Баранавіцкі краязнаўчы музей
Баранавіцкі краязнаўчы музей — музей, заснаваны ў кастрычніку 1929 года ў г.Баранавічы як павятовы. У пачатку 1929 года адміністрацыя Баранавіцкага павета прыняла рашэнне аб арганізацыі выстаўкі, якая б адлюстроўвала жыццё павета, эканамічны і культурны стан горада і рэгіёна. Краязнавец Л. Турскі прапанаваў стварыць у Баранавічах замест часовай выстаўкі публічны музей з карціннай галерэяй пры ім. Музей складаўся з трох асноўных аддзелаў: прыроды, этнаграфіі і гісторыі, пададдзела кніг. Пасля ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР у 1939 г. пераўтвораны ў абласны музей выяўленчага мастацтва.
Баранавіцкі краязнаўчы музей | |
---|---|
Профіль | комплексны |
Заснаваны | 1929 |
Падпарадкаванасць | аддзел культуры Баранавіцкага гарвыканкама |
Месцазнаходжанне | Брэсцкая вобласць, г. Баранавічы, вул. Савецкая, 72, 225320 |
Памеры фонду | больш за 43000 |
Агульная плошча | 1017 |
Выставачная плошча | 390 |
Плошча запаснікаў | 139 |
Дырэктар | Анастасія Андрэеўна Саўко |
Адкрыты | 10.00–17.00, акрамя панядзелка |
baranovichi.museum.by | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Гісторыя
правіцьУ пачатку Вялікай Айчыннай вайны музей не быў эвакуіраваны і застаўся на акупіраванай тэрыторыі. Акупанты вывезлі 1716 каштоўных экспанатаў. Сярод іх палотны Рэмбранта, Я. Матэйкі, Жэрыко, калекцыя старажытных японскіх ваз і інш. Музей фактычна перастаў існаваць. Пасля вызвалення Беларусі ад гітлераўскіх захопнікаў адзіны ўцалелы музей на тэрыторыі вобласці — Слонімскі — у 1947 годзе быў пераўтвораны ў Баранавіцкі абласны гісторыка-краязнаўчы музей. 30.05.1952 г. выканкам абласнога Савета прыняў пастанову «Аб пераводзе абласнога гісторыка-краязнаўчага музея з г. Слоніма ў г. Баранавічы» (адначасова аднавіў сваю дзейнасць і Слонімскі музей — у Баранавічы былі перавезены толькі тыя экспанаты, якія не мелі дачынення да гісторыі Слонімскага раёна). 22.02.1953 г. была адкрыта першая пасляваенная экспазіцыя, якая ахоплівала перыяд з 1917 г. да пачатку 1950-х г. 09.04.1954 г. у сувязі са скасаваннем Баранавіцкай вобласці музей атрымаў сучасную назву. З 1960 г. экспазіцыя Баранавіцкага краязнаўчага музея, якая ўвесь час папаўняецца, тройчы перабудоўвалася (апошні раз у 1994—1995 гг.). У 2006 г. адноўлена зала, прысвечаная сучаснаму гораду.
Фонды і экспазіцыя
правіцьАсноўны фонд музея (2008) складаюць 40 201 адзінкі захоўвання, навукова-дапаможны — 18 151 адзінкі. Экспазіцыя размешчана ў 7 залах агульнай плошчай 250 м² і мае 3 раздзелы. Раздзел «Прырода Баранавіцкага краю» знаёміць з геаграфічным палажэннем Баранавіцкага раёна, разнастайнасцю яго ландшафтаў — лясамі, балотамі, рэкамі, азёрамі, іх раслінным і жывёльным светам. Вялікі комплекс матэрыялаў прысвечаны экалагічным праблемам і шляхам іх вырашэння. У раздзеле «Гісторыя Баранавіцкага краю» прадстаўлены матэрыялы пра з’яўленне першага чалавека на баранавіцкай зямлі, аб Вялікім Княстве Літоўскім, беларускіх землях у складзе Рэчы Паспалітай і Расійскай імперыі. Гэты раздзел знаёміць з гісторыяй узнікнення і развіцця Баранавіч у 2-й палове 19 — пачатку 20 ст., расказвае пра падзеі 1-й сусветнай вайны на тэрыторыі краю, яго гісторыю ў складзе Польшчы (1921-39 гг.), у гады Вялікай Айчыннай вайны, пра цяжкасці пасляваеннага аднаўленчага перыяду, дзеячаў беларускай культуры, ураджэнцаў баранавіцкай зямлі — А. Рымшу, А. Міцкевіча, П. Багрыма, У. Галубка і інш. Экспазіцыйны раздзел «Баранавічы. Горад, у якім мы жывем» уключае матэрыялы пра Баранавічы ў перыяд з 1985 да цяперашняга часу.
У фондах музея захоўваюцца 35 калекцый: паштовак з краявідамі Баранавіч (пачатку 20 ст. і 1920-30-х гг.), ручнікоў (пачала фарміравацца яшчэ ў першыя пасляваенныя гады і складаецца з ручнікоў вырабленых у канцы 19 — 1-й палове 20 ст. на сучаснай тэрыторыі Ляхавіцкага і Баранавіцкага раёнаў), нумізматыкі (манеты 16 — 20 ст., у тым ліку 4 манетныя клады), археалагічных знаходак (з раскопак на тэрыторыі Баранавіцкага раёна помнікаў каменнага, бронзавага, жалезнага вякоў і эпохі феадалізму, а таксама асобных знаходак), побыту і этнаграфіі, фотаматэрыялаў (шматлікія фотаздымкі даюць уяўленне пра горад у розныя перыяды яго гісторыі), падпольных выданняў на тэрыторыі Баранавіцкай вобласці ў перыяд нямецка-фашысцкай акупацыі, жывапісу і графікі (карціны А. Гугеля, Л. Лейтмана, Б. Заборава, А. Родзіна, А. Кашкурэвіча, Л. Шчамялёва, Я. Ціхановіча і інш.), плакатаў часоў Вялікай Айчыннай вайны (работы мастакоў Кукрыніксаў, М. Далгарукава, А. Какарэкіна, М. Жукава, В. Іванова, Б. Яфімава, В. Дэні і інш.). У ліку найбольш цікавых экспанатаў 2 арнаты, пашытыя са знакамітых слуцкіх паясоў, Статут Вялікага Княства Літоўскага выдання 1694 г., памятны знак «У гонар першага стрэлу па Басфору» пад № 2. Музей мае 2 выставачныя залы, адна з іх дзейнічае ў будынку музея, другая (плошчай 140 м², адкрыта ў 1984 г.) знаходзіцца ў асобным будынку.
Кіраўніцтва
правіцьМузей у розны час узначальвалі: Л. Турскі, Г. М. Мацвеева, П. М. Волкаў, Л. А. Сокал-Кутылоўскі, І. В. Біруля, Н. П. Паўлоўская, Т. П. Гірдзюк, Л. З. Лобач, М. А. Мартыновіч, В. К. Палікарпаў, Ю. А. Любамірскі, М. В. Гарбуноў, а таксама:
Літаратура
правіць- Баранавіцкі краязнаўчы музей / / Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. — Мн., 1993. — Т. 1. — С. 299.
Спасылкі
правіць- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Баранавіцкі краязнаўчы музей
- baranovichi.museum.by — афіцыйны сайт