Кропка з коскай
Кропка з коскай (;) — раздзяляльны няпарны знак прыпынку. Кропка з коскай упершыню ўведзена італьянскім друкаром Альда Мануцыем, выкарыстоўваў яе для падзелу процілеглых слоў і незалежных частак складаназлучаных сказаў. Шэкспір ужо выкарыстаў кропку з коскай у сваіх санетах.
У беларускай мове кропка з коскай ставіцца паміж адносна незалежнымі састаўнымі часткамі сказа, якія аб'ядноўваюцца ў адзін складаны сказ без злучнікаў, а самі часткі разгорнутыя і (або) маюць свае знакі прыпынку: Чарнеецца сажаю вечар. Дождж б'ецца аб хвалі ракі; гуляе, гудзе над ёй вецер, заводзіць, што ў полі ваўкі (М. Багдановіч).
Кропка з коскай можа ставіцца на стыку частак бяззлучнікавага сказа з адносна незалежнымі часткамі, калі паміж імі знаходзіцца пабочнае слова. У гэтым выпадку кропка з коскай паказвае, да якой з частак адносіцца пабочнае слова: Але якое гэта запрашэнне – адзін сказ у канцы, як бы між іншым, для ветлівасці; можа, спадзявалася, што ён не адважыцца прыехаць (І. Шамякін).
Кропка з коскай ставіцца паміж часткамі складанага сказа, якія звязваюцца паміж сабой: далучальнымі злучнікамі але, толькі, аднак, усё ж, тым не менш і інш., асабліва калі гэтыя часткі разгорнутыя і (або) маюць свае знакі прыпынку: Марозік крэпіць, лёд таўшчэе, і рэчка вольная нямее, да дна вадзіца вымярзае і ходу, бедная, не мае, і цесна там ёй, і няміла яе халодная магіла; але дарма: жывую сілу не запраторыш ты ў магілу, мароз бязжаласны і люты! (Я. Колас).
Далучальнымі злучнікамі і і і (у значэнні «і») толькі ў тым выпадку, калі яны аб'ядноўваюць дзве састаўныя часткі, якія без гэтых злучнікаў былі б самастойнымі сказамі, раздзеленымі кропкай: На ёй [ялінцы] валоскія арэхі, а з пазалочанай паперкі глядзяць панадныя цукеркі; і больш на ёй няма нічога, ды хіба ж дзецям трэба многа? (Я. Колас).
Перад злучнікам а кропка з коскай ставіцца толькі ў тым выпадку, калі састаўныя часткі, якія звязваюцца гэтым злучнікам, разгорнутыя і маюць свае знакі прыпынку: Ён невысок, не надта ёмак, ды карчавіты і няўломак, а волас мае цёмна-русы, і зухаўскія яго вусы ў меру доўгі, густаваты, угору чуць канцы падняты; а вочы шэры, невялічкі, глядзяць прыветна, як сунічкі, але раптоўна і адразу не расчытаеш іх выразу... (Я. Колас).
Кропка з коскай ставіцца паміж развітымі аднароднымі членамі, калі пры адным з іх ёсць коскі: Хлопец злёгку задрыжаў і ўзяў скрыпку паслухмяна; струны звонкія наладзіў, раз-другі смычком правёў і аддаўся ўвесь абладзе, чарам струнных галасоў (Я. Колас).
Кропка з коскай ставіцца паміж разгорнутымі даданымі часткамі складаназалежнага сказа, падпарадкаванымі адной і той жа галоўнай, калі паміж даданымі няма злучальнага злучніка, асабліва калі ў сярэдзіне такіх даданых ёсць свае даданыя часткі: Калі з-пад завялых шыпулек паказаліся і смачна запахлі спачатку маленькія шэра-сінія струменьчыкі дыму, а потым, вельмі хутка разросшыся, вялікімі клубамі паплылі над бульбоўнікам; калі, нарэшце, праз голле прабіліся жвавыя і белаватыя на ранку языкі полымя, на ўчастку неяк адразу ўсё змянілася (А. Кулакоўскі).
Кропка з коскай ставіцца паміж групамі адносна незалежных састаўных частак бяззлучнікавага сказа, а таксама паміж групамі даданых частак, якія адносяцца да адной галоўнай: Цёмны бор, кусты, балоты, кучы лоз і дубняку, рэчкі, купіны, чароты, мора траў і хмызняку; мосцік, зложаны з бярвенняў, брод і грэбля кожны крок, на дарозе рад карэнняў, крыж, пахілены набок; пералескі, лес, паляна, старасвецкі дуб з жарлом, хвоя-веліч на кургане з чорным буславым гняздом; гразь, пяскі, лужок зялёны, шум крынічкі з-пад карча, шэлест лісцяў несканчоны, крык у небе крумкача; вербы, груша-сіраціна, нізкарослы цёмны гай... (Я. Колас).
Кропка з коскай ставіцца ў канцы рубрык пералічэння, калі яны не з'яўляюцца самастойнымі сказамі, але дастаткова разгорнутыя і (або) маюць свае знакі прыпынку:
- Паводле папярэдніх даных, рух усіх трох спадарожнікаў адбываецца па блізкіх арбітах з пачатковымі параметрамі:
- перыяд абарачэння 95,2 мінуты;
- максімальная адлегласць ад паверхні Зямлі (у апагеі) 876 кіламетраў;
- мінімальная (у перыгеі) 210 кіламетраў;
- вугал нахілу арбіт да плоскасці экватара 56 градусаў 10 мінут.
Цікавыя факты
правіць- У першым беларускім буквары, выдадзеным у 1906 годзе ў Санкт-Пецярбургу выдавецкай суполкай «Загляне сонца і ў наша аконца», кропка з коскай называлася «кропкай з закавыкай».