Кулайская археалагічная культура

Кула́йская культураархеалагічная культура Заходняй Сібіры ў эпоху ранняга жалеза (сярэдзіна I тысячагоддзя да н. э. — сярэдзіна I тысячагоддзя н. э.).

Кулайская культура
Жалезны век
Геаграфічны рэгіён Сібір
Лакалізацыя Томская вобласць, Цюменская вобласць, Навасібірская вобласць
Датаванне сярэдзіна I тысячагоддзя да н.э.— сярэдзіна I тысячагоддзе н.э.
Носьбіты самадыйцы, магчыма угры і енісейцы
Тып гаспадаркі рыбалоўства, паляванне, жывёлагадоўля
Map of Kulay and Sargat cultures - BE.svg

У 1927 г. з'явіліся першыя публікацыі аб скарбах з характэрным ажурным бронзавым ліццём, знойдзеных на гары Кулайка на тэрыторыі Томскай вобласці. У 1956 г. на іх аснове была вылучана асобная кулайская археалагічная культура, якая першапачаткова развівалася ў верхняй, а потым ў сярэдняй і ніжняй плынях ракі Об. На ўсходзе межы культуры дасягалі стэпавага Алтая. Найбольш раннія паселішчы знойдзены каля ракі Васюган.

Вылучаюць наступныя этапы існавання культуры:

  • Васюганскі (VI ст. да н. э. — II ст. да н. э.)
  • Сароўскі (I ст. да н. э. — IV ст. н. э.)

Ужо ў канцы васюганскага этапа прадстаўнікі кулайскай культуры мігрыравалі па экалагічных прычынах уздоўж ракі Об, а ў сароўскі насялілі ніжнюю плыню і часткова міжрэчча Обі і Енісея. Раннія гарадзішчы мелі ўмацаванні ў выглядзе роваў і, магчыма, бастыёнаў. Характэрныя для іх жытлы — паўзямлянкі з завалінкамі. Знутры памяшканняў меліся яміны, запоўненыя косткамі жывёл, абломкамі керамікі, разбітымі глінянымі формамі для выплаўлення металаў. Культурны пласт багаты фосфарам, што дае магчымасць меркаваць пра наяўнасць хатняй жывёлы, паколькі фосфар назапашваецца дзякуючы гною. Познія гарадзішчы таксама мелі ўмацаванні, у іх знаходзяць косткі жывёл, у тым ліку свінняў, аднак культурны пласт не насычаны фосфарам.

Пахаванні ў форме курганоў з пакладаннем нябожчыкаў. Звычайна кожны курган утрымоўваў некалькі магільняў, адмежаваных бярвеннямі, таму ў выніку атрымоўваўся доўгім. Вядомы курган 42 м у даўжыню пры шырыні 9 - 12 м, ён утрымліваў 32 магільні. У магільні клалі посуд, бронзавыя і касцяныя навершы стрэл, гарпуны, нажы, касцяныя грабяні, каменныя, бронзавыя і шкляныя каралі і г. д. Познія пахаванні практыкаваліся ў форме спалення і пакладання нябожчыкаў без курганоў. Зброі, акрамя навершаў стрэл, у іх не выяўлена.

Кулайцы карысталіся жалезнымі нажамі, навершамі дзідаў, выдатна апрацоўвалі косць. Асаблівае месца займае бронзавае ліццё з зааморфнымі і антрапаморфнымі выявамі. Відавочна на самым раннім этапе галоўную ролю ў гаспадарцы адыгрывала рыбалоўства, носьбіты культуры былі знаёмы з гадаваннем коняў. Пазней гаспадарка набыла комплексны характар. Значную ролю адыгрывалі земляробства і жывёлагадоўля. Міграцыя на поўнач зноў вярнула значнасць палявання і рыбалоўства.

Большасць даследчыкаў атаесамляюць кулайскую культуру з продкамі самадыйцаў, у некаторых выпадках — самадыйцаў і ўграў. Заняпад культуры звязваюць з буйным перасяленнем гунаў на захад.

СпасылкіПравіць