Лужкоўскі піярскі калегіум

сярэдняя навучальная ўстанова

Лужкоўскі піярскі калегіум ці Валерыянаўскі піярскі калегіум — сярэдняя навучальная ўстанова ў мястэчку Лужкі (Дзісенскі павет, цяпер Шаркаўшчынскі раён) ў 17451832 гадах.

Лужкоўскі піярскі калегіум
Дата заснавання 1745
Тып адукацыйная ўстанова[d]
Размяшчэнне

Піяры былі запрошаны сюды ў 1741 годзе уладальнікам мястэчка кашталянам полацкім Валерыянам Жабай (у яго гонар калегіум называўся Валерыянаўскім), які падараваў манахам фальварак Віснік (у 1832 годзе — 13 вёсак і 330 сялян). Ён адвёў месца для пабудовы кляштара, касцёла (узведзены ў 17441756 гадах) і калегіума. Жонка Жабы ахвяравала на калегіум 1000 злотых. У канцы 1750-х гадоў навучальная сістэма калегіума рэарганізавана паводле рэформаў С. Канарскага. У апошняй чвэрці XVIII ст. у час дзейнасці Адукацыйнай камісіі калегіум уваходзіў з 1783 года у Навагрудскую, з 1790 года у Піярскую навучальныя акругі.

У 1782 годзе ў калегіуме былі 3 класы з тэрмінам навучання 6 гадоў, 4 выкладчыкі, 130 вучняў. Візітары з Віленскай галоўнай школы адзначалі незадавальняючы ўзровень адукацыі і нізкі стан дысцыпліны.

Пасля далучэння тэрыторыі Дзісенскага павета да Расійскай імперыі, ў выніку 2-га падзелу Рэчы Паспалітай у 1793 годзе калегіум пераўтвораны ў павятовае 4-класнае вучылішча з 6-гадовым тэрмінам навучання (3-і і 4-ы класы мелі 2-гадовыя курсы). У 1807 годзе тут вучылася 116 юнакоў. Падчас вайны 1812 года калегіум разрабаваны французкай арміяй. У пачатку 1816 года у вучылішчы адбыліся хваляванні, за непадпарадкаванне кіраўніцтву выключаны 47 вучняў са 113. У 1817 годзе былі 144 выхаванцы. У 1825 годзе рэарганізаваны ў звычайнае 4-класнае павятовае вучылішча.

За ўдзел выкладчыкаў у паўстанні 1830—1831 гадоў вучылішча 1 мая 1832 года зачынена, маёмасць піяраў канфіскавана.

Сярод выкладчыкаў і выхаванцаў калегіума: філосаф А. Доўгірд, прафесары Віленскага ўніверсітэта К. Пасалаеўскі, Ф. Серафіновіч, доктар філасофіі А. Паўстанскі, выкладчык нямецкай мовы Віленскага ўніверсітэта П. Альбрыхт.

Літаратура правіць