Ліпень (археалагічны помнік)

Ліпень — археалагічны помнік — селішча за 1 км на ўсход ад аграгарадка Ліпень (былое мястэчка Халуй) Асіповіцкага раёна Магілёўскай вобласці, справа ад дарогі на вёску Знаменка, ва ўрочышчы Стараселле, уздоўж берага Свіслачы да сучасных вясковых могілак.

У 2010 годзе селішча было занесена ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь як аб’ект гісторыка-культурнай спадчыны рэгіянальнага значэння.

Плошча каля 3,5 га. Абследавалі ў 1926 годзе С. С. Шутаў і М. М. Улашчык, у 1965 годзе — Л. Д. Побаль, у 1978 годзе — A. Р. Мітрафанаў. У 2001 годзе А. У. Ільюцік даследавала 96 м² ва ўсходняй частцы помніка. У 2009 годзе абследаваў Ю. А. Заяц. Матэрыялы даследаванняў знаходзяцца ў Інстытуце гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

Культурны пласт складе 0.35—0.4 м. і прасочваецца на ўсёй плошчы селішча, асабліва ў абрыве берага Свіслачы. Адносіцца да культуры тыпу верхняга пласта Банцараўшчыны (VI — VIII стагоддзі), эпохі Кіеўскай Русі (X — XIII стагоддзі).

Знойдзены грубаляпная кераміка жалезнага веку (гладкасценная, штрыхаваная і з расчосамі), фрагменты гаршкоў тэракогавага XII — 1-й паловы XIII стагоддзяў і моранага 2-й паловы XVI — XVII стагоддзяў, гліняная абмазка, фрагмент прасліца і грузік, жалезныя каваныя цвікі і нож, донца прамавугольнай формы шклянога штофа, крамянёвы скрабок.

Літаратура

правіць
  • Заяц, Ю. А., Ільюцік, А. У. Ліпень / Ю. А. Заяц, А. У. Ільюцік // Археалогія Беларусі: энцыклапедыя: у 2 т. / [склад. Ю. У. Каласоўскі; рэдкал.: Т. У. Бялова (гал. рэд.) і інш.]. Т. 2: Л — Я. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2009. — 492, [1] c. — С. 17. — ISBN 978-985-11-0354-2.
  • Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1986. — Магілёўская вобласць. — 408 с., іл.
  • Шутаў С. С., Улашчык М. М. Археолёгічныя разьведкі на Ніжняй Сьвіслачы ўлетку 1926 г. (Даклад, прачыт. у 1927 г. на пасяджэнні Культурна-гістарычнай секцыі краязнаўчага таварыства БДУ) //Зап. аддз. гуманіт. навук / Беларуская акадэмія навук. — 1930. — Кн. U, т. 2: Пр.ацы археалагічнай камісіі. — С. 105—120: іл.; табл.

Спасылкі

правіць