Кры́вія[1][2] (таксама Крыві́ччына[3][4], Крыві́цкая зямля[5]) — беларуская гістарычная вобласць, размешчаная ў верхнім і сярэднім цячэнні Заходняй Дзвіны,а таксама ў вярхоўях Дняпра і Волгі, якая характарызуецца актыўным балта-славянскім сінтэзам.

Крывія і крывічы ў VII-VIII ст.

Этымалогія правіць

Найбольш аргументаванай выглядае гіпотэза, згодна з якой назоў паходзіць ад імя міфічнага пачынальніка пэўнай рэлігійнай традыцыі — вярхоўнага жраца Крыва (Крыва-Крывейтэ), культ якога быў характэрны для большасці балцкіх народаў. Гэтую версію падтрымлівалі Г. Мілер, Н. Карамзін, Т. Нарбут, А. Кіркор, В. Сядоў і інш. Паводле іншых версіяў назва паходзіць ад слова «крэўныя», гэта значыць родныя па крыві, або ад характара «крывой» або пагорыстай мясцовасці.

Лакалізацыя правіць

У канцы X ст. на тэрыторыі Крывіі, гэта значыць на тэрыторыі рассялення крывічоў склалася Полацкае княства, насельніцтва якога называлася крывічамі ў летапісах пад 1127, 1129, 1140, 1162 гг. У іх жа князі Полацка неаднаразова называюцца "крыўскімі князямі".

Нягледзячы на тое, што тэрыторыя рассялення крывічоў не ахоплівае ўсю тэрыторыю сучаснай Беларусі, дзеячы беларускага нацыянальнага Адраджэння пачатку XX ст. (напрыклад, В. Ластоўскі) на аснове таго, што асноўная частка тэрыторыі, якая раней насялялася крывічамі, практычна дакладна паўтарала паўночныя і паўночна-ўсходнія этнаграфічныя і лінгвістычныя межы тэрыторыі рассялення беларускага народа, прапаноўвалі атаясамліваць паняцці "Беларусь" і "Крывія".

Такім чынам, можна казаць, што гістарычная Крывія сёння знаходзіцца на тэрыторыі трох сучасных дзяржаў: Беларусі, Латвіі і Расіі.

З тапонімам "Крывія" і этнонімам "крывічы" звязана паходжанне назваў шэрагу сельскіх населеных пунктаў Гродзеншчыны, Міншчыны, Віцебшчыны і іншых рэгіёнаў Беларусі і сумежных краін.

У латышскай мове і па сёняшні дзень называюць Расію Крыевіяй (латыш. Krievija), а Беларусь — Балткрыевіяй (латыш. Baltkrievija). Гэта прыклад экстрапаляцыі тапоніма "Крывія" і этноніма "крывічы" на прадстаўнікоў усіх славянамоўных этнічных груп і тэрыторыю іх пражывання, якія жылі на ўсход і паўднёвы ўсход ад этнічнай тэрыторыі продкаў сучасных латышоў у эпоху сярэднявечча.

Заўвагі правіць

  1. Аб назовах «Крывія» і «Беларусь» / Ластоўскі В. Выбраныя творы: Уклад., прадмова і каментарыі Я. Янушкевіча. — Мн.: «Беларускі кнігазбор», 1997. — С. 364—378.
  2. Станкевіч Я. Курс гісторыі Крывіі–Беларусі // Станкевіч Я. Крыўя-Беларусь у мінуласьці. Гістарычныя творы. - Беласток; Вільня, 2010. - С. 48—80.
  3. Станкевіч Я. Крывіччына ў "Толковым словару живого великорусского языка“ В. Даля // Станкевіч Я. Язык і языкаведа. Вільня, 2007. С. 900—923.
  4. Пануцэвіч В. З гiсторыi Беларусi або Крывiччыны-Лiтвы. - Чыкага, 1965. - С. 163-165.
  5. Полное собрание русских летописей. Том 18. Симеоновская летопись. - М.: Знак, 2007. - С. 226.

Літаратура правіць

  • Седов В. В. Длинные курганы кривичей / В. В. Седов. — Москва, 1974, С. 36-41.
  • Штыхаў Г. В. Крывічы : па матэрыялах раскопак курганоў ў паўночнай Беларусі / Г. В. Штыхаў. — Мінск. 1992.
  • Штыхов Г. В. Формирование Полоцких Кривичей / Г. В. Штыхов // Iš baltų kultūros istorijos. — Vilnius: Diemedis, 2000. — С. 209—218.
  • Дермант А. Кривичи (историко-этногенетический очерк). // Предыстория беларусов с древнейших времен до XIII века / Coставление, перевод, научное редактирование А. Е. Тараса — Мн.: Харвест, 2010. — С. 211—241.
  • Шмидт Е. А. Кривичи Смоленского Поднепровья и Подвинья (в свете археологических данных) / Шмидт Е. А. — Смоленск, 2012.
  • Жих М. И. К вопросу об этнической принадлежности кривичей // Вестник Липецкого государственного педагогического университета. Серия гуманитарные науки.. — 2013. — № 1 (8). — С. 8-17.
  • Мачинский Д. А. Миграция славян в I тыс. н.э. (по письменным источникам с привлечением данных археологии). — М., 1981. — С. 39-51.
  • Седов В. В. Кривичи // Советская археология. — 1960. — № 1.