Адкрыць галоўнае меню

Лупалава — раней пасад (прадмесце) Магілёва, размешчаны на ўсходнім беразе Дняпра. У цяперашні час частка Кастрычніцкага раёна горада.

Лупалава на нямецкім аэрафотаздымку 1941 года

Змест

Утварэнне пасадаПравіць

З XV стагоддзя ў гістарычных дакументах згадваецца Задняпроўскі пасад Магілёва. На тэрыторыі Задняпроўскага пасада некалі знаходзіліся Лупалаўская і Траецкая сотні. У канцы XIX стагоддзя за гэтай часткай Магілёва замацавалася назва «Маскоўскае прадмесце». Аднак больш вядомая назва — «Лупалава».

Праз гэту частку горада праходзілі гандлёвыя шляхі на поўдзень і ўсход. Скураныя вырабы, якімі на працягу стагоддзяў славіліся лупалаўскія майстры, вывозіліся ў Польшчу і Прыбалтыку. Гандаль вёўся з гарадамі левабярэжнай Украіны. Акрамя рамяства і гандлю, жыхары Задняпроўя займаліся земляробствам, агародніцтвам, садоўніцтвам (у прыватнасці, вырошчвалі кавуны, абрыкосы) і жывёлагадоўляй.

Сведчаннем развіцця рамесніцтва і гандлю з'яўляюцца назвы вуліц. З XVII ст. вядомыя вуліцы: Мсціслаўская, Чавуская, Чарнігаўская, Альхоўская, Лупалаўская, Ганчарная, Алейная (на ёй жылі майстры, якія выраблялі алей) і інш. У 1604 г. на тэрыторыі Лупалава налічвалася 204 домаўладальнікі, у якіх было 214 гектараў сядзібнай і агароднай зямлі. На левым беразе Дняпра знаходзілася значная частка гарадскіх сенажацяў і 2000 гектараў каралеўскага лесу, які належаў гораду. У раёне Любужа знаходзіўся таксама гарадскі млын.

Паходжанне назвыПравіць

Назва пасада (прадмесця) «Лупалава» вельмі старажытная.

З аднаго боку, у гэтым месцы жылі пераважна гарбары, якія «лупілі скуру з жывёл», таму, хутчэй за ўсё, пазней месца іх пражывання трансфарміравалася ў назву «Лупалава». У канцы XIX — пачатку XX стст. на тэрыторыі Маскоўскага прадмесця знаходзілася 30 гарбарных заводаў.

Але існуе і іншая версія. Лупалава ўзнікла непадалёк ад урочышча Грабёж. Магчыма, што назва паходзіць ад словазлучэння «лупу браць» — збіраць даніну з праезджых купцоў.

ГісторыяПравіць

На працягу войнаў ХVI — ХVIII стагоддзяў прадмесце і яго жыхары моцна пацярпелі. Неаднаразова знішчаліся будынкі, рабавалася маёмасць гараджан. Праз зручную раўнінную мясцовасць на тэрыторыі прадмесця размяшчаліся на пастой арміі, праводзіліся ваенныя манеўры.

Менавіта тут, на левым беразе Дняпра, у 1581 годзе стаяў разам са сваімі казакамі і ратнымі людзьмі, рыхтуючыся да штурму Магілёўскага замка, будучы заваёўнік Сібіры Ярмак Цімафеевіч.

У 1706 годзе тут рабіў агляд свайго войска Пётр I, які прыбыў у Магілёў разам з Мартай Скаўронскай.

8 верасня 1708 года падчас Паўночнай вайны (1700—1721) войскі Пятра I, праз некалькі тыдняў пасля ладнага рабавання Магілёва войскамі шведскага караля Карла XII, што стаялі тут каля 2-х месяцаў, спалілі квітнеючы і багаты гандлёва-купецка-рамесны горад.

Тады згарэла ўся правабярэжная (разам з цэнтрам) частка горада. Драўлянае Лупалава ацалела. Яго жыхары своечасова скралі і схавалі ўсе чаўны і іншыя «пераправачныя сродкі».

У маі 1780 ў Магілёве для сустрэчы з аўстрыйскім імператарам Іосіфам II прыбыла расійская імператрыца Кацярына II. Адмыслова для іх былі наладжаны грандыёзныя ваенныя манеўры.

