

  • Нарысы гісторыі Беларусі: У 2-х ч. Ч. 2 / М.П. Касцюк, І.М. Ігнаценка, У.І. Вышынскі і інш.. — Мн.: Беларусь, 1995. — С. 34—38. — 560 с.
  • Доўбар-Мусніцкага мяцеж // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 3: Гімназіі — Кадэнцыя / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1996. — С. 269—271. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0041-2.