Ляхавіцкія ручнікі
Ляхавіцкія ручнікі — тып традыцыйных тканых ручнікоў, якія вырабляюцца народнымі майстрамі пераважна ў Ляхавіцкім, а таксама Баранавіцкім, Ганцавіцкім раёнах. Вядомы з сярэдзіны ХІХ стагоддзя. Даўжыня ручнікоў 310 — 400 см, шырыня 26 — 30 см. Ткуць з адбеленага кужалю або белай бавоўны («белька»). Кампазіцыя аздобы ствараецца чаргаваннем папярочных суцэльных і пункцірных палосак рознай шырыні, якія групуюцца ў шлякі — па канцах шырокія, шчыльныя, да сярэдзіны вузкія, рэдка размешчаныя. Узор ствараецца чырвонымі ніткамі ўтку з невялікімі ўкрапінамі чорных, цёмна-сініх, жоўтых. Тэхніка ткання — шматнітовая, часам закладная. Аздабляюць на канцах мохрыкамі, утворанымі з нітак асновы, кутасамі, карункамі.
Уласцівая ляхавіцкім ручнікам каларыстычная гама, кампазіцыі з палос, аздабленне махрамі і кутасамі назіраюцца ў афармленні народнага адзення, розных відаў мастацкіх тканін гэтай этнаграфічнай зоны. Лепшыя ўзоры ляхавіцкіх ручнікоў зберагаюцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, Музеі старажытна-беларускай культуры ІМЭФ НАН Беларусі, Баранавіцкім краязнаўчым музеі і інш.
Літаратура
правіць- Ляхавіцкія ручнікі // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 9: Кулібін — Малаіта / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1999. — Т. 9. С. 436.
- Фадзеева В.Я. Ручнік // Этнаграфія беларусаў: Энцыклапедыя. — Мінск : БелСЭ, 1989. — С. 435—437.
- Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі: У 5-і т., Т. 4. Ручнік / Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ им. Петруся Бровки, 1987. — Т. 4. — 740 с. — 9 500 экз.