 
Лупалава на карце Магілёва 1835 года

У 1802 годзе тут быў арганізаваны ваенны агляд для імператара Аляксандра I, які пажадаў убачыць, як дзейнічаюць войскі ва ўмовах, максімальна набліжаных да баявых. У выніку загінулі дзясяткі салдат і мясцовых жыхароў, якія прыйшлі паглядзець на відовішча.

У Задняпроўі размяшчаліся дзве праваслаўныя царквы, касцёл, некалькі сінагог.

Праваслаўныя цэрквы: Траецкая (ад яе назвы паходзіць назва сотні) і Петрапаўлаўская. Прыход Траецкай царквы быў заснаваны ў ХVI стагоддзі, драўляная царква вядомая з ХVII стагоддзя. З 1792 Лупалава ўпрыгожыла каменная Траецкая царква, якая знаходзілася амаль на самым беразе Дняпра. Драўляная Петрапаўлаўская царква вядомая з 1633 года. Будаўніцтва мураванай царквы пачалося ў 1769. Усе цэрквы былі зачынены ў 1929—1930 гады. Часткова яны былі пашкоджаны ў гады вайны 1941-45 гг. і канчаткова разбураныя ў 1950-я гады.

У 1841 — 49 гады праз Лупалава быў пракладзены шлях «Орша — Доўск», як частка магістралі «Пецярбург — Кіеў». У 1860 годзе быў здадзены ў эксплуатацыю мост на палевых апорах праз Дняпро. Да праектоўкі, стварэння дарогі і маста меў непасрэднае дачыненне інжынер, палкоўнік, аўтар першага ў Расіі падручніка па механіцы — Мікалай Ястржэмбскі.

Менавіта ў Магілёве ён напісаў працяг «Мёртвых душ» Гогаля. Апублікаваныя ў Маскве, яны былі ўспрыняты чытачамі як арыгінальны, цудам выратаваны твор вялікага пісьменніка. Пазней з цяжкасцю М. Ястржэмбскі здолеў пераканаць літаратуразнаўцаў у тым, што гэта «містыфікацыя», а аўтар працягу — менавіта ён, а не Гогаль.

Мост праз Дняпро быў знішчаны ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

 
Бровар Лекерта

У другой палове XIX ст. Лупалава славілася сваімі піваварамі. «Лупалаўскае» піва было шырока вядомае нават па-за межамі Расійскай Імперыі. У 1862 годзе быў створаны бровар Ф.Лекерта, а ў 1870 — бровар, які належаў Э. Яннік.

У 1909—1910 гадах у гарбарных майстэрнях Магілёва працаваў Цішка Гартны (Зміцер Жылуновіч), які пазней стаў вядомым беларускім паэтам, акадэмікам, першым кіраўніком урада БССР.

Неўзабаве пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі Магілёў быў акупаваны спачатку войскамі пад камандаваннем генерала Ю. Доўбар-Мусніцкага, а потым германскімі войскамі.

23 мая 1918 года па Дняпры стала праходзіць мяжа паміж кайзераўскай Германіяй і савецкай Расіяй. На Лупалава замацавалася савецкая ўлада. Прадмесце стала памежным горадам. На мосце праз Дняпро з абодвух бакоў (савецкага і германскага) былі вартавыя.

31 мая 1918 года на сходзе прадстаўнікоў мясцовага насельніцтва, які адбыўся на Лупалава, быў абраны Лупалаўскі павятовы выканаўчы камітэт. Менавіта з гэтага моманту пачынаецца савецкая гісторыя Лупалава і Лупалаўскага раёна — адміністрацыйных адзінак, якія мелі асобны ад горада Магілёва статус.

10 чэрвеня 1918 грамадзяне Лупалава заявілі пра сваё жаданне застацца ў складзе РСФСР. І з 1919 да 1924 Лупалава, як і Магілёў, уваходзіць у склад савецкай Расіі.

З 3 сакавіка 1924 Лупалава ў складзе БССР.

У 1926 Лупалава зноў стала часткай Магілёва. Лупалаўскі раён, а ў яго склад уваходзіла 19 сельсаветаў, праіснаваў да сакавіка 1931 года.

ЛітаратураПравіць